Стэрэатыпы Грунвальда

Калі б Вялікае Княства Літоўскае святкавала Дзень незалежнасці, гэтае свята, без сумневу, прыпадала б на 15 ліпеня — Дзень перамогі ў Грунвальдскай бітве 1410 года. Пра гэта напісаў у артыкуле 2014 года з нагоды Бітвы пад Грунвальдам Андрэй Янушкевіч

matejka_hrunvald.jpg

Мы прывыклі бачыць у Грунвальдскай бітве факт справядлівай абарончай барацьбы славянскіх і балцкіх народаў супраць крыжацка-нямецкай агрэсіі на свае землі. І з далёкасяжнай перспектывы гэта сапраўды было так.

Але калі паспрабаваць злезці з высокай вежы ўяўленняў пра бітву, якую збудавалі палітыкі, мастакі, пісьменнікі і гісторыкі за апошнія 200 гадоў, то робіцца відавочным, што, як і любая складаная падзея, Грунвальдская бітва не паддаецца ўпісванню ў якія-кольвек зграбныя і лагічныя схемы. Як бы мы гэтага ні хацелі.

Як любая вялікая і значная падзея, Грунвальдская бітва абрасла міфамі, стэрэатыпамі і рознага кшталту ідэалагічнай рыторыкай. Прыкладам, з лёгкай рукі Кастуся Тарасава ў Беларусі замацавалася выказванне, што з часоў Грунвальда на беларускаю зямлю 500 гадоў не ступала нага ўзброенага немца. Метафара прыйшлася даспадобы ў савецкія часы, і зразумела, з якіх прычын. Акцэнтацыя ўвагі на нямецкіх захопніках цалкам упісвалася ў ідэалагічны дыскурс пасля Вялікай Айчыннай (Другой сусветнай) вайны. Быццам усе гэтыя 500 гадоў Беларусь не ведала войнаў, а яны проста ішлі з іншага, супрацьлеглага боку…


Грунвальдская бітва ўяўляе сабою тыповы прыклад ваеннага здарэння, дзе канчатковы вынік дыктуе яе палітычнае і ідэалагічнае значэнне. З вынікам усё ясна — разгром крыжацкага войска. Здаецца, з гэтым ніхто не спрачаецца. А вось шлях да перамогі пад Грунвальдам (дарэчы, згодна з першаснай старабеларускай традыцыяй лепей ужываць найменне Дуброўна) дагэтуль застаецца вялікай таямніцай.

Бітва нагадвае разбіты на дробныя кавалкі куфаль, які гісторыкі ўжо каторае стагоддзе спрабуюць сабраць і склеіць у адно цэлае. Разнастайныя сведчанні крыніц спараджаюць неадназначнасць высноваў і безліч меркаванняў. Да гэтых часоў вядзецца спрэчка аб колькасці жаўнераў у войсках, аб характары манеўраў Вітаўта, вялікага князя літоўскага, аб няжвавых дзеяннях пасля бою. І гэта толькі самыя відочныя праблемы…

Прыдбаўшы землі ў Прусіі, Памор’і і Інфлянтах, да канца XIV ст. крыжакі насамрэч спынілі тэрытарыяльнае прасоўванне. Яны насыціліся сваімі набыткамі, і першаснай задачай для іх было праглынуць тое, што ўжо было ў руках. Яблыкам разладу заставалася толькі Жамойць — валоданне ёю забяспечвала б цэласнасць тэрыторыі і непасрэдную камунікацыю паміж Тэўтонскім і Інфлянцкім ордэнамі. Будзем памятаць, што сам Вітаўт не грэбаваў карыстацца Жамойцю як разменнай манетай пры палітычных ускладненнях.


Арганізацыя ўлады і кіравання на прынцыпах духоўных (манаскіх) ордэнаў у тыя часы ўжо рабілася анахранізмам, што не адпавядаў патрабаванням часу. Самі крыжовыя акцыі на ўсходзе Еўропы ў XIV ст. былі маргінальным выпускам пары пасля няўдалых выправаў крыжакоў супраць ісламскага свету на Блізкім Усходзе. Заходнія гісторыкі сцвярджаюць, што так ці інакш, з Грунвальдскай бітвай альбо без яе, Польшча як прадвеснік новага, секулярызаванага тыпу дзяржавы ў магутным саюзе з Літвой і “рускімі” землямі ўзяла б верх над пабудаванай на кансерватыўна-сярэднявечных прынцыпах карпарацыяй манахаў і рыцараў.



Адзначым, што, насуперак звыклым сцверджанням, Грунвальдская бітва не мела абарончага характару. Да яе вялі ўсе карпатлівыя ваяўнічыя планы Ягайлы і Вітаўта, якія з’явіліся задоўга да лета 1410 г. Рыцары-крыжакі, па вялікім рахунку, былі справакаваныя на новую вайну. Не ўразумеўшы яе сэнсу, яны паплаціліся за гэта. А Польская Карона і Вялікае Княства Літоўскае дабіліся свайго, знішчыўшы грознага саперніка ў барацьбе за дамінаванне ў рэгіёне, які пагражаў натуральнаму і шпаркаму развіццю дзвюх дзяржаваў.

Дык вось, ці павіннае такое пачэснае свята прымушаць задумацца над сутнасцю падзеі, аж да перагляду і рэвізіі яе даміноўнага вобразу? На маю думку, ніхто ў нас гэтае свята не адбярэ, калі мы самі гэтага не захочам і не дазволім зрабіць. Веданне ж гістарычных фактаў ёсць прыкметай шчырага імкнення да спазнання гістарычнай праўды. Вызваленне ад стэрэатыпных штампаў дазволіць яшчэ больш наблізіцца да сутнасці ўласнай велічнай гісторыі.


Андрэй Янушкевіч, budzma.by