Таямніцы Беларусі: доўгі шлях да разгадак

Доктар гістарычных навук Сяргей Рассадзін завяршыў пяцігадовую праграму археалагічных раскопак Лаўрышаўскага манастыра, які каля 1260 года заснаваў сын вялікага князя ВКЛ Міндоўга Войшалк. 



lauryshauski_manastyr_logo.jpg

Брама Лаўрышаўскага манастыра, які адбудоўваюць каля вёскі Гнесіна

Паводле версіі спадара Рассадзіна, Лаўрышаўскі манастыр адметны тым, што вялікі князь Войшалк працягваў адсюль кіраваць дзяржавай. Адпаведна, менавіта ў Лаўрышаве некаторы час знаходзіўся цэнтр Вялікага Княства Літоўскага.

«Войшалк не змог дайсці да Святой Гары, паколькі вялікі мяцеж быў тады ў тых землях, і прыйшоў зноў у Наваградак; і ўчыніў сабе манастыр на рацэ на Нёмане, паміж Літвой і Наваградкам, і там жыў», — гаворыцца ў Іпацьеўскім летапісе.

dsc_0_logo.jpg

Царква Успення Прасвятой Багародзіцы ў в. Лаўрышава — побач з ёй ідуць раскопкі

У ХІІІ–ХІV стагоддзях манастыр быў летапісным цэнтрам нашай старадаўняй краіны. У 1329 годзе ў манастыры было створана рукапіснае Лаўрышаўскае Евангелле — помнік беларускага кнігапісання, што зараз знаходзіцца ў Кракаве, у прыватнай бібліятэцы-музеі Чартарыйскіх.

dsc_3_logo.jpg

Знаходкі

Брудная праца з гістарычнай спадчынай

Пяць гадоў пад кіраўніцтвам прафесара Рассадзіна даследавалася тэрыторыя вакол царквы Успення Прасвятой Багародзіцы. І знаходкі паказваюць, што недарэмна. Быў знойдзены падмурак манастыра, побытавыя рэчы, кераміка, кафля, манеты, якія дазваляюць датаваць культурны пласт.

У дзень майго наведвання Лаўрышава было халоднае надвор’е, ішоў дождж. Тым не менш працы на раскопе не спыняліся. Валанцёры, стоячы ў вадзе ў гумовых ботах, зачэрпвалі з ямы гразкі грунт, перабіралі яго, знаходкі адпраўлялі на мыйку-сарціроўку.

dsc_4_logo.jpg

Прафесар Сяргей Рассадзін

«Нашы добраахвотнікі — школьнікі і студэнты з усёй Беларусі — працуюць з энтузіязмам. У першыя чатыры дні экспедыцыі ладзім лекцыі, падчас якіх тлумачым, што такое археалагічныя раскопкі, для чаго робіцца. Экспедыцыі маюць і асветніцкі характар — ці не штодзень дзеці ездзяць на розныя экскурсіі, дзе знаёмяцца з адметнасцямі краю. Гэта ўжо пятая экспедыцыя, і ніводнага разу не было, каб нехта з’ехаў, бо спалохаўся цяжкасцяў. Едуць толькі, калі трэба падаваць у навучальную ўстанову дакументы, ісці на практыку», — распавядае памочнік кіраўніка экспедыцыі, гісторык Тэльман Маслюкоў.

Паводле яго слоў, сёлета знайшлі каменны нож перыяду мезаліту (ІХ–V тысячагоддзе да н. э.), фрагмент шахматнай фігуры з косці, гербавую кафлю, лампадку, манеты ды іншае. Многа аскепкаў ганчарных вырабаў, косных фрагментаў.

«У Лаўрышаўскім манастыры ёсць сучасная каваная брама з выявай вінаграднай лазы, гэты біблейскі сюжэт узялі са знойдзенай намі ў час раскопак кафлі», — гаворыць спадар Маслюкоў.

dsc_6_logo.jpg

Тэльман Маслюкоў

«Я сюды прывёз школьнікаў, бо мне падаецца гэта цікавым. Гэта захапляе — гістарычныя знаходкі, экскурсіі, кантакты з аднагодкамі з усёй Беларусі. Ужо праз тыдзень дзеці пыталіся, калі ў наступны раз паедзем на раскопкі», — распавядае Арцём Курэц, кіраўнік групы вучняў.

Дзе месца музейным экспанатам

Прафесар Сяргей Рассадзін знаходкай месца, дзе быў заснаваны Лаўрышаўскі манастыр, відавочна ганарыцца. І ў працяг гэтага праекту мае хоць і празаічную, але цікавую задуму: зрабіць даследаванне, экспазіцыю пра будзённае жыццё чорнага духавенства.

dsc_1_logo.jpg

Знаходкі

 

