«Урокі мінулага дзяржава не вывучыла». Гісторыя рэпрэсій у адной беларускай сям'і
Архівы КДБ, якія маглі б праліць святло на імёны катаў, суддзяў, даносчыкаў дагэтуль закрытыя. «Deutsche Welle» расказвае гісторыю сям'і расстралянага ў 1938 годзе Казіміра Сушынскага.
Аб'яднанне былых сілавікоў «BYPOL» працуе над базай КДБ аб рэпрэсаваных у савецкі час беларусах, каб «зрабіць яе даступнай усім жадаючым, хто хоча атрымаць інфармацыю пра сваіх сваякоў». Пра гэта DW расказаў кіраўнік «BYPOL» і прадстаўнік Кабінета дэмсіл Аляксандр Азараў. У Беларусі архівы КДБ так і не былі адкрыты, доступ да спраў, і то вельмі абмежаваны, ёсць толькі ў сваякоў ахвяр сталінскіх рэпрэсій.
Сваякі не могуць атрымаць доступ да справы наўпрост
Анкета арыштаванага, копія пратакола з прысудам, выпіска з пратакола аб расстрэле, ліст з КДБ Магілёўскай вобласці, у якім у пару абзацаў змясцілі ўсё чалавечае жыццё: арыштаваны, асуджаны, прысуд прыведзены ў выкананне. Гэта ўсё, што ведаюць родныя пра лёс Казіміра Сушынскага, расстралянага ў Бабруйску ў студзені 1938 года.
«Нават на тых некалькіх старонках, якія мы ўсё-ткі за некалькі гадоў перапіскі змаглі атрымаць, залепленыя ўсе прозвішчы ўдзельнікаў, нам не далі пратакол допыту і паказанні сведак. Нам было важна не атрымаць копіі, адпіскі, а дакрануцца да папер, якія падпісваў наш продак, магчыма, адчуць, што ён у той момант адчуваў, перажыць гэта неяк», — расказвае адзін з нашчадкаў рэпрэсаванага Казіміра Сушынскага. Мужчына пагадзіўся пагаварыць з DW на ўмовах ананімнасці, бо асцерагаецца пераследу сілавікоў у сучаснай Беларусі.38-гадовага сталяра арцелі «Аб'яднанне» Магілёўскага лесдрэўхімсаюза Казіміра Сушынскага Клічаўскі райаддзел НКВД арыштаваў 16 лістапада 1937 года. Менш чым праз два тыдні яго прысудзілі да расстрэлу, а 13 студзеня 1938 прысуд прывялі ў выкананне. У Сушынскага засталіся жонка і трое дзяцей: дочкі дзевяці і сямі гадоў і двухгадовы сын.
Арыштаваны па даносе суседа
«Я часта спрабую паставіць сябе на месца Казіміра: што яму давялося перажыць за гэтыя няпоўныя два месяцы, за якія прайшлі так званае расследаванне, суд, быў вынесены прысуд? Яго абвінавачвалі ў шпіянажы, хутчэй за ўсё, на карысць Польшчы, паколькі Казімір быў этнічным палякам, у контррэвалюцыйнай прапагандзе і агітацыі, а таксама ва ўдзеле ў контррэвалюцыйнай арганізацыі (арт.арт.68, 72 і 76 КК БССР). Сапраўдная прычына — данос зайздроснага суседа, тыповая гісторыя канца 1930-х, калі дзяржава ўсяляк заахвочвала даносніцтва. Думаю, можна параўнаць з сучаснымі стукачамі з "мапы даносаў"», — адзначае суразмоўца DW.
Казімір — не адзіная ахвяра Чырвонага тэрору ў сям'і Сушынскіх: у 1919-м бальшавікі расстралялі яго бацьку Пятра. «Прыехалі трое конных, знакаў адрознення было не відаць, па-польску папрасілі ў Пятра вады, ён адказаў на польскай, што для коннікаў знойдзецца нават малако. Пасля гэтага "госці" перайшлі на рускую, пасыпаліся абразы, Пятра схапілі, сям'я яго больш не бачыла. Таксама адзін з сыноў Пятра, як мяркуецца, быў сасланы ў Сібір», — дзеліцца нашчадак Сушынскіх. Паводле яго слоў, такім чынам, сям'я засталася не толькі без карміцеляў, але і без абаронцаў падчас Другой сусветнай вайны: «Гэта цуд, што жонка Казіміра, адна з трыма дзецьмі, перажыла канец 1930-х, вайну і галодны пасляваенны час, пры тым, што на ёй вісеў цэтлік "жонкі ворага народа", немагчыма было ўладкавацца на працу».
Месца пахавання невядомае
Казімір Сушынскі быў пасмяротна рэабілітаваны 27 лістапада 1958 года. Тады яго родныя нават атрымалі кампенсацыю за канфіскаваную маёмасць і хатнюю жывёлу. Тым не менш, у іх сям'і нават праз шмат гадоў не было прынята гаварыць пра рэпрэсіі, старэйшае пакаленне проста баялася. «У сярэдзіне 1990-х адной з дачок Казіміра прыйшоў ліст з КДБ, у якім гаварылася, што яе бацька рэабілітаваны. Прачытаўшы яго, яна проста ціха заплакала, — успамінае нашчадак рэпрэсаванага. — Сям'я настолькі баялася, што пасля вайны, калі аднаўлялі страчаныя дакументы, малодшым дзецям змянілі імёны, сын Уладзіслаў быў запісаны як Уладзімір. А дачку, відавочна хрышчаную як Франчэска, ўсё жыццё называлі Франя, гэтае імя перавандравала ва ўсе дакументы і нават напісанае на магільнай пліце».
Дзе пахаваны Казімір Сушынскі, сям'я не ведае, у КДБ адказалі, што ў матэрыялах справы звестак пра канкрэтнае месца пахавання няма, устанавіць яго не ўяўляецца магчымым. «Вельмі хацелі б даведацца месца пахавання, каб хоць часам яго наведваць. Напісалі, што, прыблізна раён Бабруйскай крэпасці. Я спадзяюся, што калі-небудзь будуць знойдзеныя астанкі, я гатовы здаць узор сваёй ДНК для пошуку Казіміра Сушынскага», — кажа суразмоўца.
У архіве УКДБ па Магілёўскай вобласці родным Казіміра Сушынскага сказалі, што прамога доступу да крымінальнай справы іх продка яны не атрымаюць, таму што там ёсць імёны даносчыкаў, следчых, тых, хто выносіў і выконваў прысуд, і нібыта нашчадкі ахвяры рэпрэсій могуць пачаць ім помсціць. «Зусім дурная ідэя — не даваць сваякам інфармацыю, прыкрываючыся бояззю помсты нашчадкаў. Думаю, проста хтосьці не хоча агалоскі. Тое, што архівы да гэтага часу не адкрыты, значыць, што гісторыя ахвяр не скончана, што ўрокі мінулага дзяржава так і не вывучыла», — падсумоўвае нашчадак расстралянага Казіміра Сушынскага.