«На падман вы мяне не штурхняце». Да 90-годдзя Уладзіміра Караткевіча (заканчэнне)
«Чаму яны мяне так душаць? Я мог бы свабодна пісаць па-руску або па-ўкраінску. А я ж стаў беларускім пісьменнікам. Чаму ж у Беларусі так мяне не цэняць?»
Пачатак:
Прароцтва Брыля
Адным жа з найбольш падрыхтаваных да абмеркавання (разам з гісторыкам Генадзем Кісялёвым і пісьменнікам Алесем Асіпенкам) быў супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Я. Купалы АН БССР Адам Мальдзіс, які казаў, у прыватнасці: «Галоўнае, што інкрымінуецца Караткевічу, гэта тое, што ён, маўляў, напісаў не хроніку народнага жыцця, а хроніку роду князёў Загорскіх. Ці правільна такое сцверджанне? Ці меў аўтар права пісаць хроніку Загорскіх? Мы ж не крытыкуем Льва Мікалаевіча Талстога за тое, што ён пісаў “хроніку” Растовых і Балконскіх, а не паказваў вайну 1812 года праз успрыняцце тых сялян, якія вынеслі на сваіх плячах ўсю гэтую вайну. Ніхто не прапанаваў бы ў свой час і не сказаў бы Талстому, каб убраць князя Балконскага, таму што гэта не прадстаўнік працоўнага народа. Справа ў тым, што з тых жа самых князёў, з шляхты выходзілі тыя людзі, якія ў свой час рухалі прагрэс. Гэта не выкінеш з гісторыі. Рэдактара, мабыць, больш устрайвала б, каб у цэнтры рамана быў не пан Загорскі, а які-небудзь беларускі Пугачоў. Але гэта не адпавядала б гістарычнай праўдзе. Паўстанне 1863 года не было сялянскім паўстаннем. З гэтым усе гісторыкі — і рускія, і польскія — згаджаюцца, а вось беларускія гісторыкі яшчэ не сказалі свайго слова аб паўстанні 1863 года. І ў гэтым адна з прычын таго, чаму з боку некаторых літаратараў гэты раман выклікаў такія адносіны, якія мы маем з боку выдавецтва».
У якасці ж аргументаў на карысць пазіцыі аўтара “Каласоў…” Мальдзіс цытаваў Леніна, запярэчыць чаму ў той час было не проста недапушчальна, а палітычна рызыкоўна: “Тут дакаралі аўтара, што ён любуецца шляхтай. Але Ленін пісаў, што тады маса шляхты стаяла на чале рэвалюцыйнага руху ў Еўропе. Значыць, Караткевіч любуецца тым, кім трэба было любавацца, бо іменна такая шляхта ўзначальвала паўстанне 1863 года”. Да таго ж Адам Іосіфавіч прымяніў яшчэ адзін “недазволены” прыём, калі паведаміў, што пра “Каласы...” ўжо ведаюць па-за межамі Беларусі, і калі раман не будзе выдадзены, гэта выкліча “толькі задавальненне і радасць з боку нашых ворагаў, якія сказалі б, што, маўляў, бальшавікі вось як душаць усё прагрэсіўнае”.
У сваю чаргу іншы блізкі сябар аўтара “Каласоў…” — сталы і аўтарытэтны празаік, сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Янка Брыль, які выступаў ужо напрыканцы абмеркавання, казаў пра Караткевіча: “Давайце падумаем аб тым, які пісьменніцкі лёс у гэтага чалавека. Ці многа мы знойдзем людзей, якія будуць пісаць, пісаць, а іх не будуць друкаваць, і ўсё ж такі пасля гэтага чалавек зноў садзіцца і піша. На мой погляд, аб гэтым трэба сказаць і працягнуць руку дапамогі нашаму добраму таварышу, тым больш, што наўрад ці знойдзецца ў нас кім замяніць яго ў такой тэме, у такім жанры”.
Увогуле, па вобразным вызначэнні Брыля, слушных аргументаў у абарону Караткевіча было сказана многа, і яны зваліліся на беднага Льва Салаўя нібы капа сена. Але галоўная праблема, на думку Івана Антонавіча, заключалася не ва ўпартай пазіцыі Караткевіча, а ў тым, як “знайсці агульную мову з выдавецтвам”, паколькі раман гэты “нам патрэбны, і ён павінен быць выданы”. “Не хачу, каб здзейсніліся словы Сашы Адамовіча (ціпун табе на язык!), што не выйдзе раман, як і да гэтага часу не выйшаў, — заключыў Брыль. — Магчыма, трэці том і не выйдзе, але два тамы выйдуць абавязкова, і ў бліжэйшы час — праз год-два”. Пры гэтых словаў ў зале ўзнікла ажыўленне.
