Не паспелі азірнуцца. Віды спорту, якія мы страцілі

Яшчэ дзясятак-другі гадоў таму гэтыя віды спорту мы згадвалі ў кантэксце адчувальных медальных перспектыў. Хай не залатых, але дакладна срэбраных і бронзавых. Хай не алімпійскіх, але звязаных з чэмпіянатамі свету і Еўропы. Аднак прайшоў час, і ўсё змянілася.

Ілюстрацыйнае фота. Дзмітрый Дзмітрыеў

Ілюстрацыйнае фота. Дзмітрый Дзмітрыеў


Як кажуць, няма таго, што раней было. І там, дзе раней імёны беларускіх спартсменаў грымелі на топ-турнірах, зараз дзе-нідзе ў нас не засталося нават атлетаў, якія здолелі б здабыць пуцёўку на гэтыя старты. То-бок проста ў іх паўдзельнічаць.
Пра прычыны глыбока разважаць не будзем: у кожнай спартыўнай епархіі яны свае. Тут і цяпер — толькі канстатацыя. «Новы Час» узгадвае віды спорту, якія фактычна страціла Беларусь, якія прыйшлі ў глыбокі, сістэмны і маркотны заняпад. Магчыма, нават ужо і незваротны.

Лыжныя гонкі: пасля Далідовіча — нікога

Канешне, будзе крывадушшам сцвярджаць, быццам беларусы здаўна мелі шматлікія поспехі ў лыжах. Далёка не. Нават самыя лепшыя з айчынных лыжнікаў у савецкія часы сутыкаліся з вялікімі цяжкасцямі, спрабуючы трапіць у зборную Саюза. Напрыклад, Віктар Камоцкі, які лічыўся наймацнейшым у нашай рэспубліцы, упершыню адабраўся на Гульні ўжо пасля распаду СССР — і паехаў у Лілехамер-1994.
Тым не менш, зоркавым нашчадкам савецкай спадчыны стаў Сяргей Далідовіч, сяміразовы (!) ўдзельнік Алімпіяд. Дзякаваць за ўласнае станаўленне ён павінен яшчэ той — зноў жа, савецкай — школе. А як інакш, калі Сяргей Мікалаевіч дэбютаваў на этапах Кубку свету ў 1993 годзе?

