Як князь Паскевіч Венгрыю ўтаймоўваў
У 1848 годзе ў Еўропу прыйшла «вясна народаў» — у Францыі, Германіі, Італіі, Аўстрыі, Венгрыі і іншых краінах разгараліся рэвалюцыі.
Апошнія дні імперыі?
Венгрыя з XVII стагоддзя знаходзілася пад уладай Аўстрыйскай імперыі, якая прыйшла на змену Асманскай. Але лепш венграм ад гэтага не стала. У Трансільваніі і іншых землях, занятых аўстрыйцамі, не раз успыхвалі паўстанні венграў-пратэстантаў, гайдукоў і паўстанцаў — «куруцаў», часцяком зноў арыентаваных на Турцыю. Але ў выніку каралямі Венгрыі сталі аўстрыйскія імператары з дынастыі Габсбургаў, а ўсё жыццё венграў было падпарадкаванае Вене. Дзяржаўнай мовай стала нямецкая, самакіраванне мадзьяраў было абмежаванае. Сяляне былі прыгоннымі і падлягалі судовай уладзе памешчыкаў.
У 30–40-х гадах XІХ стагоддзя грамадскі рух у Венгрыі падзяляўся на некалькі лагераў — кансерватараў, лібералаў і дэмакратаў. Кансерватары абмяжоўваліся патрабаваннямі суверэнітэту ў інтарэсах нацыянальнай арыстакратыі. Лібералы таго часу выступалі з шырокай праграмай дэмакратычных пераўтварэнняў і вызвалення сялян за выкуп. А дэмакраты патрабавалі поўнага і рэвалюцыйнага вырашэння сялянскага і нацыянальнага пытання. Пасля весткі аб рэвалюцыі ў Парыжы лідар лібералаў Лаёша Кошут выступіў у Дзяржаўным сходзе з заклікам да ўвядзення Канстытуцыі і адказнага перад дэпутатамі ўрада. Аднак аўстрыйскі двор адхіліў гэтыя і іншыя патрабаванні з «12 пунктаў», вылучаных венгерскімі дзеячамі. У адказ у Венгрыі ўспыхнула паўстанне, у якім значную ролю гулялі дэмакраты на чале з паэтам Шандарам Пецёфі (Аляксандр Пятровіч), венгерскім патрыётам серба-славацкага паходжання.
Аўстрыйскі імператар і венгерскі кароль Фердынанд V у сакавіку 1848 года быў вымушаны пашырыць аўтаномію Венгрыі. А затым у красавіку — прызнаць і заваёвы венгерскай рэвалюцыі. Венгрыя ліквідавала прыгон і перадала частку памешчыцкай зямлі сялянам за дзяржаўны выкуп, адмяніла памешчыцкі суд, царкоўную дзесяціну і іншыя прывілеі дваран і святароў. У краіне ўводзіліся свабода друку і адказны перад парламентам урад.
Аўстрыйскі ўрад, заняты барацьбой з нацыянальна-вызваленчым рухам у Італіі, гатовы быў усё гэта прыняць. Калі б не славяне. Бо ў Пешце засталіся абыякавымі да інтарэсаў харватаў, сербаў, славакаў, славенцаў, украінцаў, а таксама румын Трансільваніі, чые землі яшчэ раней былі захопленыя Венгрыяй. І тады кіраўнік (бан) Харватыі Ёсіп Елачыч, у сваю чаргу, абвясціў аўтаномію «краатаў». А затым накіраваў свой памежны корпус супраць рэвалюцыйнага вугорскага ўрада. Венгры разбілі апалчэнцаў Елачыча, але пасля гэтага былі абвешчаныя ў Вене мяцежнікамі. Пачалася вайна — гэтым разам з аўстрыйскай імперскай арміяй. Венгерскія войскі ледзь не занялі Вену, ахопленую паўстаннем, але былі адбітыя. Венгерская рэвалюцыйная армія да вясны 1849 года зноў рушыла на Вену. Імперыя Габсбургаў, здавалася, дажывала апошнія дні...