“Прыміце мяне такім, які я ёсць”
Адным з апошніх выступаў аўтар “Каласоў…”: “Вы павінны ведаць адно: твор яшчэ не закончан, — казаў ён. — Я не магу супраць гістарычнай праўды гаварыць, што сялянства было рухаючай сілай паўстання. Пачыналі яго не тыя людзі. Іншая справа, што тое ж самае сялянства пасля зразумела праўдзівасць тых людзей, якія паўсталі за яго, але я не магу сказаць аб гэтым з самага пачатку. Празрэнне гэта – не такая лёгкая рэч, як вы думаеце. Усё было там. За наша празрэнне прышлося слязьмі і крывёю заплаціць. А на абман вы мяне не штурхнеце. Прыйшла чарга сказаць у нашай літаратуры самую шчырую праўду. Мы людзі, мы грашым, і абманваем часамі, і робім, што хочаце, але ў адным ёсць наша праўда, і мы павінны быць нязломны, і ніякія меркаванні кан’юктурнага парадку, ніякія меркаванні грашовыя не могуць нас зрушыць. […]
Дазвольце думаць мне. Я думаў больш, чым два месяцы і больш чым два гады, і я разбіраюся ў гэтым гістарычным перыядзе. Прыміце мяне такім, які я ёсць”.
Увогуле, па словах Мальдзіса, Караткевіч застаўся задаволены вынікамі абмеркавання. Між тым гісторык і археолаг Міхась Чарняўскі прыгадваў: «1967 год. Вясна. Час натужлівага прасоўвання ў друк праз цэнзурныя сіты рамана “Каласы пад сярпом тваім”. Вечарам на плошчы Якуба Коласа наша група маладых акадэмічных навукоўцаў сустракае Уладзіміра Караткевча. Пісьменнік да слёз абураны нядаўнай размовай са сваімі “рэцэнзентамі”: “Чаму яны мяне так душаць? Я мог бы свабодна пісаць па-руску або па-ўкраінску. А я ж стаў беларускім пісьменнікам. Чаму ж у Беларусі так мяне не цэняць?”».
Праблема палягала яшчэ ў тым, што на тых, ад каго й залежаў далейшы лёс рамана — на выдавецкіх работнікаў, — пісьменніцкі сход не зрабіў асаблівага ўражання (стэнаграма абмеркавання была дасланая Захару Матузаву). Мальдзіс прыгадваў:
«На рукапісе “Каласоў...” было пастаўлена столькі пытальнікаў і клічнікаў, панапісана столькі здзеклівых заўваг, што Караткевіч схапіўся за галаву:
— Гары яно ўсё гарам! Не буду я правіць ні слова! Няхай ляжыць да сканчэння свету!
Але тут умяшаўся Барадулін:
— Не рабі глупства, Хама [Хама ці Фама — такую жартаўлівую мянушку далі сябры У. Караткевічу. — С. Ш.]. Твой раман патрэбны людзям цяпер! Зрабі выгляд, што сур’ёзна правіш, іначай увогуле выкінуць цябе з плана.— Не магу, стары, — ледзь не рыдаў Валодзя. — Не магу пагадзіцца з чалавечай дурасцю.— Дурны і ты, Валодзечка. Не лезь на дыбы з-за дробязей. Папраў нешта другараднае, замяні адзін эпітэт іншым. Так, каб можна было сказаць, што ўлічана працэнтаў семдзесят заўваг. А на істотнае махні ім ручкай: маўляў, тут другараднае глупства, ды і не стану я тут прыхарошваць розных прыгоннікаў… З імі, Хама, трэба ваяваць іх жа зброяй.— Рука не ўзнімаецца!— Тады папрасі Адася, — Рыгор кіўнуў у мой бок. — Чалавек тры гады ў рэдакцыі працаваў, розную дыпламатычную праўку рабіў».
Так у маі 1967 года сябры селі разам правіць раман. Скарачалі другарадныя фразы, падкрэсленае рэдактарам слова замянялі другім. Караткевіч спачатку быў змрочны і спрабаваў ваяваць, але потым увайшоў у смак і ахвотна прыдумваў адэкватны ці нават больш трапны, але не такі «лабавы» варыянт.
— Ты глядзі, Адасевіч, — цешыўся ён. — Можа, усё абыдзецца малой крывёю.
А каб у выдавецтве і ў грамадскасці склалася ўражанне, што раман сур’ёзна перарабляецца, Барадулін прапанаваў “падкінуць” адпаведную думку ў друк. Так у ліпені ў штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва” з’явілася вялікае інтэрв’ю Караткевіча пад назвай “Каласы з цаліны”, аўтар якога — Адам Мальдзіс — яшчэ ад пачатку зрабіў патрэбны акцэнт: «Рыхтуючы рукапіс да друку ў выдавецтве “Беларусь”, аўтар улічыў заўвагі рэдактара, рэцэнзентаў, чытачоў, выкрасліў многія мясціны і дапісаў новыя». Сам жа Караткевіч гаварыў: «У параўнанні з тым варыянтам, які друкаваўся ў “Полымі”, у рукапіс унесены вялікія змены. Прыйшлося пагадзіцца з некаторымі заўвагамі. Вядома, не з усімі. Сёй-той з рэцэнзентаў хацеў, каб у цэнтры рамана ад паўстанні 1863 года я паставіў не князя Алеся Загорскага і яго сяброў, а селяніна накшталт Корчака. Але ж гэта супярэчыла б гістарычнай праўдзе. З новых прац рускіх, беларускіх, літоўскіх і польскіх гісторыкаў — для прыкладу назаву прозвішчы Смірнова, Кісялёва, Кяневіча — бачна, што рухаючай сілай у паўстанні ў Беларусі была якраз шляхта. Не мог я згадзіцца і з тымі заўвагамі, дзе мне прапанавалася “абяліць” некаторых прыгоннікаў накшталт Кроера, зрабіць іх менш жорсткімі».
