Карызна супраць Карэнды і неўміручы Сакалоўскі
Пятнаццаць гадоў таму вырашылася дылема з дзяржаўным гімнам Беларусі
Увечары 7 снежня 2002 года на плошчы 8 Сакавіка жыхары і госці сталіцы маглі назіраць незвычайную падзею: абкружаныя з усіх бакоў моцнымі зенітнымі пражэктарамі і пад акампанемент аркестра Мінскага вайсковага гарнізона, разам спявалі тры тысячы чалавек. Адбываўся запіс тэлеверсіі ўсенароднага спеву новага дзяржаўнага гімна, якую планавалася запусціць на Новы год.
Такім чынам у Беларусі была пастаўлена кропка ў эпапеі стварэння гэтага неад’емнага сімвала любой краіны і ўлады.
Незаўважаная паўза
Публікацыя ў газеце «Советская Белоруссия» 13 мая 1995 года артыкула «Там ли мы ищем автора гимна?» з нападкамі на стваральніцу «Магутнага Божа» Наталлю Арсенневу гаварыла пра тое, што ў справе распрацоўкі і прыняцця дзяржаўнага гімна наступіла пэўная паўза. Аднак шмат грамадзян дасылалі асабістыя прапановы гімну па інерцыі. Большасць лістоў сведчыла, што пасля змены дзяржаўнай сімволікі праз рэферэндум 14 мая 1995 года іх аўтары паддаліся агульнай кан’юнктуры: у прапанаваных тэкстах дамінавала ідэя славянскага адзінства, памкненняў да Расіі і культываванне вобразу Белай Русі. Вось, напрыклад, як гучаў пасаж жыхара Мінска Уладзіміра Шматкова (май 1995 года):
Вставайте, братья-белорусы!Пора рассветная пришла.Вставайте, дети Белой Руси!Нас ждут великие дела!
Ветэран вайны і працы Аляксандр Мельнік 5 студзеня 1996 года прапанаваў свой тэкст, у якім былі такія радкі:
Мы, белорусы — славянские народы.У нас развивается наука, культура,Производство станков, тракторов,Могучих машин самосвалов.Колышутся колосья хлебов и льна голубые поля.
Падобныя лісты прыходзілі рэгулярна, і ў асноўным — у прэзідэнцкую адміністрацыю, прычым нярэдка з асабістым зваротам да «шаноўнага Аляксандра Рыгоравіча». Некаторыя лісты з гімнамі суправаджаліся вершамі, якія ўсяляк услаўлялі кіраўніка дзяржавы: накшталт «родился в деревне Александрия под знаком Девы Марии».
Колькі лістоў на імя кіраўніка Беларусі прыходзіла з прапановамі з Расіі. Напрыклад, 5 снежня 1996 года жыхар Барнаула С. Басаў, звяртаючыся да Лукашэнкі, якому, нібыта, «выпала историческая миссия быть главным объединителем земель великой Руси», пісаў, што для новага дзяржаўнага гімна Беларусі трэба пакінуць музыку былога дзяржаўнага гімна СССР: «Пусть она звучит как символ единения, пусть она зовет народы на священное право интегрироваться в одну братскую дружную семью». У кастрычніку 2000 года пенсіянер з Санкт-Пецярбургу Барыс Кудравец таксама прапанаваў Лукашэнку выкарыстоўваць для дзяржаўнага гімна знакамітую музыку Аляксандра Аляксандрава і наступныя словы ў тэксце:
Союз Беларуси с Россией любимойСплотила навеки Великая Русь.Да здравствует, созданный волей единой,Народный, могучий, наш Братский союз!Припев:Славьтесь республики наши свободные,Дружба народов — надежный редут!С именем Господа — силы народныеСветлой дорогой к победам ведут!
Прэзідэнцкая адміністрацыя звычайна пераадрасоўвала гэтыя звароты ў Міністэрства культуры, і тагачасны першы намеснік міністра Уладзімір Рылатка рабіў рытуальныя адпіскі: маўляў, ваш праект гімна ўзяты на кантроль і будзе перададзены на разгляд у адпаведную камісію ў выпадку абвяшчэння конкурсу.
