«Пацярпелага мне шкада: у яго вачах пустата, я яму дарую»

У судзе Салігорскага раёна судзяць 30-гадовага Руслана Акостку — былога дэсантніка, які 15 лістапада здолеў прайсці амаль праз увесь горад з бел-чырвона-белым сцягам. 

222_fill_700x901.jpg

Вольга, маці абвінавачанага сцяганосца, распавяла lider-press.by: «Я была рада ўбачыць сына. З моманту затрымання не было ніводнага спаткання. Далі зразумець, што мой сын – палітычны зняволены, а такім адмоўлена ў сустрэчах. У зале суда размаўлялі жэстамі. Не далі пагаварыць з сынам ... не паложана, казалі канваіры. Абдымала моўчкі ўсім сваім сэрцам…
Бачыць сына так блізка і не мець магчымасці яго абняць і пагаварыць — гэта вельмі цяжка. Хацела дакрануцца да яго рукой, абняць, падтрымаць... размаўлялі вачыма. Ён жывы. Гэта самае галоўнае.
Я старалася не плакаць, але слёзы стаялі камяком у горле.
Жэстамі паказвала Руслану: "Сынок, хутка паедзем дадому. Усё будзе добра".
Хацела спытаць у Руслана код яго банкаўскай карткі. Спадзяюся, што на ёй ёсць зберажэнні, хай і невялікія. Руслан быў звольнены ў верасні. Прычынай паслужыла ахоўная маска бел-чырвона-белага колеру. Я не шмат зарабляю, і лішняй капейкі ў сям'і няма. Але нават спытаць у сына код мне не далі.


Мне давялося паразмаўляць з «пацярпелым». Я проста падышла і сказала: "Я тут як мама, мы ўсе жывем на зямлі. І ў цябе таксама ёсць мама. Жадаю табе, каб твая мама ніколі не праліла ніводнай слязы. Як вы змаглі падзенне пры мітусні давесці да такога судовага паседжання?"
Пацярпелы казаў мне пра тое, што ў яго моцна баліць галава і спіна пасля падзення.
Палова супрацоўнікаў РАУС маўчалі, напэўна, у іх прачыналася сумленне.
Я дарую вам за ваш здзек над маім сынам. За тое, што вы ўжылі да яго гвалт, засоўвалі палку сцяга ў рот са словамі: "Жры, чаго табе не хапае?" За ўсе тыя знявагі, якія Руслану давялося прайсці. Я бачу, што мой сын моцны, ён справіцца. Хай вас Бог даруе. Пацярпелага мне шкада: у яго вачах пустата, я яму дарую. Цяжка жыць без душы. Да якой ступені людзі ачарсцвелі!
Руслану мы не змаглі аддаць перадачу, бо суд расцягнуўся да 17:00. А перадачу можна аддаць толькі ў пэўны час.
Я ўдзячная тым людзям, якія прыйшлі падтрымаць мяне і майго сына. Нам пашанцавала: у нас вельмі пісьменны адвакат, яна працуе па сумленні, я ёй вельмі ўдзячная. А я нічога не баюся, я ўжо перажыла.
Веру, спадзяюся, мой сын вернецца дадому.
Мяне вучылі за хлеб душу не прадаваць. Гэтаму я вучыла і Руслана. Мы вытрымаем усё. Любіце сваіх дзяцей за тое, што яны ёсць. Я не магу ўзяць свайго сына за руку, і гэта вельмі балюча».
Сям'я Руслана Акосткі жыве небагата. Калі вы захочаце дапамагчы сваякам вязня, пакідаем рэквізіты банкаўскай карткі яго сястры:
6711 7700 1949 362108/22Беларусбанк