1025-ты дзень вайны. УСУ ўдарылі па сховішчы нафтапрадуктаў у Арлоўскай вобласці
Сабралі апошнія звесткі з франтоў расійска-украінскай вайны, развязанай Крамлём пры падтмырцы рэжыму Лукашэнкі.
Расійскія захопнікі акупавалі населеныя пункты Вясёлы Гай, Елізаветаўка, Раманаўка, Наватроіцкае і Пушкіна ў Данецкай вобласці. Пра гэта паведамляе маніторынгавы праект DeepState.
Таксама, як паведамляецца, акупанты прасунуліся ў Канстанцінопальскім, Сухіх Ялах, Шаўчэнку, каля Далёкага, Пяшчанага, Благадатнага і Старажавога.
Паводле інфармацыі Генштаба УСУ, сітуацыя на Пакроўскім і Урэмаўскім напрамках застаецца напружанай — расійцы засяроджваюць там асноўныя наступальныя намаганні. Акрамя таго, акупанты за мінулыя суткі актыўна атакавалі на Ліманскім і Курахоўскім напрамках.
На Харкаўскім кірунку расійскія захопнікі адзін раз атакавалі пазіцыі ўкраінскіх падраздзяленняў у раёне Ваўчанска. Дзесяць разоў яны наступалі на Купянскім кірунку, паблізу Калеснікоўкі, Багуслаўкі, Загрызава і Лазовай.
На Ліманскім кірунку расійскія войскі 24 разы атакавалі ўкраінскіх абаронцаў у раёнах населеных пунктаў Грэкоўка, Надзея, Зялёны Гай, Шыйкоўка, Макееўка, Церны, Зарэчнае, Тарское, Дзіброва, Рыгораўка і ў кірунку Чарнешчыны.
Пяць нападаў адбілі ўкраінскія падраздзяленні на Краматорскім кірунку, праціўнік спрабаваў прасунуцца наперад у раёне Часавага Яра.
У Тарэцку і ў раёне Дыліеўкі акупанты дзевяць разоў спрабавалі палепшыць сваё становішча на Тарэцкім кірунку, сем нападаў адбітыя сіламі абароны.
На Пакроўскім напрамку на працягу мінулых сутак агрэсар 56 разоў атакаваў у раёнах населеных пунктаў Міралюбаўка, Лісоўка, Луч, Дачэнскае, Шаўчэнка, Новы Труд, Зялёнае, Пясчанае і Пушкіна.
На Курахоўскім кірунку было зафіксавана 26 нападаў: у асноўным баі працягваліся ў раёнах Старых Церняў, Сонцаўкі, Відна, Курахава, Далёкага, Дачнага, Аннаўкі і Успенаўкі.
Трыццаць чатыры штурмы адбыліся ў раёнах населеных пунктаў Трудавое, Вясёлы Гай, Канстанцінопальскае, Сухія Ялы, Благадатнае, Старажавое, Нясумнае на Урэмаўскім кірунку.
Двойчы безвынікова вайскоўцы РФ атакавалі пазіцыі ўкраінскіх абаронцаў на Прыдняпроўскім кірунку. Таксама сілы абароны Украіны працягваюць вядзенне аперацыі на Куршчыне, дзе за мірнулыя суткі было адбіта 19 нападаў расійцаў.
У ноч на 14 снежня Расія атакавала Украіну 132 беспілотнікамі, 58 з іх збілі, яшчэ 72 не дасягнулі цэляў і лакацыйна страчаныя, два БПЛА вярнуліся ў РФ. Пра гэта паведамляюць Паветраныя сілы УСУ.
Паведамляецца, што атака вялася з дапамогай ударных БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікаў іншых тыпаў з раёнаў Курск, Прыморска-Ахтарск, Арол, Бранск, Мілерава.
«Паветраны напад адбівалі зенітныя ракетныя войскі, авіяцыя, падраздзяленні РЭБ, мабільныя агнявыя групы Паветраных сіл і Сіл абароны Украіны», — гаворыцца ў паведамленні.
Збівалі БПЛА ў Чарнігаўскай, Сумскай, Кіеўскай, Палтаўскай, Чаркаскай, Вінніцкай, Адэскай, Мікалаеўскай, Харкаўскай, Днепрапятроўскай і Кіраваградскай абласцях.
У ноч на 14 снежня Сілы абароны Украіны ўдарылі па адным з найбуйнейшых тэрміналаў нафтапрадуктаў у прыгарадзе Арла ў Расіі. Паспяховую атаку пацвердзілі ў Генштабе УСУ.
«У ноч на 14 снежня 2024 года падраздзяленні Сіл спецыяльных аперацый УСУ, ва ўзаемадзеянні з іншымі складнікамі Сіл абароны, нанеслі паражэнне па лінейна-вытворчай дыспетчарскай станцыі «Сталёвы конь» у Арлоўскай вобласці РФ», — гаворыцца ў паведамленні.
Адзначаецца, што ў выніку ўдара пачаўся магутны пажар.
«Лінейная вытворча-дыспетчарская станцыя «Сталёвы конь» з'яўляецца часткай расійскага вайскова-прамысловага комплексу, які забяспечвае пастаўкі нафтапрадуктаў для войска РФ», — адзначылі ў Генштабе.
