Вялізны парасон, што абараняе ад дажджу з расійскіх ракет. Літва — 20 гадоў у NATO (Фота)
Яшчэ тры гады таму мала хто верыў у магчымасць вялікай вайны ў цэнтры Еўропы. Сёння ў кожнай краіне, набліжанай да Расіі, не застаецца сумневаў, што NATO — адзіная гарантыя недатыкальнасці, спакойнага жыцця дзяцей, грамадзян і вайскоўцаў, мірных гарадоў без блокпастоў ды варонак ад авіябомб.

Роўна 20 гадоў таму, 29 сакавіка 2004 года, знішчальнікі F-16 Каралеўскіх ВПС Бельгіі прызямліліся ў літоўскім Шаўляі, прыступіўшы да выканання місіі паветранай паліцыі NATO. У той дзень Літва стала паўнапраўным членам Паўночнаатлантычнага альянсу.
Праз месяц, 1 траўня, на літоўскіх пашпартах з’явіўся надпіс «Еўрасаюз».
Членства ў NATO і ЕС карэнным чынам змяніла гістарычныя і геапалітычныя ўмовы, якія вызначалі лёс Літвы — гэта бяспечнае і мірнае жыццё напрацягу 33 гадоў незалежнасці. Так, з «завочнымі арыштамі» літоўскіх палітыкаў расійскімі судамі, пагрозамі «зайсці пасля Украіны», гумарыстычнымі карцінкамі «Топаль-М па Літве». Але ўсё гэта толькі словы тэрарыстаў — яны не раняць так, як раняць ракеты.
Сёння ўсе 32 члены NATO зацікаўленыя ў эканамічнай стабільнасці і геапалітычнай бяспецы краін Балтыі, бо ў першую чаргу гэта бяспека ўсяго Альянсу.

Інсталяцыя #MesNATO20 у выглядзе герба «Віціс»
Сённяшні дзень — выдатная магчымасць азірнуцца назад і ацаніць важнасць Паўночнаатлантычнага блоку.
«20-я ўгодкі ў NATO мы адзначаем у цяжкі, у складаны час. Вайна расійскай агрэсіі супраць Украіны нам нагадвае, што мір у Еўропе не з'яўляецца сама сабой зразумелай з'явай. Сёння ў нас не было б падставы для ўрачыстасці, калі б не дальназоркія рашэнні, прынятыя ў пачатку перыяду незалежнасці», — сказаў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа ва ўрачыстай прамове да гадавіны ўступлення ў Альянс.
Наўседа дадаў, што, нягледзячы на будзь-якія заявы расійцаў ды ІПСА, сёння краіны Балтыі як ніколі знаходзяцца ў бяспецы. Штогод на тэрыторыі адной толькі Літвы ў вучэннях бяруць удзел тысячы замежных жаўнераў, а цяпер краіна рыхтуецца прыняць новую нямецкую брыгаду.
Ля прэзідэнцкага палаца выстаўлена некалькі ўзораў ваеннай тэхнікі: тут вайскоўцы з Літвы, Нідэрландаў, Бельгіі, Германіі ды іншых краін дэманструюць рознае абсталяванне тым, хто метанакіравана прыйшоў на мерапрыемства ці наўпрост праходзіў міма. Побач сабраліся вайскоўцы літоўскай арміі, NATO, ветэраны.
Вайсковая тэхніка NATO ля прэзідэнцкага палаца ў Вільні
«Украіна ніколі не забудзе, як дапамагала Літва. Калі б усе так дапамагалі, вайна б даўно скончылася», — кажа кульгаючы спадар. Верагодна, гэта паранены ўкраінскі жаўнер.
Завяршэнне цырымоніі прайшло ў небе — як і 20 гадоў таму над цэнтрам Вільні праляцелі два знішчальнікі паветранай паліцыі NATO. Адбылося гэта з такой хуткасцю, што мы нават не паспелі ўключыць камеру. Вельмі ўражвае!

Знішчальнікі ў небе над Вільняй. Фота: ELTA / DAINIUS LABUTIS
Напрыканцы заглянем у Reformatų skveras, дзе знаходзіцца вельмі актуальны мурал, што адлюстроўвае ўсю сутнасць сіл Паўночнаатлантычнага блоку ў Літве ды іншых патэнцыйных краінах-ахвярах расійскай «дэнацыфікацыі».
Вялізны парасон з эмблемай NATO закрывае сабою гараджан, якія танчаць, фатаграфуюць, выгульваюць сабачак, катаюцца на ровары пад мірным небам.
Мурал, прысвечаны абароне Літвы NATO