Сібірская галгофа беларускіх ксяндзоў

Першая хваля рэпрэсій, арганізаваная чэкістамі і Антырэлігійнай камісіяй Палітбюро ЦК РКП(б), працягвалася з 1922 па 1929 год, другая, услед за ёй, — да 1937-га. Рэпрэсіі пачаліся ў цэнтры краіны, аднак пракаціліся па кожным горадзе і населеным пункце.


Бальшавіцкія «Варфаламееўскія ночы»

Першым ударам новай улады па каталіцкай царкве і яе святарах у Расіі стаў арышт мітрапаліта Эдварда фон Ропа. Аднак неўзабаве — ужо ў 1919 годзе — Ватыкан здолеў дамагчыся яго вызвалення і высылкі ў Польшчу. Новая — і ўжо бесперапынная — хваля рэпрэсій супраць каталіцкай царквы разгортвалася сінхронна з рэпрэсіямі супраць царквы праваслаўнай. Паралельна са «справай патрыярха Ціхана» ў Маскве карнымі органамі была сфабрыкавана справа супраць групы каталіцкіх святароў на чале з архібіскупам Янам Цеплякам і прэлатам Будкевічам. Абодва былі асуджаныя да расстрэлу.
Ha Захадзе гэты прысуд выклікаў шквал абурэння ў царкоўных і палітычных колах. Польскі ўрад на чале з прэм’ерам В. Сікорскім выказаў самы рашучы пратэст дзеянням савецкіх уладаў.
Прэзідыум Усерасійскага цэнтральнага выканаўчага камітэта (ВЦИК) сваёй пастановай быў вымушаны прыпыніць выкананне прысуду. 29 сакавіка 1923 года з’явілася новая пастанова ВЦИК за подпісам М. І. Калініна, паводле якой архібіскупу Яну Цепляку вышэйшая мера замянялася 10 гадамі зняволення. Прысуд у дачыненні да прэлата Будкевіча застаўся ранейшым. Яго забілі 31 сакавіка 1923 года, у Страсную суботу па заходнім стылі, у сутарэннях Усерасійскай надзвычайнай камісіі (ВЧК) на Лубянцы стрэлам у патыліцу.

Бабрышчаў-Пушкін, адвакат на «працэсе Цепляка — Будкевіча», у сваім выступе ў абарону падсудных звярнуўся да суддзяў і сказаў: «Калі разглядаць Каталіцкую царкву як контррэвалюцыйную арганізацыю, цэнтр якой знаходзіцца па-за межамі Pасіі, то ў вас ёсць сродак на гэта — Варфаламееўская ноч...»
Гэтыя мужныя словы рускага чалавека ў абарону расійскіх каталікоў былі прароцкімі. Кожны год упісваў усё новыя і новыя старонкі ў мартыралог вялікапакутнікаў.
Пачатковымі эканамічнымі мерамі рэпрэсіўнага характару супраць царквы сталі секулярызацыя (адабранне) царкоўных земляў і каштоўнасцяў. Паводле сведчанняў гісторыкаў, усяго па Сібіры падчас кампаніі 1922 года па канфіскацыі царкоўных рэліквій партыя бальшавікоў атрымала 2 пуды 3 фунты золата, 622 пуды 25 фунтаў срэбра, залатых манет на суму 2 298 рублёў і срэбных манет на суму 16 714 рублёў.
Тых, хто спрабаваў схаваць царкоўныя рэліквіі, чакалі суды і расправы. Толькі ў 1922 годзе ў Сібіры ўлады арганізавалі больш за 250 паказальных судовых працэсаў у дачыненні да вернікаў і духавенства абедзвюх канфесій па фактах супраціву секулярызацыі каштоўнасцяў.


