Каля 100 гісторыкаў падпісалі заяву ў абарону нацыянальнага сцяга, які ўлады хочуць прызнаць экстрэмісцкім

«Кампанія на дыскрэдытацыю дзяржаўнага сімвала Беларусі не мае ніякага абгрунтавання», — гаворыцца ў заяве гісторыкаў, якую падпісалі каля 100 навукоўцаў.

img_3506_2_logo_1.jpg


У інтэрнэце з’явіўся сайт «Наш сцяг», дзе пачаўся збор подпісаў беларускіх гісторыкаў у абарону нацыянальнага сімвала. У сувязі з разгортваннем уладамі Беларусі кампаніі для забароны бел-чырвона-белага сцяга беларускія гісторыкі выступілі з заявай, перадае Радыё Свабода.

«Бел-чырвона-белы сцяг ёсць нацыянальным і дзяржаўным сімвалам. Ён быў ухвалены ў 1917 годзе ўсімі нацыянальнымі арганізацыямі і стаў дзяржаўным у 1918-м, пры канцы Першай сусветнай вайны. Беларуская Народная Рэспубліка прыняла дзяржаўны герб — старажытную “Пагоню” і дзяржаўны сцяг — бел-чырвона-белага колераў, адпаведных народным і гістарычным традыцыям.

За мінулае стагоддзе наш сцяг стаў духоўным набыткам і маральнай каштоўнасцю для мільёнаў беларусаў, незалежна ад іх палітычных поглядаў. У 1930 годзе паэт-камуніст Максім Танк напісаў:

Глядзіце ў будучыню сьмела!

Настаў доўгачаканы час,

Пад сьцягам бел-чырвона-белым

Чакае перамога нас!».

Гісторыкі таксама адказваюць на абвінавачанне прапаганды ў тым, што падчас Другой сусветнай вайны такія сімвалы выкарыстоўвалі калабаранты.

«Гэта было звычайнай справай у Еўропе і не можа весці да дыскрэдытацыі сімволікі. Мы бачым, як дзяржавы з падобным гістарычным досведам, напрыклад Расія, Украіна, Францыя, Літва, Латвія, Харватыя, Нарвегія, Данія ды іншыя, шануюць свае нацыянальныя сцягі», — гаворыцца ў заяве.

Адмыслоўцы нагадваюць, што ў верасні 1991 году Вярхоўны Савет БССР зацвердзіў бел-чырвона-белы сцяг дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь. У 1994-м менавіта пад ім прыносіў прысягу новаабраны прэзідэнт Лукашэнка.

«Сённяшняя прапагандысцкая кампанія на дыскрэдытацыю і забарону нацыянальнага і дзяржаўнага сімвала Беларусі не мае ніякага гістарычнага абгрунтавання, вядзе да расколу грамадства і распальвання варожасці паміж грамадзянамі Беларусі. Арганізатары і ўдзельнікі гэтай кампаніі павінны панесці адказнасць не толькі перад судом гісторыі, але і юрыдычную», — канстатуюць беларускія гісторыкі.

Сярод падпісантаў заявы — дактары і кандыдаты гістарычных навук Аляксандар Краўцэвіч, Аляксандар Смалянчук, Алег Латышонак, Тадэвуш Гавін, Юры Гардзееў, Сяргей Токць, Генадзь Сагановіч, Лілія Коўкель, Андрэй Чарнякевіч, Уладзімер Ляхоўскі, Іна Соркіна, Анатоль Вялікі, Кацярына Крывічаніна ды дзясяткі іншых. Усяго па стане на 12:30 пад заявай было 98 подпісаў.