dalidovich_onliner.jpeg


Скажам шчыра, што густы дождж з медалёў на міжнародных турнірах на аршанца Далідовіча не праліўся. І ўсё ж, калі надыходзіў час сусветных форумаў альбо Алімпіяд, беларус амаль заўсёды добра пачуваўся і быў у найлепшай форме. За 25 год прафесійнай кар'еры Сяргей шэсць разоў трапляў на п'едэстал, аднойчы — на вышэйшую яго ступень.
Памятаем, што вельмі блізкі наш ветэран быў і да алімпійскай узнагароды. На Гульнях-2014 у Сочы ён фінішаваў пятым у марафоне свабодным стылем. Прычым гэтая гісторыя мела працяг. Праз нейкі час расійскі спорт падвергся ўедлівым міжнародным расследаванням з нагоды выкарыстання допінгу, і ўладальнікі золата і срэбра Аляксандр Лягкоў і Максім Вылегжанін пазбавіліся медалёў. Такім чынам, Дылідовіч аўтаматычна падняўся на две пазіцыі і ўжо, здавалася, прымяраў неспадзяваную бронзу. Але не: спартыўны арбітраж у Лазане (CAS) адмяніў пастановы Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) — і ўзнагароды расіянам вярнулі.
Дзеля праўды адзначым, што і акрамя Далідовіча раз-пораз беларускія лыжнікі ўздымаліся на вяршыню. І тут адразу ўзгадваецца, безумоўна, прозвішча Леаніда Карняенкі. У лютым 2007 года мала каму вядомы 19-гадовы беларус сенсацыйна стаў срэбраным прызёрам чэмпіянату свету ў інтэрвальным старце на 15 кіламетраў.
Да таго ж, калі дзеючым спартменам быў марафонец Аляксей Іваноў, а Міхаіл Сямёнаў — маладзейшым і больш здольным за сябе сённяшняга, у мужчын-беларусаў была неблагая эстафета. Не заўсёды ў гэтай дысцыпліне мы займалі высокія месцы, але ж, прынамсі, не было праблем сфармаваць чацвёрку на адказныя гонкі. Пры гэтым камплектавалі квартэт выключна тутэйшымі выхаванцамі.
І што ж мы бачым зараз? Да якіх нізін абрынуліся беларускія лыжы з той пары?
Дастаткова сказаць, што сёння наша нацыянальная каманда амаль напалову складаецца з лыжнікаў, незапатрабаваных у Расіі. Лічыце: Настасся Кірылава, Юлія Ціханава, Паліна Сераносава. Некалькі год таму прадстаўлялі краіну таксама ўраджэнцы Расіі Міхаіл Куклін і Настасся Майнгардт. Іншы бок медаля — магілеўчанка Валянціна Камінская ўжо нейкі час выступае за Украіну.
Атрымліваецца, што сваіх годных спартсменаў выгадаваць не можам — дык запазычым у суседняй Расіі. Адчуванне сюру павялічваецца, калі возьмем у фокус адну падрабязнасць: пасаду галоўнага трэнера лыжнай зборнай займаюць наадварот скрозь беларускія спецыялісты. Якія б гаротныя вынікі ні былі, на чале каманды адно аднаго змяняюць Віктар Камоцкі і Іван Лістапад. Менавіта яны разам са старшынёй Беларускага лыжнага саюза (БЛС) Андрэем Каваленкам вельмі заахвочана ставяцца да запрашэння расійскіх кадраў.
І хай бы тыя сапраўды ўзмацнялі нашу зборную. Але ж не: акрамя Кірылавай, ніхто не дэманструе патрэбнага ўзроўню (калі лічыць за яго месцы хаця б у топ-30 на этапах Кубка свету). Вы здзівіцеся, аднак нават у тым жа сноўбордзе, дзе ў Беларусі няма аніякіх алімпійскіх перспектыў, каманду ўзначальваў канадскі спецыяліст. Чаму б не выкарыстаць аналагічную практыку ў лыжах у цяперашніх амаль безнадзейных абставінах?

Спартыўная гімнастыка: таксама імпартазамяшчэнне

Віталь Шчэрба, Іван Іванкоў, Святлана Багінская — гэтыя імёны выдатна знаёмыя заўзятарам не толькі сталага веку, але і тым, хто пачаў цікавіцца найбуйнейшымі спаборніцтвамі на пачатку незалежнасці. Першы — самы тытулаваны гімнаст, які нарадзіўся ў нашай краіне. Пералік яго дасягненняў можа заняць некалькі абзацаў, таму ўзгадаем асноўныя: шасціразовы алімпійскі чэмпіён, 14-разовы чэмпіён свету, 10-разовы — Еўропы.
Маецца ў спісе трафеяў алімпійскае золата і ў Багінскай — аднафаміліцы легендарнай пратэстоўкі Ніны. У адрозненне, на жаль, ад Іванкова. Іван неаднарозава вяртаўся з медалямі з сусветных першынстваў, прычым двойчы станавіўся лепшым у найбольш прэстыжнай дысцыпліне — мнагаборстве. Але фатальным чынам яму не шанцавала на галоўных стартах чатырохгоддзя, дзе лепшы вынік — толькі чацвёртае месца.