«Лаўрышаўскі манастыр ствараўся Войшалкам у якасці рэзідэнцыі. То па вызначэнні ён займае асаблівае месца сярод помнікаў археалогіі Беларусі. Але, з іншага боку, гэта ж цудоўная магчымасць вывучаць побытавую культуру манаскага жыцця. Мы больш ведаем пра духоўнае жыццё, дзякуючы літаратурным помнікам. А што той святар, манах еў, як ён пасціўся — гэта даволі цьмяна вывучана. Манахаў часта паказваюць як людзей, якія сыта пілі і елі, вялі такі прыгожы разгульны лад жыцця. Толькі нашы раскопкі паказваюць, што ўсё не так, — падкрэслівае Рассадзін. — Як прафесар БДТУ, я мушу сказаць, што археалагічныя знаходкі дазваляюць вывучаць тэхналогіі. І галоўнае — цяпер час збіраць камяні ды шукаць старое, нашы вытокі. Я гляджу на нашых валанцёраў — яны занятыя стваральнай працай. Да прыкладу, нашы раскопкі ў Светлагорску: усе думалі, што горад малады і ўзнік у 1960-х гадах. А вось жа, дзякуючы намаганням, стала вядома, што там было старажытнае паселішча — горад Казімір з Магдэбургскім правам, самакіраваннем, гербам. Атрымліваецца, гісторыя не завяршылася ў мінулых стагоддзях, а мае свой працяг у сённяшнім дні».

Сяргей Рассадзін распавядае, што ёсць вялікая задума: стварыць музей, у якім бу­дзе адлюстраванае манаскае жыццё. Але не ў Мінску, а тут, у Лаўрышаўскім манастыры. Варта заўважыць, што манастыр плануюць разбудаваць побач з вёскай Гнесічы (гэта 4 км ад Лаўрышава) у вялікі комплекс: на тэрыторыі ва ўсю ідзе будоўля. Ігумен Свята-Елісееўскага Лаўрышаўскага манастыра айцец Яўсевій і епіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый ініцыятыву падтрымліваюць.

dsc_2_logo.jpg

Праца на раскопе ідзе ў любое надвор'е

«Сюды ездзяць паломнікі, ім будзе цікава даведацца пра гісторыю: вось XІII стагоддзе, а вось ХXІ. Тут усе знаходкі гучаць інакш, чым у Мінску, дзе яны пераўтвараюцца ў шараговыя аб’екты, за якія, можа, і вока не зачэпіцца. Цікава рэалізаваць праект па вывучэнні манаскага жыцця: што елі-пілі, у што апраналіся, паводле якіх рэцэптаў на кухні гатавалі. У думках я ўжо сабраў калектыў людзей, якія могуць працаваць па гэта тэме», — гаворыць навуковец.

dsc_7_logo.jpg

Шыльда каля Лаўрышаўскага манастыра

Сенсацыю плануюць знайсці на Дняпры

Прафесар Рассадзін мяркуе, сёлета быў апошні сезон раскопак у Лаўрышаве. Даследаванні, канешне, будуць працягвацца. Але ў навукоўца ёсць планы распачаць новы маштабны праект — археалагічныя пошукі ў Лоеве, старым горадзе на Дняпры на самай мяжы з Украінай.

Да слова, сёлета ўлады Лоева вырашылі добраўпарадкаваць мясцовы археалагічны помнік — замчышча — без узгаднення з Міністэрствам культуры. У выніку былі пашкоджаныя сядзіба і абарончы роў Х стагоддзя.

Натуральна, узнікае пытанне, хто фінансуе ў прамым сэнсе «брудную працу» археолага.

«Я з вялікім піетэтам стаўлюся да Акадэміі навук, якая вырашыла не фінансаваць мой праект. Але добра, з задавальненнем паназіраю за поспехамі Акадэміі навук, і ў галіне археалогіі таксама. З боку дзяржавы дапамога абмяжоўваецца адной старонкай фармату А4, дзе напісана нешта ў такім духу «Інстытут гісторыі Акадэміі навук дазваляе такому-та весці раскопкі там-та». Усё, — расказвае Сяргей Рассадзін. — Але, бачыце, у нас склалася баявая каманда, якая дапамагае шукаць сродкі і на праезд людзям, каб не трацілі свае капейкі, і на торт да дня народзінаў. Канешне, моцна дапамагае ў гэтым выпадку манастыр: корміць валанцёраў, выдзеліў памяшканне для пражывання. Настаяцель манастыра лічыць, што трэба гэты праект падтрымліваць.

Калі пачыналі шукаць Казімір, то самастойна нанялі вясковую хату, купілі яек-малака і пачалі раскопкі. Калі стала вядома пра першыя знаходкі, прыехаў кіраўнік гарвыканкама Баляслаў Пярштук, паглядзеў і распарадзіўся, каб дзяцей з тэхнікума адправілі не на традыцыйную бульбу, а на раскопкі. Дапамог з матэрыяльным забеспячэннем, у мяне ж ёсць камандзіровачныя ад універсітэта. Вось так — з міру па нітцы».

dsc_8_logo.jpg

Арцём Курэц паказвае прафесару Рассадзіну знойдзены фрагмент кафлі з выявай "Пагоні" (вершніка)

 

Археалагічныя раскопкі ў Лоеве таксама, відавочна, будзе фінансаваць мясцовая ўлада. Ёсць папярэдняя дамоўленасць з Гомельскім аблвыканкамам.

«Каб існаваў калектыў, супольнасць аднадумцаў, увесь час мусіць быць актуальная мэта, мара. Лоеў — гэта старажытны горад. У нашых планах знайсці яго старажытныя падмуркі. І ў выніку хацелася б атрымаць матэрыял, які дазволіць стварыць праект рэканструкцыі замка. Каб людзі маглі не толькі паслухаць пра гісторыю, але і дакрануцца да яе рукамі», — падкрэслівае Сяргей Рассадзін.