«Калі наша грамадства пачне паважаць чалавечую сутнасць, тады магчыма сапраўднае паразуменне». Ігнат Канчэўскі — новыя факты з біяграфіі, ч. 3

У папярэдніх частках мы расказалі некаторыя новыя факты з віленскага і мінскага перыядаў жыцця Ігната Канчэўскага — беларускага філосафа і публіцыста, аўтара праграмнага эсэ «Адвечным шляхам». У трэцяй частцы мы раскажам пра пачатак творчай дзейнасці Канчэўскага і яго філасофскія і маральныя погляды.

Ігнат Канчэўскі. Фота: wikipedia.org

Ігнат Канчэўскі. Фота: wikipedia.org


Пасля праведзеных працэдур Ігнат Канчэўскі быў у стане зноў выйсці на працу. Знаходзячыся пад велізарным уражаннем ад абстаноўкі ў гэтай лякарні, ён напісаў ліст, які 14 мая 1921 года надрукавала газета «Наша думка». З'явіўся матэрыял у зусім немагчымым у той прэсе жанры — як ліст-падзяка.

У РЭДАКЦЫЮ ГАЗЭТЫ «НАША ДУМКА»

             Шаноўны п. рэдактару!

             Вельмі прашу замесьціць гэты ліст у Вашай паважнай газэце, бо лічу, што ніжэйпаданы вынятак з маей аўтабіаграфіі мае нейкую грамадзкую вагу.

              Захварэўшы ўлетку 1920 г. на тубэркулёз плюцаў (лёгкіх), я апыніўся ў дрэнным, амаль што не безнадзейным становішчы на зіму 20-21 г., дзякуючы нясур’ёзнаму лячэньню прыватных лекараў і немагчымасьці атрымаць праўдзівую мэдыцынскую помач, якая не пад сілу прыватнай асобе, а вымагае грамадзкае арганізаванасьці. Такую праўдзівую мэдыцынскую помач даюць мне, дзякуючы выпадку, людзі, зусім дагэтуль незнаёмыя і нязьвязаныя са мною жаднымі грамадзянскімі сувязямі, замяшчаючы мяне ў лепшую ў Вільні лячэбную ўстанову шпіталь яўрэйскага дабрачыннага хаўруса «Мішмэрэс Хойлім», нягледзячы на маю не-яўрэйскую нацыянальнасьць. Ні мая няпрыкметная прошлая грамадзкая праца, ні яе пэрспэктывы ў будучыні, ні самая мая прыналежнасьць да немагутнай у сучаснасьці беларускай нацыянальнасьці не маглі заховываць у сабе чаго-небудзь прынаднага, што можна было б скарыстаць для практычнага ўжыцьця.

           У данным выпадку можна ўбачыць толькі чын сумленнай чалавечнасьці, якая, нягледзячы на пахаджэньне, ідзе на помач усім, страціўшым сілу, не ў імя асабістай або групавой карысьці, а для самага чалавека, у імя чалавечнасьці.

            Чалавечнасьць адносін паміж асобнымі адзінкамі — неабходная падстава згоды агулу. Толькі тады, калі наша грамадзянства, пасечанае на варожыя рэлігійныя, нацыянальныя і клясавыя лягэры, уцяміць гэтую простую праўду і пачне паважаць не групавы адзнак, а чалавечую сутнасьць, тады магчыма запраўднае, а ня толькі ў праэктах і на словах, паразуменьне паміж штучна падзеленымі грамадзянскімі групамі.

             Вельмі прашу і другія газэты, зацікаўленыя ў запраўдным пашырэньні думкі аб неабходнасьці грамадзянскага паразуменьня — перадрукаваць.

             Б. інструктар коопэрацыі Ігнат Канчэўскі

             4/V-1921. Вільня

Прыязная і прафесійная абстаноўка, што панавала ў лякарні, перанесла хворага Ігната ў іншы свет, кантраст з паўсядзённай усеагульнай нервовасцю, падазронасцю, няўдзячнасцю на фоне разрухі і страшэннага недахопу ўсяго, уразілі яго. Уласцівая Ігнату глыбокая вера ў духоўныя магчымасці чалавечай асобы дарыла надзею, што з часам людзі паўсюль стануць такімі.

Сучасны выгляд дома на Звярынцы ў Вільні, дзе жыў і памёр Ігнат Канчэўскі. Фота Тамары Юсціцкай

Сучасны выгляд дома на Звярынцы ў Вільні, дзе жыў і памёр Ігнат Канчэўскі. Фота Тамары Юсціцкай


Прыяцелі і проста знаёмыя ўспрынялі гэты ліст неадназначна. Грамадскія, агульначалавечыя гуманітарныя праблемы, на якіх акцэнтуецца ўвага ў лісце, не выклікалі водгуку. «Прызнанне» ў смяротнай хваробе не было тэмай, якую прынята абмяркоўваць публічна.

