Марыя Калеснікава: Вы можаце яшчэ хоць 10 спраў на мяне завесці. Вас гэта ўжо не ўратуе

Марыя Калеснікава пракаментавала адмову ўзбуджаць крымінальную справу па фактах выкрадання і пагроз. Яшчэ 10 верасня яна падавала заяву аб распачынанні крымінальнай справы, называючы ўсе імёны і пасады людзей, якія арганізавалі яе выкраданне, пагражалі ёй і сілком спрабавалі вывезці з Беларусі. 

Фота «Камерсант»

Фота «Камерсант»

Следчы камітэт вырашыў не разглядаць заяву Марыі, а перадаў яе ў Міністэрства ўнутраных спраў. МУС адмовіла ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, паведамляе прэс-служба Віктара Бабарыкі.

— Увага! Рашэнне ўзбуджаць або не ўзбуджаць крымінальную справу прымае «Міністэрства», чые намеснікі міністра асабіста арганізавалі і здзейснілі гэтыя злачынствы, — сказала Марыя Калеснікава. — 27 студзеня я атрымала адмову ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. Здзіўленая я? О, не!

Там, у кабінеце Карпянкова, спадары Казакевіч і Паўлючэнка ва ўсіх падрабязнасцях распавялі, што мяне чакае, калі я не пакіну краіну: СІЗА, турмы, зневажальныя дагляды, падарванае здароўе, забыццё. Я забуду аб кнігах (Харарэ, Хокінг, чао!), пра музыку таксама, бо мне пераламаюць пальцы, праз месяц пра мяне ўсе забудуць. 25 гадоў у калоніі, дзе я буду яму (Казакевічу) форму шыць, якую ён будзе апранаць па асаблівых падставах. Так што не, не здзіўленая.

Я буду далей звяртацца ў Генеральную пракуратуру, у суд, а вы можаце яшчэ хоць 10 спраў на мяне завесці. Вас гэта ўжо не ўратуе. Вы гэта зрабілі — вы гэта ведаеце, я ведаю, вашы міністры ведаюць, кіраўнік дзяржавы ведае, калегі і саўдзельнікі ведаюць, сведкі (а іх нямала), вашыя дзеці ведаюць, жонкі, вашы бацькі, сябры і блізкія. Вы гэта зрабілі!