Першыя ахвяры


У перыяд грамадзянскай вайны многія сібірскія каталікі і іх духоўныя пастыры адназначна не падтрымалі бальшавікоў, але па-рознаму паставіліся да ўлады белых генералаў. Частка прызнала ўладу адмірала Калчака ў Сібіры, іншыя — галоўным чынам патрыятычна настроеныя беларусы і палякі — не падтрымалі лідараў белага руху, не прынялі іх ідэю «адзінай і непадзельнай Расіі». У выніку яны падпалі пад рэпрэсіі з боку адміністрацыі Калчака.
 Так, у 1918 годзе ў высылку ў пасёлак Малічэўка Томскага павета быў адпраўлены ксёндз Грабоўскі, бо ў пропаведзях і ў каталіцкай газеце выказваўся супраць удзелу ў змаганні польскіх легіёнаў на баку Белай арміі.
Аднак нягледзячы на гэта з прыходам у 1920 годзе да ўлады бальшавікоў становішча Грабоўскага, як і іншых каталіцкіх святароў, стала невымерна трагічней. Першы арышт скончыўся шчасліва — амністыяй. Адзін партыйны функцыянер з польскіх камуністаў, які наведаў прыход Грабоўскага ў глухім сібірскім мястэчку ў 1920 годзе, назваў ксяндза тыповым узорам каталіцкага святара — гэта прагучала як прысуд.
У гутарцы з функцыянерам Грабоўскі адкрыта заявіў, што не можа падтрымліваць камуністаў, бо тыя выступаюць супраць прыватнай уласнасці, якая для яго — «забраніраваная святасць». Неўзабаве неўтаймоўны ксёндз зноў быў арыштаваны ЧК і расстраляны.
Высветліць месца і дату яго расстрэлу, як і падрабязнасці біяграфіі, немагчыма: следчая справа Грабоўскага не захавалася. Дый ці была яна? Расстралялі без усякіх фармальнасцяў — і ўсё. Не захавалася архіўнай справы, як пераконваюць супрацоўнікі Томскага УФСБ, і на ксяндза Івана Аўдора з пасёлку Цімафееўскі Барабінскай акругі. Яго арыштавалі ў 1920 годзе і змясцілі ў канцлагер «да заканчэння грамадзянскай вайны».
Верагодна, яны былі першымі каталіцкімі святарамі ў Томскай губерні, якія сталі ахвярамі бальшавіцкага самаўпраўства. Пасля з’явіліся і іншыя.


Вялікдзень без ксяндза


1 красавіка 1927 года пробашч Новасібірскага касцёла айцец Мікалай атрымаў кароткую цыдулку ад паўнамоцнага прадстаўніцтва Аб’яднанага дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення (ОГПУ) па Заходняй Сібіры з просьбай «пану Міхасёнку Мікалаю» зайсці 2 красавіка да іх у кабінет №54 у 7 гадзін раніцы на размову. Гэта не быў першакрасавіцкі жарт. Упаўнаважаны ОГПУ Бялецкі пры сустрэчы спагадліва цікавіўся, на якія сродкі жыве служка культу, ці атрымлівае грошы з-за мяжы і ад каго, каму накіроўвае свае справаздачы наконт працы і пра што ў іх гаворыцца. Ксёндз жа быў стрыманы і нешматслоўны. У свае 39 гадоў ён ужо меў пэўны досвед і добра ведаў, чым могуць скончыцца падобныя ветлівыя размовы.
Выхадзец з Віцебскай губерні, выпускнік пецярбургскай духоўнай семінарыі, каталіцкі святар Мікалай Міхасёнак прыехаў у Сібір напачатку 1913 года і да 1923-га служыў пробашчам каталіцкіх прыходаў у пасёлках Двурэчанскім, Малічэўска і Беласток Томскага павета. З Беластока яму давялося з’ехаць у Томск, бо мясцовыя ўлады забралі жылы дом ксяндза. У 1925 годзе ён пераехаў у Новасібірск, але і там яго неўзабаве пазбавілі жылля.