bahinskaia_ria.jpeg


Як бы там ні было, з пазіцый сённяшняга дня нават той «драўляны» медаль успрымаецца як нябесная манна. Тыя поспехі настолькі параслі быллём, што нацыянальная федэрацыя не заікаецца аб тым, каб ставіць адпаведныя мэты зараз. Зараз за шчасце атрымаць права на ўдзел у бліжэйшых Гульнях. Калі на пачатку 1990-х асобна мужчынская зборная на Алімпіядзе налічвала шэсць-сем чалавек, то цяпер бачыцца неверагодным варыянт, пры якім нашыя гімнасты дамагліся бы дадзенага спісу цалкам — маецца на ўвазе, з улікам жанчын.
Да старту Токіа-2021 менш за чатыры месяцы, і пакуль беларусы заваявалі толькі дзве ліцэнзіі. Яны імянныя, калі гаворка пра індывідуальныя віды, а не камандны выступ (магчымасцей трапіць поўным складам няма — цягнік сышоў). Калі нічога не зменіцца, а да таго ідзе, то ў сталіцу Японіі будуць збірацца Настасся Алістратава і Андрэй Ліхавіцкі. Зрэшты, застаецца сцэнар, што да іх далучыцца Ягор Шарамкоў.
Падкрэслім, што спартыўную гімнастыку таксама не абмінула практыка натуралізацыі. Праўда, у дадзеным выпадку яна мела не ўсходні вектар, а супрацьлеглы. Алаінэ Сью Кван і Кайлі Дзіксан — так звалі новых юных беларусачак, якія ў 2015 годзе, на момант прыняцця нашага грамадзянства, яшчэ не былі паўналетнімі. Выступілі на адным чэмпіянаце свету, на Алімпіяду не трапілі — і хутка наогул зніклі. Напэўна, вярнуліся на радзіму — у ЗША.

Фехтаванне: выпаленая зямля

Поспехі айчынных майстроў рапіры, шаблі і шпагі не патрабуюць разгорнутага расповеду. Дастаткова зазірнуць у спіс алімпійскіх прызёраў, якія нарадзіліся на нашай зямлі, за ўсю гісторыю. Відавочна, іх зашмат. У савецкі час фехтаванне было амаль што візітнай карткай БССР, дзе бесперабойна рыхтаваліся кадры для саюзнай зборнай. І не проста, канешне, рыхтаваліся, а ва ўвесь голас заўялялі пра сябе на кантынентальнай і планетарнай прасторы. Здаралася, што рэспубліку ў аб'яднанай савецкай дэлегацыі на Гульнях прадстаўлялі толькі лёгкаатлеты ды фехтавальшчыкі. Прынамсі, так было ў Мельбурне-1956.
Не ўсе яны былі родам з Беларусі. У той час куды толькі ні заносіла мужчын, якія праходзілі вайсковую службу. Напрыклад, Аляксей Ніканчыкаў, срэбраны медаліст Мехіка-1968, з'явіўся на свет у Магаданскай вобласці. Мабыць, не сутыкнуўся б зусім са спортам, які потым яму прынёс вядомасць, калі б не апынуўся ў тагачасным Мінску. Некаторыя пачыналі фехтаваць тут выпадкова, але былі і тыя, хто наўмысна вырашаў пакінуць Расію дзеля прывабных мінскіх перспектыў.
Карацей кажучы, гісторыя памятае мноства залатых імён. Самыя-самыя — Аляксандр Раманькоў, Віктар Сідзяк, Мікалай Алёхін, Алена Бялова, Ірына Ушакова, Алена Новікава, Таццяна Самусенка, Таццяна Пятрэнка. Гэта выключна ўладальнікі медалёў Алімпіяд, а між іншым, былі і Герман з Ларысай Бокун. Словам, можна працягваць…
Распад вялізнай дзяржавы адразу негатыўна не паўплываў на становішча беларускага фехтавання. Яно карысталася дастатковай увагай з боку ўлад і кіраўніцтва галіны. Хіба што акцэнт крыху змясціўся — з таго гледзішча, што найбольшую за астатніх папулярнасць набыла шабля. Мужчынская зборная па гэтым відзе зброі была нязменным удзельнікам Алімпіяд, не кажучы пра менш статусныя турніры. Ды што там казаць пра 1990-2000-я, калі яшчэ на чэмпіянаце свету 2011 года нашы фехтавальшчыкі саступілі толькі ў фінале, у выніку чаго засталіся са срэбрам. Аднак далей — быццам адрэзала.
Кваліфікацыйны перыяд для атрымання ліцэнзій у алімпійскі Токіа пакуль не завяршыўся, але ўсё рухаецца да беспрэцэдэнтнай непрыемнасці: упершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі нікога з шаблістаў (рапірыстаў і шпажыстаў нават не кранаемся) не будзе на асноўным старце чатырохгоддзя. Пасля таго, як пакінуў дарожку Дзмітрый Лапкес, нейкі час цягнуў каманду Аляксандр Буйкевіч. Менавіта ён у адзіноце лятаў у Рыа-2016, дзе спыніў барацьбу на стадыі 1/8 фінала. А неўзабаве вырашыў перайсці на трэнерскую працу. Хто замест? Рытарычнае пытанне.