За нашу і вашу свабоду
Весткі пра еўрапейскія рэвалюцыі былі вельмі хваравіта ўспрынятыя пры пецярбургскім двары. У царскім маніфесце яшчэ ў сакавіку 1848 года гэтыя падзеі былі названыя «шаленствам».
Але Мікалай I выдатна разумеў, на якім хісткім падмурку пабудаваная яго ўласная прыгонніцкая імперыя. Варта якім-небудзь разначынцам растлумачыць непісьменным сялянам заклікі гальскіх і мадзьярскіх бунтаўшчыкоў супраць паноў — і пішы-прапала. Дый вечна непакорлівыя Польшча і ВКЛ гатовыя ўспыхнуць чарговым бунтам у любы момант.
У рэвалюцыйнай венгерскай арміі, дарэчы, ужо ваявалі атрады «інтэрнацыяналістаў» з розных краін. У іх ліку — два легіёны, сфармаваныя з удзельнікаў паўстання ў Польшчы, Літве і Беларусі ў 1830 годзе. Афіцэр расійскай службы Юзэф Бем быў адным з распрацоўшчыкаў баявых ракет, у Венгрыі ён камандаваў арміяй і стаў адным з самых лепшых рэвалюцыйных генералаў. Генрых Дэмбінскі нават стаў на кароткі час галоўнакамандуючым венгерскімі ўзброенымі сіламі, праўда — не вельмі паспяховым. Вызначыўся ў баях і камандзір легіёна Юзэф Высоцкі.
На дапамогу
У пачатку 1849 года венгерскія гусары і гонвед у чырвоных кепі зноў ірваліся наперад — да Вены. Габсбургі, не здольныя больш супрацьстаяць рэвалюцыі, адправілі запыт аб маштабнай ваеннай дапамозе да расійскага цара. Расійскія войскі ўжо пабылі да гэтага часу ў Трансільваніі — але, пацярпеўшы паразу ля Германштадта ад таго ж Бема, вымушаныя былі разам з аўстрыйцамі адыйсці ў Румынію.
Мікалай I загадаў рыхтаваць армію для дапамогі. Узначальваць яе прызначыў генерал-фельдмаршала Івана Паскевіча, князя Варшаўскага, графа Эрыванскага. Дый каму яшчэ, як не ўлюбёнцу цара, варта было камандаваць гэтым паходам? Пераможца туркаў і персаў, ён лічыўся ў імперыі лепшым палкаводцам. За што і стаў, у ліку іншага, уладальнікам Гомельскага маёнтка. Тым больш, што іншыя «лепшыя», як Аляксей Ярмолаў, за сувязь з дзекабрыстамі даўно былі ў няміласці. Сам жа Іван Фёдаравіч удзельнічаў у судзе над дзекабрыстамі і камандаваў рускімі войскамі падчас падаўлення паўстання ў Рэчы Паспалітай у 1830–1831 гадах. А стаўшы затым намеснікам у Царстве Польскім, суровай рукой караў там усякае вальнадумства. Не забываўся і пра свае інтарэсы, набыўшы багатыя трафеі і польскія маёнткі.
Сілы ўварвання ў Венгрыю былі сфармаваныя з войскаў, якія стаялі каля заходніх межаў Расійскай імперыі. Але пакуль яны рыхтаваліся, прэм’ер-прэзідэнт Шварцэнберг звярнуўся асабіста да Паскевіча з адчайнай просьбай неадкладна выратаваць Вену. І намеснік Валадарства Польскага, нават не чакаючы загаду імператара, у красавіку 1849 года даслаў на выручку Габсбургаў дывізію генерала Фёдара Панюціна. Войскі хутка перакідваліся па толькі што адчыненай Варшаўска-Венскай чыгунцы. І рускія багінеты выратавалі сталіцу Аўстрыйскай імперыі ад падзення...