Але пытанне з гімнам трэба было вырашаць. Тым больш, што ў суседняй Расіі напрыканцы 2000 года быў зацверджаны новы дзяржаўны гімн. Пачынаючы з 2001 года, у прэзідэнцкую адміністрацыю і ў Савет Міністраў ад дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, а таксама ад праўладных грамадскіх арганізацый неаднаразова прыходзілі лісты з прапановамі абвясціць конкурс на новы дзяржаўны гімн Беларусі.
Нябачныя эксперты
Нарэшце 7 снежня 2001 года на імя Лукашэнкі паступіла дакладная запіска №10/439 за подпісам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Урала Латыпава. У запісцы гаворка ішла пра тое, каб да 1 студзеня 2002 года стварыць адпаведную камісію і распрацаваць праект палажэння аб конкурсе. Таксама планавалася, што да 1 мая 2002 года будзе праведзены конкурс, а да 1 чэрвеня тэкст і музыку прадставяць на зацвярджэнне кіраўніку дзяржавы. Сам жа новы гімн павінен быў быць выкананы 3 ліпеня на Дзень Рэспублікі.
3 студзеня 2002 года распараджэннем кіраўніка ўрада Генадзя Навіцкага была створана камісія на чале з намеснікам старшыні Савета Міністраў Уладзімірам Дражыным. У склад камісіі ўвайшлі міністр культуры Леанід Гуляка, міністр інфармацыі Міхаіл Падгайны, начальнік галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення адміністрацыі прэзідэнта, памочнік прэзідэнта, паэт Іван Карэнда, малады Лукашэнкаўскі фаварыт, старшыня Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Ягор Рыбакоў і іншыя.
Першае пасяджэнне камісіі адбылося 23 студзеня 2002 года. Яна прыняла рашэнні, датычныя арганізацыйнай працы, збору матэрыялаў, гуказапісу варыянтаў гімна і г.д. На гэтым пасяджэнні была створана экспертная група ў складзе Уладзіміра Рылаткі (кіраўнік), Таццяны Пархамовіч, галоўнага спецыяліста ўпраўлення мастацтва міністэрства культуры, Радаславы Аладавай, дацэнта Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Уладзіміра Карызны, паэта і лаўрэата Дзяржаўнай прэміі, Раісы Баравіковай, галоўнага рэдактара часопіса «Алеся», Таісы Бондар, галоўнага рэдактара часопіса «Сусветная літаратура», Эльвіры Алейнікавай, дацэнта Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Генадзя Пашкова, галоўнага рэдактара выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі», Вольгі Савіцкай, дактаранта Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і Льва Муранава, прафесара Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.
Менавіта гэтае кола людзей павінна было вырашаць лёс прапанаваных варыянтаў гімна. Экспертная група занадта не афішавала сваю дзейнасць, што выклікала цікавасць недзяржаўнай прэсы (11 красавіка 2002 года «Белорусская деловая газета» ў адпаведным артыкуле пыталася пра склад і дзейнасць «таинственной» групы).
Нарэшце, 14 лютага 2002 года Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь выдаў пастанову №212, паводле якой абвяшчаўся конкурс на новы дзяржаўны гімн. Было зацверджана адпаведнае палажэнне.
На конкурс да 10 сакавіка 2002 года прымаліся толькі беларускамоўныя тэксты, якія сцвярджалі ідэю дзяржаўнасці Беларусі. Музыка, згодна палажэнню, абавязкова павінна была мець «інтанацыйна-меладычную яснасць, запамінальнасць, урачыстасць і рытм шэсця». Конкурс абвяшчаўся адкрытым: у ім маглі прымаць удзел як пэўныя асобы, так і творчыя калектывы. Кожны ўдзельнік мог падаваць толькі адзін праект (музыку і тэкст разам, альбо музыку асобна і тэкст таксама асобна). Усе творы, акрамя агульнавядомых і знакамітых, падаваліся пад дэвізам. Камісія да 10 красавіка 2002 года павінна была вызначыць тры лепшых праекты.
Толькі новае. Наколькі новае?
12–13 сакавіка 2002 года адбылося першае пасяджэнне экспертнай групы. На ім была агучана цікавая статыстыка, а таксама зроблены пэўны крок на шляху да новага гімна.