Веласпорт: кадры не вырашаюць нічога

Падобнае становішча і ў веласпорце. У тым сэнсе, што зусім нядаўна ён меў рэпутацыю дабрабытнай гаспадаркі. А цяпер — наадварот.
Прычым тут у першую чаргу гаворка ідзе пра шашэйны варыянт, бо адзінкавыя атлеты на трэку, якія не дазваляюць націснуць на кнопку SOS, усе ж ёсць. Варта ўзгадаць Яўгена Каралька, які двойчы святкаваў поспех на чэмпіянатах свету — у тым ліку ў мінулым годзе, хай і не ў алімпійскай дысцыпліне — скрэтчы.
А вось сітуацыя на шашы выклікае сапраўдную трывогу. Звычайнай справай на пачатку стагоддзя і яшчэ ў першай палове 2010-х з'яўлялася тое, калі тры-чатыры беларускія гоншчыкі ўдзельнічалі ў найбольш рэйтынгавых гонках накшталт «Тур дэ Франс», «Джыра» ці «Вуэльты». Больш за тое, некаторыя заставаліся па-за старт-лістамі сваіх калектываў. Аляксандр Усаў, Аляксандр Кучынскі, Браніслаў Самойлаў, Андрэй Куніцкі, Ілья Кашавы, Яўген Гутаровіч, Канстанцін Сіўцоў, Васіль Кірыенка… Іншымі словамі, нават існаваў выбар, калі трэнерскаму штабу зборнай даводзілася рыхтаваць заяўку на чэмпіянат свету. Безумоўна, месца Кірыенкі на інтэрвальную гонку не аспрэчвалася, а роўна і Гутаровіча, які станавіўся лепшым на этапе «Вуэльты», — на масавы старт. А калі зазірнуць у больш далёкае мінулае, дзе ў промнях славы гучалі імёны Уладзіміра Камінскага, Алега Логвіна, Барыса Ісаева, Ігара Сумнікава, то за сённяшні заняпад стане яшчэ больш сорамна.
Карацей, не маючы належных умоў для развіцця высакакласных раварыстаў, Беларусь так ці інакш валодала дастатковай іх кольцасцю. Не дзіўна, што і гучныя перамогі здараліся. Так, Кірыенка ў 2015 годзе выйграў планетарнае золата, апроч чаго ва ўлюблёнай дысцыпліне ў іншыя гады двойчы трапляў на п'едэстал.
А зараз… Васіль, як і ўсе вышэй згаданыя, завяршыў кар'еру. У выніку сярод айчынных раварыстаў, якія маюць кантракт з клубам Сусветнага тура (да яго адносіцца эліта з 20 каманд), застаўся толькі Аляксандр Рабушэнка, прадстаўнік «Эмірэйтс». Нельга выключаць, што яго прозвішча шырокаму колу недастаткова знаёмае. Нездарма: вялікіх дасягненняў у мінчаніна няма. У дадатак Рабушэнка ўжо ў маладым для гэтага віду спорту 25-гадовым узросце вельмі пакутуе з-за розных траўм.
Рэзюмэ: літаральна за некалькі год шашэйны веласпорт аказаўся ў спісе адсталых. Не вырашае ніякім чынам праблему і існаванне велаклуба «Мінск». Ён функцыянуе з 2013-га і за восем год не здолеў падрыхтаваць аніводнага гоншчыка ўзроўню Сусветнага тура. Не ўваходзіць сюды і Рабушэнка, які з юнацкіх часоў трэніраваўся ў школах Італіі і Сан-Марына. Дарэчы, у снежні было абвешчана пра стварэнне яшчэ аднаго кантынентальнага калектыва — «БелАЗ», дзе пасаду спартыўнага дырэктара заняў былы хэдлайнер Кірыенка.
Рэальнасць парадаксальная: «Мінску» не хапала ўласных выхаванцаў для максімальнай камплектацыі — і ён запрашаў раварыстаў з Расіі. Што ж будзе зараз, калі ў яго на ўнутранай арэне нарадзіўся канкурэнт? Чарговы раз падкрэслім: усе больш-менш годныя беларусы і раней мелі дастатковую практыку — іншаземцы не займалі іх месцы, а проста дапаўнялі склад, які ў адваротным выпадку быў бы няпоўным. Адкуль цяпер знойдуцца кадры для «БелАЗа» і ці не на паветра пойдуць укладзеныя сродкі?
Пакуль падаецца, менавіта так. Бо ў Токіа на шашы краіна мае права дэлегаваць усяго аднаго ўдзельніка. Апошні раз такое здаралася ў Афінах-2004. 17 гадоў таму…