У чэрвені 1849 года ўжо 100-тысячная расійская армія пераваліла Карпаты. Венгерскія рэвалюцыйныя сілы на чале з генералам Артурам Гёргеем саступалі царскай у колькасці, і шмат у чым складаліся з дрэнна навучанага апалчэння. Сам Гёргей, з дваран-пратэстантаў, прытрымліваўся досыць кансерватыўных поглядаў і канфліктаваў з рэспубліканскім нацыянальным урадам Лаёша Кошута. Генеральнай бітве венгерская армія палічыла за лепшае майстэрскае манеўраванне, вымотваючы суперніка лакальнымі сутычкамі і ўдала выслізваючы з-пад удараў. Генерал-фельдмаршал Паскевіч дзейнічаў жа вельмі пасіўна. 3 ліпеня войска Гёргея сустрэлася з царскай арміяй у Вайцена, бой скончыўся ўнічыю. Расійскія войскі амаль утрая пераўзыходзілі венграў, але Паскевіч не наважыўся атакаваць яго на наступны дзень. І генерал Гёргей спакойна адвёў сваю армію праз горы, імкнучыся выйсці ў глыбокія тылы ворага.
Але затым мадзьярскае войска апынулася амаль у акружэнні ля сяла Гестэлі, заціснутае з розных бакоў трыма рускімі атрадамі. Але адважныя венгры не здаліся, а Паскевіч зноў прамарудзіў з загадам замкнуць кола. 16 ліпеня венгерская армія моцным артылерыйскім агнём адкінула атрад Грабе, заняла Такай. Артылерыя, што складалася шмат у чым з гарадскіх рабочых і рамеснікаў, была моцным бокам паўстанцаў. Падпалкоўнік Генеральнага штаба Андрыянаў пісаў пасля: «Князь Паскевіч, усё яшчэ баючыся за свае паведамленні, не пайшоў рашуча на поўдзень, каб перахапіць шлях венгерскай арміі, а заняў чакальную пазіцыю на рацэ Ціса... Потым руская армія асцярожна, вобмацкам, не маючы звестак аб суперніку, пасоўвалася на ўсход ... і 20 ліпеня атрымала весткі, што Гёргей ужо за Цісай».
Затым адбыўся бой каля Дэбрэчына, фактычнай сталіцы рэвалюцыйнай Венгрыі. І тут абодва праціўнікі дзейнічалі амаль усляпую — але цалкам розным чынам. Над-Шандор, які камандаваў венграмі, не ведаў, што перад ім — усё расійскае войска. Але натхнёны падтрымкай мясцовага насельніцтва, якое сфарміравала ў дапамогу яму Нацыянальную гвардыю, ён смела пайшоў у наступ. Паскевіч, наадварот, лічыў, што перад ім — уся венгерская армія. У падначаленні фельдмаршала знаходзілася 12 тысяч конніцы, але яго разведка нават прыкладна не змагла вызначыць сілы суперніка. 21 ліпеня царскія войскі, пашыхтаваныя ў баявы парадак, рушылі наперад. Перасечаная мясцовасць парушыла парадак шчыльных шэрагаў, і тады расійскія войскі згарнуліся ў паходныя калоны. Затым — зноў разгарнуліся да бою.
Такім чынам войскі падыходзілі да поля бою на працягу дзвюх гадзін. Замест нанясення ўдару па левым флангу суперніка, што адсек бы яму шляхі адыходу на Цімішэвар, Паскевіч атакаваў правы фланг. Венгры спешна адступілі, пераследаваліся казакамі і каўказскай конніцай, але збераглі свой асабісты склад.
Тым часам Гёргей з асноўнымі сіламі, фактычна ашукаўшы Паскевіча, заняў Грос-Вардэйн. Рускае войска затрымалася ў Дэбрэчыне, чакаючы падвозу харчоў.
