Нязгода па-беларуску: гісторыя, якую спрабуюць замаўчаць

Часта думаюць, што гісторыя грамадзянскай супольнасці ў Беларусі пачалася з 1992 года, пасля таго, як яна стала незалежнай. Але зародкі грамадзянскай супольнасці існавалі і ў БССР, гэта не было соннае царства, мяркуе беларускі гісторык Уладзімір Валодзін. 



valodzin.jpg

Уладзімір Валодзін
Маладыя даследчыкі з Беларусі, якія аб'ядналіся ў групу «Кружэлка», вывучаюць розныя праявы нонканфармізму ў Беларусі ў перыяд паміж Другой сусветнай вайной і часам перабудовы. Афіцыйная беларуская навука гэтым не цікавіцца і сёння.
На «круглым стале» у Бэрліне, арганізаваным пры падтрымцы Фонду імя Генрыха Бёля (Heinrich-Böll-Stiftung), гісторыкі прэзентавалі вынікі сваіх даследаванняў. Паралеляў з сучаснасцю ў іх было надзіва шмат.

Турма за партрэт Леніна


На фоне суседніх Расіі ды Украіны Беларусь нярэдка ўяўляецца краінай, дзе — за рэдкім выключэннем — сваю нязгоду з уладай усялякага ўзроўню адкрыта не выказваюць. Здаецца так не толькі іншым назіральнікам, але, часам, і самім беларусам, якія часта не ведаюць пра традыцыі нязгоды, адкрытых яе праявах і ў савецкі час. «Вядома, такіх выпадкаў было менш, чым, скажам, у Маскве і Ленінградзе, у Літве ці ва Украіне, але яны былі — і не так ужо рэдка», — падкрэслівае Уладзімір Валодзін. Адсутнасць ведаў беларусаў у гэтай частцы ўласнай гісторыі ён тлумачыць тым, што яе замоўчвалі як раней, так і цяпер. «Тое, што пра гэта не кажуць, звязана з агульным узроўнем акадэмічных свабодаў, а таксама свабоды слова і сходаў у Беларусі», — тлумачыць навуковец.
Ён вывучае студэнцкі нонканфармізм. Як і ў іншых рэспубліках былога СССР, пратэсты студэнтаў спыняліся. У найлепшым выпадку маглі адлічыць з ВНУ, у горшым — пасадзіць. Так здарылася, напрыклад, з двума студэнтамі Гарадзенскага педінстытута, якія на знак пратэсту супраць падаўлення «Пражскай вясны» у 1968 годзе сапсавалі партрэты правадыроў у галоўным корпусе ВНУ. Іх злавілі, калі яны замалёўваў партрэт Леніна, за што студэнты атрымалі 3 і 4 гады турмы.

Звароты і прысуды


Былі і іншыя формы выказвання студэнцкай незадаволенасці: дэманстратыўны няўдзел у суботніках і паездках «на бульбу», публічныя выступы, выраб і распаўсюджванне самвыдату, улётак. Але часцей за ўсё нязгода выяўлялася ў Беларусі ў форме напісання калектыўных скаргаў і лістоў. У тым жа 1968 студэнты філфака Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта напісалі зварот да вузаўскай адміністрацыі з патрабаваннем пашырыць ужыванне на лекцыях беларускай мовы. Нягледзячы на падтрымку выкладчыкаў, сярод якіх былі і вядомыя беларускія паэты Алег Лойка і Ніл Гілевіч, ініцыятараў акцыі з ВНУ выключылі.
Выключэннем, прафілактычнымі гутаркамі ў КДБ і шальмаваннем «вінаватых» на камсамольскіх і партыйных сходах скончыўся і аналагічны зварот студэнтаў філасофскага аддзялення гістарычнага факультэта БДУ ў 1981 годзе. Яны ўсяго толькі ўнеслі ў дэканат прапановы для паляпшэння якасці адукацыі, у прыватнасці, прапаноўвалі стварыць студэнцкі камітэт, які б займаўся гэтымі праблемамі. Але такія камітэты ў той момант былі не ў павазе: да іх стварэння як раз заклікалі дысідэнты ў Польшчы.
Адзін з выключаных, Алег Малашчук, шмат разоў спрабаваў аднавіцца ў ВНУ. Пасля чарговай адмовы ён пакончыў з сабой, выкінуўшыся з акна галоўнага корпуса БДУ ў цэнтры Мінска. А вось чацвёртакурсніку Леаніду Свярдлову дзякуючы намаганням і публічнай падтрымцы аднакурснікаў атрымалася дамагчыся змякчэння «прысуду»: выключэнне з камсамола і, як следства, з універсітэта, яму ўрэшце замянілі на строгую вымову з занясеннем у асабістую справу.

Палатно пратэсту


«У кожным горадзе ёсць свой вар'ят, вось і ў нас такі», — так заявіў на адным з партыйных сходаў знакаміты беларускі скульптар Заір Азгур пра Ізраіля Басава, які замест індустрыяльных пейзажаў, што праслаўляюць дасягненні БССР, маляваў карціны з абстрактнымі гарадамі і стылізаванымі фігурамі без асоб. Зразумела, Басава не выстаўлялі.
Са слоў гісторыка Таццяны Сяцко, у адрозненне ад маскоўскіх калегаў падрываць рэжым, хай нават эстэтычны, беларускія мастакі ніколі не збіраліся, яны проста шукалі свой уласны мастацкі шлях. Такіх калектыўных мастацкіх акцый і падпольных выстаў, як у Маскве ці Ленінградзе, тут не было. Спробы палітызаваць мастацкую творчасць пачаліся ў Беларусі толькі ў канцы 1980-х. Тады мастак Алесь Пушкін атрымаў свае першыя 15 дзён арышту за акцыю ў памяць пра Курапаты — месцы пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Сваю грамадзянскую дзейнасць з тых часоў ён не спыняў.
Такая біяграфія і сёння можа стаць у Беларусі падставай для забароны выстаўляць свае працы, прынамсі на дзяржаўных пляцоўках. Так што ўмоўна падзяліць беларускае мастацтва на афіцыйнае і неафіцыйнае можна і цяпер. Вось хіба што эстэтычным наватарствам уладу больш не напалохаеш.
Хоць пра магутны пратэстны рух у Беларусі часоў СССР казаць не даводзіцца, асобныя праявы нонканфармізму, на думку даследчыкаў з «Кружэлкі», усё ж складаюцца ў пэўную карціну. «Свабода сумлення, слова і ўчынкаў магчымая нават у значна больш вузкіх рамках і складаных варунках, чым тыя, якія ёсць цяпер», — перакананы Уладзімір Валодзін.
Deutsche Welle