Хто і навошта спаліў беларускую вёску?
Кожнаму беларусу са школьнай лавы вядомая горкая праўда Хатыні, вёсачкі ў Лагойскім раёне пад Мінскам: 22 сакавіка 1943 года яе разам з жыхарамі спалілі карнікі ў якасці помсты за забойства некалькіх сваіх вайскоўцаў. Але ці так гэта было на самай справе?
У агні альбо ад куляў загінула 149 жыхароў Хатыні, вёска пасля не адбудоўвалася. На месцы трагедыі ў 1969 годзе паўстаў мемарыяльны комплекс, а сама Хатынь стала сімвалам нацыянальнага болю часоў вайны, як чэшская вёска Лідзіцэ альбо французская — Арадур.
Ах, Адэса, наша новая Хатынь…
Тым не менш, зараз усё часцей чуваць пра Хатынь у кантэксце сённяшніх падзей ва Украіне. Маўляў, Хатынь спалілі «бандэраўцы», а да ўлады ў Кіеве прыйшлі акурат нашчадкі Бандэры, дык аб чым з імі размаўляць?.. Падзеі ў Адэсе, калі некалькі дзясяткаў прарасійскіх актывістаў (грамадзянаў РФ і Прыднястроўя збольшага) загінула ў палаючым будынку, выклікала новыя асацыяцыі: Адэса — Хатынь, Правы Сектар — «бандэраўцы»…
Цікава, што такой думкі трымаецца і Лукашэнка, які неаднаразова праводзіў такую паралель у сваіх выступах: «Некоторые из политиков так называемых, которые сегодня у власти на Украине, называют себя «наследниками Бандеры», УНА—УНСО, УПА — «Украинской повстанческой армии», «Организации украинских националистов» …Потом-то мы разобрались, что грязными делами, и не только в Хатыни, занимались представители вот этих «повстанцев»… Они сожгли немало людей наших — в том числе и Хатынь, на территории Белоруссии, и не только — наверное, и Украине хватило...»
Пры гэтым кіраўнік Беларусі падкрэсліў, што пасля ўкраінскіх падзеяў адмыслова прасіў дадзеныя пра ўкраінскіх нацыяналістаў, якія ўважліва вывучыў «чтобы не выглядеть каким-то абсолютно дилетантом и человеком, который поддался советской пропаганде в своё время». Савецкай ці не, але прапагандзе Аляксандр Рыгоравіч усё ж такі паддаўся.
А што з Бандэрам?
Доўгі час лунала думка, што Хатынь спалілі немцы — быў час калі нефарматам лічылася ўзгадваць пра масавую супрацу савецкіх грамадзянаў з гітлераўскай Нямеччынай. Калі выявілася, што шыла ў мяху не схаваеш, загаварылі пра ўкраінскіх нацыяналістаў, а значыць, і пра Бандэру. Ці не першым пра гэта напісаў Алесь Адамовіч у сваіх гістарычных аповесцях (папулярны за часамі СССР жанр). У 1990 годзе пра трагедыю згадаў нейкі Рошчын, публікацыя якога пра Бандэру ды Хатынь з’явілася акурат пасля адкрыцця помніка правадыру ўкраінскіх нацыяналістаў у ягоным родным сяле Стары Угрынаў. Такая падача фактаў цалкам адпавядала лініі партыі…
Але дзе насамрэч быў Бандэра ў 1943 годзе? Лідар АУН быў арыштаваны немцамі ў Кракаве яшчэ 5 ліпеня 1941 года, пасля чаго змешчаны ў канцлагер Заксэнхаўзэн, дзе і перабываў да канца вайны. Тады ж былі праведзеныя арышты яшчэ шэрагу дзеячаў АУН, арганізацыя зноўку апынулася ў падполлі. Справа ў тым, што немцам не спадабалася абвяшчэнне ўкраінцамі Акту незалежнасці 30 чэрвеня 1941 года ў Львове: Гітлеру не была патрэбная самастойная Украіна, нават як саюзнік у барацьбе са Сталіным. Таму менавіта неўзабаве будзе створаная УПА — Украінская паўстанцкая армія, якая будзе весці барацьбу на два фронты: супраць немцаў і супраць саветаў (таксама як і польская Армія Краёва).