Арыштавалі айца Мікалая праз дзень пасля той ветлівай размовы ў ОГПУ: прад’явілі абвінаваўчае заключэнне пад незвычайнай назвай — «Meмарандум матэрыялаў на Новасібірскага ксяндза Міхасёнак Мікалая». Сэнс дакумента быў стандартны: пярэстая сумесь відавочнага паклёпу, чутак, агентурных данясенняў і прызнанняў ксяндза, зробленых на сустрэчы 2 красавіка.
 Вестка пра арышт святара выклікала вялікую ўзрушанасць сярод каталікоў горада. Многія звязвалі арышт айца Міхасёнка з выступам Паўла Грачыхі (вартаўніка мясцовай польскай школы і адначасова старшыні касцельнай рады) у польскім клубе горада на вечарыне, дзе прысутнічаў знаны дзеяч польскага і рускага рэвалюцыйнага руху з Масквы, паплечнік Леніна Якаў Ганецкі. На гэтым мерапрыемстве Грачыха выступіў са скаргай на прыгнёт каталікоў у горадзе, забарону выкладаць каталіцызм у польскай школе (у абвінаваўчым заключэнні гэта падаецца як відавочны ўплыў святара).
 Іншыя звязвалі арышт айца Мікалая з імкненнем уладаў сарваць святкаванне надыходзячага Вялікадня. Касцельная рада нават напісала заяву на імя начальніка Новасібірскага паўнамоцнага прадстаўніцтва ОГПУ з просьбай вызваліць ксяндза Міхасёнка з турмы для выканання рэлігійных абрадаў «з 14 па 18 красавіка бягучага года: у чацвер, пятніцу і суботу з 9 гадзін раніцы да 14.00 гадзін і ў нядзелю з 6 гадзін раніцы да 14.00 гадзін...»
На жаль, адзначаць Вялікдзень новасібірскім каталікам давялося без свайго духоўніка, якога тым часам штодня вадзілі на допыты, дзе ён зацята адмаўляўся прызнаць сябе вінаватым у высунутых супраць яго абвінавачваннях. Следчы разам з начальнікам паўнамоцнага прадстаўніцтва ОГПУ па Захсібкраю Закоўскім двойчы прад’яўлялі следчыя матэрыялы на ксяндза Мікалая ў краявую пракуратуру для зацвярджэння. І абодва разы справа вярталася як відавочна непадрыхтаваная, у якой усе абвінавачванні грунтаваліся «толькі на чутках і ўражаннях».
Тады чэкісты накіравалі сфальсіфікаваную справу ў пазасудовыя органы. Рашэннем Адмысловай Нарады пры Калегіі ОГПУ ад 25 лістапада 1927 года Мікалай Міхасёнак быў асуджаны да зняволення ў лагерах тэрмінам на тры гады без ужывання да яго амністыі. Пакаранне адбываў у сумна вядомых Салавецкіх лагерах асобага прызначэння (СЛОН).
Да гэтага часу на Салаўкі было адпраўлена некалькі дзясяткаў каталіцкіх святароў з усёй тэрыторыі СССР. Нездарма 1927–1928 гады ў гісторыі каталіцкай царквы Расіі атрымалі назву «салавецкіх».
Ксёндз Міхасёнак яшчэ да канца тэрміну рашэннем усё той жа Адмысловай Нарады ОГПУ ад 28 красавіка 1930 года да ранейшага пакарання атрымаў дадаткова тры гады высылкі ў Паўночны край.
Дакладна не вядомыя ні акалічнасці яго апошніх дзён жыцця і смерці, ні месца пахавання, ні дата смерці.


