Дрэздэн: паўстанне з попелу

У Беларусі і Дрэздэна, сталіцы Саксоніі, шмат гістарычных сувязей. Кожны наш суайчыннік можа без сумневу сцвярджаць, што ў стварэнне аднаго з буйнейшых музеяў свету ўкладзена праца яго продкаў — сплачаныя дзяржаве падаткі. (На здымку: Дрэздэн. 1945 г.)



8c249675aea6c3cbd91661bbae767ff1.jpg

У Беларусі і Дрэздэна, сталіцы Саксоніі, шмат гістарычных сувязей. Кожны наш суайчыннік можа без сумневу сцвярджаць, што ў стварэнне аднаго з буйнейшых музеяў свету ўкладзена праца яго продкаў — сплачаныя дзяржаве падаткі.

(На здымку: Дрэздэн. 1945 г.)


Большую частку XVIII стагоддзя ў Рэчы Паспалітай кіравалі два прадстаўнікі саксонскай дынастыі, першы з якіх, Аўгуст ІІ Моцны (1670–1733), быў фундатарам аднаго з сімвалаў Дрэздэна, царквы Фраўэнкірхе, і пачынальнікам пашырэння знакамітай Дрэздэнскай карціннай галерэі. Колькасць твораў мастацтва ў ёй за часы Аўгуста ІІ і яго сына Аўгуста ІІІ вырасла ў дзесяць разоў — з пяцісот да пяці тысяч. У 1754 годзе галерэя ўзбагацілася і самым дарагім набыткам — Сіксцінскай мадоннай Рафаэля.
Ацалелы салдат
Мінск і Дрэздэн маюць яшчэ адну агульную рысу асабістага лёсу: яны амаль дашчэнту былі знішчаныя бамбардзіроўкамі ў другую сусветную вайну. Горкі лёс напаткаў Дрэздэн 65 гадоў таму напярэдадні папулярнага сёння Дня святога Валянціна.
13–14 лютага 1945 года амерыканскі салдат, захоплены ў палон падчас Ардэнскай контрнаступальнай аперацыі немцаў, застаўся жывы падчас бамбавання саюзнікамі Дрэздэна.
Менавіта ў Дрэздэне ў гэтыя дні ён апынуўся разам з сотняй сваіх сяброў па няшчасці. З сотні іх ацалела сямёра. Лічыцца, што страты цывільнага насельніцтва Дрэздэна склалі ад 25 да 30 тысяч, так сцвярджала тагачасная закрытая статыстыка, гэту лічбу называюць і нямецкія эксперты, якія праводзілі спецыяльнае даследаванне ў 2008 годзе. Пра 200 тысяч замардаваных крычала гебельсаўская прапаганда. Савецкія гісторыкі казалі пра 135 тысяч, як і англійскі даследчык Дэвід Ірвінг, лічбу якога паўтарыў прыгаданы амерыканскі салдат.
Салдата звалі Курт Ванегут. У знакамітым рамане 1969 года «Бойня №5, або Крыжовы паход дзяцей», праз успаміны свайго героя Білі Пілігрыма ды ўласныя, пісьменнік распавёў пра падзеі тых страшных дзён. Раман, відавочна антываенны, цэнзураваўся ў ЗША, затое яго з ахвотай друкавалі ў СССР, аддаючы належнае моцнай, выразнай прозе. (Яго пераклад па-беларуску падрыхтаваны Паўлам Касцюкевічам, які пакуль вядомы як перакладчык з іўрыту, прыгадайма складзены ім зборнік Эдгара Керэта «Кіроўца аўтобуса, які хацеў стаць Богам»).
«… Ён быў унізе, у халодных сутарэннях, у тую ноч, калі разбамбілі Дрэздэн. Наверсе чуліся гукі, падобныя да тупату веліканаў. Гэта выбухалі шматтонныя бомбы. Веліканы тупалі і тупалі. Але сутарэнні былі надзейным сховішчам. …Да поўдня назаўтра выходзіць са сховішча было небяспечна. Калі ж амерыканцы і іхняя ахова выйшлі навонкі, неба было скрозь ахутана чорным дымам. Злое сонца падавалася навершшам цвіка. Дрэздэн выглядаў падобна да Месяца — адны мінералы. Камні расплавіліся. Смерць была наўкола…»