Пірава перамога князя Варшаўскага
Падпалкоўнік рускага Генштаба Андрыянаў лічыў, што руская армія ваявала стойка і цалкам заслужыла хвалу сваіх саюзнікаў — аўстрыйцаў. Але «нядобра ішла справа камандавання войскамі на галоўным тэатры», — піша Андрыянаў. «Князь Паскевіч пахаваў у гэтым паходзе сваю ваенную славу, са 100-тысячным войскам ён тройчы прапусціў шанец знішчыць 20–25-тысячную армію суперніка (Вайце, Мешкольц, Дэбрэчын), бязмэтна манеўруючы ў даліне ракі Цісы, выпусціў з рук армію Гёргея, не карыстаўся сваёй шматлікай конніцай для разведкі. На працягу ўсяго паходу князь Паскевіч перабольшваў сілы праціўніка ўдвая, і таму ўвесь час дзейнічаў з асцярожнасцю, неапраўданай сапраўднай становішчам. Падыход у 20 вёрстаў 63-тысячнага войска да Дэбрэчыну ў баявым парадку цалкам характарызуе стратэгічныя і тактычныя таленты князя Паскевіча».
Сілы былі няроўныя. І 13 жніўня ля Вілагоша армія Гёргея вымушаная была капітуляваць. Пасля гэтага 18 жніўня ў Трансільваніі склала зброю і армія Юзэфа Бема. Яго ад’ютант Шандар Пецёфі паў незадоўга да гэтага — у баі ў Шэгешавара ў Трансільваніі. А паводле апакрыфічнай версіі, маёр і паэт Пецёфі апынуўся ў рускім палоне і памёр у Сібіры. Сам Юзэф Бем і многія іншыя ваяры збеглі ў Турцыю. І, каб пазбегнуць выдачы цару, — прынялі іслам.
Юзэф Бем у 1850 годзе, пасля падаўлення сірыйскага паўстання ў Алепа, памёр там ад хвароб пад імем Амурат-пашы. Паводле злой іроніі, некаторыя з паўстанцаў, якія яшчэ нядаўна змагаліся «за нашу і вашу свабоду», на турэцкай службе прынялі ўдзел у падаўленні выступленняў балканскіх народаў. А вось Юзэф Высоцкі браў удзел у паўстанні Каліноўскага ў 1863 годзе.
У 1848 годзе царскія войскі ўвайшлі ў княства Малдову і Валахію і дапамаглі туркам задушыць выступы іх «адзінаверных» жыхароў супраць асманскага валадарства. Прынцып падтрымкі «легітымных» імперый і саюза ўсіх рэакцый супраць усіх народаў узяў верх і тут.
Аўстрыйцы пакаралі смерцю палонных венгерскіх генералаў. Артуру Гёргею жыццё было захаванае, што дало падставу сучаснікам абвінаваціць яго ў здрадзе. Толькі потым галоўнакамандуючы быў рэабілітаваны ў грамадскай думцы. Расійскі і аўстрыйскі імператары засыпалі Паскевіча і яго генералаў узнагародамі.
Зачараваныя перамогай над нешматлікай, дрэнна навучанай паўстанцкай арміяй, Мікалай I і Паскевіч перасталі звяртаць увагу на абуральную тактычную і тэхнічную адсталасць сваіх войскаў. За што жорстка паплаціліся ў Крымскай вайне, якая разгарэлася праз чатыры гады. Ужо з самага пачатку кампаніі Вена заняла вельмі нядобразычлівую пазіцыю ў дачыненні да і сваіх нядаўніх выратавальнікаў. Чым цалкам перакуліла разлікі Мікалая І. Галоўнакамандуючы рускай арміяй князь Паскевіч дзейнічаў на Дунаі яшчэ менш рашуча, чым падчас венгерскага паходу. Бо любымі сваімі паспяховымі дзеяннямі ён баяўся выклікаць умяшанне Аўстрыі і Прусіі. Па гэтай жа прычыне князь Варшаўскі не даслаў належнай колькасці рускіх войскаў у Крым ды пакінуў яго ўразлівым перад высадкай саюзнікаў.
Састарэлы фельдмаршал Паскевіч, прыгнечаны паразамі, цяжка захварэў і памёр у Варшаве ў студзені 1856 года. А ў Гомелі цяпер фармуецца культ цалкам афіцыйнага шанавання князя Паскевіча-Эрыванскага…