«Сябры гаварылі пра трагічныя дзівацтвы смяротна хворага Ігната Канчэўскага, які з жонкай арганізаваў гурток “тэасофаў” для вывучэння поглядаў індыйскіх ёгаў на замагільнае жыццё», — сцвярджаў Уладзімір Калеснік.

Тэасофскі асяродак у Вільні

У Ігната і Людмілы Канчэўскіх было сваё жыццё, свае інтарэсы і знаёмствы. Яшчэ ў Санкт-Пецярбургу кола зносін Ігната складалі сваякі і знаёмыя, якія жылі там і дзякуючы якім не трэба было мяняць свае ранейшыя захапленні. Яны, як і Ігнат, цікавіліся старым і сучасным жывапісам, музычным мастацтвам і навукай. Па старой віленскай звычцы ён працягваў наведваць музеі, выставы, канцэрты і лекцыі.

На пачатку ХХ стагоддзя, следам за Амерыкай і Заходняй Еўропай, у Расіі моцна вырасла цікавасць да ўсякага роду містычных і акультных вучэнняў. Інтэлігенцыя, прыцягнутая ідэямі ўсеагульнага братэрства, каштоўнасці чалавечай душы, захаплялася, пераважна, філасофскай плынню — тэасофіяй. Гурткі паўсталі не толькі ў буйных гарадах, але і ў такіх, як, напрыклад Калуга, Смаленск. Праводзіліся сустрэчы ў вузкім коле пасвячоных, а таксама лекцыі, на якія маглі прыйсці ўсе жадаючыя, для шырокай публікі выдаваліся часопісы і газеты. Паступова асобныя гурткі аб'ядналіся ў Расійскае тэасофскае таварыства, якое займела юрыдычны статус. На лекцыях, што арганізоўваліся тэасофамі ў Санкт-Пецярбургу, Ігнат бываў, чытаў іх перыёдыку. У Маскве, Смаленску таксама былі ўмовы для падтрымання гэтай цікавасці.


Тэасофія стала філасофскай асновай жыцця Канчэўскага, спосабам годна пражыць гэтае жыццё, праектам індывідуальнага духоўнага развіцця. Ён бачыў магчымасць прымянення палажэнняў тэасофіі ў развіцці грамадства. Яму была блізкая думка, заснаваная на рамантычнай канцэпцыі народнасці, што прадугледжвала нейкую калектыўную памяць народа, якая змяшчае ў сабе ўзнёслыя памкненні.

З запісной кніжкі, знойдзенай у доме Канчэўскіх у старым куфры (яна належала сябру сям'і, Уладзіміру Гаўрылаву, які быў навучэнцам Віленскай беларускай гімназіі), даведваемся, што ў дваццатыя гады ў Вільні праходзілі «сходы тэасофаў на Каштанавай, у доме, дзе жыве адв. Штарк, рускія па аўторках з 8 да 10 вечара і польскія па нядзелях з 5». Адвакат Міхаіл Штарк жыў у доме № 3. Дадамо, што побач быў дом № 5, у якім было створана Беларускае выдавецкае таварыства.


Удалося аднавіць карціну таго, як у Вільні паўстаў гурток тэасофіі. Усё пачалося з Ванды Дыноўскай, якая яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя займалася распаўсюджваннем ідэй тэасофіі на тэрыторыі Польшчы. Пад яе ўплыў трапіла зусім юная Ірэна (Рэна) Бжастоўская. Сем'і Бжастоўскіх і Дыноўскіх мелі зносіны, летам падоўгу жылі па суседстве ў сваіх Інфанцкіх маёнтках непадалёк ад Люцына.

Рэна Бжастоўская была выхавана на кульце слаўных продкаў сваёй сям'і, адным з якіх быў вялікі рэфарматар Павел Ксаверый Бжастоўскі (1739-1828), які заснаваў недалёка ад Вільні легендарную Паўлаўскую рэспубліку, таму гуманістычныя ідэі тэасофіі ляглі на падрыхтаваную глебу.

Будучы гімназісткай, Рэна адначасова самастойна вывучала тэасофію. Збіраючыся стварыць у Вільні тэасофскі гурток, яна шукала аднадумцаў. Паненка пацікавілася ў бібліятэцы, хто бярэ кнігі па тэасофіі, філасофіі, акультызме. Звязаўшыся з усімі, яна прапанавала сустракацца для абмеркавання прачытаных кніг, падрыхтоўкі дакладаў, запрашэння лектараў. Такім чынам у 1920 годзе ў Вільні паўстаў першы гурток тэасофіі, названы «Ананда» (у індуісцкай тэалогіі гэта катэгорыя, якая азначае «радасць, духоўнае задавальненне»).