Фраўэнкірхен: 1970 г. і сёння


Колькасць бомб, што абрынулася на горад, крыніцы падаюць дакладней, чым лічбу іх ахвяр. Дзвюма хвалямі, у 22.14 і 01.21, у ноч з 13 на 14 лютага прайшлася над горадам авіяцыя брытанскіх Каралеўскіх ВПС на «Ланкасцерах», скінуўшы 2659,3 тоны фугасных і запальвальных бомб. Атакавалі 800 самалётаў. Брытанцы страцілі толькі 6 экіпажаў: паветраная абарона горада была вельмі слабая. 14 і 15 лютага па чыгуначным вузле ўдарылі амерыканскія «Б–17»: 530 самалётаў, 1247,6 тоны бомб. Бамбавалі кожны раз у тры прагоны: фугасамі, каб знішчыць перакрыцці і сцены, потым запальвальнымі бомбамі, потым зноў фугасамі, каб перашкодзіць тушэнню пажараў. Тэмпература ў паўсталых вогненных смерчах сягала 1500 па Цэльсію. Шкло, камні, мінералы плавіліся. Ёсць страшныя сведчанні ацалелых, якія бачылі людзей, што згаралі жыўцом.
Няма нічога дзіўнага, што ў цыклапічных завалах пасля бамбавання, каб пазбегнуць эпідэміі, не маючы моцы дастаць і пахаваць усіх, целы памерлых пазней палілі агнямётамі. Вогненная магіла апошніх дзён вайны.
Згода саюзнікаў
Вядома, што бамбаванні нямецкіх гарадоў, у прыватнасці Лейпцыга і Берліна, узгадняліся саюзнікамі 4 лютага 1945 года на ялцінскай канферэнцыі. Распачаты Савецкай арміяй 12–13 студзеня наступ у Польшчы і Усходняй Прусіі камандаванне саюзнікаў вырашыла падтрымаць, перашкодзіўшы перакідванню нямецкіх войскаў з Заходняга фронту, якое магло паставіць туды каля 40 дывізій. Асабіста Уінстан Чэрчыль даў распараджэнне міністру брытанскіх ВПС Арчыбальду Сінклеру даследаваць магчымасць нанясення спецыяльных паветраных удараў.
Застаюцца спрэчкі: ці абмяркоўвалася бамбаванне менавіта Дрэздэна з савецкім бокам у Ялце. Англійскія крыніцы сцвярджаюць, што намеснік начальніка штаба англійскіх ВПС Чарльз Портал, прысутны ў Ялце, такі спіс з Дрэздэнам савецкай дэлегацыі прадстаўляў. У сваю чаргу, амерыканцы сцвярджаюць, што 8 лютага іх ваенная місія ў Маскве паведамляла саюзнікам пра ўключэнне Дрэздэна ў пералік аб’ектаў бамбавання. У савецкіх афіцыйных дакументах такая інфармацыя пакуль не знойдзена.
Разбурэнне і розгалас
Уласна, спрэчка пра тое, хто ведаў і пагаджаўся на знішчэнне Дрэздэна, а хто не, узнікла ў выніку вялікага розгаласу гэтай ваеннай аперацыі і неадназначнага адказу на пытанне: а ці было яно стратэгічна неабходным. Дакументы амерыканскіх ВПС, якія ўлічваюць брытанскія ацэнкі, сцвярджаюць пра сур’ёзнае пашкоджанне 23 % прамысловых будынкаў і 56 % непрамысловых, без уліку жылых.
У горадзе з даваенным насельніцтвам у 642 тысячы чалавек было разбурана 78 тысяч жылых дамоў, яшчэ 27,7 тысячы сталі непрыдатнымі для жыцця, а 64,5 тысячы рамонту падлягалі або ацалелі. Дрэздэн, праўда, не быў суцэльна мірным горадам, і яго прамысловасць вырабляла не толькі фарфор: на 110 ваенных прадпрыемствах, у тым ліку знакамітых аптычных фабрыках Zeiss, працавала больш 50 тысяч чалавек. А чыгуначныя масты праз Эльбу, якія разбурылі налётамі, адыгрывалі жыццёвае значэнне для перакідвання нямецкіх войск. Аднак нават Чэрчыль, уражаны вынікамі налётаў, назваў іх сур’ёзнай нагодай супраць правядзення саюзнікамі бамбардзіровак: «Іначай мы атрымаем пад свой кантроль цалкам разбураную дзяржаву».

