Французы — вынаходнікі «ўладнай вертыкалі»

Пятай канстытуцыі Францыі — бабулі ўсіх канстытуцый так званых «моцных прэзідэнцкіх рэспублік», у тым ліку Беларусі, — у кастрычніку споўнілася 60 гадоў. У параўнанні з 50-й гадавінай публікацый на гэтую тэму ў французскай прэсе сёння нашмат больш, чым было дзесяць гадоў таму.

Фота www.economiepolitique.org

Фота www.economiepolitique.org

 Растлумачыць гэта можна актуальнасцю. Імкліва губляе давер Эмануэль Макрон, які прыйшоў ва ўладу ў статусе амаль месіі, здольнага вывесці краіну з доўгага крызісу. Тыя ж ілюзіі мелі калісьці французы на адрас Сарказі. Як бачым, асабістыя якасці палітыкаў не вельмі дапамагаюць. Таму цяпер стала папулярна шукаць прычыны ў хібах усёй французскай сістэмы, пастулаты якой прапісаныя ў Канстытуцыі 1958 года.

Да канстытуцыйнай рэформы 1958-га Францыя была парламенцкай рэспублікай, дзе асноўная роля прэзідэнта палягала ў тым, каб не дапусціць парушэння асноў канстытуцыі з боку старшыні ўраду. Той, у сваю чаргу, залежаў ад складанай канфігурацыі палітсілаў у парламенце. Каб сфармаваць кабінет, даводзілася ствараць шырокія і нестабільныя кааліцыі. Міністэрскія крызісы пры Чацвёртай рэспубліцы сталі нормай. За 12 гадоў існавання Чацвёртай рэспублікі змянілася 12 прэм’ер-міністраў і 22 склады ўраду, якія знаходзіліся ва ўладзе ў сярэднім 6 месяцаў.

Аднак галоўным каталізатарам зменаў стала вайна ў Алжыры і спроба вайсковага перавароту ўвесну 1958-га. Каб супакоіць грамадства, давялося выклікаць з пенсіі Шарля дэ Голя, які меў абсалютны аўтарытэт. Аднак генерал пагадзіўся ўзначаліць адміністрацыю выключна на ўмовах «мадыфікацыі Канстытуцыі». Да заканчэння «мадыфікацыі» ён жадаў кіраваць кранай наўпроставымі пастановамі. У палітычна таксічнай атмасферы парламент пагадзіўся на ўсе капрызы генерала, хаця гэта і супярэчыла існуючым законам.

Нельга не здзіўляцца рашучасці і аператыўнасці дэ Голя, які з групай экспертаў усяго за чатыры месяцы здолеў стварыць новую рэдакцыю асноўнага закона, правесці яго на рэферэндуме 28 верасня, каб, адпаведна, увесці ў сілу ўжо 4 кастрычніка. Прыроду новай канстытуцыі сфармуляваў адзін з французскіх прэм’ераў: «Кіраўнік ураду — памочнік, а прэзідэнт — патрон».

У новага праекта яшчэ на момант прыняцця з’явілася шмат крытыкаў. Найбольш агрэсіўна ставіліся да перадзелу ўлады на карысць прэзідэнта камуністы, якія мелі тады адносную большасць у парламенце. Яны лічылі, што Францыя з новай Канстытуцыяй фактычна вяртаецца ў часы банапартызму. На думку апанентаў галістаў, новы закон быў напісаны пад ціскам палітычнай кан’юнктуры, і ў дадатак пад канкрэтную асобу.

У чымсьці крытыкі мелі рацыю. Пасля палітычнай стабілізацыі і сыходу дэ Голя з Елісейскага палацу грамадскасць пачала больш асцярожна ставіцца да інстытуту прэзідэнта-патрона. У выніку прыкладна з 1980-х гадоў замацавалася практыка, калі на парламенцкіх выбарах французы галасавалі супраць прэзідэнцкай партыі. У выніку паўставаў феномен «cohabitation» — суіснаванне прэзідэнта і Кабміну, якія належалі да розных партый. Баланс улады фактычна блакаваў спробы рэформаў.

З улікам трэндаў у соцыуме канстытуцыю 1958 года пару разоў карэктавалі. Пры Шыраку прэзідэнта вырашылі абіраць на пяць, а не на сем гадоў. У часы Сарказі ў тэкст французскай канстытуцыі былі ўнесеныя важныя папраўкі ў накірунку пашырэння аўтаноміі парламента. Аднак, гледзячы па цяперашніх дэбатах, грамадства касметычны рамонт ужо не задавальняе. У асноўным французы выступаюць за пашырэнне дэмакратыі за кошт паўнамоцтваў прэзідэнта, якому прапануюць задаволіцца сектарамі бяспекі і замежнай палітыкі.

Пакуль на радзіме Пятай рэспублікі выступаюць за рэвізію яе догмаў, за мяжой сітуацыя трошкі іншая. Як вядома, у свой час асноўныя прынцыпы канстытуцыі Пятай рэспублікі з рознымі лакальнымі варыяцыямі імпартавалі ў сваё дзяржаўнае заканадаўства амаль усе былыя французскія калоніі. А ў 1990-я гады чарга дайшла да постсавецкай прасторы.

Піянерам тут выступіў Барыс Ельцын у 1993 годзе. Увогуле, сам антураж прыняцця расійскай канстытуцыі выклікае дэжа-вю. Як і ў Францыі, да прыняцця канстытуцыі фактычна быў канстытуцыйны пераварот. Калі Шарль дэ Голь шантажаваў парламент, патрабуючы абсалютнай улады, то Ельцын ліквідаваў заканадаўчы орган падчас кастрычніцкіх падзей 1993-га. І там, і там меў месца вайсковы фактар. Істотную ролю адыгралі асобы і ўласцівыя ім асабістыя забабоны. Праўда, Барыс Мікалаевіч пайшоў далей за генерала. У расійскай версіі прэзідэнцкай рэспублікі парламент — увогуле дэкарацыя.

Пасля Ельцына мадэль моцнага прэзідэнта стала найбольш папулярнай сярод краін экс-­СССР. Напоўніцу з такой з’явай не сутыкаліся хіба што Малдова і Украіна. Згаданыя краіны плюс Арменія і Грузія сёння з’яўляюцца парламенцкімі або парламенцка-прэзідэнцкімі рэспублікамі. Аднак іх прававую мутацыю выключаць нельга. Прынамсі, ва Украіне выхадам з цяперашняга крызісу шмат хто лічыць аўтарытарны шлях. Напрыклад, адзін з фаварытаў прэзідэнцкіх выбараў Анатоль Грыцэнка абяцае ў выпадку перамогі стаць украінскім Піначэтам. Іншы папулярны палітык, Алег Ляшко, увогуле за пераход на амерыканскую мадэль, паводле якой прэзідэнт адначасова выконвае функцыі прэм’ера.

Так што справа Шарля дэ Голя жыве і перамагае.