Шухевіч і «салавейкі»
Падобна і з Раманам Шухевічам — будучым камандуючым УПА. У 1941 годзе ён камандаваў батальёнам «Nachtigall» (ням. «Салавейка»), які вызваляў Львоў ад Чырвонай Арміі, у надзеі абвясціць незалежнасць. І зноў жа, немцам не былі патрэбныя ўзброеныя адзінкі з незалежніцкімі задачамі, батальён быў расфармаваны. Ахвочыя, у тым ліку Шухевіч, змаглі далучыцца да 201-га батальёну ахоўнай паліцыі, які быў скіраваны ў Беларусь.
Шмат хто з прадстаўнікоў народаў, пазбаўленых незалежнасці, разглядаў Другую сусветную вайну як аналаг Першай сусветнай, бачачы ў ёй шанс здабыць для свайго народу волю праз супрацу з больш моцным хаўруснікам (як гэта зрабілі палякі цягам Першай сусветнай). Служба ў мундзірах ворага ўспрымалася як часовая з’ява, каб сабраць людзей, авалодаць зброяй, якую ў зручны момант можна будзе павярнуць на абарону сваіх інтарэсаў.
Усё аказалася не так проста: з немцамі ўкраінцы не ўжыліся. Напрыклад, ветэран 201-га батальёну Яўген Пабягушчы згадвае, што на тэрыторыі Беларусі Шухевіч паспрабаваў выцягнуць з лагеру для вайсковых палонных 45 украінцаў, каб яны далучыліся да яго фармавання. Немцы, аднак, забаранілі, бо папярэдне ягоны батальён… адмовіўся ўдзельнічаць у прымусовай канфіскацыі збожжа ў мясцовых беларусаў.
З немцамі адбываліся пастаянныя канфлікты: жаўнеры ведалі, што іх родных вывозяць на працы ў Нямеччыну, лідары іх руху арыштаваныя, нават у шпіталі немцы ды ўкраінцы ляжалі асобна… За такую «новую Еўропу» ваяваць хацеў далёка не кожны.
На Каляды 1942 года прыйшла навіна аб расфармаванні батальёна, асабісты склад якога цягніком меў быць вывезены ў Львоў. Там афіцэраў арыштавалі, некаторым, у тым ліку Шухевічу, удалося збегчы, каб весці барацьбу ў падполлі. Такім чынам, у сакавіку 1943 года Шухевіч знаходзіўся ў бягах, а «Нахцігаля» і 201-га батальёнаў, складзеных з нацыяналістаў, на гэты момант проста не існавала.118-ы батальён
У чэрвені 1942 года ў Кіеве быў сфармаваны 118-ы батальён ахоўнай паліцыі з ліку вайсковых палонных чырвонаармейцаў, якія трапілі ў Кіеўскі кацёл, у асноўным ураджэнцаў Усходняй Украіны. Батальёнам камандаваў немец Эрых Кёрнер, яго дублёрам быў этнічны паляк Канстанцін Смоўскі. Аперацыі, замест немаладога ўжо Кёрнера, праводзіў 27-гадовы Рыгор Васюра, начальнік штаба батальёна, былы старэйшы лейтэнант Чырвонай Арміі. Першай ротай, якая лічылася элітнай, камандавалі Васіль Мялешка, былы савецкі лейтэнант пяхоты, ды немец Ганс Фёльке, вядомы спартовец і прызёр алімпіяды ў Берліне ў 1936 годзе. З забойства партызанамі Фёльке і пачалася хатынская трагедыя…
Вышэйзгаданыя афіцэры, акрамя забітага Фёльке, па ўсіх сведчаннях, акурат і ёсць галоўнымі героямі альбо антыгероямі драмы. Заганялі вяскоўцаў у адрыну, падпальвалі, расстаўлялі шарагоўцаў па перыметры…
«…Гэта была хеўра бандытаў, для якіх галоўнае — рабаваць і п’янстваваць, — распавядаў Васюра ўжо на судзе ў 1986 годзе, — вазьміце камузвода Мялешку — кадравы савецкі афіцэр і сапраўдны садыст, літаральна шалеў ад паху крыві. Кухар Мышак ірваўся на ўсе аперацыі, каб пазверстваваць і парабаваць, нічым не грэбавалі камандзір аддзялення Лакуста і пісар Філіпаў, перакладчык Луковіч (ад’ютант Васюры — аўт.) катаваў людзей на допытах, гвалціў жанчын… Усе яны былі мярзотнікамі з мярзотнікаў. Я іх ненавідзеў!..» — такім чынам Васюра намаляваў як псіхалагічныя партрэты сваіх падначаленых, так і свой уласны.