З 1995 па 2001 гады паступіла 106 зваротаў, у якіх прапанаваліся музычныя і тэкставыя варыянты дзяржаўнага гімна. Пасля абвяшчэння новага конкурсу прыйшло ажно 327 зваротаў: 117 тэкстаў на музыку Нестара Сакалоўскага, 51 варыянт новых тэксту і музыкі, 4 варыянты новай музыкі, 19 прапаноў выкарыстання вядомых твораў.
На пасяджэнні былі прыняты наступныя прынцыповыя рашэнні: па-першае, не разглядаць тэксты на рускай мове і 106 варыянтаў, дасланых у 1995–2001 гадах, з прычыны нізкага мастацкага ўзроўню. Па-другое, не рэкамендаваць у якасці гімна вядомыя творы: «Магутны Божа», «Пагоня», «Паланез Агінскага», «Ваяцкі марш», «Песня пра Заслонава», «Спадчына», «Люблю мой край», а таксама «Молодость моя, Белоруссия». Па-трэцяе, рэкамендаваць да ўдзелу ў конкурсе тэкставыя творы на музыку Нестара Сакалоўскага пад дэвізамі «Братэрства», «Сейбіт» і «21-2002». Акрамя таго, група выбрала ў якасці магчымых варыянтаў гімна яшчэ два творы: «Радзіма мая дарагая» (Уладзімір Алоўнікаў — Алесь Бачыла) і «Красуй, Беларусь!» (Васіль Раінчык — Леанід Пранчак).
26 сакавіка 2002 года прайшло галасаванне з удзелам чальцоў камісіі і экспертнай групы. Галасавалі асобна па тэкстах да музыкі Нестара Сакалоўскага і па творах «Радзіма мая дарагая» і «Красуй, Беларусь!».
Спрэчныя вынікі
У галасаванні па тэкстах да музыкі Нестара Сакалоўскага ўдзельнічалі 25 чалавек: «Братэрства» атрымала 11 галасоў, «Сейбіт» — 12, «21-2002» — 2. У сваю чаргу, твор «Радзіма мая дарагая» падтрымалі 15 чалавек, а «Красуй, Беларусь!» — 11 (у галасаванні бралі ўдзел 26 чалавек).
Пад дэвізам «Братэрства» быў пададзены тэкст Уладзіміра Карызны («Мы, беларусы — мірныя людзі»).
Аўтарам тэксту пад дэвізам «Сейбіт» быў Дзмітрый Марозаў.
Мы — беларусы, сейбіты з родуВышлі на вольны, светлы абсяг.У братнім адзінстве слаўных народаўГодна ўзнялі Незалежнасці сцяг!Прыпеў:Радасць стварэння, поступ адзіны —Гэтым адвеку жыве беларус.Дзякуй за долю, матуля-Радзіма,Садам квітней, наша Белая Русь!
А вось паэт-ідэолаг Іван Карэнда стварыў тэкст пад дэвізам «21-2002».
Край беларускі, край наш айчынны, Мілая сэрцу Маці-зямля.Дзеці свабоднай, мірнай краіны,З гонарам носім продкаў імя.Прыпеў:Мы — беларусы! Лёсам адзінымЗ братняю Руссю з’яднаны наш род.Вечная слава любай Радзіме!Слава табе, беларускі народ!
Што да Леаніда Пранчака, то ён перарабіў тэкст да музыкі Васіля Раінчыка, якая ўдзельнічала ў конкурсе ў 1992 годзе. У выніку тэкст атрымаўся цалкам нейтральным.
Красуй Беларусь! Край мой родны, край свабодны,Жыві і слаўся, — як прызнанне вымаўляю я.Жыві, жыві! Красуйся ў радасці заўсёдыБлагаславенная мая дарагая зямля.
У красавіку 2002 года Васіль Раінчык у інтэрв’ю «Белорусской деловой газете» заявіў: ні ён, ні Леанід Пранчак не адчуваюць маральнай адказнасці за перароблены тэкст, што ўпісваўся ў існуючы палітычны рэжым, ва ўмовах якога ў варыянтаў з памінаннем «Пагоні», Грунвальда і бел-чырвона-белага сцяга не было аніякіх шанцаў. Знакаміты кампазітар запэўніваў, што гэта — рабочы момант. Такім жа лірычным апынуўся твор «Радзіма мая дарагая».
Радзіма мая дарагая,Ты ў шчасці жадання жыві!Я сэрцам табе прысягаюУ шчырай сыноўняй любві.
