У беларускім футболе сексу няма
У гісторыі беларускага футбола не так шмат выказванняў, якія б вытрымалі выпрабаванне часам і заляглі ў летапіс у выглядзе мемаў — прыкмет эпохі.
«Мы як маленькі сабачка, які сёння спрабаваў укусіць вялікага…» — казаў нямецкі трэнер зборнай Беларусі Бернд Штанге пасля паразы ад харватаў. «У нашым футболе працуюць ідыёты і бездары», — ёмістая цытата Анатоля Капскага, стваральніка барысаўскага БАТЭ, які заўчасна пайшоў з жыцця ў верасні 2018-га. «Нават калі сабраць у адным трэнеры ўсе лепшыя якасці ўсіх трэнераў свету, думаеце, за тры дні ён навучыць нашых футбалістаў гуляць?» — прысуд рэчаіснасці ад настаўніка зборнай Георгія Кандрацьева ўслед за чарговай журботнай няўдачай.
Самалупцаванне — канешне, вялікая і запамінальная рэч, аднак не толькі ў ім спрактыкаваліся найлепшыя цыцэроны айчыннага футбола. Некалі той жа БАТЭ сенсацыйна перамог лонданскі «Арсенал», і не толькі справай, але і словам увайшоў у гісторыю Аляксей Бага. «Гэта было лепш, чым секс», — падзяліўся глыбока асабістымі адчуваннямі тагачасны камандор барысаўчан.
Аляксею Анатольевічу пашанцавала: заспеў, так бы мовіць, добрую патэнцыю і паспеў атрымаць задавальненне. На пачатку 2021-га даводзіцца канстатаваць: з сексам у беларускім футболе стала зусім кепска. Трагічны дыягназ наважыўся агучыць Ігар Гурыновіч — чэмпіён СССР-1982 у складзе мінскага «Дынама». «Варта прызнаць: сёння ў футболе мы — імпатэнты…» — гаротна вымавіў былы нападаючы, удараў якога баяліся ўсе савецкія брамнікі 80-х.
Вы, канешне ж, усё зразумелі, хаця пасля эпічнай паразы беларускай зборнай у Бельгіі мінула ўжо тры тыдні. Тры цяжкія тыдні, цягам якіх пра тыя 0:8 у Лёвене з’едліва ўзгадваюць усе каму не лянота. Час не ўладны над такімі гамерычнымі паданнямі, бо як жа — такой буйной няславы футбол Беларусі за 30 суверэнных гадоў яшчэ не ведаў.
Зрэшты, усё аднойчы адбываецца ўпершыню, і рэдкія апалагеты сённяшняй зборнай кажуць, маўляў, з кім не бывае. Вунь, тыкаюць пальцам, у 2014-м бразільцы на хатнім чэмпіянаце свету зганьбіліся ў гульні з немцамі з лікам 1:7. Што ж тады чакаць ад беларусаў, у складзе якіх няма ні Нэймара, ні Каўціньё, ні Ферміна? Але ж аналогія крывадушная і кульгае на абедзве нагі. Бо адна справа раптоўны прыступ хваробы, ад чаго не застрахаваны ніхто — і што паспяхова лекуецца кваліфікаванай тэрапіяй. І іншая — хранічны дыягназ, да якога ўсё ішло, марудна, але няўхільна.
Паказальная тут і рэакцыя. У Бразіліі пасля тых 1:7 быў усеагульны шок — людзі выйшлі на вуліцы і сям-там учынілі масавыя закалоты. У Беларусі бельгійскую немач зборнай праглынулі моўчкі. Бо позна піць баржомі, калі ныркі адказалі.
«Як доўга я цябе шукала…» — казала гераіня фільма пра Маскву, якая не верыць слязам. Як доўга беларускі футбол шукаў сваё дно — зараз кажуць ці не хорам спартыўныя аналітыкі, корпаючыся ў прычынна-выніковых сувязях. Доўга ці коратка, але хто шукае, той заўсёды знойдзе.