Амерыканскія аналітыкі лічаць, што апошняя серыя ўдараў расійцаў па энергетыцы Украіны з’яўляецца часткай больш шырокай кампаніі, якая пераследуе дзве мэты.
У справаздачы амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW) паказваецца, што з пачатку поўнамаштабнага ўварвання ў асенне-зімовы перыяд акупанты неаднаразова атакавалі ўкраінскую інфраструктуру. Апошнія ўдары прыйшліся на 16-17 і 25-26 лістапада.
Учора Мінабароны РФ заявіла, што захопнікі нанеслі ўдар 12-13 снежня ў адказ на ўкраінскую атаку на Таганрог Растоўскай вобласці 11 снежня. Падчас гэтага былі выкарыстаныя прадастаўленыя саюзнікамі амерыканскія дальнабойныя ракеты ATACMS. Як адзначаюць аналітыкі ISW, расійцы, верагодна, і так планавалі правесці такі ўдар незалежна ад таго, што адбылося. Атаку 11 снежня яны проста выкарыстоўвалі, каб апраўдаць свае ўдары па ўкраінскай энергетыцы, якія працягваюцца ледзь не ўсю вайну.
У выніку эксперты прыйшлі да высновы, што расійскія паведамленні, імаверна, накіраваныя на дасягненне дзвюх мэтаў. Па-першае, вораг хоча змякчыць заклікі расійскай ультранацыяналістычнай супольнасці да адплаты за ўкраінскія ўдары па Расіі.
Па-другое, гэта павінна падтрымаць кампанію Крамля па рэфлексіўным кантролі. У прыватнасці, Масква ўжо даўно спрабуе прымусіць заходнія краіны прыняць рашэнне аб выкарыстанні Украінай заходняй зброі і будучых мірных перамоваў на карысьць Расіі.
Расія рыхтуе жаўнераў КНДР да непасрэднага ўдзелу ў баявых дзеяннях. Мяркуецца, што сілы Пхеньяна ўступяць у бой супраць УСУ на Курскім кірунку. Пра гэта паведамляе Галоўнае ўпраўленне выведкі Міністэрства абароны Украіны. Адзначаецца, што камандаванне падраздзяленняў КНДР ужо атрымала загад аб фактычным уступленні ў вайну.
«Накармілі-і ў штурм: салдат КНДР рыхтуюць да непасрэднага ўдзелу ў баявых дзеяннях. Камандаванне падраздзяленняў паўночнакарэйскай арміі на Расіі атрымала загад увайсці ва ўзаемадзеянне з сумежнымі расійскімі падраздзяленнямі, якія вядуць баявыя дзеянні ў Курскай вобласці», — адзначылі ў ГУВ.
Як прагназуе выведка, правадыры дзяржавы-агрэсара найбліжэйшым часам могуць прыцягнуць жаўнераў КНДР да вядзення штурмавых дзеянняў. На днях яны атрымалі дадатковыя запасы харчавання.
«13 снежня 2024 года падраздзяленні паўночнакарэйскай арміі прывялі ў стан гатоўнасці і загадалі чакаць далейшых указанняў. Частку асабістага складу войскаў КНДР утоена перакідваюць да лініі фронту грамадзянскімі грузавікамі, якія вонкава нагадваюць аўтамабілі дастаўкі вады», — дадалі ў ГУВ.
Міністр абароны Украіны Рустэм Умераў заявіў, што Кіеў дамаўляецца з еўрапейскімі краінамі аб падрыхтоўцы брыгад стратэгічнага рэзерву.
«Асобную ўвагу надалі падрыхтоўцы брыгад стратэгічнага рэзерву. З шэрагам еўрапейскіх краін ужо вядзем перамовы аб аснашчэнні і падрыхтоўцы нашых падраздзяленняў. Чакаем каардынацыйную ролю ЕС у паскарэнні гэтых дамоўленасцяў», — напісаў ён у Facebook пасля сустрэчы ў Кіеве з камісарам ЕС па пытаннях абароны і космасу Андрусам Кубілюсам.
Паводле слоў міністра, Украіна хоча забяспечыць вайскоўцаў усім неабходным для набліжэння справядлівага міра. У прыватнасці, Кіеў хоча, каб у наступным годзе супрацоўніцтва з кожным партнёрам стала яшчэ больш эфектыўным. Для гэтага пачаты аналіз падтрымкі, якую Украіна атрымлівала ў папярэднія гады.
Як дадаў Умераў, сярод кірункаў працы, у прыватнасці, выкарыстанне даходаў ад замарожаных расійскіх актываў для падтрымкі Украіны. Таксама хочуць пашырыць трэніровачную місію EUMAM для падрыхтоўкі ўкраінскіх вайскоўцаў і інвестыцыі ў ВПК Украіны для ўзмацнення вытворчасці.
Старшыня Савета рэзервістаў Сухапутных войскаў УСУ Іван Цімочка ўжо паведаміў, што ў наступным годзе ўсе мужчыны ва ўзросце ад 18 да 25 гадоў пройдуць базавую ваенную падрыхтоўку.
Камандуючы Сухапутных войскаў УСУ генерал-лейтэнант Аляксандр Паўлюк заявіў, што ў навучальных цэнтрах для мабілізаваных цяпер больш практычнай падрыхтоўкі і новых праграм з улікам тактыкі акупантаў на фронце.