«Ёсць чалавек, значыць справа знойдзецца»: як пісалі даносы ў часы Каліноўскага

Сённяшні пераслед па даносах — з'ява не новая. Даносы пісалі і ў часы паўстання 1863-1864 гадоў. Што праўда, там яшчэ быў шанц на правасуддзе.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


Данос — адна з істотных падстаў для арышту людзей падчас паўстання 1863-1864 гадоў. Іх маштаб здзіўляў нават расійскіх чыноўнікаў. Гісторыю даноса на адну сям’ю расказвае Facebook-старонка «Каліноўскі — мой Герой».

Успаміны пра такі выпадак пакінуў удзельнік Віленскай судова-следчай камісіі па палітычных справах Мікалай Цылаў. Так, у чэрвені 1863 года ў турму трапілі адразу чатыры родныя браты з адной з вёсак у ваколіцах Вільні па прозвішчы Швядовічы.

Фота: facebook.com/Kalinouskimojheroj

Фота: facebook.com/Kalinouskimojheroj


106 аднавяскоўцаў пад прысягаю паказалі, што Швядовічы — шанаваныя людзі і выдатныя гаспадары, а старэйшы з іх (Фелікс) нават 18 гадоў быў старастай вёскі. Але гэта ўсё не мела значэння для царскіх уладаў, бо паступіў данос.


Яго напісаў Іван Маслінскі, мясцовы жлукта, які неаднаразова за свае дрэнныя паводзіны і крадзяжы наказваўся бізуном, а выконвалі гэтае пакаранне якраз Швядовічы. Урэшце Маслінскі судзіўся з братамі Швядовічамі за кавалак зямлі і, каб дасягнуць спрыяльнага для сябе выніку разбіральніцтва, вырашыў скарыстацца сітуацыяй. У выніку даноса з абвінавачаннем у супрацы з паўстанцамі Швядовічаў схапілі і кінулі за краты, піша budzma.me са спасылкай на матэрыял старонкі «Каліноўскі — мой герой».

Браты прасядзелі 18 дзён у цяжкіх умовах, перш чым за іх справу ўзяліся. Швядовічам пашчасціла, што іх следчым аказаўся 63-гадовы Мікалай Цылаў. Цягам гадзіны ён вызначыў усе абставіны і падставы несправядлівага арышту, пра што неадкладна напісаў справаздачу на імя кіраўніка следчай камісіі. Пасля гэтага Швядовічы прасядзелі ў турме яшчэ месяц, перш чым іх урэшце вызвалілі. Ім па-сапраўднаму пашчасціла.

Але такія выпадкі былі вялікай рэдкасцю і звычайна ўсё завяршалася значна горш — «ёсць чалавек, значыць справа знойдзецца».


Так што сённяшнія даносы, паводле якіх людзей саджаюць за краты — з'ява зусім не новая, яна мае векавую гісторыю і, можна сказаць, ёсць традыцыяй выжывання на нашых землях. Цяперашніх беларусаў затрымлівалі па даносах за «няправільныя» фіранкі, сцягі і надпісы на вокнах, за антываенныя выказванні, удзел у пратэстах. У дзяржаўных установах кіраўнікі наўпрост патрабуюць ад падначаленых даносаў і сачэння ў абмен на захаванне працоўнага месца. Па даносах скасоўваюць цэлыя мерапрыемствы — як гэта было з канцэртам памяці ахвяр Халакосту.
У 2021 годзе беларускія хакеры склалі «Мапу даносаў». Яна ўтрымлівае звесткі пра амаль тры тысячы выпадкаў даносаў у міліцыю на «пратэсную дзейнасць». Многія з гэтых выпадкаў скончыліся арыштамі.