Справа «Гуртка Хрыста»


Канец 1920 — пачатак 1930-x гадоў у Расіі характарызуецца далейшым узмацненнем рэпрэсій супраць царквы. Гэта можна растлумачыць не толькі «абвастрэннем класавай барацьбы ў пачатку калектывізацыі ў краіне», але і рэакцыяй уладаў на абвешчаны Папам Піем ХІ «Крыжовы Паход Малітваў» за спыненне ганенняў на веру ў Расіі: «Выратавальнік сусвету, выратуй Расію».
У Томску ўжо рыхтаваўся працэс над пробашчам гарадской рымска-каталіцкай абшчыны, а з 1926 года яшчэ і адміністратарам каталіцкіх храмаў усёй Сібіры Юліянам Гронскім.
 У студзені 1930 года ў томскай газеце «Чырвоны сцяг» з’явіўся ананімны артыкул «Барацьба супраць рэлігіі — барацьба за сацыялізм: Ахвяра папоўскай агітацыі». Безыменны аўтар разбіраў нібыта дасланую ў рэдакцыю заяву нейкага працоўнага каўбаснай фабрыкі Крэтовіча, у якой той ставіў пытанне пра прадстаўленне яму як каталіку хаця б двух выходных на год: 25 снежня (на Каляды) і ў першы дзень Вялікадня.
Такога кшталту памкненні сібірскіх каталікоў аўтар артыкула ахарактарызаваў як контррэвалюцыйныя, накіраваныя супраць умацавання абараназдольнасці краіны, бо яны гуляюць на руку польскім памешчыкам і капіталістам іншых краін. Віну за такія настроі аўтар усклаў на ксяндза Гронскага, які сваімі пропаведзямі нібы зрабіў Крэтовіча прыладай барацьбы за «зрыў індустрыялізацыі і іншых саўмерапрыемстваў».
Неўзабаве пасля публікацыі артыкула ОГПУ арыштавала васьмёра жыхароў пасёлкаў Малічэўка і Спулеўка ў Крывашэінскім раёне. Іх абвінавацілі ў стварэнні контррэвалюцыйнай групоўкі пад назвай «Гурток Хрыста», якая быццам бы пачала дзейнічаць яшчэ ў 1926 годзе па ініцыятыве ксяндза Гронскага і вяла сваю «гнюсную працу аж да свайго арышту».
Ад арыштаваных дамагаліся паказанняў на іх духоўніка, а не дачакаўшыся, вырашылі ўзорна пакараць. Двое з васьмярых, у тым ліку былы касцельны арганіст Іосіф Ліпніцкі, былі расстраляныя, двое асуджаныя на 10 гадоў зняволення ў канцлагерах, астатнія атрымалі меншыя тэрміны зняволення ці высылку ў Туруханскі край. Усе ацалелыя будуць зноў арыштаваныя і расстраляныя ў 1937–1938 гадах.
Самога ксяндза Гронскага арыштавалі 25 красавіка 1931 года ў яго кватэры па вуліцы Бакуніна, 17. Кіраваў арыштам упаўнаважаны томскага ОГПУ Раманаў, які затым амаль год цягаў ксяндза на допыты і фактычна вызначыў яго лёс.
Успаміны старажылаў Томска і матэрыялы справы Гронскага, якія захоўваюцца ў архіве УФСБ па Томскай вобласці, дазволілі больш падрабязна аднавіць яго біяграфію і, што не меней важна, узнавіць адносна падрабязную карціну становішча каталіцкіх святароў у Сібіры ў канцы 1920-х — пачатку 1930-x гадоў.
Ксёндз Юліян (Юліян Міхайлавіч Гронскі) нарадзіўся ў 1877 годзе ў в. Чэпелі Скопішскай воласці Ковенскай губерні, у літоўскай каталіцкай сям’і. На пачатку ХХ стагоддзя выў высвечаны на святара і з 1903 па 1907 гады служыў у розных прыходах Беларусі. У 1907 годзе ён прыехаў у Пецярбург, але праз год быў накіраваны ў Рыгу. Вярнуўся ў сталіцу напачатку вайны, а ў 1915 годзе быў мабілізаваны ў войска, да лістапада 1917-га служыў святаром пры штабе 5-й арміі. У чэрвені 1918 года мітрапаліт фон Роп накіраваў айца Юліяна для місіянерскай дзейнасці ў Іркуцк, шлях у які праз франты ваюючых войскаў заняў больш за паўтара гады.
 У жніўні 1920 года Гронскі прыбыў да месца прызначэння. Спачатку служыў у томскім касцёле, затым з 1923 па 1925 жыў у касцёле сяла Андрэеўка Томскага павета. Пазней зноў вярнуўся ў Томск і з 1 лістапада 1926 года заняў пасаду адміністратара каталіцкіх прыходаў усёй Сібіры. Здзяйсняў працяглыя паездкі ў самыя аддаленыя куткі Сібіры, дзе жылі каталікі, але не было святароў. Да канца 1920-х гадоў — прызнаваўся на адным з допытаў ксёндз Гронскі — паездкі сталі практычна немагчымымі з-за забаронаў улад і органаў ГПУ. Паўсюдна — сачэнне і правакацыі з боку мясцовых партыйных актывістаў. Галоўным чынам іх даносы і фігуруюць супраць ксяндза як паказанні сведак. Але, на жаль, было і некалькі абгавораў вернікаў, здабытых, хутчэй за ўсё, праз пагрозы і збіццё.
Арыштаваны айцец Юліян быў разам з групай вернікаў, у асноўным сябраў прыходскіх радаў у гарадах Томску, Барнауле, Омску, Новасібірску, сёлах — Беластоку, Андрэеўцы і іншых. Толькі па адной справе № 118410 з ім праходзіла 18 чалавек, былі яшчэ і самастойныя справы, вылучаныя ў адмысловыя вытворчасці. 7 сакавіка 1932 года вышэйзгаданая справа была разгледжана, паводле пастановы Прэзідыума ЦВК СССР ад 9.06.1927 г., на пасяджэнні Калегіі ОГПУ.
Самыя строгія прысуды — па 10 гадоў зняволення ў канцлагерах — атрымалі Гронскі і адзін з яго вернікаў. Той па прымусе ОГПУ сачыў за ксяндзом, аднак пазней раскаяўся і ўсё чыстасардэчна распавёў свайму духоўніку. Гэта «расканспірацыя» выклікала асаблівую лютасць чэкістаў. Хтосьці з 16 астатніх абвінавачаных атрымаў меншыя тэрміны ці высылку «з Сібіры ў Сібір», 7 чалавек былі вызваленыя з залікам у пакаранне тэрміну папярэдняга зняволення, 3 вызвалілі з-за «недаказанасці абвінаваўчых матэрыялаў».
Царква і Бог не пакінулі ксяндза Юліяна: 28 студзеня 1934 года ранейшае рашэнне Калегіі ОГПУ было адменена, і ён быў высланы за межы СССР, відавочна, як і ксёндз Бугеніс, у абмен на чэкісцкіх эмісараў ці партыйных функцыянераў, якія праваліліся на Захадзе.


