Жыцьцё і сьмерць Адама Фалькоўскага, магілу якога апаганілі ў Лідзе

Пералік злачынстваў, якія зьдзейсьніла акупацыйная ўлада на нашай зямлі, зойме тысячы старонак дробным шрыфтам. З шэрагу антыбеларускіх захадаў вылучаецца забойства слугі Божага, ксяндза Адама Фалькоўскага ў 1863 годзе.

1_743.jpg

Паходзіў Адам Фалькоўскі з шляхетнай сям’і, сын Барталамея Фалькоўскага. Напачатку паўстаньня служыў пробашчам парафіі Ішчална былога Лідзкага павету.

Да паўстаньня Кастуся Каліноўскага ксёндз ачольваў патрыятычнае Братэрства Сьвятой Тройцы.

Адам Фалькоўскі зачытаў маніфэст паўстаньня ў касьцёле і заклікаў жыхароў узяць у ім удзел. 

Паводле наяўных зьвестак, Адам Фалькоўскі быў арыштаваны 2 сакавіка 1863 году і адпраўлены зь Ліды ў Вільню. Але неўзабаве яго адаслалі назад у Ліду, дзе 24 чэрвеня расстралялі.

Віленскі губернатар 26 чэрвеня 1863 года скіраваў на імя Віленскага генэрал-губернатара справаздачу за № 2556, а ў ёй пералік асобаў, маёмасьць якіх была прызначана на секвестрацыю (канфіскацыю на карысьць дзяржавы). Паміж імі быў ксёндз Фалькоўскі, чыя маёмасьць знаходзілася ў плябані ў Ішчолне у трэцім раёне Лідзкага павету.

У траўні 1919 году магілу ксяндза Адама Фалькоўскага аднавілі. Ксёндз Баярунец узгадваў тады наступнае:

«У 1919 годзе яшчэ жылі людзі, што памяталі гэтае крывавае здарэньне, і яны мне расказалі, што каля 6 гадзін раніцы сьветлай памяці ксёндз Адам Фалькоўскі ішоў на месца сьмерці засяроджаны і чытаў малітвы з кантычкі. Яго прывялі зь Лідзкай вязьніцы да месца, дзе была выкапана яма і падрыхтаваная сьвежая вапна ў вялікай бочцы.

Касьцёл у Ішчална

Касьцёл у Ішчална

Яму зачыталі сьмяротны вырак, пасьля чаго яго прывязалі да слупа і завязалі вочы. Грымнуў залп з казацкіх карабінаў. Ксёндз абвіс, як ужо мёртвы, потым яго адвязалі, укінулі цела без труны ў яму і залілі вапнай.

Магілу закапалі, эскадрон казакаў на конях зацёр усялякі сьлед магілы. Наш люд ціха назіраў, і стоячы ў розных пунктах перасячэньнем ліній акрэсьліў месца магілы, а пасьля адходу катаў абклаў магілу каменямі. Расейская паліцыя шматкратна раскідвала каменьне, але наш добры народ заўсёды пазначаў тое месца чатырохвугольнікам з каменяў. 3 часам тыя камяні заглыбіліся і магіла звонку ўжо не была бачная.

У 1919 годзе лідзкія чыгуначнікі пры ўдзеле лідзкіх жыхароў задумалі ўшанаваць магілу ксяндза і паставіць помнік. Чыгуначнік пан Стэфан Лоўкіс узяў тую справу блізка ля сэрца, зрабіў крыж з жалезных труб і падрыхтаваў цэмент для пастаноўкі помніка. Тады наступіла хвіліна, калі трэба было адшукаць магілу. Тыя людзі - жывыя ў 1919 годзе сьведкі падзеі, паслухалі мае парады, сталі на тыя самыя месцы, як у 1863 годзе і на скрыжаваньні ліній знайшлі магілу. Пры капаньні ямы пад фундамент помніка натрапілі на камяні, а глыбей на вапну. Месца гэтае — бяспрэчна, магіла забітага ксяндза.

Пад кіраўніцтвам Стэфана Лоўкіса чыгуначнікі залілі фундамэнт з бетону на метр над зямлёй, а пасярод уставілі жалезны крыж. Ніякага надпісу няма.

Лідзкі ксёндз дэкан Гіпаліт Баярунец 3 траўня 1919 года пры ўдзеле шматлікага духавенства з Лідзкага дэканату пасьвяціў помнік. Тут жа пры помніку быў алтар, дзе ён адправіў палявую сьвятую імшу. Казаньне па сутнасьці справы прачытаў ксёндз Рамуальд Сьвіркоўскі, пробашч са Шчучына.

Пасьля набажэнства адбыўся вайсковы парад, а потым урачыстае шэсьце ў горад, якое скончылася на плошчы каля фарнага касьцёла, выступам, пана старасты Здановіча. 1932 годзе пастамент быў адрамантаваны магістратам горада Ліды. Адна з вуліц прылеглых да помніка названа вуліцай ксяндза Фалькоўскага.

Аднак у 1940 годзе, пасьля захопу Заходняй Беларусі, усё гэта зьнішчылі савецкія ўлады».

Актывісты БНФ шматкроць спрабавалі ўшанаваць памяць ксяндза і ўсталёўвалі крыжы, якія неўзабаве ўжо так званым беларускім рэжымам руйнаваліся. Толькі ў 2004 годзе атрымалася дамовіцца аб ушанаваньні памяці Адама Фалькоўскага, згадваў лідзкі гісторык і актывіст Станіслаў Суднік.


Адам Фалькоўскі. Мастак Станіслаў Кічко

Адам Фалькоўскі. Мастак Станіслаў Кічко

Але сымбалічную магілу ўдзельніка паўстаньня ксяндза Адама Фалькоўскага зьнеслі ў гарадзкім парку культуры і адпачынку Ліды ў 2010 годзе. Магіла была пазначаная невялічкім крыжыкам, і да яе часта насілі кветкі. Ліда рыхтавалася прыняць фэт «Дажынкі», таму цэнтр горада актыўна ўпарадкоўваўся.

Цэнтральны парк таксама зьведаў зьмены: гарадзкія службы зьмянілі тут ляндшафт і выбрукавалі алеі. Станіслаў Суднік тады казаў, што прычынаў для грамадзкага абурэньня няма, паколькі месцазнаходжаньня магілы — не дакладнае.

Больш за тое, ён сустракаўся з прадстаўнікамі мясцовага аддзела ідэалёгіі. Там яму паабяцалі, што наўзбоч алеі ў хуткім часе зьявіцца памятны камень з надпісам пра ксяндза. Суднік меркаваў, што на тым камені таксама зьявіцца герб паўстаньня, а камень аздобяць дэкаратыўным кустоўем. Так і сталася.

А ў 2013 годзе нашчадкі Мураўёва-вешальніка выганялі людзей ад помніка, калі тыя прыйшлі са зьнічамі памаліцца за ксяндза, адбыліся нават суды над прысутнымі.


******

У першыя дні 2024 года стала вядома, што з памятнага каменьня на магіле ксяндза Адама Фалькоўскага хтосьці зацёр «Пагоню», польскага белага арла і анёла. 

22_j6uf3.png.webp