У «Тытанік» беларускі футбол ператварыўся не 24 сакавіка — да свайго заслужаннага дна мы ішлі шмат гадоў. Калі бяздушна развальвалі дзіцяча-юнацкі футбол. Калі зацята выбудоўвалі нейкую недасяжную, як кінгаўская Цёмная Вежа, піраміду — дзе развіццё тыпу ідзе ад нізоў і да вяршыні. Калі раздувалі да 16 каманд вышэйшую лігу, заплюшчваючы вочы на тое, што першай і другой лігам тых каманд крытычна бракуе. Калі бязглузда марнавалі дзяржаўныя грошы, выдаючы іх на заробкі (у «сытыя» гады, кажуць старажылы, 5000 долараў у месяц давалі нават у заштатным Бабруйску). Калі тузалі нацыянальную зборную пастаянным патрабаваннем выходзіць на топ-турніры, хаця ніякіх перадумоў для гэтага не прагледжвалася нават скрозь цэйсаўскую оптыку.
Кола замкнулася два гады таму, калі, у дадатак да ўсіх праблем, вырашылі ўкараніць у футболе яшчэ і фактычна новую мадэль кіравання — з галоўным цэнтрам сілы пад дахам Міністэрства спорту. Раней Беларуская футбольная федэрацыя валодала хоць якой самастойнасцю — так, хісталася, спатыкалася, але гэта былі яе хістанні і спатыканні. У офісе БФФ захоўваліся хоть нейкія плюралізм і калегіяльнасць, а наверсе ўмелі чуць галасы знізу і ўспрымаць ініцыятывы прафесіяналаў. Аднак паступова тыя практыкі сышлі ў шрэдар. Ім на змену спушчана адміністрацыйна-камандная мадэль, дзе ёсць толькі адзін пункт гледжання — і ён заўсёды правільны.
Цяпер, калі ў футбольным цэху пачынаюць сваволіць, — ім могуць намякнуць на скарачэнне бюджэтнай падтрымкі. Калі прымаюцца рашэнні па легіянерскім ліміце ці забароне замежных трэніровачных збораў, то лепш прамаўчаць, чым запярэчыць. Калі ў вышэйшай лізе ўводзяць квоты на маладых гульцоў, то адзінае, што застаецца, — падпарадкавацца. Начальнік сказаў — падначалены выканаў.
А тут яшчэ падаспела і новая стратэгія, пра якую мы ўжо неяк згадвалі, і цяпер, паводле кіраўнічай пастановы, беларускі футбол пойдзе наперад сямімільнымі крокамі. Як казаў булгакаўскі герой, прадрукаваў на паперы — і шабаш. Шкода, што бельгійцам пра гэта не распавядзеш. Так яны, можа б, менш здзекаваліся з прагрэсіўных супернікаў у тым чароўным матчы з васьмю забітымі мячамі.
Натуральным наступствам гэтых цудоўных навацый стала тое, што кампетэнтнасць, падобна, больш не з’яўляецца галоўнай якасцю супрацоўніка футбольнай галіны. Зараз у фаворы лаяльнасць, уменне шчоўкаць абцасамі і глядзець ў рот непасрэднаму кіраўніку. Паводле гэтага прызначаюцца новыя менеджары і клеркі — і гэтак жа звальняюцца старыя, якія шмат пра сябе разумеюць і маюць уласнае меркаванне. Так зручней запрашаць трэнераў для розных зборных, бо калі ўзгадаць папярэдніх — Анатоля Байдачнага, таго ж Бернда Штанге, Аляксандра Хацкевіча — то яны былі надта самастойнымі, самі прымалі рашэнні і не стрымліваліся ў каментарах. Недапушчальная самадзейнасць у нашы складаныя часы і ў год народнага адзінства.
Не дзіўна, што паступова добранадзейнасць стала важным крытэрыем і для гульцоў. У гэтым вам ніхто не прызнаецца, аднак цяжка патлумачыць нечым іншым адсутнасць ў спісе зборнай барысаўчаніна Станіслава Драгуна напрыканцы мінулага года.
Так ці інакш, але ўжо на пачатку новага адборачнага цыкла ў нацыянальнай зборнай пануе туга-скруха. Трэнера Міхаіла Мархеля звольнілі, хай і быў ён зручны і маўклівы. Футбалісты наўрад ці з захапленнем чакаюць працягу кваліфікацыі. Інтымны дыягназ «Мы — імпатэнты» гне да зямлі і не разганяе кроў. Заўзятары на каманду даўно махнулі рукой.
Няма сексу ў беларускім футболе. Бясплодныя глебы, як сказана ў тым жа рамане пра Цёмную Вежу.