Новыя законы вернуць Беларусь нават не ў брэжнеўскія, а ў сталінскія часы
Прапанаваныя ўладамі заканадаўчыя навацыі азначаюць, па сутнасці, тое, што пры адпаведнай трактоўцы ў краіне пад страхам крымінальнага пераследу можа быць забаронена ўсялякая крытыка любых дзяржаўных органаў і іхніх прадстаўнікоў, піша Валер Карбалевіч на Свабодзе.
Паводле праекту, публічная «дыскрэдытацыя органаў дзяржаўнай улады і кіравання» караецца пазбаўленнем волі да трох гадоў. Гэта значыць, любую негатыўную ацэнку дзейнасці не толькі Лукашэнкі, а нават дробнага выканкамаўскага чыноўніка (ужо не кажучы пра паведамленні аб зверствах амапаўцаў) можна будзе трактаваць як іх дыскрэдытацыю з усімі адпаведнымі наступствамі.
Тое ж пакаранне прадугледжана за «наўмыснае распаўсюджванне ў любой форме загадзя ілжывых звестак» аб палітычным становішчы Беларусі. То-бок, напіша чалавек у сацыяльных сетках, што, на яго думку, Лукашэнка не набраў 80% на выбарах, — і яго абвінавацяць у пашырэнні «ілжывых звестак». І пойдзе чалавек за краты на тры гады.
А калі грамадзяніна западозраць ва ўдзеле ў акцыі пратэсту двойчы, то ён атрымае тыя ж тры гады за кратамі.
Таксама пакаранне пагражае ўладальнікам інтэрнэт-рэсурсаў за распаўсюджанне забароненай інфармацыі.
Замах на жыццё супрацоўніка праваахоўнага органа караецца пажыццёвым зняволеннем. Як трактаваць замах? Штурхануў міліцыянта, ухіляючыся ад дубінкі, і апынешся за кратамі да канца жыцця? Нагадаю, што за рэальнае забойства ў Беларусі даюць, напрыклад, восем гадоў. А тут за «замах на забойства» — пажыццёвае зняволенне. Ствараецца каста недатыкальных.
Гэта не проста вяртанне ў СССР. Гэта вяртанне нават не ў брэжнеўскія, а ў сталінскія часы.
Пры адпаведнай трактоўцы ўсё гэта азначае, што ў Беларусі можа быць забаронена пад страхам турэмнага пакарання іншадумства як з'ява.
Іншая справа, як усё гэта будзе выконвацца на практыцы. Бо пасадзіць у турму большую частку насельніцтва нават у лукашэнкаўскай Беларусі будзе складана з чыста тэхнічных прычынаў. Не хопіць грошай на вартаўнікоў на вышках.
Таму новае заканадаўства — гэта дамоклаў меч, які мусіць вісець над галавою кожнага незадаволенага. Яно пераводзіць практычна ўсё насельніцтва ў статус падазраваных.
І прывядзе да таго, што большасць беларусаў пакіне беларускі сегмент інтэрнэту, будзе чытаць толькі замежныя рэсурсы і тэлеграм-каналы.
Гэтыя навацыі лішні раз пацвярджаюць, што дзеля ўтрымання ўлады цяперашні рэжым гатовы на любыя, нават самыя адыёзныя, крокі і не спыніцца ні перад чым.