Цвінгер сёння


Нямецкі пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі Гюнтэр Грас увогуле называў дрэздэнскую катастрофу ваенным злачынствам. А сучасныя нямецкія правыя палітыкі з Нацыянал-дэмакратычнай партыі, якая ў 2004 годзе атрымала месцы ў Саксонскім ландтагу, прымяняюць выраз «бомбавы халакост». Іх прадстаўнік Хольгер Апфель лічыць падзеі 13–14 лютага 1945 года «спланаваным індустрыяльна-масавым знішчэннем немцаў».
Так ці іначай, яны балюча адбіліся ў памяці немцаў. Калі яшчэ ў часы ГДР з’явілася традыцыя 13 лютага па дзесятай вечара званіць ва ўсе царкоўныя званы ў памяць пра трагедыю, а потым да яе далучыліся цэрквы ў Заходняй Германіі, Дзярждэпартамент ЗША зрабіў спецыяльную заяву пра тое, што паветраная атака на Дрэздэн выконвалася па просьбе СССР.
Культурныя страты
Для размяшчэння Дрэздэнскай галерэі выкарыстоўваецца найпрыгажэйшы комплекс будынкаў — Цвінгер, спраектаваны славутым нямецкім архітэктарам Матэусам Пёпельманам у 1710–1720-я гады. Ён, як і прыгаданая намі царква Фраўэнкірхе, у 1945 годзе быў знішчаны амаль цалкам. У пажары загінула 197 карцін.
Творы мастацтва не ўмеюць бараніцца самі. На шчасце, большасць шэдэўраў галерэі былі за некалькі тыдняў перад налётам перахаваныя ў шахты, каменяломні і іншыя, часам не заўсёды прыстасаваныя месцы немцамі. Іх выратаванне, эвакуацыя ў Маскву Савецкай арміяй — ужо пазітыўная частка гісторыі.
Адрэстаўраваныя лепшымі спецыялістамі, пасля ашаламляльнай выставы ў Маскоўскім музеі выяўленчага мастацтва імя Пушкіна, 1240 карцін вярнуліся ў Дрэздэн. Якія імёны — Бацічэлі, Гальбейн, Кранах, Дзюрэр, Ван Эйк, Рубенс, Тыцыян, Рэмбрант… І «Сіксцінская мадонна» Рафаэля.
Цікава, што да 2005 года ў Мінску жыў адзін з вайскоўцаў, што знайшоў карціны галерэі пад Дрэздэнам, палкоўнік Іван Бяко — зняць фільм пра яго гісторыю збіраўся, але не паспеў Уладзімір Сцяпан. У тым жа 2005 годзе дрэздэнцы аднавілі Фраўэнкірхе, якая доўгі час стаяла ў руінах напамінам пра жахі вайны. А зараз зноў нагадвае пра неўміручасць шэдэўраў архітэктуры і пра нашага колішняга агульнага з саксонцамі суверэна, яе фундатара Аўгуста ІІ Моцнага.
У «Бойні №5», фантастычным рамане Курта Ванегута, час для яго героя Білі Пілігрыма існуе ў непарыўным кантынууме, смерць існуе неадлучна ад жыцця. На шчасце, і ў рэальнасці жыццё вяртаецца ў знявечаныя вайной гарады. Чым Курт Ванегут, які пакінуў гэты свет 11 красавіка 2007 года, спадзяюся, быў бы ўсцешаны.