Бацька Шцірліца

Запушчаны на РТР серыял «Ісаеў» пра прыгоды маладога Шцірліца абудзіў цікавасць да культурнага феномена героя кніг Юліяна Сямёнава. Між тым, ва Усходнім блоку быў іншы шпіён, які мог па папулярнасці змагацца са штандартэнфюрэрам — капітан Ганс Клос.

Капітан Клос — герой польскага тэлевізійнага серыялу «Стаўка больш за жыццё» (1967–1968). Усяго на экраны выйшла 18 серый. Спачатку планавалася зняць толькі шэсць, аднак ажыятаж вакол «пілотных серый» быў такі вялікі, што серыял расцягнулі.

Запушчаны на РТР серыял «Ісаеў» пра прыгоды маладога Шцірліца абудзіў цікавасць да культурнага феномена героя кніг Юліяна Сямёнава. Між тым, ва Усходнім блоку быў іншы шпіён, які мог па папулярнасці змагацца са штандартэнфюрэрам — капітан Ганс Клос.
Капітан Клос — герой польскага тэлевізійнага серыялу «Стаўка больш за жыццё» (1967–1968). Усяго на экраны выйшла 18 серый. Спачатку планавалася зняць толькі шэсць, аднак ажыятаж вакол «пілотных серый» быў такі вялікі, што серыял расцягнулі.
Фабула стужкі простая: разведчык прасавецкага Войска Польскага Станіслаў Каліцкі па мянушцы Янэк дзіўным чынам аказаўся знешне вельмі падобным да нямецкага обер-лейтэнанта Ганса Клоса, які трапіў у палон. Дзякуючы падабенству, Коліцкаму ўдалося заняць месца Клоса ў структурах нацыстаў і пачаць шпіёнскую дзейнасць на карысць Саветаў.
Серыял быў суперпапулярным, у тым ліку ў СССР на пачатку 1970-х гадоў, таму пераказваць яго змест няма сэнсу. Куды цікавей звярнуцца да гісторыі стварэння і лёс фільму ў постсавецкай Польшчы, яго ўплыву на грамадства.
«Стаўка больш за жыццё» лічыцца першай птушкай так званага «усходнееўрапейскага шпіёнскага фільму». Нават стваральнікі Шцірліца прызнавалі, што сваім з’яўленнем Шцірліц абавязаны Клосу. Галоўная фішка карціны — моцная драматургія. Клос, здавалася б, трапляе ў сітуацыі, калі яго вось-вось могуць раскрыць як савецкага разведчыка. Аднак ён нейкім чынам знаходзіць выйсце.
З іншага боку, стваральнікі Клоса не вельмі сябравалі з гісторыяй. У адной з серый, напрыклад, брытанскі агент кажа Клосу, што працуе на CIA (ЦРУ). Але ж гэта амерыканская спецыяльная служба, прычым яна была створана толькі ў 1948 годзе. Аднак на такія хібы ўвагу ніхто не звяртаў.
Аўтарамі Клоса былі Анджэй Шупульскі і Збігнеў Сафьян (псеўданім Анджэй Збых). Імя Клос яны наўпрост узялі з даведніка тэлефонных абанентаў Берліна.
Лічыцца, што прататыпам Клоса быў Артур Рыттэр-Ястржэнбскі, хаця самі сцэнарысты ўпарта адмаўляліся ад гэтай версіі. Так ці інакш, дакладна вядома, што ён сустракаўся са стваральнікамі серыялу, і яго біяграфія сапраўды чымсьці падобная на гісторыю Клоса.
Артур Ястржэнбскі нарадзіўся ў нямецка-польскай сям’і. На пачатку 1930-х вучыўся ў Вайсковай палітычнай школе пры польскай секцыі Камінтэрну. Думаецца, што менавіта тады ён быў завербаваны НКУС. Падчас вайны пераехаў у Варшаву, дзе з дапамогай свайго нямецкага паходжання змог натуралізавацца як немец. У 1942-м яму далі грамадзянства Германіі, і нават прынялі ў SA.
