Наш суайчыннік — Адольф Янушкевіч

У Казахстане добра вядома імя падарожніка, пісьменніка, паэта, носьбіта высокага духу Адольфа Янушкевіча. У Беларусі, на сваёй радзіме, ён мала вядомы.



40f6992c3c5816a1b42d2612fc26b936.jpg

Нарадзіўся Адольф Міхал Валяр’ян Юльян Янушкевіч 9 чэрвеня 1803 года ў Нясвіжы. Яго маці, Тэкля, была ўнучкай роднай сястры Тадэвуша Касцюшкі Ганны. Менавіта ад яе ішоў патрыятызм у сям’і. Бацька Міхал служыў у Радзівілаў і з’яўляўся даверанай асобай Міхала Гераніма Радзівіла, які і хрысціў Адольфа. Дзіцячыя гады малога Адольфа прайшлі ў вёсцы Вусава, што на Капыльшчыне. У 1821 годзе Янушкевічы набылі маёнтак Дзягільна, што ў 4 кіламетрах ад былога Койданава. У гэтым жа годзе васямнаццацігадовы Адольф паступіў на вучобу ў Віленскі ўніверсітэт, на літаратурнае аддзяленне.
У час вучобы ва ўніверсітэце юнак блізка сышоўся з сябрамі тайнага таварыства філарэтаў — Тамашам Занам, Юзафам Яжоўскім. Тут пазнаёміўся з Адамам Міцкевічам, Янам Чачотам. У гады вучобы Адольф надрукаваў свой першы паэтычны твор «Мелітон і Эвяліна». У 1829–1830 гадах Адольф Янушкевіч здзейсніў падарожжа па Заходняй Еўропе, дзе сустракаўся з Гётэ, паэтам, мемуарыстам, выдаўцом Антонам Эдвардам Адынцом, а таксама з Адамам Міцкевічам, які пазней адлюструе Адольфа ў трэцяй частцы паэмы «Дзяды».
Ад самага пачатку Адольф Янушкевіч — актыўны ўдзельнік паўстання 1830–1831 гадоў, на карысць якога ахвяруе 1000 злотых і дыяментавы пярсцёнак. Адзін з кіраўнікоў легіёна Валыні, Літвы, Падолля і Украіны. У сакавіку 1831 года падчас баёў з расійскімі войскамі быў цяжка паранены і трапіў у палон. Царскі ўрад прыгаварыў яго да смяротнага пакарання, якое было заменена на пазбаўленне ад шляхецтва і на бестэрміновую высылку ў Сібір. Яго цяжкі высыльны шлях пачынаўся з гарадоў Табольска, Ішыма, дзе ён пазнаёміўся і пасябраваў з паэтам-дзекабрыстам Аляксандрам Адоеўскім.
У 1846 годзе Адольф Янушкевіч разам з экспедыцыяй пачынае вандраваць па казахскіх стэпах, занатоўвае казахскі фальклор, засвойвае мову казахаў. У час вандроўкі яму давялося пазнаёміцца з бацькам будучага пачынальніка пісьмовай казахскай літаратуры, а самога маленькага Абая Кунанбаева Адольф нават лячыў ад хваробы.
Сасланы ў 1832 годзе, Адольф Янушкевіч вярнуўся на радзіму, у Дзягільна, аж праз 24 гады. Як да гаючай крыніцы і найлепшых лекаў прыпаў ён да роднай зямлі. Аднак магутны лекар — Радзіма, не дапамог пераадолець цяжкую хваробу — сухоты. 18 чэрвеня 1857 года Адольфа Янушкевіча не стала. Ён быў пахаваны на могілках у Дзягільна. У сваім вершы «Балада Адольфа Янушкевіча» паэт Віктар Шніп пісаў: «Прад матуляй стаяў і зноў будзеш стаяць.//Як у Дзягільна роднае вернешся хворы».

Так выглядаюць могілкі сям’і Янушкевічаў


Адольф Янушкевіч вёў дзённікі, пісаў лісты беларускім родзічам. Усе гэтыя каштоўныя матэрыялы неўзабаве былі выдадзены на польскай мове ў 1861 годзе ў Парыжы яго братамі Яўстахіем і Рамуальдам у выдавецтве Фелікса Вратноўскага. У 1875 годзе кніга была перавыдадзена ў Берліне. Вялікую цікавасць да яе праявіў Іван Тургенеў.
Царскі расійскі ўрад і чыноўніцтва лічылі казахаў, як і нас, беларусаў, цёмным народам, што не мае сваёй культуры. Адольф Янушкевіч быў першым, хто абараніў культуру казахаў, і верыў, што прыйдзе час, калі качэўнікі стэпаў зоймуць пачэснае месца сярод народаў свету.
У 1966 годзе казахская даследчыца Фаіна Сцяклова пераклала кнігу на рускую мову, якая і была выдадзена пад назвай «Дневники и письма из путешествия по казахским степям». А ў 1979 годзе кніга выйшла ў перакладзе на казахскую мову. Фаіна Сцяклова ў 1978 годзе наведала могілкі ў Дзягільна, дзе пахаваны Адольф Янушкевіч, яго бацькі і родныя. Можна толькі здагадвацца аб уражанні Фаіны Сцякловай ад убачанага, у якім стане знаходзяцца могілкі. Але пра гэты ніжэй.