Настольны тэніс: хто замест Самсонава?

Майстры малой ракеткі і пра тое могуць толькі марыць. У іх няма нічога — то-бок аніводнай алімпійскай ліцэнзіі. Безумоўна, наперадзе яшчэ ёсць так званая еўрапейская кваліфікацыя ў партугальскім Гімарайншы, дзе Уладзімір Самсонаў і яго партнёры па нацыянальнай зборнай могуць скарыстацца апошняй магчымасцю. Зрэшты, веры ў гэта няма.

samsonau_tutby.jpg


Дадзеныя акалічнасці ставяць настольны тэніс ў адзіны шэраг з фехтаваннем. Пераважна сіламі і стараннем нашага славутага ветэрана (Самсонаву ўжо 44) айчынныя заўзятары заўсёды мелі ўласны інтарэс да спаборніцтваў па пінг-понгу. Уладзімір дэбютаваў на Гульнях у Атланце-1996 і з тых часоў трымае статус лідара зборнай. На пачатку 2000-х ён нават узышоў на першую пазіцыю ў сусветным рэйтынгу. Тройчы напрыканцы мінулага стагоддзя вяртаўся дадому з медалямі чэмпіянтаў свету. Наяўнасць Яўгена Шчацініна дазваляла, да таго ж, нашым мужчынам заяўляцца ў парным разрадзе, дзе як мінімум на еўрапейскім узроўні — у адсутнасць віртуозаў-кітайцаў — ім удавалася зарабляць «золата».
Мінулі гады — і такого другога нумара ў камандзе няма. Няма Паўла Платонава, які нейкі час падаваў надзеі. У яго якасці на большасці турніраў — у першую чаргу на камандным чэмпіянаце Еўропы — выступае Аляксандр Ханін. Аднак не павернецца язык нават параўнаць яго са Шчацініным, не кажучы пра Самсонова.
Што тычыцца Уладзіміра, то, на жаль, годы над ім уладныя. Вось і на нядаўняй міравой кваліфікацыі Самсонаў выступіць не змог. Прычына — траўма пляча. І калі б яго турбавала толькі плячо! Зараз нагадвае пра сябе то яно, то калені, то нешта іншае. Абставіны, на якія ніяк не паўплываеш.
Між тым, і добрае здароўе зусім не гарантуе тэнісісту нічога. Заўзятары памятаюць чацвёртае месца Самсонава ў алімпійскім Рыа-2016, але ж і там ён гуляў цераз боль. Больш за тое, быў на той момант у свеце сёмым, а за пяць гадоў выцякла нямала вады. Глядзім на апошнюю рэдакцыю сусветнага мужчынскага табеля — і бачым: найлепшы з беларусаў займае там 28-ю пазіцыю. І крок за крокам, прызнаём, усё саступае і саступае. Зраўняцца з Далідовічам па колькасці Алімпіяд Уладзіміру будзе цяжка: шэсць супраць сямі.

