778-мы дзень вайны: Чорны дзень украінскай энергетыкі

Войскі РФ атакавалі аб'екты энергетычнай інфраструктуры ў Харкаўскай, Запарожскай, Львоўскай і Кіеўскай абласцях. Трыпальская ТЭС — самая магутная электрастанцыя ў Кіеўскай вобласці — цалкам разбураная ў выніку расійскага ўдару. Супрацьпаветраная абарона ўначы знішчыла 57 цэляў — 18 ракет і 39 ударных БПЛА.

Трыпальская ТЭС у Кіеўскай вобласці цалкам разбурана. Фота Wikipedia

Трыпальская ТЭС у Кіеўскай вобласці цалкам разбурана. Фота Wikipedia

Войскі РФ атакавалі аб'екты энергетычнай інфраструктуры ў Харкаўскай, Запарожскай, Львоўскай і Кіеўскай абласцях

Расійскія войскі ў ноч на 11 красавіка атакавалі энергетычную інфраструктуру ў Харкаўскай, Запарожскай, Львоўскай і Кіеўскай абласцях, паведаміў міністр энергетыкі Украіны Герман Галушчанка ў сваім фэйсбуку. Энергетыкі ўжо распачалі ліквідацыю наступстваў атакі, заявіў ён, хоць і не ўдакладніў падрабязнасці.

«Укрэнерга» паведаміла, што ў выніку атакі пашкоджаныя электрападстанцыі і аб'екты генерацыі ў пералічаных рэгіёнах і ў Адэскай вобласці. У Харкаўскай вобласці абмежаваная падача электраэнергіі, у іншых рэгіёнах да гэтага звяртацца не прыйшлося. Паводле намесніка кіраўніка офіса прэзідэнта Украіны Аляксея Кулебы, у Харкаве і Харкаўскай вобласці з-за атакі без электразабеспячэння засталіся каля 200 тысяч абанентаў.

Камандаванне паветраных сіл УСУ ў ноч на 11 красавіка папярэджвала аб некалькіх запусках расійскіх ракет па тэрыторыі Украіны, а таксама аб атацы дронаў.

Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы паведаміў, што для начной атакі войскі РФ выкарыстоўвалі 40 беспілотнікаў-камікадзэ тыпу «Шахед», 37 з іх удалося збіць, аднак падкрэсліў, што інфармацыя ўдакладняецца. У зводцы Генштаба УСУ таксама гаворыцца, што за мінулыя суткі войскі РФ запусцілі па тэрыторыі Украіны восем ракет і нанеслі 93 удары з паветра.

Камандуючы паветранымі сіламі УСУ Мікалай Аляшчук таксама паведаміў аб 40 дронах, якія атакавалі Украіну, аднак, па яго падліках, войскі РФ выпусцілі агулам 42 ракеты розных тыпаў, уключаючы Х-101/Х-555 паветранага базавання і «Кінжалы». Аляшчук таксама піша аб абстрэле з комплексаў С-300. Прычым, паводле прадстаўнікоў уладаў Харкаўскай вобласці, якіх цытуе «Суспильне», менавіта з іх быў нанесены ўдар па адміністрацыйным цэнтры рэгіёну. Збіць, са слоў Аляшчука, удалося 18 ракет.

Нагадаем, расійскія войскі апошнія некалькі тыдняў павялічылі інтэнсіўнасць удараў па энергетычнай інфраструктуры Украіны. У прыватнасці, амаль штодня войскі РФ запускаюць дроны і ракеты па такіх аб'ектах у Харкаўскай вобласці. Яшчэ 1 красавіка кіраўнік Харкава Ігар Церахаў казаў, што ў горадзе разбурана практычна ўся энергетычная інфраструктура.