Дарэчы, судзілі Васюру некалькі разоў. Першы раз за супрацу з немцамі ў 1952-м на 25 год, але ён выйшаў па амністыі ўжо ў 1955-м. Па вызваленні Васюра даслужыўся да намесніка дырэктара саўгаса на Кіеўшчыне, атрымліваў узнагароды і граматы за старанную працу. Больш за тое, карнік выдаваў сябе за… змагара з фашызмам і франтавіка — афіцэра сувязі. Кажуць, нават вучыў піянераў патрыятызму. Імя яго ўсплыло цягам працэсу Мялешкі ў 1974 годзе, самога Васюру асудзілі ў 1986-м за ўдзел у забойствах агульнай колькасцю больш за 300 чалавек і расстралялі ў 1987-м.
Факт удзелу былых савецкіх афіцэраў у вынішчэнні беларусаў, зразумела, не супадаў з лініяй партыі. Таму, напрыклад, на суд да Васюры ў 1986 годзе журналістам савецкіх выданняў (сярод якіх «Труд» і інш.) уваходзіць спачатку дазволілі, а пасля — забаранілі. Выхад артыкулаў прадстаўнікоў «Известий» ды БелТА, якія ў суд усё ж такі трапілі, доўга затрымлівалі ў рэдакцыях, а пасля ўсё ж такі скасавалі. Лічыцца, што руку да гэтага прыклалі непасрэдна першыя сакратары ЦК КПБ Слюнькоў і ЦК КПУ Шчарбіцкі.
Нацыяналісты з «Букавінскага курэня»
Ці служылі ў 118-м батальёне менавіта ўкраінскія нацыяналісты, а не проста ўраджэнцы Украіны? Так, і яны паходзілі з Букавіны — краю, які быў адабраны ў Румыніі ў 1940 годзе паводле дамоўленасці Молатава-Рыбентропа і далучаны да савецкай Украіны. Многія байцы былі непасрэдна звязаныя з АУН — Арганізацыяй украінскіх нацыяналістаў. Тут, аднак, ёсць важны момант: «бандэраўцамі» яны сябе не лічылі...
Акурат у 1940 годзе ў АУН адбыўся раскол на АУН Сцяпана Бандэры і АУН Андрэя Мельніка. Арганізацыя Бандэры была больш колькаснай і лічылася больш радыкальнай. Частка Мельніка выступіла за больш шчыльную супрацу з немцамі, не губляючы надзеі стварыць дзяржаву накшталт Славакіі Ёзафа Ціса альбо Харватыі Антэ Павеліча, пад крылом немцаў. Напрыклад, дывізія СС «Галічына» — праект «мельнікаўцаў», а не «бандэраўцаў», якія знаходзіліся ў падполлі і пераследаваліся немцамі.
Паміж «бандэраўцамі» і «мельнікаўцамі» ішла канфрантацыя, адбываліся ўзброеныя сутычкі. Гэта пры тым, што апошніх таксама не мінуў махавік гітлераўскіх рэпрэсій: частка лідарскага складу ў 1942 годзе апынулася ў Бабіным Яры пад Кіевам… Карацей, сярод украінскіх нацыяналістаў ішла свая вайна ва ўсіх адценнях чырвонага колеру.