Веславанне акадэмічнае: Карстэн — і пустата

Пілотныя поспехі ў гэтым відзе беларускага веславання звязаныя з імем Алены Хлопцавай. У тандэме з малдаванкай Ларысай Паповай яна на маскоўскай Алімпіядзе-1980 фінішавала першай. Так, некаторых моцных супернікаў з вядомых прычын не было: заходні мір байкатаваў тыя Гульні, — аднак клас Алена пацвярджала і пазней. Сведчанне чаму — бронзавы медаль у Барселоне-1992 у чацвёрцы парнай.
Агульным месцам на першых Гульнях, куды беларусы ездзілі ўжо самастойнай суверэннай дэлегацыяй, былі пяць-шэсць экіпажаў, а часам — нават і больш. І мужчынскія, і жаночыя, і двойкі, і васьмёркі... Максімальнай заяўка, мабыць, не была, хаця заваёўваць пуцёўкі на топ-рэгаты ўдавалася вельмі лёгка. Дый узнагароды былі.
Самае знакамітае імя — Кацярына Карстэн. На самым пачатку кар'еры яна спрабавала сябе ў двойцы, аднак даволі рана вырашыла засяродзіцца на самым цяжкім і, разам з тым, прэстыжным класе ў «акадэмікаў» — адзіночцы. У Атланце-1996 і Сіднэі-2000 Кацярына Вялікая не мела сабе роўных. Срэбра Афінаў-2004, бронзы Барселоны-1992 і Пекіна-2008, восем залатых медалеў з чэмпіянатаў свету… Карстэн на асобным этапе стала сімвалам беларускага спорту, прыкладам для дзяцей з рэгіёнаў, якія маглі пабачыць: калі маеш талент, няма ніякіх перашкод, каб узысці наверх. Многія заўзятары мусяць таксама памятаць Юлію Бічык і Наталлю Гелах. У абедзвюх ёсць дзве бронзы Гульняў.

karsten_kpby.webp


За дзесяцігоддзе ўсе змянілася і тут. І зразумела, што не ў лепшы бок. Спартсменаў, здольных супернічаць з наймацнейшымі «акадэмікамі» свету, у Беларусі больш няма. Адзінае, чым можа пахваліцца беларуская зборная, — гэта двойка Алены Фурман і Настассі Янінай. На апошнім сусветным першынстве дзяўчаты занялі шостае месца, чаго хапіла, каб здабыць ліцэнзію ў Токіа-2021.
Тым не менш, празмерныя кампліменты наўрад ці дарэчныя. Не на адрас Алены і Насты, зразумела, а хутчэй у бок кіраўніцтва. Бо і такія, не самыя вялікія дасягненні, становяцца магчымымі толькі дзякуючы ўсё той жа праславутай натуралізацыі. Яніна — расіянка, яна атрымала два гады таму беларускае грамадзянства. Так, гэта дапамагло Фурман, якой аніяк не знаходзілася пары. Але ж тэндэнцыя…
Калі месцы айчынных атлетаў усё часцей займаюць замежныя найміты, то ці варта называць беларускім наш шматпакутны спорт?