Людзям не даходзяць з Кітая пасылкі з БЧБ-сімволікай. Наўмысна затрымліваюць?
«Вельмі падобна на тое, што мытня спецыяльна затрымлівае пасылкі з БЧБ-сімволікай», — распавядае мінчук Яўген, які з восені мінулага года чакае з Кітая дзве пасылкі са сцягамі. З такой жа праблемай сутыкнуліся і іншыя пакупнікі. На кітайскай гандлёвай пляцоўцы ў водгуках пра тавары з «Пагоняй» і БЧБ-сімволікай таксама падобных каментароў нямала.
У рэдакцыю прыйшло некалькі паведамленняў пра тое, што людзям не даходзяць пасылкі з Кітая з БЧБ-сцягамі.
— Мае пасылкі са сцягамі вісяць на мытні з 28 кастрычніка і 7 лістапада мінулага года - гэта можна адсачыць па трэк-коду, — распавядае мінчук Яўген. — Я патэлефанаваў у Мінскую рэгіянальную мытню, каб спытаць, чаму затрымліваюцца пасылкі. У мяне пацікавіліся, што ў адпраўленнях. Пачуўшы пра БЧБ-сцягі, супрацоўніца, адказала на званок, сказала мне, што затрымкі па законе на мытні могуць складаць да паўгода, маўляў, чакайце. Але ўсе астатнія тавары з Кітая, заказаныя значна пазней, мне ўжо прыйшлі без асаблівых затрымак. Вельмі падобна на тое, што мытня спецыяльна затрымлівае пасылкі са сцягамі.
Калі Яўген зразумеў, што заказаныя сцягі ён, хутчэй за ўсё, не атрымае, ён купіў яшчэ адзін. Але, паводле яго слоў, новы сцяг спасцігла тая ж доля. «Да нашай мытні ён дайшоў вельмі хутка і там завіс», — кажа Яўген.У такой жа сітуацыі апынуўся і мінчанін Андрэй. Хлопец замовіў два вялікіх сцяга яшчэ ў кастрычніку, але яны да яго не дайшлі да гэтага часу.
— 10 кастрычніка я замовіў 7 пасылак з Кітая. У адной з іх былі сцягі, — распавядае Андрэй. — Першую з пасылак я атрымаў ужо 11 лістапада. Яшчэ 5 прыйшлі на працягу месяца. Сцягі затрымаліся на мытні і не прыйшлі мне да гэтага часу. Не стаў прасіць прадаўца вярнуць мне грошы за тавар, таму што ён усё адправіў своечасова і ні ў чым не вінаваты.
На кітайскай гандлёвай пляцоўцы ў водгуках пра тавары з «Пагоняй» і БЧБ-сімволікай падобных каментароў нямала: замовілі яшчэ ў мінулым годзе, дайшоў да беларускай мытні і да гэтага часу там.
За тлумачэннямі аб затрымках пасылак tut.by звярнуўся ў Дзяржаўны мытны камітэт. Там аператыўна пракаментаваць сітуацыю не змаглі.