20 нечаканых фактаў пра Эстонію
24 лютага Эстонія адзначае 100 гадоў абвяшчэння сваёй незалежнасці. Толькі ў 1920 годзе, пасля Вызвольнай вайны, Савецкая Расія прызнала Эстонію. Радыё Свабода прапануе некалькі малавядомых фактаў пра Эстонію.
30 сакавіка 1990 году Вярхоўны Савет Эстонскай ССР прыняў пастанову аб дзяржаўным статусе Эстоніі. Заявіўшы, што акупацыя Эстонскай Рэспублікі Савецкім Саюзам 17 чэрвеня 1940 года не перапыніла дэ-юрэ існавання Эстонскай Рэспублікі, Вярхоўны савет абвясціў дзяржаўную ўладу Эстонскай ССР незаконнай з моманту яе ўстанаўлення і абвясціў пачатак аднаўлення Эстонскай Рэспублікі.
Прапануем вашай увазе некалькі фактаў пра краіну, якая сёння святкуе стагоддзе сваёй незалежнасці.
1. Цяперашняя сталіца Эстоніі атрымала правы гораду у ХІІІ стагоддзі ад караля Даніі. З тае пары горад знаходзіўся пад уладай некалькіх дзяржаваў — Даніі, Швэцыі, Нямеччыны, Расійскай імпэрыі і СССР. Талін уключаны ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЭСКА.
2. Традыцыя спеўных святаў у Эстоніі бярэ пачатак з 1869 году. Агульнанацыянальныя спеўныя фэсты праводзяцца раз на пяць гадоў, у іх бяруць удзел тысячы людзей. Гэтыя святы занесеныя ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.
3. 11 верасня 1988 году на Спеўным полі Таліну ў ходзе музычнага фэсту сабраліся прыблізна 300 тысяч эстонцаў. Фэст стаў часткай барацьбы эстонцаў за аднаўленне незалежнасці, якая атрымала назву «спеўная рэвалюцыя».
4. Гімн Эстоніі напісаны на тую ж мелодыю, што і гімн Фінляндыі. Аўтар музыкі — Фрэдрык Пацыюс, фінскі кампазітар нямецкага паходжання. Гімн, прыняты ў 1920 годзе, быў забаронены ў савецкія часы. З 1991 году стаў ізноў дзяржаўным гімнам.
5. Эстонія — адна з найменш населеных краінаў Эўропы. Шчыльнасць насельніцтва ў краіне 28,4 чалавека на квадратны кіламетар. Толькі ў Фінляндыі, Швецыі, Нарвегіі і Расіі гэты паказчык яшчэ менш. У Беларусі — 46 чалавек на квадратны кіламетр, ва Украіне — 74 чалавекі, у Галандыі — 404 чалавекі.
6. У Эстоніі — найвышэйшая ў свеце доля жанчынаў сярод насельніцтва, на кожных 100 жанчынаў прыпадае 84 мужчыны, у Беларусі — 87.
7. Паводле дадзеных перапісу 2012 году сярод сталых жыхароў Эстоніі 69.7% склалі эстонцы, 25.2% — расейцы, 0.9% — беларусы.
8. Эстонія — адна з найменш рэлігійных краін у свеце. Згодна з апытаннем агенцтва Гэлапа ў 2015 годзе, толькі 16% рэспандэнтаў заявілі, што лічаць сябе рэлігійнымі людзьмі. У тым жа апытанні ў Беларусі рэлігійнымі назвалі сябе 34% апытаных, у Расіі −70, ва Украіне — 73%, у Саудаўскай Арабіі — 98%.
9. У склад Эстоніі ўваходзяць 2355 выспаў.
10. 52% тэрыторыі Эстоніі складаюць лясы (у Беларусі — 39.5%)
11. Насельніцтва Эстоніі складае 1,3 мільёна чалавек, аднак штогод у краіну прыяжджае больш за 2 мільёны турыстаў.
12. Доступ да інтэрнэту мае 86% насельніцтва (у Беларусі — 70%).
13. У 2005 годзе краіна першай ўвяла онлайн-галасаванне на выбарах. Усе падаткі можна выплачваць праз інтэрнэт, можна падпісваць дакументы з дапамогай ID-карткі.
14. У Эстоніі была створаная сістэма сувязі праз інтэрнэт Skype.
15. Паводле дадзеных Wall Street Journal у 2012 годзе Эстонія была абсалютным лідарам у Еўропе па колькасці стартапаў на душу насельніцтва.
16. У Таліне — бясплатны праезд на грамадскім транспарце для жыхароў сталіцы, дзейны пры прад’яўленне пасведчання з пазнакай аб месцы пражывання
17. У Таліне таксама знаходзіцца самая старая аптэка Еўропы. Аптэка на Ратушнай плошчы працуе з 1422 году.
18. Савецкая сімволіка ў Эстоніі забароненая заканадаўча нароўні з нацысцкай. Абодва гэтыя рэжымы прызнаныя злачыннымі.
19. Памер мінімальнага месячнага заробку ў Эстоніі ў 2017 годзе складаў 470 еўра, у Беларусі — 265 рублёў (112 еўра).
20. У Эстоніі плануецца выпуск «эсткойна» (па аналогіі з біткойнам) — дзяржаўнай крыптавалюты.
Юры Дракахруст, svaboda.org