Бельгія – Фламандыя = Валонія?

Бельгія ўжо каторы раз у стане ўрадавага крызісу з-за сабатажу фламандскіх нацыяналістаў. Нарэшце тыдні нервы франкамоўных валійцаў лопнулі. Яны заявілі пра гатоўнасць да падзелу дзяржавы і стварэння незалежнай Валоніі.



c6a01432c8138d46ba39957a8250e027.jpg

Бельгія ўжо каторы раз у стане ўрадавага крызісу з-за сабатажу фламандскіх нацыяналістаў. Нарэшце тыдні нервы франкамоўных валійцаў лопнулі. Яны заявілі пра гатоўнасць да падзелу дзяржавы і стварэння незалежнай Валоніі.
Думка пра тое, што Бельгію цяпер ужо сапраўды ніяк не ўратаваць, зляцела з вуснаў Лорэта Анкелінкса — аднаго з лідэраў Партыі сацыялістаў (вядучая палітычная фармацыя ў франкамоўным рэгіёне Бельгіі). «Трэба быць гатовымі да таго, што Бельгія можа прыпыніць сваё існаванне», — заявіў палітык. Ён таксама дадаў, што «прыйшоў час прызнаць — ідэя незалежнасці вельмі папулярная сярод фламандскага насельніцтва».
Заяву Лорэта ўспрынялі на ўра шмат сяброў па партыі. Аднак гэта не азначае аўтаматычны падзел Бельгіі на дзве незалежныя дзяржавы — Фландрыю і Валонію. Валійскі нацыяналізм — больш тонкая рэч.
Народжанае ў 1830 годзе, Бельгійскае каралеўства было хутчэй справай рук жыхароў Поўдня, якія размаўлялі на французскай мове. Аднак, аддзяляючыся ад Нідэрландаў, яны прыхапілі з сабой у склад новай дзяржавы і раёны, дзе жылі фламандцы.
Праз некаторыя час фламандцы пачалі патрабаваць для сябе роўных з франкафонамі правоў і крок за крокам іх дабіліся. Тым больш, што яны былі большасцю насельніцтва Бельгіі. Напрыканцы ХІХ стагоддзя нацыянальны парламент прыняў законы пра афіцыйны статус фламандскай мовы. Пасля першай сусветнай вайны фламандцы атрымалі аўтаномію, а сама Бельгія стала федэральнай краінай з трыма суб’ектамі — Фландрыяй, Валоніяй і Бруселем.
Пры гэтым франкамоўныя бельгійцы прыблізна да 1912 года, калі з-за ўвядзення ўсеагульнага выбарчага права ўпершыню аказаліся ў меншасці ў парламенце, дастаткова пасіўна ставіліся да націску фламандцаў. На той час эканоміка краіны была завязаная на вугальныя шахты Валоніі. Гэты рэгіён быў самым індустрыяльна развітым.
Пералом у масавай свядомасці франкамоўных бельгійцаў адбыўся падчас другой сусветнай вайны, калі Германія атакавала Бельгію. Ніводная фламандская вайсковая частка не аказала супраціву войску Вермахту. Гэта стала вынікам добрай працы фламандскіх нацыяналістаў перад вайной, якія давялі ўсёй супольнасці, што Фландрыя — гэта не Бельгія, а частка германскага свету. Гітлер адразу пасля акупацыі краіны аддаў спецыяльны загад пра вызваленне з палону ўсіх бельгійскіх жаўнераў фламандскага паходжання. У сваю чаргу, фламандцы сталі аднымі з самых адданых саюзнікаў Гітлера (цікава, што ў той жа час галандцы, з якімі фламандцы складаюць адну этнічную групу, аказвалі актыўны супраціў Гітлеру).
Адначасова ў гады вайны франкамоўныя бельгійцы спачувалі французскаму руху супраціву Шарля дэ Голя. Таму іх ініцыятывы мелі выразны антыфашысцкі і левы характар. У 1942 годзе ўзнікла падпольная група Дэмакратычнае і сацыялістычнае аб’яднанне Валоніі (RDSW). Яе актывам быў складзены праект маніфесту незалежнай Валоніі. Ідэю агучылі падчас Кангрэсу валійскага народа ў маі 1945 года, аднак за рэзалюцыю прагаласавалі толькі 14 працэнтаў удзельнікаў мерапрыемства. Перамаглі тыя, хто лічыў, што Валонія можа быць часткай канфедэратыўнай Бельгіі.
Пасля канфузу на кангрэсе тэма незалежнасці згубіла актуальнасць. Аднак час ад часу яна абмяркоўваецца. У 1950 годзе ў Бельгіі прайшоў рэферэндум наконт вяртання на трон караля Леапольда III, які ў гады другой сусветнай вайны супрацоўнічаў з нацыстамі. 58 працэнтаў валійцаў былі супраць, у той час як 70 працэнтаў фламандцаў падтрымалі ідэю вяртання манарха. У 1960 годзе ў час забастоўкі шахцёраў Валоніі на суд публікі вынеслі ідэю сацыялістычнай аўтаномнай рэспублікі Валонія.
На хвалі студэнцкіх пратэстаў 1960-х гадоў узніклі групы Фронт вызвалення Валоніі і Народны сход Валоніі, якія, праўда, засталіся маргінальнымі. Падзенне цікавасці да ідэй незалежнасці мела эканамічныя прычыны. Валонія ў выніку закрыцця шахтаў стала залежыць ад датацый фламандцаў.
І вось цяпер, пасля серыі ўрадавых крызісаў, выкліканых сабатажам фламандцаў, ідэя незалежнасці, здаецца, атрымала новае нараджэнне. Праблема, аднак, у тым, што шматлікія валійцы лічаць сябе хутчэй французамі, чым грамадзянамі незалежнай краіны Валонія.
Адпаведна вынікам апытання, якое было праведзена ўлетку гэтага года, 52 працэнты жыхароў Валоніі хочуць атрымаць французскі пашпарт. Адначасова 56 працэнтаў французаў быццам не супраць далучэння рэгіёну да Францыі. Толькі 12 працэнтаў жыхароў Валоніі выступаюць за яе не залежнасць. Дарэчы, у Фландрыі за незалежнасць выступаюць 38 працэнтаў. Акрамя таго, у французскай канстытуцыі закладзены пункт, які дазваляе далучэнне да дзяржавы тэрыторый з франкамоўным насельніцтвам.
Пра культурную адрознасць ад французаў валійцы задумаліся вельмі позна. Толькі ў пачатку 1980-х пачалося фармаванне валійскага культурнага руху. Адбылася кадыфікацыя валійскай мовы, пачалі выходзіць першыя літаратурныя творы на гэтай мове. Аднак край дэ-факта знаходзіцца ў зоне культурнага ўплыву Францыі. У дадатак, паралельна з нацыяналістамі існуе сфармаваны яшчэ да вайны палітычны рух за пераход пад кантроль Парыжу.
Пераканаць валійцаў у неабходнасці заснавання самастойнай Валоніі нацыяналістам будзе цяжка. Аднак дэбаты, па вялікім рахунку, толькі пачынаюцца, і не выключана, што ў хуткім часе на карце Еўропы ўзнікнуць яшчэ дзве новыя дзяржавы.