367-мы дзень вайны. Больш за 650 ліквідаваных акупантаў, «кадыраўцы» ў заградатрадах

Пайшоў другі год вайны ва Украіне. Сабралі апошнія звесткі з франтоў.

Фота Генштаба Украіны

Фота Генштаба Украіны

Абаронцы Украіны за суткі ліквідавалі не менш за 650 акупантаў. Пра гэта паведаміў украінскі Генеральны штаб. Такім чынам, агульныя страты асабовага складу расійскіх захопнікаў, паводле ацэнак украінскага боку, склалі 147 470 чалавек.

Паводле інфармацыі Генштаба УСУ, баявыя страты расійцаў на гэты момант наступныя: асабістага складу —каля 147 470 (+650) чалавек, танкаў — 3375 (+12) адзінак, баявых браніраваных машын — 6609 (+9), артылерыйскіх сістэм — 2373 (+10), РСЗА — 475 (+1), сродкаў СПА — 247 (+0), самалётаў — 299 (+0), верталётаў — 288 (+1), БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 2035 (+2), крылатых ракет — 873 (+0), караблёў/катэраў — 18 (+0), аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 5235 (+11), спецыяльнай тэхнікі — 230 (+1).

За суткі, 24 лютага, украінскія воіны адбілі каля 70 нападаў праціўніка на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Шахцёрскім напрамках. Пры гэтым абаронцы Украіны знішчылі варожы верталёт Мі-24 і чатыры беспілотнікі.

У сваю чаргу расійскія акупанты нанеслі 27 авіяцыйных удараў і здзейснілі 75 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню. У выніку гэтых нападаў пацярпелі мірныя гарады, вёскі і грамадзянскія людзі.

У Генштабе Украіны папярэдзілі, што ўзровень пагрозы ракетных удараў ворага застаецца высокім па ўсёй тэрыторыі Украіны.

Фота Генштаба Украіны

Фота Генштаба Украіны

Напярэдадні ў вячэрняй зводцы ўкраінскі штаб паведаміў, што расійцы працягваюць канцэнтраваць намаганні на наступе на пяці напрамках і нарошчваюць колькасць асабістага складу. Захопнікі актыўна вядуць паветраную разведку для карэкціроўкі агню артылерыі.

Таксама адзначалася, што расійцы ствараюць на Бахмуцкім кірунку заградатрады з 200 «кадыраўцаў». Гэта робіцца, каб прадухіліць дэзерцірства мабілізаваных.

У Чачэнскай Рэспубліцы тым часам працягваецца прымусовая мабілізацыя.

«Для папярэджання магчымага дэзерцірства мабілізаваных з фронту або сабатажу 23 лютага гэтага года на Бахмуцкі кірунак былі дадаткова накіраваныя да 200 паліцэйскіх з палка спецыяльнага прызначэння "Ахмат"», — гаворыцца ў паведамленні.