314-ты дзень вайны. Стала вядома яшчэ пра адзін удар УСУ, ад якога загінулі сотні расійцаў
Галоўнай навінай з украінска-расійскага фронту 2 студзеня сталі звесткі пра магутны ўдар «Хімарса» па базе мабілізаваных у Макееўцы Данецкай вобласці, ад якога загінулі сотні вайскоўцаў. 3 студзеня Генштаб украінскай арміі паведаміў пра яшчэ адзін такі выпадак.
Сілы абароны Украіны нанеслі ўдар па праціўніку каля вёскі Чулакоўка Херсонскай вобласці, страты войска РФ склалі каля 500 чалавек параненымі і загінулымі, гаворыцца ў зводцы Генеральнага штаба УСУ.
«Пацверджана агнявое паражэнне падраздзяленнямі Сіл абароны Украіны 31 снежня жывой сілы і ваеннай тэхнікі праціўніка ў раёне населенага пункта Чулакоўка Херсонскай вобласці. Страты праціўніка склалі каля 500 вайскоўцаў параненымі і загінулымі», — паведамілі ў Генштабе.
У Генштабе таксама паведамілі, што 1 студзеня
падраздзяленнямі Сіл абароны ажыццёўлена агнявое паражэнне асабовага складу расійскіх
акупантаў у раёне населенага пункта Фёдараўка Херсонскай вобласці. Страты ўдакладняюцца.
Тым часам Мінабароны РФ спрабуе перакласці віну за знішчэнне цэлага «вучылішча» мабілізаваных у Макееўцы на мясцовых чыноўнікаў-калабарантаў, паведамляе Інстытут вывучэння вайны.
Паводле розных дадзеных, 31 снежня ў будынку
вучылішча ў Макееўцы загінула ад сотні да некалькіх сотняў новапрыбылых байцоў.
Удар HIMARS па месцы размяшчэння акупантаў выклікаў
велізарную незадаволенасць сярод расійскіх «ваенкараў», але яшчэ
большую крытыку выклікала рэакцыя на здарэнне міністэрства Шайгу.
У цяперашні час Масква спрабуе пазбегнуць адказнасці за
ліквідацыю столькіх сваіх салдат, пераклаўшы яе на данецкіх калабарантаў.
Як пішуць заходнія эксперты, у МА РФ былі ўпэўненыя, што ў дадзенай сітуацыі чыноўнікі ўскладуць усю віну на саміх мабілізаваных, а гэта, у сваю чаргу, дазволіць абвінаваціць само кіраўніцтва акупаванага Данецка. Аднак ад крытыкі міністэрству Шайгу ўцячы не ўдалося.
Сур'ёзныя ваенныя няўдачы будуць і надалей ускладняць
пуцінскія намаганні па заспакаенні расійскай праваеннай супольнасці і
захаванні дамінуючага наратыву ў інфармацыйным прасторы РФ, адзначае ISW.
«Няздольнасць Пуціна адказаць на крытыку і выправіць
недахопы расійскай вайсковай кампаніі можа падарваць давер да яго як да
практычнага вайсковага лідара», — адзначаецца ў справаздачы.
Таксама эксперты Інстытута вывучэння вайны ўпэўненыя, што масіраваныя ўдары па Украіне не прынясуць Пуціну жаданага эфекту сярод расійскага праваеннага грамадства. Адзначаецца, што ў расійскіх «блогераў» з гэтай нагоды ўсё больш незадаволенасці — яны патрабуюць удараў па вайсковай інфраструктуры.
Паводле звестак расійскіх прапагандыстаў, 31 снежня РФ нібыта нанесла ўдар крылатымі ракетамі па вайсковым аб'екце ў Хмяльніцкай вобласці, але ў Расіі гэта раскрытыкавалі як занадта запозненую аперацыю, бо ўкраінскіх вайскоўцаў напэўна на базе не было напярэдадні Новага года.
Гэта ўсё адбывалася на фоне бліскучай працы ўкраінскай СПА ў
навагоднюю ноч.
31 снежня расійская армія нанесла таксама некалькі хваляў ракетных удараў па розных гарадах Украіны. Расейскія ракеты трапілі ў грамадзянскія аб'екты ў Кіеве, Хмяльніцкім, Мікалаеве і Запарожжы. Значнага ўрону Украіне гэтыя ўдары не нанеслі.