З Сібіры ў Сібір


Ёсць у матэрыялах архіўна-следчай справы ксяндза Гронскага і кароткія звесткі пра лёсы іншых сібірскіх каталіцкіх святароў. Так, айцец Юліян на адным з допытаў кажа пра ксяндза Баракоўскага прыходу Марыінскага павета Томскай губерні Марцэлія Шварося, які памёр у турме; пра ксяндза Ачынскага прыходу Іосіфа Казакевіча, які знаходзіўся ў той час у высылцы. Згадвае імёны некалькіх сасланых у Сібір каталіцкіх святароў, якім ён дапамагаў грашыма, рэчамі, прадуктамі, парадамі і малітвамі.
Сярод іх былі святар усходняга абраду (уніят), адзін з лідараў рускай каталіцкай царквы Алексій Зерчанінаў, сасланы ў Табольск, — асоба ў гісторыі абедзвюх хрысціянскіх цэркваў легендарная. З ім ксёндз Гронскі быў знаёмы яшчэ па Петраградзе 1917 года. Ёсць звесткі пра ксяндзоў Славінскага, Трачынскага, Бараноўскага, Мяньжынскага і іншых, што знаходзіліся ў нарымскай высылцы.
З ксяндзом Бараноўскім Гронскі пазнаёміўся яшчэ ў 1909 годзе ў Полацку. Яму ў высылку ў сяло Торуга ён дасылаў царкоўнае віно і аплаткі для набажэнстваў, хоць да з’яўлення Бараноўскага каталікоў у вёсцы не было. Сапраўды: дзе ксёндз, там і імша...
 Далейшыя пошукі падрабязнасцяў лёсу ксяндза Бараноўскага дазволілі ўстанавіць, што ён стаў аб’ектам рэпрэсій савецкіх улад яшчэ напачатку 1920-х. У 1926 годзе ён ужо знаходзіўся на Салаўках і быў адным з першых каталіцкіх святароў, хто пачаў удзельнічаць у таемных набажэнствах на востраве і служыць імшу ў Германаўскай капліцы, якая стала месцам агульных «еўхарыстычных радасцяў» шматлікіх высланых каталіцкіх і праваслаўных святароў.
У 1929 годзе большасць святароў-каталікоў былі пераведзены на востраў Анзер у яшчэ больш складаныя ўмовы, а ксёндз Бараноўскі апынуўся ў высылцы ў Нарымскім краі, дзе і памёр 14 снежня 1930 года ад сыпнога тыфу ва ўзросце 55 гадоў.


«За контррэвалюцыйную паўстанцкую дзейнасць»