Маштабы разбурэнняў на Трыпальскай ТЭС — жахлівыя

Пасля расійскай атакі здарыўся пажар на Трыпальскай ТЭС. Мэр Украінкі — горада, які знаходзіцца паблізу станцыі, — заклікаў жыхароў шчыльна зачыніць вокны, каб не дыхаць шкоднымі прадуктамі гарэння. Ён параіў зарадзіць усе прылады і зрабіць запасы вады. 

Пазней стала вядома, што расіяне цалкам разбурылі Трыпальскую ТЭС, якая з'яўлялася найбуйнейшым пастаўшчыком электраэнергіі ў Кіеўскую, Чаркаскую і Жытомірскую вобласці.

Разбурэнні на Трыпальскай ТЭС нельга ацаніць грашыма, адзначылі ў кампаніі Цэнтрэнерга.

Дзяржаўная кампанія Цэнтрэнерга пазбавілася ўсіх генерыруючых магутнасцяў пасля чарговай масіраванай атакі расійскіх войскаў. Пра гэта кампанія паведаміла ў Facebook у чацвер, 11 красавіка, і назвала гэты дзень чорным у гісторыі Цэнтрэнэрга.

«У выніку сённяшняй масіраванай атакі знішчаная ўся наша генерацыя. Войскі РФ цалкам разбурылі Трыпальскую ТЭС на Кіеўшчыне. Добра, што ўсе нашы, хто быў падчас абстрэлаў на змене, — жывыя. Але нам вельмі балюча», — гаворыцца ў паведамленні.

У кампаніі пацвердзілі, што ў выніку траплянняў адбыўся маштабны пажар у турбінным цэху. Зараз на прадпрыемстве вядуцца работы па лакалізацыі агню.

«Маштабы разбурэнняў — жудасныя. Грашыма гэта не ацаніць. Гэта для нас самы вялікі выклік за ўсю гісторыю прадпрыемства. Але я перакананы — мы з ім справімся», — заявіў старшыня назіральнага савета Цэнтрэнэрга Андрэй Гота.

У кампаніі нагадалі, што 22 сакавіка была цалкам знішчаная Зміеўская ТЭС, у Харкаўскай вобласці, а 25 ліпеня 2022 года войскі РФ акупавалі Вуглягорскую ТЭС у Данецкай вобласці.

«На сённяшні дзень Цэнтрэнэрга страціла 100 адсоткаў генерацыі», — рэзюмавалі ў кампаніі.

Глядзіце таксама

Навіны вайны

  • Расіяне нанеслі ўдар па Мікалаеву. Спачатку з’явілася інфармацыя пра тое, што два чалавекі загінулі, чацвёра пацярпелі. Удзень стала вядома, што ў Мікалаеве колькасць загінулых узрасла да чатырох, пяць чалавек пацярпелі, паведаміў кіраўнік АВА Віталь Кім.
  • Колькасць загінулых у выніку ўчорашняй расійскай атакі па Адэскай вобласці павялічылася да пяці — у шпіталі памёр адзін з 14 параненых, паведаміла пракуратура.
  • Мабілізацыя без дэмабілізацыі

Вярхоўная Рада Украіны прыняла ў другім чытанні законапраект аб мабілізацыі. Дакумент быў прыняты без нормы аб дэмабілізацыі. Арыенціровачна, ён уступіць у сілу ў сярэдзіне траўня. 


Глядзіце таксама

  • Зяленскі з візітам у Літве

Зяленскі паведаміў, што прыбыў у Літву для ўдзелу ў саміце Трымор'я і для перамоваў з кіраўнікамі дзяржаў-партнёраў. Запланавана падпісанне новага двухбаковага пагаднення аб бяспецы. 

«Галоўнае цяпер — зрабіць усё для ўмацавання нашай СПА, забеспячэння неадкладных патрэбаў Сіл абароны Украіны, а таксама кансалідацыі міжнароднай падтрымкі, каб мы маглі пераадолець расійскі тэрор», — падкрэсліў прэзідэнт Украіны

Літва перадасць Украіне абсталяванне з цяпер не дзейнай Віленскай ЦЭЦ, а таксама частку абсталявання з Ігналінскай АЭС і складоў энергетычных кампаній для аднаўлення пашкоджанай расійскімі абстрэламі інфраструктуры, паведаміў міністр энергетыкі Дайнюс Крэйвіс. Ва Украіну таксама будзе адпраўлены вялікі трансфарматар.