Канец рамана
“Каласы…” выйшлі асобным выданнем — у двух тамах і аздобленыя Арленам Кашкурэвічам — ужо на наступны год. Гэткім чынам збыўся прагноз Янкі Брыля, а не Алеся Адамовіча. Праўда, раман з’явіўся зноў у знявечаным выглядзе і друкаваўся-перадрукоўваўся такім амаль паўстагоддзя — толькі ў 2014 годзе быў апублікаваны той варыянт, які, па словах яго каментатара Валянціны Андрэевай, найбольш адпавядае аўтарскай задуме. Зрэшты, першая аўтарская рэдакцыя (яна большая за ўсе ранейшыя кніжныя выданні амаль на палову і прыкладна на пятую частку за той варыянт, што выйшаў у 2014 годзе) і па сёння застаецца ненадрукаванай і таму абсалютна невядомай.
Між іншым, пасля выхаду рамана Якаў Герцовіч, пасля крытычнага выступу якога і ўсчалася гэтая двухгадовая антыраманная кампанія, на гэты раз змаўчаў і толькі паскардзіўся на нейкай высокай нарадзе, што з-за яго артыкула проціў Караткевіча газета “Звязда” цяпер патрабуе, каб ён падпісваўся не сваім сапраўдным імем, а псеўданімам. На Герцовічаву скаргу Алесь Адамовіч заўважыў: «Гэта робіць гонар “Звяздзе”!».
Зрэшты, эпапея з друкаваннем “Каласоў…” хоць і завяршылася шчасліва, але мела непажаданыя наступствы. Так, паводле задумы Караткевіча, назва “Каласы пад сярпом тваім” павінна была аб’ядноўваць тры кнігі: “Выйсце крыніц”, “Брань” (або “Страта”) і “Груганнё”. Першая кніга была скончана ў 1964 годзе і падчас кніжнага выдання 1968 года была падзелена на дзве: “Выйсце крыніц” і “Сякера пры дрэве”. Аднак яшчэ дзве кнігі Караткевіч так і не напісаў. Вядомыя толькі два раздзелы ды аповесць “Зброя”, якая стваралася як адзін з раздзелаў рамана, ае потым стала яго “адгалінаваннем”. Больш чым двухгадовая валтузня з выданнем “Каласоў…”, вывеўшы Караткевіча з раўнавагі і выбіўшы з-пад яго ног глебу, у выніку адыграла надзвычай неспрыяльную ролю.
Па сведчанні Мальдзіса, сябры пісьменніка бачылі, што пасля баталій вакол рамана Караткевіч паастыг у дачыненні да “Каласоў...” і балюча рэагаваў на пытанні пра іх. “Чаму? — задаваўся пытаннем Адам Іосіфавіч. — Адбілі ахвоту наскокі вульгарнай крытыкі? Адчуваў, што ў тагачасных умовах цяжка ці нават немагчыма будзе апублікаваць заканчэнне рамана ў такім выглядзе, як дыктавала творчае сумленне?” Аналагічнага меркавання застаўся і найбольш аўтарытэтны біёграф Караткевіча і даследчык яго творчасці Анатоль Верабей: “Думаецца, цяжкасці з выданнем кнігі пэўным чынам паўплывалі на яе завяршэнне, перапынілі, збілі творчы імпэт мастака”.
Праўда, была яшчэ адна версія, якую выказваў зноў жа Адам Мальдзіс: чарнавік дзвюх новых кніг (калі ён, вядома, існаваў) мог знікнуць летам 1982 года, калі Караткевіч разам з жонкай адпачываў у Сімферопалі, а па вяртанні даведаўся, што кватэру абрабавалі. Матэрыяльных страт тады набралося на некалькі тысяч, але, па сведчанні Мальдзіса, ягонага сябра бянтэжыла іншае: “Ведалі, што браць, гады! — казаў Караткевіч. — Білі прама пад дых!” І хоць да росшуку падключыліся лепшыя следчыя, аднак нават яны не змаглі нічога зрабіць — казалі, што ў кватэры Караткевіча папрацавалі “класныя спецыялісты”. Менавіта тады і мог знікнуць працяг “Каласоў…”, выказваў здагадку Адам Іосіфавіч, бо пасля ўжо Караткевіч ніколі не загаворваў пра заканчэнне свайго рамана як пра нешта рэальнае.
Апроч таго, нельга выключаць, што маглі існаваць і іншыя прычыны (прычыны асабістага характару, пра што некалі казаў аўтару гэтых радкоў Іван Антонавіч Брыль), але неабвержным застаецца адно: галоўны твор Уладзіміра Караткевіча так і застаўся незавершаным.