Пасля арышту ксяндза Гронскага пасада адміністратара сібірскіх касцёлаў перайшла да ксяндза Іераніма Цярпента, пробашча каталіцкай абшчыны Краснаярска. Пастырская дзейнасць у Сібіры для яго пачалася яшчэ да 1917 года ў абшчынах Томскай губерні. З 1908 года пры пабудове ў сяле Беласток касцёла ён быў пробашчам тамтэйшай абшчыны з перасяленцаў канца XIX — пачатку ХХ стагоддзя.
Затым Цярпента служыў у Томску, Бійску, Барнауле, Ачынску, іншых гарадах і сёлах Сібіры. У 1930 годзе ў Ачынску яго спрабавалі прыцягнуць да адказнасці нібы за смерць дзіцяці пры хрышчэнні, але, відавочна, абвінавачванне было настолькі абсурдным і груба зробленым, што ксёндз здолеў давесці сваю невінаватасць.
Пра яго далейшы лёс сведчыць інфармацыя з Краснаярскага УФСБ: «Цярпента Іеранім Іеранімавіч, 1888 (па іншых дадзеных — 1878) года нараджэння, выхадзец з мястэчка Крывілі Віленскага павета Віленскай губерні, беларус, грамадзянін СССР, адукацыя вышэйшая духоўная і спецыяльная — курсы фармацэўтаў, рымска-каталіцкі святар, пробашч касцёла г. Краснаярска і адміністратар касцёлаў Сібіры, які пражываў у г. Краснаярск, быў арыштаваны 2 чэрвеня 1935 года органамі НКУС». Абвінавачаны ў тым, што пры касцёле арганізаваў контррэвалюцыйную групу і актыўна займаўся шпіёнскай дзейнасцю на карысць польскіх выведвальных органаў. 24 чэрвеня 1936 года Ваенны трыбунал Сібірскай ваеннай акругі прысудзіў Цярпента І. І. да 10 гадоў пазбаўлення волі.
У 1937 годзе ксёндз Іеранім зноў быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасці і абвінавачаны ў тым, што нібы з’яўляўся сябрам Сібірскага цэнтра ПАВ (Польская арганізацыя вайсковая) і быў звязаны з польскім генштабам і Ватыканам, на працягу шэрагу гадоў праводзіў контррэвалюцыйную паўстанцкую дзейнасць сярод польскіх калоній Сібіры.
Пастановай Камісіі НКУС CCCP і пракурора CCCP ад 4.01.1938 г. асуджаны да выключнай меры пакарання — расстрэлу. Прысуд прыведзены ў выкананне 18 студзеня 1938 года ў Краснаярску.


Апошні ксёндз Сібіры


Пасля арышту ксяндза Цярпента абавязкі адміністратара сібірскіх касцёлаў перайшлі да ксяндза Іркуцкай абшчыны Антонія Жукоўскага, які прыняў клопаты пра сібірскія прыходы і касцёлы як належнае, добра ўсведамляючы ўсе наступствы свайго рашэння. Да гэтага ён ужо прайшоў не адзін круг выпрабаванняў.
Яшчэ ў 1912 годзе ў Барнауле супраць яго высоўвалася абвінавачванне па арт. 92 Укладання пра пакаранні Расійскай імперыі, але справа па амністыі была спынена. У тым жа горадзе, але ўжо пры савецкай уладзе, у 1920 годзе ён 8 месяцаў утрымліваўся пад вартай органаў ЧК у якасці закладніка. У 1926-м, ужо ў Іркуцку, быў арыштаваны і асуджаны да 3 гадоў зняволення ў лагерах з такім жа тэрмінам наступнай высылкі. Зняволенне адбываў у Вышагорскіх лагерах Урала, а высылку — у межах Паўночнага краю. Вызваліўшыся, вярнуўся ў Іркуцк да сваіх вернікаў.
Арыштавалі Антонія Жукоўскага 14 ліпеня 1937 года ў Томску, куды ён прыехаў за месяц да таго па просьбе мясцовых вернікаў. Сярод чэкістаў, што вялі справу ксяндза, быў і лейтэнант дзяржбяспекі, начальнік 3-га аддзела Томскага гараддзела НКУС Раманаў — той самы, які ў 1931 годзе, яшчэ без афіцэрскіх ромбаў, вёў справу ксяндза Гронскага.
Перш за ўсё НКУС цікавіўся колам знаёмых Жукоўскага. З томскіх жыхароў айцец Антоній назваў выканаўцу абавязкаў старшыні томскай каталіцкай абшчыны Жыгімонта Пронскага, вартаўніка касцёла Франца Шабуцкага, былога арганіста касцёла Мар’яна Вайнароўскага, сакратара касцельнай рады Ванду Томіч і іншых сябраў касцельнай рады — усяго 8 чалавек. Неўзабаве ўсе яны, акрамя толькі адной немаладой жанчыны, былі арыштаваныя і расстраляныя.
 Са знаёмых у Іркуцку ксёндз Жукоўскі назваў найбольш блізкіх яму людзей сярод актыўных вернікаў сваёй абшчыны. Іх лёсы нам не вядомыя, але наўрад ці яны адрозніваліся ад лёсаў томскіх знаёмых ксяндза...
Пасля допытаў ў Томску ксяндза Жукоўскага адправілі ў Новасібірск, у лапы больш дасканалых следчых, спецыялістаў яжоўскай школы. Вынікам «цяжкай чэкісцкай працы» стала напісаная дрыготкай рукой ксяндза заява на імя следчага Конанава з прызнаннем сябе вінаватым ва ўсіх высунутых супраць яго абсурдных і недарэчных абвінавачваннях. У тым ліку ў сяброўстве, нароўні з ксяндзамі Ю. Гронскім і І. Цярпента, у падпольным (так званым Сібірскім) камітэце, які рыхтаваў паўстанцкія легіёны з сібірскіх каталікоў, каб арганізаваць у Сібіры выступленне дзеля звяржэння савецкай улады.
4 кастрычніка 1937 года Адмысловая Нарада НКУС СССР прысудзіла Жукоўскага Антонія, 52-гадовага каталіцкага святара, да вышэйшай меры «сацыяльнай абароны» — расстрэлу. Прысуд прывялі ў выкананне 12 кастрычніка 1937 года ў 10 гадзін вечара.
Так перастала біцца сэрца яшчэ аднаго, відавочна, апошняга каталіцкага святара Сібіры, які заставаўся на волі да 1937 года.
 А апошняга каталіцкага біскупа на тэрыторыі СССР арыштавалі яшчэ ў 1935 годзе. Ім быў апостальскі адміністратар Крыму, сімферопальскі святар Аляксандр Фрызон, таемна высвечаны ў біскупы ў 1928 годзе. Расстралялі яго 17 сакавіка 1937-га ў турэмным двары Сімферопаля. З гэтай смерцю ў СССР была цалкам знішчана каталіцкая іерархія як лацінскага, так і ўсходняга абрадаў.