Будынак, у якім жылі Янушкевічы


Да 200-годдзя Адольфа Янушкевіча ў Польшчы была выдадзена кніга «Listy z Sibirii», дапоўненая матэрыяламі Фаіны Сцякловай з расійскіх і Яна Трынкоўскага з польскіх архіваў. Рупліўца на ніве беларушчыны, грамадская дзяячка з Дзяржынска Ганна Суднік-Матусевіч пераклала гэту кнігу з польскай на беларускую мову (пабачыла свет у 2008 годзе ў выдавецтве «Медзісант» пад назвай «Жыццё Адольфа Янушкевіча і яго лісты з кіргізскіх стэпаў»).
У 2007 годзе Ганна Суднік-Матусевіч са сваёй дачкой Веранікай адшукалі магілу Адольфа Янушкевіча, якая, як і магілы яго родзічаў, была ў вельмі непрыглядным стане. Участак могілак быў парослы хмызняком, высокім травастоем, надмагільныя пліты ляжалі пад зямлёй. Магчыма, тут не абышлося без «чорных капальнікаў», якія шукалі ў магілах каштоўнасці.
Мясцовыя жыхары распавялі, што яшчэ ў 1920–1930-я гады, у разгар антырэлігійнай кампаніі, помнікі і пліты з гэтых могілак былі знесены мясцовымі жыхарамі на падмуркі сваіх хат. З цягам часу грамадскія дзеячы з Мінска, Дзяржынска і навакольных вёсак на падыходзе да могілак устанавілі вялізны крыж, які сведчыў, што тут знаходзяцца пахаванні. З тым, каб удакладніць месцы пахавання Адольфа Янушкевіча і яго родных, вядомы беларускі археолаг Мікола Крывальцэвіч праводзіў разам з актывістамі раскопкі на могілках.
Днямі я наведаў Дзягільна і старыя могілкі. Хмыз на іх расчышчаны, устаноўлены тры надмагільныя пліты з надпісамі на польскай мове. Контуры магіл не вызначаны, замест надмагільных пагоркаў — упадзіны.

Грамадскія актывісты на могілках у 2009 г.
 


У далёкім Казахстане шануюць нашага выдатнага суайчынніка, у сталіцы краіны — Астане і ў былой сталіцы — Алма-Аце імем Адольфа Янушкевіча названы вуліцы. Ён лічыцца народным героем Казахстана. А на яго радзіме нават магіла знаходзіцца ў занядбанні. Прадстаўнікі грамадскасці зрабілі, што змаглі, а на іншае павінны быць сродкі — добраўпарадкаваць могілкі, і, магчыма, паставіць помнік Адольфу Янушкевічу. З цягам часу гэтую мясціну, як і будынак, дзе жылі Янушкевічы, маглі б наведваць турысты.
Згаданы старажытны будынак знаходзіцца на адной з вуліц Дзягільна, прыкладна ў 600 метрах ад могілак. Раней дом Янушкевічаў выкарыстоўваўся пад інтэрнат для калгаснікаў, затым доўгі час пуставаў, і яго для свайго прыстанішча аблюбавалі бамжы. Зараз тут гаспадарыць індывідуальны прадпрымальнік, які вырабляе лесвіцы. Ён крыху падрамантаваў будынак, уставіў вокны, дзверы. Але вонкавы дому выгляд вельмі непрыглядны. Варта было б гэты помнік ХІХ стагоддзя адрамантаваць і ўзяць пад ахову дзяржавы.
Непадалёк ад былой сядзібы ёсць крыніца, з якой сямейства Янушкевічаў, а да нядаўняга часу і жыхары Дзягільна бралі смачную, гаючую ваду. Мясцовыя ўлады вырашылі надаць крынічцы больш «цывілізаваны» выгляд — узялі ў бетоннае кальцо, на дне якога цяпер добра сябе адчуваюць жабкі. І ніхто больш не прыходзіць сюды за вадой.
У Ракуцёўшчыне, што на Маладзечаншчыне, ёсць Максімава крынічка, з якой Максім Багдановіч піў ваду. А чаму б і тут не прывесці ў добры стан крынічку, і назваць яе Янушкевіцкай? У наступным годзе спаўняецца 210 гадоў з дня нараджэння Адольфа Янушкевіча. Зусім верагодна, што вёску Дзягільна пажадаюць наведаць работнікі пасольства Рэспублікі Казахстан, госці з Казахстана. І што яны тут убачаць? Ці не сорамна будзе перад гасцямі мясцовым і рэспубліканскім уладам? А мо яны прытрымліваюцца прыказкі: «Сорам не дым, вочы не выесць»?