Маці, сябры, суседзі. Хто даносіць на беларусаў, якіх потым судзяць «за палітыку»

Адметнасцю палітычных рэпрэсій у Беларусі сталі затрыманні і прысуды паводле даносаў. Хто яны, беларускія стукачы сучаснасці, якія ахвотна скардзяцца ў міліцыю, ведаючы, што тым самым выракаюць чалавека на жорсткае пакаранне і пакуты? Нашчадкі пільных савецкіх грамадзян, якія ў сталінскія часы напісалі тыя знакамітыя чатыры мільёны даносаў? Ці хома сапіенс эпохі інтэрнэту, узрошчаныя айчыннай прапагандай?

20200410100253_659950.jpg


Шукаць адказ — справа доўгая і не надта захапляльная. Лепей разгледзець з’яву на прыкладах.Сабралі самыя медыйныя выпадкі стукацтва ў паслявыбарнай Беларусі — хто на каго данёс і чым усё скончылася.

Аднавясковец — на аднавяскоўца

Цэлую скарбніцу даносаў «неабыякавых грамадзян» выкрылі пасля прэзідэнцкіх выбараў беларускія хакеры, якія называюць сябе кіберпартызанамі. Яны ўзламалі базу тэлефонных званкоў у міліцыю і выклалі ў сеціва тысячы кейсаў пра «палітычнае» стукацтва падчас пратэстаў.
Асаблівы розгалас у медыя набыў выпадак, які меў месца ў вёсцы Сялявічы Слонімскага раёна.
Там адзін пільны жыхар стаў сведкам кепскіх паводзінаў свайго земляка і, канечне, далажыў аб гэтым людзям у пагонах. «Па вёсцы на камбайне ездзіць Засімовіч Генадзь з бел-чырвона-белым сцягам», — так гучала скарга.
«Бэнээфавец! Пра дзяржаву дрэнна адгукаецца, маўляў, у Польшчы людзі жывуць. Хоча, каб, як у Польшчы, датацыі фермерам і ўсё астатняе. А сам аматар таго, каб за чужы кошт. Але ж ганару колькі! А як жа — пшэк, пан!» — а гэта тлумачэнне свайго годнага ўчынку ў каментары журналістам.
Камбайнёр Генадзь Засімовіч сапраўды рассякаў па вёсцы з БЧБ-сцягам. Казаў, што гэткім чынам выказвае сваю грамадзянскую пазіцыю. Пасля «сігналу» добрага суседа да «пшэка»-фермера прыязджалі з міліцыі, але ці пакаралі нейкім чынам — невядома.

«Іван Нікіфараў» — на музыкаў

У студзені ў мінскай філармоніі меўся адбыцца штогодні канцэрт «Жоўтыя зоркі», прысвечаны памяці ахвяр Халакосту. Аднак нешта пайшло не так.
У Міністэрства культуры звярнуўся нейкі «Іван Нікіфараў», якому вельмі не спадабалася, што канцэрт ладзіцца без належнай увагі дзяржаўных органаў. Бо як жа: там будуць выступаць «апазіцыйныя» артысты, а грошы, атрыманыя ад продажу білетаў, пойдуць Гродзенскаму дзіцячаму хоспісу — установе, вядомай сваёй «дэструктыўнай» пазіцыяй.
І хаця скарга «неабыякавага грамадзяніна» паходзіла на нагавор (на вечарыне не планавалі выступаць ні Лявон Вольскі, ні Сяргей Міхалок, там звычайна гучыць сімфанічная музыка), Мінкульт прыслухаўся да пільнага спадара «Івана Нікіфарава». Канцэрт адмянілі. Дакладней — перанеслі на пазнейшы тэрмін ды змянілі склад удзельнікаў. Замест папярэдніх артыстаў ушанаваць памяць ахвяр Халакосту запрасілі спрэс надзейных людзей — Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр, харавая капэла імя Рыгора Шырмы, Дзяржаўны камерны аркестр, хор Белтэлерадыёкампаніі.

Маці — на дачку

З той жа вышэйзгаданай базы даносаў, апублічанай кіберпартызанамі, журналісты вычапілі эпічную гісторыю са жніўня 2020-га. На наступны дзень пасля выбараў дачка пайшла на мітынг, а яе пяшчотная мама патэлефанавала ў міліцыю і сумленна аб гэтым далажыла.
Жанчыну, якую завуць Раіса, не збянтэжыла нават тое, што ў яе дачкі Алесі трое дзяцей. Наадварот: «Калі раптам што, хто гадаваць будзе?»
Зрэшты, за той званок спадарыня Раіса сябе крыху дакарала. Бедавала: «Проста я была добра выпіўшы, інакш не пазваніла б. Хацела, каб яны яе затрымалі і вярнулі назад, каб нічога з ёй не здарылася».
У выніку дачка Алеся схадзіла на пратэст і вярнулася, а вось ці застаўся клопат маці без рэпрэсіўных наступстваў — невядома.