  • Украіна і Латвія падпісалі двухбаковае пагадненне ў сферы бяспекі

Пра гэта паведаміў Зяленскі. Згодна з ім, Латвія будзе прадастаўляць Украіне ваенную дапамогу ў памеры 0, 25% ВУП штогод. Акрамя таго, Латвія бярэ на сябе дзесяцігадовае абавязацельства па падтрымцы Украіны ў кіберабароне, размініраванні, беспілотных тэхналогіях і безумоўна спрыяе ўступлення ў ЕС і NATO.

  • Колькасць расійскіх войскаў ва Украіне з пачатку поўнамаштабнай вайны вырасла на 15%

Пра гэта заявіў вярхоўны галоўнакамандуючы аб'яднанымі сіламі NATO ў Еўропе Крыстафер Кавалі. Паводле яго слоў, толькі за апошні год РФ павялічыла колькасць сваіх войскаў на перадавой з 360 да 470 тысяч. На думку Кавалі, гэта звязана з павышэннем Расіяй прызыўнога ўзросту з 27 да 30 гадоў. Такім чынам, са слоў генерала, РФ зможа павялічыць «колькасць даступных вайсковых прызыўнікоў на 2 мільёны ў найбліжэйшыя гады».

spa_11_04_2024.jpg
  • Зяленскі паведаміў, што падчас начной атакі Расія ўжыла больш за 40 ракет і блізу 40 ударных дронаў. «Частку ракет і «Шахедаў» удалося збіць. На жаль, толькі частку», — дадаў прэзідэнт Украіны. У Генштабе УСУ паведамілі, што 37 з 40 БПЛА былі знішчаныя.
  • Міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба паведаміў The Washington Post, што Украіна знайшла больш за 100 даступных сістэм Patriot і спадзяецца як мага хутчэй атрымаць сем. Краінам нават прапанавалі пазычыць Patriot і вярнуць батарэі, як толькі гэта спатрэбіцца.
straty_rf_11_04_2024.jpg
  • Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 11 красавіка: асабовага складу — каля 450 890 (+810 за мінулыя суткі) чалавек, танкаў 7137 — (+5), баявых браніраваных машын — 13 679 (+12), артылерыйскіх сістэм — 11 452 (+48), БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню  — 9104 (+34), крылатых ракет — 2069 (+2), аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў  — 15 298 (+50), спецыяльнай тэхнікі — 1882 (+6).
  • За мінулыя суткі на фронце адбылося 55 баявых сутыкненняў, паведаміў Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы. У прыватнасці, 23 атакі адбітыя на Бахмуцкім кірунку — у раёнах населеных пунктаў Белагораўка Луганскай вобласці, а таксама Раздолаўка, Часаў Яр, Кляшчэеўка Данецкай вобласці. Акрамя таго, РФ 16 разоў спрабавала прарваць абарону ўкраінскіх войскаў на Новапаўлаўскім кірунку — у раёнах Краснагораўкі, Георгіеўкі, Наваміхайлаўкі Данецкай вобласці.
  • На Купянскім кірунку РФ наступальных дзеянняў не вяла. На Ліманскім кірунку УСУ адбілі тры атакі ў раёне Тэрнаў Данецкай вобласці; на Аўдзееўскім — шэсць атак у раёнах Кераміка, Бердычаў, Уманскага, Нетайлава і Першамайскага Данецкай вобласці; на Арэхаўскім — адну атаку ў раёне Старамаёрскага Данецкай вобласці; на Херсонскім  — шэсць атак на левабярэжжы Дняпра.