…Калі «Букавінскі курэнь» (альбо Букавінскі батальён) быў расфармаваны, частка яго жаўнераў і афіцэраў акурат трапілі ў 118-ы паліцэйскі батальён, які фармаваўся пад Кіевам увесну 1942 года. Батальён прыбыў у Мінск у лістападзе 1942-га, калі, згодна гісторыку Пэру Андэрсу Рудлінгу, якога цяжка падазраваць у сімпатыях да нацыяналістаў, «у батальёне не было дамінацыі ўкраінцаў, у яго склад увайшлі многія рускія і беларусы».
На заканчэнне варта дадаць, што самым вядомым прадстаўніком «курэня», які засвяціўся ў хатынскіх падзеях, стаў Уладзімір Катрук. Ён зараз жыве ў Канадзе, гадуе пчол ды ахвяруе на ўкраінскую праваслаўную царкву. Адтуль яго неаднаразова спрабавалі дастаць ды судзіць арганізацыі, якія займаюцца пошукам «ваенных злачынцаў». Тым не менш, Канада не выдае Катрука і адказвае на запыты аб пазбаўленні грамадзянства адмоўна.
Людзі ў чорным
«…На месцы, дзе быў забіты Фёльке ў Вялікай Губе, — згадваў на судах у 1980-х гадах былы жаўнер 118-га батальёну, — я заўважыў шмат людзей у чорных плашчах. Было таксама 6 ці 7 машын, некалькі матацыклаў. Пазней мне сказалі, што гэта былі эсэсаўцы з батальёна Дырлівангера…» «Апрача нашага батальёна ў Хатыні было каля 100 эсэсаўцаў, якія прыехалі з Лагойска…» — сведчыў на допытах 1985 і 1986 гадах таксама былы паліцыянт Астап Кнап.
Што гэта былі за эсэсаўцы з Лагойска ды хто такі Дырлівангер? Доктар Оскар Дырлівангер — асоба, безумоўна, адыёзная: ветэран Першай сусветнай вайны, чалец НСДАП з 1922 года, у 1934-м быў асуджаны за сэксуальныя сувязі з 13-гадовым дзяўчом, меў сур’ёзныя праблемы з алкаголем… У 1940-м Дырлівангеру давяраюць стварэнне адмысловага падраздзялення СС, складзенага з крымінальнікаў-браканьераў, вызваленых з канцлагера Заксэнхаўзэн (таго самага, куды праз год пасадзяць Бандэру).
Браканьеры для антыпартызанскіх рэйдаў сталіся ўнікальнай знаходкай — гэта былі людзі, якія ўмелі карыстацца зброяй і ведалі лясы. Ужо пазней фармаванне пачало камплектавацца асацыяльнымі элементамі, прафесійнымі злачынцамі і нават персанажамі з псіхічнымі адхіленнямі. Як кажуць, які поп, такі і прыход… Дарэчы, служылі ў Дырлівангера і былыя грамадзяне СССР з ліку вайсковых палонных: рускія збольшага, менш украінцаў. Падраздзяленне ператварылася ў «Асобную каманду СС Дырлівангера» (згодна нямецкай традыцыі называць падраздзяленні ў гонар камандзіраў) і ў 1943 годзе налічвала 700 чалавек.
Такую публіку немцы выкарыстоўвалі для самых брудных справаў, сярод якіх выявілася і Хатынь. Пасля Беларусі «дырлівангераўцы» давілі паўстанне ў Варшаве, затым у Славаччыне ў 1944-м. Сам Дырлівангер не дажыў да свайго суда: пасля ўзяцця ў палон у Францыі ў 1945 годзе яго забілі турэмныя ахоўнікі, палякі паводле паходжання. Аднак чорны цень карніка перажыў вайну і мроіўся людзям то тут, то там. Напрыклад, Алесь Адамовіч у кнізе «Карнікі» ў 1981 годзе памылкова піша, што Дырлівангер памёр сваёй смерцю ў Лацінскай Амерыцы, а прах яго быў неўзабаве перавезены і перапахаваны ў ФРН.