У віленскі гурток увайшлі — і потым на гэтай ніве доўгія гады трымалі сувязь — сама Рэна, сёстры Эвеліна і Яніна Карась, Валя Гжыбоўска, Ежы Знамяроўскі і іншыя віленчукі. Многія ўдзельнікі гуртка, чые лёсы звязаны з Вільняй, перабраліся ў Варшаву, сталі яркімі ўдзельнікамі тэасофскага руху ў Польшчы, выдатна праявілі сябе на абраным жыццёвым шляху.

Неяк у горадзе Ігнат заўважыў афішу, што з лекцыяй на тэму індыйскай філасофіі прыязджае Ванда Дыноўска, знаёмая яму па публікацыях яшчэ ў дарэвалюцыйнай рускай тэасофскай перыёдыцы. Ён пайшоў, выказаўся ў дыскусіі, зацікавіў удзельнікаў гуртка, стаў хадзіць на іх сустрэчы, атрымаў доступ да перыёдыкі польскіх тэасофаў, якія выдавалі часопіс «Przegląd Teozoficzny».

Вокладка тэасофскага часопіса, Польшча, 1921 г. Фота з архіву Тамары Юсціцкай

Вокладка тэасофскага часопіса, Польшча, 1921 г. Фота з архіву Тамары Юсціцкай


Канчэўскі дзяліўся з жонкай падрабязнасцямі сваіх наведванняў сходаў тэасофаў. Мілачку не здзіўляла — і тым больш не палохала гэтая цікавасць мужа: містыка, паэзія, каханне Гангі, мацярынства — гэта быў яе свет...

З часопіса «Przegląd Teozoficzny» № 7 за 1921 год Ігнат пераклаў на беларускую мову верш «Gloria», які пад псеўданімам «Ганна Галубянка» і пад назвай «Gloria — слава ў вышніх» быў надрукаваны ў газеце «Наша Будучына» 25 студзеня 1922 года. Аўтарка верша — «ветэран» тэасофскага руху, паэтка, драматургіня, журналістка, грамадская дзяячка Зофія Вайнароўска (1881-1967). У сваіх успамінах пра першыя дні ў Варшаве Міка піша пра яе як пра даўнюю знаёмую.

Своеасаблівай прыступкай на пачатку цікавасці Ігната да тэасофіі можна лічыць яго захапленне паэзіяй Рабіндраната Тагора.

Імя Рабіндраната Тагора (1861-1941) і яго паэзія з 1913 года, калі ён атрымаў Нобелеўскую прэмію, былі на вуснах той публікі, якая чытала — і перш за ўсё, вядома, моладзі. У 1914 годзе з'явіліся шматлікія рускамоўныя выданні яго твораў. Паэзія Тагора несла незвычайны лірычны зарад, яна разглядалася як духоўная літаратура і разам з яго харызмай стварыла на Захадзе вобраз Тагора-прарока.

Вершы Рабіндраната Тагора сталі знакавымі і ў жыцці Канчэўскага. Міка мімаходзь згадвае, што іх з Ігнатам зблізіла паэзія Тагора і аб'яднала велізарная ўзаемная любоў. Ствараецца ўражанне, што Міка і Ганга пасля ад'езду яе з Вільні, праз некалькі гадоў сустрэліся ў Санкт-Пецярбургу, дзе абодва вучыліся. Да бацькоў, на Дон, у тыя неспакойныя гады яна ездзіла рэдка, ды і яны мянялі месца жыхарства. Як узнікла легенда пра падарожжа Ігната «да нявесты» і жаніцьбу на Доне, якую расказаў у некралогу А.Л., — незразумела.

6 студзеня 1923 года ў газеце віленскіх эсэраў «Наша Будучына» была апублікавана літаратурная падборка з удзелам Мітрафана Запольскага, Наталлі Арсенневай, Уладзіміра Жылкі, Антона Навіны (Луцкевіча), якую адкрывае паэтычны тэкст Ігната Канчэўскага, надрукаваны пад звычайным псеўданімам Ганна Галубянка. Тэкст гэты адназначна навеяны тэасофіяй:

На матывы Р. Тагора

Ты — Вялікі,

а маё жыцьцё падобна да гульні малых дзетак на пяску, пры рэчцы.

Яны будуюць заторы, кіруюць бег вады ў пракапаных дзяціннай лапатачкай каналы і дзіўна засмучоныя, калі неасьцярожна плёснуўшая хвалька змывае ўсе іх дзіцячыя хітрыкі.

Так я, забавіўшыся ў сваёй дзяціннай гульні, забываюся аб Тваёй вечнай прысутнасьці, і толькі незнарок прыляцеўшы боль сьціскае мукай збалелае сэрца і змушае зьвярнуць да Цябе твар, Айцец мой.