2 красавіка 2002 года на пасяджэнні камісіі на чале з Уладзімірам Дражыным было вырашана, што ў другі тур дапускаюцца «Радзіма мая дарагая», «Красуй, Беларусь!», а таксама тэксты Уладзіміра Карызны і Дзмітрыя Марозава. Для іх трэба было зрабіць аранжыроўкі і арганізаваць праслухоўванне 9 красавіка 2002 года ў Белдзяржфілармоніі.
Эпапея з гімнам выклікала пэўны рэзананс, хаця і не такі, як дзесяць гадоў таму. Сродкі масавай інфармацыі апытвалі грамадзян і беларускіх знакамітасцяў наконт новага гімна. Пазіцыі разыходзіліся, аднак некаторыя высокапастаўленыя асобы не баяліся выказваць сваю думку. Напрыклад, рэктар Беларускага ўніверсітэта культуры Ядвіга Грыгаровіч у інтэрв’ю газеце «Рэспубліка» выступіла за твор Васіля Раінчыка і Леаніда Пранчака.
9 красавіка 2002 года адбылося праслухоўванне. Усе варыянты ішлі па алфавіце спачатку ў выкананні Узорна-паказальнага аркестра Узброеных Сіл, потым — Дзяржаўнага акадэмічнага хору тэлебачання і радыё і хору Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. У апошнюю чаргу ўсе варыянты гімна выконваліся толькі хорам без суправаджэння.
«Белорусская деловая газета», якая пільна адсочвала ўсе нюансы праслухоўвання, сцвярджала, што найбольш удалым з’яўляецца твор Васіля Раінчыка і Леаніда Пранчака. Выданне прыводзіла выказванне чальца камісіі, які пажадаў застацца невядомым. Па ягоных словах, Уладзімір Алоўнікаў і Алесь Бачыла стварылі прыгожую песню, музыка Нестара Сакалоўскага — самая папулярная, аднак сапраўдным гімнам з’яўляецца «Красуй, Беларусь!».
Праслухоўванне не выявіла пераможцу. Рылатка ў спецыяльным лісце дакладваў Дражыну, што камісія рэкамендавала ўсім удзельнікам конкурсу ўдасканаліць тэксты і аранжыроўку, і што паўторнае праслухоўванне будзе арганізавана 29 красавіка.
Нікуды без Лукашэнкі
Аднак планы чыноўнікаў раптоўна змяніліся. У працэс умяшаўся Аляксандр Лукашэнка, які выказаў жаданне прысутнічаць пры паўторным праслухоўванні варыянтаў гімна.
Праслухоўванне было перанесена на 8 мая (напярэдадні Дня Перамогі) і мусіла адбыцца ў Дварцы Рэспублікі з 13:30 па 14:30. Разам з Лукашэнкам на праслухоўванні прысутнічалі Рылатка, Рыбакоў, Дражын, Карэнда і першы намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Станіслаў Князеў. У архіве захаваўся цікавы дакумент — план пасадкі высокіх гасцей. Яны размяшчаліся ў цэнтры, а Лукашэнка заняў 31 месца. Па абодва бакі ад беларускага кіраўніка сядзелі легендарныя Аляксандра Пахмутава і Мікалай Дабранраваў.
Вакальнае выкананне варыянтаў гімна ажыццявіў сумесны хор Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі і Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі пад кіраўніцтвам народнага артыста СССР Уладзіміра Роўды. Інструментальнае суправаджэнне ў аранжыроўцы для духавога аркестра забяспечваў Узорна-паказальны аркестр Узброеных Сіл пад кіраўніцтвам заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Барыса Фёдарава.
Вядомая журналістка Людміла Маслюкова ў артыкуле з гучнай назвай «Слова о главном» (Советская Белоруссия, 2002, 11 мая) адзначала, што пасля праслухоўвання Лукашэнка «раздумывал, дважды общался с Ровдо и Федоровым, спрашивал у Раинчика, есть ли резерв для совершенства, и сделал вывод о том, что безупречного текста нет». Напрыканцы журналістка зрабіла вельмі недвухсэнсоўны намёк: кіраўнік дзяржавы параіў «дорабатывать слова, особенно те, которые предлагаются к музыке Соколовского».
