«І ўсё ж я хачу спытаць — хто напісаў чатыры мільёны даносаў?»

На пружанскую шматдзетную сям'ю ў Пружанах напісалі данос. Нейкі жыхар Івацэвічаў мяркуе, што дзеці атрымліваюць выхаванне "дэструктыўнай накіраванасці".

donos_1_01022021.jpg

Сутнасць у тым, што жыхар Івацэвічаў напісаў электронны зварот у Пружанскі РАУС у якім ставіць пытанне, ці можна давяраць на выхаванне дзяцей "асобам апазіцыйных поглядаў".
"Па адрасе г. Пружаны ... размешчаны катэдж, дзіцячы дом сямейнага тыпу, наколькі я ведаю. Сямейная пара, якая выхоўвае каля 10 дзяцей, гэта асобы апазіцыйных поглядаў. Яны не хаваюць сваіх поглядаў, размяшчаюць у двары і на сценах дома БЧБ сімволіку, раней мелі свой ТГ канал. Адпаведна можна выказаць здагадку, што дзеці, якія пражываюць у дадзеным катэджы, атрымліваюць выхаванне дэструктыўнай, антыдзяржаўнай накіраванасці. У мяне ўзнікла такое пытанне — ці з'яўляецца законным размяшчэнне на доме БЧБ сімволікі? Навошта аддаваць дзяцей на выхаванне людзям, настроеным варожа ў адносінах да існуючага дзяржаўнага ладу? БЧБ атрыбутыка адкрыта вывешваецца і дэманструецца на доме ўжо паўгода дакладна", — так напісаў жыхар Івацэвічаў у пружанскую міліцыю.
Пружанка, якая выхоўвае дзяцей у доме сямейнага тыпу, пацвердзіла "Першаму рэгіёну", што такі зварот у міліцыю сапраўды быў. Аднак, яна кажа, што з аўтарам даносу не знаёмая, і не ведае, што яго прымусіла так напісаць.