І тады я чую, што глядзяць на мяне з ласкай Твае вочы і дзякую Табе, што разам з прыкрым болем, Ты даў мне шчасьце пазнаць Тваю сталую вечную прысутнасьць на нашай шумнай дзяціннай гульні.

На жаль, засталіся невядомымі і, верагодна, страчанымі матэрыялы, над якімі Канчэўскі працаваў апошнія месяцы свайго жыцця. Міка расказала, што Ігнат пераклаў з рускай на беларускую мову папулярную кніжку Джыду Крышнамурці (1895-1986), індыйскага духоўнага настаўніка і свайго аднагодка (здаецца, што і знешне яны падобныя адзін да аднаго). Па рускім тэксце гэтай кніжкі першыя крокі ў тэасофію рабіла Людміла. Ганга, забываючыся на хваробу, тлумачыў ёй нюансы.

Тытульны ліст часопіса тэасофаў, Польшча, 1921 г. Фота з архіву Тамары Юсціцкай

Тытульны ліст часопіса тэасофаў, Польшча, 1921 г. Фота з архіву Тамары Юсціцкай


Ён падрыхтаваў лекцыю «Кааперацыя і тэасофія» (напэўна, на польскай мове) для выступу на гуртку тэасофаў, але ў прызначаны дзень выступіць з ёй ужо не змог, і Міка прыйшла з тэкстам, каб папярэдзіць пра гэта. Лекцыя была прачытана на сходзе кімсьці іншым.

Не дайшлі да нас і апошнія вершы Канчэўскага, інспіраваныя чытаннем тэасофскіх трактатаў і Евангелляў, якія адлюстроўваюць яго бачанне апакаліпсісу. Міка згадвае, што ён працаваў над гэтай тэмай.

Джыду Крышнамурці, духоўны настаўнік Ігната Канчэўскага. Фота: wikipedia.org

Джыду Крышнамурці, духоўны настаўнік Ігната Канчэўскага. Фота: wikipedia.org


Пасля смерці філосафа яго брат Арсень Канчэўскі перадаў у адну з рэдакцый вершы, якія сучасныя выдаўцы называюць «Зъ Віленскага архіву». Хацелася б, дарэчы, сказаць, што гэта былі, як відаць, чарнавікі, якія Ігнат за непатрэбнасцю пакінуў у бацькоўскай хаце пры пераездзе на здымную кватэру. Канчатковыя варыянты вершаў, мабыць, былі ў паперах, вывезеных Мікай у Варшаву.

Арсень Канчэўскі бачыў у паэзіі брата глыбокі духоўны сэнс:

«Тут кожны радок дыхае абноўленай тэософiяй. Што нi слова — развага з душой, духам, будучынай. А ўся гэтая вязанка настроевых рыфмаваных думак — гiмн для надыходзячай новай посьле матэр'ялiстычнай эпохi чалавецтва. Тэософы лiчаць I.К. як чалавека прайшоўшага вышэйшае духовае разьвiцьцё — “яснавiдзячым”».

Трэба сказаць, што касмапалітычныя захапленні і погляды ў большай ці меншай ступені ў сям'і падзяляла не толькі жонка, але і бацькі, а таксама іншыя сваякі. У лістах з Варшавы Міка апісвала тэасофскія сходы і мерапрыемствы, на якіх прысутнічалі знаёмыя бацькам і Сеню былыя віленскія тэасофы, дасылала іх фотаздымкі, адзін з якіх захаваўся.


У доме бацькоў, паводле кнігі рэгістрацыі жыхароў, у 1924–1925 гадах спыняліся тэасофы, якія прыязджалі ў Вільню: Гелена Патуліцка Броэль-Плятэр — на два тыдні, Валя Гжыбоўска з дзевяцігадовай дачкой жыла паўгода. У сям'і захаваліся пісьмовыя ўспаміны пра тое, як у 1935 годзе жыла ў доме Канчэўскіх хросніца Сафіі Іосіфаўны Нюта, разам са сваёй 19-гадовай дачкой Нінай, і прымала ўдзел у сходах віленскіх тэасофаў.

Праяснілася некаторым чынам пытанне адносна нібыта арганізаванага Ігнатам гуртка ёгі. Мяркую, у дадзеным выпадку справа ў тым, што Агні-ёга, або «Жывая этыка», таксама мела ў Вільні сваіх паслядоўнікаў. Разабраўшы на якой-небудзь афішы адзінае знаёмае слова «ёга», недасведчаная публіка магла штосьці з чымсьці звязаць і паспяшацца з высновамі...

Не выключана, зрэшты, што гурток ёгі ў міжваеннай Вільні сапраўды быў.