Таму стала зразумела, што наўрад ці «Красуй, Беларусь!» стане новым гімнам краіны. Пра непасрэдны ўплыў Лукашэнкі на выбар камісіі сведчыць ліст Рылаткі ў Савет Міністраў ад 22 мая 2002 года. Намеснік міністра культуры адзначаў, што самы прымальны варыянт — тэксты Карызны і Карэнды, бо варыянт Марозава не зусім адпавядае патрабаванням. Па словах Рылаткі, «музыка Соколовского обладает ярко выраженным национальным колоритом, демократичностью музыкального языка, который прочно вошел в традицию белорусского народа».
Колькі слоў чыноўнік сказаў пра твор «Квітней, Беларусь!»: «Он достаточно профессионален, однако сложный поэтический ряд (белый стих) не позволяет рекомендовать текст для гимна». Далей Рылатка працягваў: «Учитывая пафосность музыки Раинчика и «молодежный характер», считаю, что данное сочинение может стать гимном нового объединенного союза молодежи Беларуси» (6 верасня 2002 адбыўся ўстаноўчы сход новага прадзяржаўнага аб’яднання — Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі; прапанова Рылаткі не была ўлічана, таму што неўзабаве гімнам БРСМ стаў варыянт вядомага беларускага выканаўцы Анатоля Длускага).
Паўторнае з’яўленне Карэнды, тэкст якога, як вядома, не прайшоў у другі тур, хутчэй за ўсё, сведчыць пра тое, што высокі чыноўнік уключыў адміністрацыйны рэсурс і дадатковыя каналы.
Але перамог Карызна. 2 ліпеня 2002 года Лукашэнка выдаў указ №350, паводле якога новым варыянтам гімна стаў тэкст Міхася Клімковіча (аўтара савецкага тэксту) і Уладзіміра Карызны.
Усім — па заслугах
Уладзімір Карызна атрымаў ордэн Францыска Скарыны і буйную грашовую прэмію ў памеры 200 базавых велічынь (два мільёны і дзвесце дваццаць тысяч рублёў). Астатнія, хто меў дачыненне да гімна, атрымалі розныя ўзнагароды: падзяку Лукашэнкі, ганаровыя граматы ўрада і парламента.
Калі ацэньваць прыняцце новага Дзяржаўнага гімна ў 2002 годзе аб’ектыўна, то можна канстатаваць, што сенсацыі не адбылося. Улічваючы моцныя сімпатыі Лукашэнкі да ўсяго савецкага, наўрад ці можна было зацвердзіць нешта экстраардынарнае. Да таго ж, прыняцце гімна адбылося амаль кулуарна, вузкім колам асобаў. Нельга выключаць і тое, што прынцыповае рашэнне было прынята на самым версе. Думка грамадскасці, у адрозненне ад папярэдніх гадоў, калі і ўлічвалася, то збольшага фармальна.
Гісторыя з гімнам набыла новы працяг, калі ў верасні 2002 года АНТ (Другі нацыянальны канал) звярнуўся ў адміністрацыю прэзідэнта з незвычайнай ініцыятывай: зладзіць масавую акцыю «Споем гимн вместе» з удзелам самога Лукашэнкі. 5 лістапада 2002 года Урал Латыпаў пісаў Гуляку пра тое, што ініцыятыва падтрымана кіраўніком дзяржавы, а Міністэрства культуры павінна аказаць усялякую дапамогу каналу: яго дырэктар Рыгор Кісель быў зацверджаны каардынатарам праекта.
Праўладная журналістка Ганна Шадрына ў артыкуле «Споемте, друзья!» (Советская Белоруссия, 2002, 11 декабря) з пафасам пісала, што акцыя 7 снежня 2002 года на сталічнай плошчы 8 Сакавіка быццам бы пацвердзіла, наколькі моцныя ў беларускага народа патрыятычныя пачуцці. Аўтарка, безумоўна, пераацэньваючы сітуацыю, сцвярджала, што спяванне ў 16-градусны мароз варта кнігі рэкордаў Гінеса.
Аднак у бочцы з мёдам спадарыні Шадрыной знайшлася і лыжка дзёгцю. На акцыі адсутнічаў галоўны спявак і яўны прыхільнік неасавецкага гімна. На запіс тэлевізійнай версіі Лукашэнка так і не з’явіўся.