Праз сябра — прадстаўніка белай эміграцыі, Ястржэнбскаму ўдалося ўвайсці ў давер да групы былых урангелеўскіх афіцэраў, якія перайшлі на бок немцаў. Яны, у сваю чаргу, пазнаёмілі яго з нямецкімі калегамі. Для новых сяброў Ястржэнбскі рэгулярна арганізоўваў дома прыёмы і п’янкі. Падчас сустрэч яго госці ў нецвярозым стане распавядалі шмат цікавага. І гэта інфармацыя перадавалася ў Маскву.
Адначасова Ястржэнбскі актыўна змагаўся з антыкамуністычным крылом польскага антыфашысцкага падполля. У выніку нападу яму ўдалося дабыць частку архіву Арміі Краёвай (АК). Пасля вайны Ястржэбскі зрабіў хуткую кар’еру ў Міністэрстве бяспекі. Памёр ён у 1981 годзе ў Варшаве. На ягоным пахаванні прысутнічалі вышэйшыя асобы сілавых міністэрстваў Польская Народнай Рэспублікі.
Ці быў Клос спісаны з Ястржэнбскага, дасюль застаецца спрэчным пытаннем. У любым выпадку, Ганс Клос стаў у Польшчы культавым героем. Папулярнасці серыялу спрыяла тое, што паралельна фільму было выдадзена 20 кніжак коміксаў пра прыгоды разведчыка, якія лічацца залатым фондам польскай графікі. Кожны малады паляк у часы камунізму ведаў, што любімы пісталет Клоса — Walther P 38.
На пачатку 1980-х на фільм, аднак, пачалі глядзець інакш. Прычынай стаў акцёр Станіслаў Мікульскі, які выконваў ролю Ганса Клоса. У прынцыпе, з самага пачатку фільм павінен быў несці прапагандысцкую функцыю. Ён навязваў думку пра тое, што менавіта камуністычнае, звязанае з Масквой падполле, а не АК, гуляла першую скрыпку ў барацьбе супраць фашысцкіх акупантаў. Калі фільм ператварыўся ў частку польскай масавай культуры, камуністы пайшлі яшчэ далей. Мікульскі стаў сябрам ЦК Польскай аб’яднанай рабочай партыі.
Думаецца, у яго былі сапраўды камуністычныя перакананні. Пасля таго, як у 1981 годзе ў Польшчы было ўведзена вайсковае становішча, Мікульскі стаў адным з нешматлікіх польскіх акцёраў, хто адмовіўся байкатаваць афіцыйнае тэлебачанне. Дарэчы, ён да гэтага часу лічыць, што Ярузельскі выратаваў краіну ад грамадзянскай вайны.
Дэмакратычныя рэформы пачатку 1990-х азначалі перагляд усёй спадчыны Польскай Народнай Рэспублікі, у тым ліку і культурнай. Спачатку Клоса думалі забараніць. Але потым вырашылі перад дэманстрацыяй кожнай серыі даваць слова спецыяльна запрошанаму гісторыку, які тлумачыў прасавецкі падтэкст карціны, звяртаючы адначасова ўвагу на нейкія сюжэтныя правалы. Пазней узнікла ідэя папросту перазняць некалькі серый, дзе камуністычныя гістарычныя міфы падаюцца занадта прама. Аднак Мікульскі, якому на той час стукнула за 70 гадоў, адмовіўся. Ён матываваў гэта тым, што пры ўсіх акцёрскіх талентах не зможа згуляць 35-гадовага агента.
Замест гэтага хутка ўзнікла ідэя працягу прыгод ужо старога Клоса. Па сцэнару, пенсіянер Клос, перабіраючы архіў, знаходзіць дакументы, звязаныя з тайнай скарбаў Трэцяга Рэйху. Клос пачынае пошукі, сустракаючы па ходу старых калег і ворагаў. Мікульскі даў папярэднюю згоду на здымкі, аднак тут пачалася глабальная рэцэсія, і спонсар знік.
Магчыма, невялікай кампенсацыяй за так і не зняты фільм стала для яго адкрыццё музея капітана Клоса ў Катавіцах. Музей адчыніў свае дзверы 1 лютага гэтага года. Тут сабраныя розныя рэчы, якія прысутныя ў фільме. Вялікая калекцыя зброі часоў другой сусветнай. У маленькім кафэ можна з’есці розныя любімыя стравы герояў карціны. Галоўны экспанат музею — васковая фігура капітана Клоса.