Суцэльная зачыстка


У канцы 1937 — пачатку 1938 гадоў па ўсёй Сібіры пракаціліся хвалі масавых арыштаў палякаў, латышоў, літоўцаў, беларусаў, немцаў — гэта значыць галоўным чынам тых, хто быў прыхільнікам каталіцкай царквы.
 Найбольш масавыя арышты нацыянальных меншасцяў «каталіцкай арыентацыі» прайшлі ў месцах іх кампактнага пражывання. Вось толькі некалькі прыкладаў рэпрэсій каталікоў па Нарымскай акрузе. У 1937–1938 гадах былі арыштаваныя 86 жыхароў аднаго толькі Маліноўскага сельсавета Крывашэінскага раёна, па нацыянальнасці пераважна латышы і палякі. Усе яны былі вернікамі малічэўскага касцёла. Усе былі расстраляныя. Ацалець пашчасціла толькі аднаму. Касцёл зачынілі.
У ноч з 11 на 12 лютага 1938 года былі арыштаваныя практычна ўсе мужчыны — ад маладых хлопцаў да нямоглых старых — пасёлку Беласток. Пераважную колькасць іх 14 мая 1938 года расстралялі, касцёл падпаў рабаванню. Двума днямі раней, 12 мая, былі расстраляныя яшчэ 122 нарымчаніна. А 22 мая 1938 года ў цэнтры Нарымскай акругі — горадзе Колпашаве — такі ж лёс спасціг групу латышоў і латгальцаў у колькасці 125 чалавек, нібы за ўдзел у контррэвалюцыйнай нацыяналістычнай арганізацыі пад назвай «Партыя святых».
 Як сцвярджае статыстыка Томскага УФСБ, сярод рэпрэсаваных паводле арт. 58 КК РСФСР жыхароў Томскай вобласці палякі склалі 8,6% (другая па колькасці група пасля рускіх), украінцы — 5,7%, немцы — 3,5%, беларусы — 3,2%, латышы — 2,8%, займаючы пры гэтым на парадак меншы працэнт у агульнай колькасці насельніцтва вобласці.
Сібірскія каталікі ў выніку сталінскіх рэпрэсій пазбавіліся ўсіх сваіх святароў, усіх храмаў і царкоўнай маёмасці, страцілі шмат родных і блізкіх, але не згубілі галоўнае — веру.
Больш таго, літаральна праз два гады, у адказ на ганенні, колькасць каталікоў у Сібіры ўзрасла ў дзясяткі разоў. Тым самым былі створаны перадумовы для будучага аднаўлення царквы.
Томск—Мінск