Уладальніцу крамы падарункаў абвінавачваюць у незаконным пікетаванні праз продаж тавараў з «Пагоняй»
2 лютага на дырэктара лідскай крамы падарункаў "Хамелеон" склалі пратакол аб незаконным пікетаванні (артыкул 23.34 КаАП) праз продаж тавараў з "Пагоняй", піша Onliner.
"Забароны на гандаль гэтай прадукцыяй няма. Я рабіла запыт у Мінск, запыт да юрыстаў. Пакажыце хоць адзін радок з кодэкса, што гэта прадаваць нельга. Мне нельга гандляваць наркотыкамі — я не гандлюю", — казала дырэктар Крамы Крысціна Іванова міліцыянту.
У пратаколе напісана, што гаспадыня крамы "з мэтай прапановы рэалізацыі нявызначанаму колу асоб у грамадскім месцы выставіла на ўсеагульны агляд магніты, сцяжкі, майкі з сімволікай бел-чырвона-белага, такім чынам выказаўшы палітычна-грамадскія інтарэсы, гэта значыць прыняла ўдзел у пікетаванні".
Іванова сцвярджае, што гэтыя тавары не выстаўляліся ў агляданай вітрыне крамы, піша Onliner, і наогул не разумее, чаму яе штрафуюць за продаж таго, што не забаронена.
"У нас нават не было тавараў з БЧБ-сцягамі. У нас былі кубкі з "Пагоняй", якая мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці і афіцыйна замацаваная як геральдычны сімвал", — кажа яна.