Алімпіяды і скандалы

Звычайна, алімпіяды — гэта яшчэ і гучныя скандалы, якія, як правіла, звязаныя з допінгам або карупцыяй. Аднак у гісторыі алімпійскага руху хапала скандалаў і на іншай глебе. Вось далёка не поўны спіс.



2d579dc29360d8bbfbb4aa541de5afa9.jpg

Звычайна, алімпіяды — гэта яшчэ і гучныя скандалы, якія, як правіла, звязаныя з допінгам або карупцыяй. Аднак у гісторыі алімпійскага руху хапала скандалаў і на іншай глебе. Вось далёка не поўны спіс.
1912 год, Стакгольм. Амерыканскі атлет Джым Торп быў пазбаўлены залатога медаля за тое, што, як стала вядома, гуляў у прафесійнай лізе. У знак салідарнасці з Джымам срэбраны прызёр адмовіўся ад медаля. Гісторыя з медалямі на гэтым не закончылася: у 1983 годзе Міжнародны алімпійскі камітэт усё ж такі вырашыў аддаць Джыму ягоны медаль. Праўда, сам спартсмен памёр за тры гады да гэтага. Медаль аддалі ягоным дзецям.
1932 год, Лос-Анжэлес. Шведская дэлегацыя даведалася, што Пааво Нурмі, фінскі бягун, які 9 разоў перамагаў на алімпіядах, займаецца прафесійным спортам. Шведы паспяшаліся падзяліцца навіной з арганізатарамі алімпіяды, і тыя забаранілі Пааво бегчы марафон. Інцыдэнт меў наступствы. Аж да 1939 года фіны адмаўляліся праводзіць традыцыйнае штогадовае шведска-фінскае атлетычнае спаборніцтва.
1936 год, Берлін. У барацьбе за медалі сярод веласіпедыстаў у фінале немец Тоні Меркенс збіў галандскага веласіпедыста і прыйшоў першым. Нягледзячы на скандал, Тоні пазбег дыскваліфікацыі. Больш таго, нямецкія ўлады за тую перамогу ўзнагародзілі яго ста рэйхсмаркамі.
1956 год, Мельбурн. Матч па воднаму пола паміж камандамі СССР і Венгрыі ўвайшоў у гісторыю як матч на крыві. Гульня адбывалася літаральна пасля падаўлення СССР Венгерскай рэвалюцыі. Венгерская зборная, якая трэніравалася пад Будапештам, была вывезена ў Чэхаславакію, а адтуль — у Аўстралію. Толькі там венгры даведаліся пра па­дзеі на радзіме. Яны вырашылі адпомсціць акупантам у спорце. Напярэдадні нават вывучылі брудныя фразы па-руску, каб раздражніць праціўнікаў. Па ходу гульні ўвесь час адбываліся сутычкі. Самая буйная мела месца амаль перад фінальным свістком. Савецкі спартсмен так моцна ўдарыў венгра, што ў яго пацякла кроў. Выгляд таго венгра выклікаў эмацыйны выбух сярод балельшчыкаў, якія і так былі настроеныя антысавецкі. Фанаты Венгрыі пачалі скакаць у ваду і біць савецкіх спартсменаў. За імі была вымушана скакаць паліцыя. Сам матч скончыўся перамогай венграў 4–0. Як толькі алімпіяда завяршылася, палова з тых венгерскіх спартсменаў папрасіла палітычнага прытулку.
1968 год, Мехіка. Амерыканскія чарнаскурыя атлеты Томі Сміт і Джон Карлас падчас уручэння ім медалёў працягнулі руку наперад. Гэты жэст быў вядомы ў ЗША як салют «Black Power». Так салютавалі адзін аднаму актывісты антыўрадавага левацкага руху «Чорныя пантэры».
1972 год, Мюнхен. Усе ведаюць пра трагічныя падзеі мюнхенскай алімпіяды, калі група арабскіх тэрарыстаў захапіла ізраільскіх атлетаў. 11 з іх у выніку былі забітыя. Другім самым вялікім скандалам Мюнхена стаў баскетбольны матч ЗША — СССР. З-за таго, што гадзіннік, які фіксаваў час, напрыканцы чамусьці прыпыніўся, было вырашана перайграць апошнія пару секунд гульні. На гэты час амерыканцы вялі 50–49. За апошнія пару секунд савецкі баскетбаліст змог закінуць мяч у кошык. Так СССР стаў чэмпіёнам. Амерыканскія спартсмены ў сваю чаргу адмовіліся ад срэбраных медалёў. Дасюль баскетбольная федэрацыя ЗША лічыць, што ў 1972 годзе менавіта іх спартсмены сталі алімпійскімі чэмпіёнамі.
1972 год, Сапара. Аўстрыйскі лыжнік Карл Шранц быў дыскваліфікаваны за тое, што, быццам, зарабляў грошы як прафесійны спартсмен, рэкламуючы кампанію Kneissl. Доказам пры гэтым было асабістае сяброўства лыжніка з дырэктарам кампаніі і здымак, на якім ён гуляе ў футбол у майцы з надпісам Kneissl. Абураны спартсмен заявіў, што стаў ахвярай дыскрымінацыі, і дазволіў сабе крытыку на адрас тагачаснага дырэктара МАК. Выпадак прымусіў МАК пераглядзець крытэрыі спонсарства, а дырэктар МАК сышоў у адстаўку.
1976 год, Манрэаль. Пратэстуючы супраць туру зборнай Новай Зеландыі па Паўднёвай Афрыцы (там панаваў апартэід), 22 афрыканскія краіны патрабавалі ад МАК забараніць удзел дэлегацыі Новай Зеландыі ў Алімпіядзе. МАК адмовіўся. Тады афрыканцы абвясцілі Гульням байкот.
1980 год, Масква. Акрамя байкоту Гульняў шэрагам заходніх краінаў, Алімпіяда запомнілася ўчынкам польскага скакуна з шастом Уладзіслава Казакевіча. У фінале яму супрацьстаяў савецкі спартсмен, якога горача падтрымлівалі ўсе Лужнікі. Казакевіч пасля таго, як пераскочыў планку (гэта быў пераможны скачок), у прыліве эмоцый пасля прызямлення паказаў непрыстойны знак балельшчыкам. Савецкая дэлегацыя патрабавала адабраць у паляка медаль, аднак у выніку Казакевічу яго пакінулі. Дарэчы, гэты жэст Казакевіча ўвайшоў у спіс самых вядомых жэстаў, якія рабілі палякі ў гісторыі.
2004 год, Афіны. Мелі месца 27 выпадкаў, калі спартсмены былі злоўленыя на ўжыванні допінгу. Пакуль гэта рэкорд у гісторыі алімпійскага руху. Запомніўся таксама кур’ёзны выпадак у валейбалістаў. Падчас валейбольнага матчу ЗША — Грэцыя з трыбуны пачуўся чыйсьці свіст. Грэкі вырашылі, што суддзя прыпыніў гульню, і спыніліся на пляцоўцы. Карыстаючыся гэтым, амерыканцы, што працягвалі гуляць, узялі ачко, якое ў выніку зрабіла іх пераможцамі. Грэкі спрабавалі апратэставаць матч, аднак дарэмна.
2008 год, Пекін. Скандалы пачаліся задоўга да Гульняў. Так, іспанскія мужчынская і жаночая зборныя па баскетболу зняліся для аднаго выдання. На здымках яны прыплюшчвалі вочы такім чынам, каб яны сталі падобныя на вочы азіяцкіх народаў. Кітайскія ўлады зразумелі гэту міміку як знявагу іх расы.