Суразмоўца — на суразмоўцу

Летась у жніўні размова ў відэачаце каштавала жахару Бабруйска Раману Стацэвічукрымінальнага прысуду — двух гадоў «хіміі». Пагаварылі, здаецца, і пагаварылі — зразумела, і пра палітыку таксама, бо тэмпература ў грамадстве не паніжалася. Але сярод удзельнікаў чата аказаўся былы міліцыянт па прозвішчы Канюшык — і выявілася, што былых міліцыянтаў не бывае.
Ён і заклаў суразмоўцу, папярэдне запісаўшы ўсе яго словы. Сярод сказанага знайшлася «наўмысная абраза Лукашэнкі з выкарыстаннем ненарматыўнай лексікі». За тое прысуд і вынеслі па адпаведным артыкуле Крымінальнага кодэкса.
Былы міліцыянт Канюшык наконт зробленага аніякіх рэфлексій не мае. Яшчэ чаго, бо ён жа «дапамагае АУС выкрываць асоб, якія пашыраюць ідэі падарваць аўтарытэт прадстаўнікоў улады і ідэю ўтварэння хаасу і хваляванняў у нашай Рэспубліцы Беларусь».

Ананім — на гісторыка

_m3wtc_1_logo_1.jpg

Увосень міналага году гісторыка, даследчыка сталінскіх рэпрэсій Ігара Кузняцова аштрафавалі на 25 базавых велічынь, а ў дадатак, каб мала не падалося, звольнілі з БДУ, дзе ён працаваў 23 гады.
Ход справе даў невядомы нібыта па прозвішчы «Прохараў». Чалавека вялікага творчага імпэту — за паўтара месяца напісаў на дацэнта Кузняцова ажно 17 заяў у міліцыю.
«Заявы на мяне розныя — пачынаючы ад рэабілітацыі нацызму да процьмы рэпостаў», — каментаваў сітуацыю гісторык. Паглыбляцца ў падрабязнасці тых даносаў сэнсу цяпер няма. І так зразумела, што такім сведчанням беларускія суды давяраюць больш, чым любым іншым. Сведкі з тых судоў — у балаклавах і са змененымі асабістымі данымі — таму яскравае пацверджанне.


Сябар — на сябра

Зімой у медыя патрапіла гісторыя сталічнага кіроўцы Барыса Самковіча і яго таямнічага прыяцеля, які адправіў мужчыну пад палітычны суд.
Той неназваны сябар (вядома, ужо былы) пабачыў у інстаграме Барыса фота з акцыі пратэсту 9 жніўня 2020-га. І што зрабіў? Не, лайк не паставіў, а проста пераслаў здымак куды трэба.
Зразумела, што на кіроўцу завялі крымінальную справу паводле «народнага» 342 артыкула і неўзабаве пакаралі — двума гадамі «хатняй хіміі» і велізарным штрафам у 4800 рублёў.
Відаць, сябар Барыса Самковіча застаўся задаволены такім фіналам справы.

Сусед — на суседа

Пасля пачатку вайны ва Украіне беларусы нанова палітызаваліся — да ўнутранага парадку дня дадаўся фармальна знешні, але такі блізкі. Грамадства ўзрушылася, у розных гарадах прайшлі пратэсты. Натуральна, што актывізаваліся і «неабыякавыя грамадзяне».
У сярэдзіне сакавіка стала вядома пра прысуд жыхару Мінска Змітру Мацюшонку за надпіс No War на акне кватэры. Надпіс правісеў на шыбе нядоўга, але пільнаму суседу хапіла. Ён сфатаграфаваў крамольны антываенны лозунг і ашчадна прынёс-данёс участковаму.
У выніку Змітра Мацюшонка абвінавацілі ў несанкцыянаваным пікетаванні і пасадзілі на 13 сутак.

Невядомы — на шматдзетную маці

onohova_deti.jpg


Менш за месяц таму на тры гады «хатняй хіміі» асудзілі Вікторыю Онахаву-Жураўлёву з Пружан — шматдзетную маці, якая разам з мужам выхоўвае 13 (!) дзяцей (9 з іх прыёмныя).
Працэс пераследу жанчыны, якая нягледзячы на мноства хатніх клопатаў паспявае ўдзельнічаць у грамадскім жыцці горада і ўвогуле не хавае сваёй палітычнай пазіцыі, запусціла ананімка нейкага таямнічага жыхара Івацэвічаў. Ён напісаў данос у міліцыю, у якім усяляк наракаў на шмадзетную сям’ю. Маўляў, яны і «варожа ставяцца да існага дзяржаўнага ладу», і «не хаваюць сваіх апазіцыйных поглядаў», і дзяцей сваіх гадуюць у «дэструктыўнай, антыдзяржаўнай» атмасферы.
Пасля гэтага нейкі час Вікторыю цягалі па прафілактычных гутарках, але потым прыйшлі з ператрусам ужо па крымінальнай справе. У выніку шматдзетную маці асудзілі на тры гады «хатняй хіміі» за паклёп на Лукашэнку — за каментар, зроблены ў мясцовым чаце ў жніўні 2020 года.