972-гі дзень вайны. У Сумах расійскія беспілотнікі трапілі ў жылыя дамы. Тры чалавекі загінулі
Паўднёвая Карэя прыгразіла мерамі ў адказ на ўцягванне КНДР у вайну ва Украіне. Распавядаем пра галоўныя падзеі чарговага дня поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны.
У Сумах расійскія беспілотнікі трапілі ў жылыя дамы прыватнага сектара, загінулі тры чалавекі, у тым ліку дзіця
Пра гэта паведамілі ў абласной ваеннай адміністрацыі.
Па дадзеных «Суспільне Сумі», загінулі 14-гадовая дзяўчынка і яе маці. Мясцовыя жыхары расказалі, што бацька дзяўчынкі ў гэты час выйшаў на двор і застаўся жывы.
Трэцяя загінулая — яго сястра.
У Тульскай вобласці пры атацы беспілотнікаў былі пашкоджаныя памяшканні трох спіртзаводаў
Губернатар Тульскай вобласці пацвердзіў паведамленні аб выбухах у горадзе Яфрэмаў, якія распаўсюдзіліся гэтай ноччу і заявіў, што пры адбіцці атак ўкраінскіх беспілотнікаў у вобласці пацярпелі два спіртзаводы, у тым ліку ў Яфрэмаве.
Пазней стала вядома пра пашкоджанне трэцяга спіртзаводу за ноч — завод «Біяхім» у Тамбоўскай вобласці.
Да таго ж раніцай аўторка зачыніўся Аэрапорт Ніжняга Ноўгарада — меркавана праз пагрозу налёту ўкраінскіх беспілотнікаў.
Агулам, па паведамленні Мінабароны РФ, цягам ночы над расійскімі рэгіёнамі былі збітыя 18 украінскіх беспілотнікаў.
Паўднёвая Карэя прыгразіла мерамі ў адказ на ўцягванне КНДР у вайну ва Украіне
Сеул паабяцаў увесці "паэтапныя меры" супраць КНДР і Расіі ў адказ на ўмацаванне ваеннага супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі, перадае Бі-бі-сі са спасылкай на паўднёвакарэйскае агенцтва Yonhap.
Сярод магчымых мер у адказ — пастаўкі зброі Украіне. «Любая зброя, прызначаная як для абароны, так і для нападу, можа быць скарыстана для забойства. Мы можам разгледзець адпраўку зброі для абароны, ці нават для нападу, калі сітуацыя зойдзе занадта далёка», — прыводзіць The Korean Herald словы намесніка дырэктара па нацыянальнай бяспецы Кім Тэ-Хё.
"Наш урад патрабуе неадкладнага вываду паўночнакарэйскіх войскаў, і калі цяперашняя ваенная змова паміж Паўночнай Карэяй і Расіі будзе працягвацца, мы не будзем бяздзейнічаць і жорстка адкажам разам з міжнароднай супольнасцю", — дадаў чыноўнік (цытата паводле Reuters).
Гэтыя заявы былі зробленыя па выніках нарады прэзідэнцкай Рады па нацыянальнай бяспецы. Нарада рушыла ўслед за паведамленнямі паўднёвакарэйскай разведкі аб тым, што Пхеньян вырашыў накіраваць каля 12 тыс. вайскоўцаў на дапамогу Расіі, з якіх паўтары тысячы ўжо знаходзяцца на расійскіх палігонах на Далёкім Усходзе.
Украіна і Францыя падпісалі грантавае пагадненне на 200 млн еўра
Міністарка эканомікі Украіны Юлія Свірыдзенка і пасол Францыі ва Украіне Гаэль Вейсьер падпісалі грантавае пагадненне аб садзейнічанні аднаўленні і падтрымцы крытычнай інфраструктуры і прыярытэтных сектараў эканомікі Украіны на 200 млн еўра.
Ключавыя сектары, якія атрымаюць фінансаванне — ахова здароўя, энергетыка, водазабеспячэнне і водаадвод, размініраванне, лічбавыя тэхналогіі, інфраструктура, сельская гаспадарка, перапрацоўка адходаў і жыллёвае будаўніцтва.
У Данецкай вобласці ў выніку расійскага ўдару загінулі двое дзяцей і жанчына
Па дадзеных Данецкай абласной пракуратуры, у панядзелак увечары расійскае войска атакавала двума беспілотнікамі сяло Новаўкраінка Пакроўскага раёна Данецкай вобласці. 14-гадовая дзяўчынка загінула, 29-гадовая жанчына атрымала пералом нагі і апёкі цела.
Каля паўночы аўторка, па паведамленні Данецкай пракуратуры, на сяло Бурштынавае Курахаўскай гарадской абшчыны была скінутая авіябомба.
У выніку выбуху ў адным з дамоў загінулі 64-гадовая жыхарка і хлопчык 11 год. Таксама атрымаў раненні 68-гадовы мужчына.
У населеных пунктах агнём і выбуховай хваляй пашкоджаныя жылыя дамы, гаспадарчыя пабудовы, паведамляе Данецкая пракуратура.
У выніку расійскай агрэсіі ва Украіне з пачатку вайны загінула 581 дзіця — офіс Генпракурора Украіны
З моманту поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіне загінула 581 дзіця, паведаміў офіс Генеральнага пракурора Украіны.
Агулам ва Украіне ў выніку ўзброенай агрэсіі Расіі пацярпелі больш за 2230 дзяцей.
Больш за ўсё дзяцей пацярпела ў Данецкай вобласці — 595, Харкаўскай — 453, Днепрапятроўскай — 178, Херсонскай —180, Кіеўскай —133 і Запарожскай — 145.