Катынь і Хатынь
Існуе канспіралагічная версія, маўляў, Хатынь абралі для мемарыялізацыі сярод іншых спаленых беларускіх вёсачак, бо назва яе сугучна з Катынню пад Смаленскам, дзе ў 1940 годзе адбываліся масавыя забойствы польскіх афіцэраў — каб адцягнуць увагу. На Нюрнбергскім працэсе савецкі бок старанна спрабаваў павесіць гэтыя злачынствы на немцаў, што выклікала канфлікт з саюзнікамі Сталіна. У СССР віну за забойствы ў Катынскім лесе прызналі толькі ў 1990 годзе, што не замінае надалей з’яўляцца ў расійскім друку артыкулам і нават кнігам са спробай перапісаць гэты момант у гісторыі.
Калі ў 1943 годзе ў лесе пад Смаленскам былі выяўленыя рэшткі польскіх жаўнераў, міністр прапаганды Райха Гебельс занатаваў у сваім дзённіку: «Мы скарыстоўваем знаходку 12 000 польскіх афіцэраў, закатаваных ГПУ, у мэтах велізарнай антыбальшавіцкай кампаніі. Мы пасылаем нейтральных польскіх журналістаў і інтэлектуалаў на месца, дзе знойдзеныя пахаванні.(…) Фюрэр таксама даў дазвол маніпуляваць жудаснай навіной у нямецкай прэсе. Я даў інструкцыі як мага больш пашыраць прапагандысцкі матэрыял. Пару тыдняў на гэтым мы пратрымаемся…» Хатынь, як і сугучная ёй Катынь, стала ахвярай палітычных спекуляцый. Калі масавая супраца грамадзянаў СССР з немцамі не афішавалася — пра 118-ы батальён маўчалі, калі на Майдане ў Кіеве пачалі з’яўляцца партрэты Бандэры — расійскія і некаторыя беларускія журналісты жыва пачалі мусоліць тэму карнікаў-«бандэраўцаў»…
«Час Хатыні» для СМІ
Апошнім часам складаецца ўражанне, што прапагандысты з НТВ альбо «Российской Газеты» маюць творы Гебельса за настольную кнігу. Так атрымалася і з Хатынню. Артыкул Сяргея Панчанкі «Кто сжег Хатынь», які перадрукавала «Савецкая Беларусь», пачынаецца так: «…Их руки не дрожат, запах крови пьянит. Послужной список пополняется новыми и новыми жертвами. Они фанатично слепо уверены, что убитых ими врагов, а это «москали, жиды, проклятые русские», должно быть больше, еще больше. И тогда для национализма наступает время Хатыни».
Гледзячы па ўсім, «час Хатыні», а мажліва «час Катыні» надышоў акурат для расійскіх СМІ, якія цнатліва маўчаць пра злачынствы РОА альбо расійскага карніка Гіль-Радзіёнава падчас вайны. Радзіёнаў (1-й рускай нацыянальнай брыгады СС «Дрыжуна»), напрыклад, расстрэльваў жыхароў беларускіх вёсак, якія не змаглі да яго звярнуцца на «литературном русском языке»… Мажліва, гэта не так актуальна для кагосьці, а вось украінская тэма — муляе вока.
Сімвалічна, што над Хатынню стаіць барадаты стары з дзіцём, у падранай абгарэлай адзежы, які некалі прыйшоўся не даспадобы міністру культуры СССР Фурцавай — тая хацела бачыць помнік савецкаму салдату з дзіцём на руках. Хатынь — месца нацыянальнай жалобы і памяці, гэта не бутафорская «лінія Сталіна» і не Мамаеў курган. Тут лішнія пампезныя парады, «ряжэныя» казакі ды «ветэраны» 1940-х гадоў нараджэння. Лішнія і крыклівыя прапагандысты. Жыхары беларускіх вёсак, спаленыя і расстраляныя цягам вайны, заслужылі вечны спакой, а не ролю дэкарацыяў у брудных і хлуслівых палітычных пастановах.