Charlie Hebdo правакуе зноў?
Французскае сатырычнае выданне «Charlie Hebdo», як і раней, у эпіцэнтры скандалу праз свае эпатажныя публікацыі.
«Je suis Сharlie» — «Я Шарлі». Наўрад ці большасць чытачоў забылася на гэты слоган, які нарадзіўся ў 2015-м як рэакцыя на страшную трагедыю ў рэдакцыі сатырычнага штотыднёвіка «Charlie Hebdo». 7 студзеня таго года, пасля таго, як на старонках часопіса былі апублікаваныя карыкатуры, што высмейваюць прарока Мухамеда, офіс выдання ў Парыжы атакавала банда ісламістаў. Восем журналістаў, сярод якіх — класікі французскай сатыры, былі забітыя.
Адказам абуранай грамадскасці, якая пабачыла ў гэтай падзеі замах экстрэмістаў на свабоду прэсы, стала хваля салідарнасці з сатырыкамі. Вядучыя газеты краіны прапанавалі сваю дапамогу ў публікацыі новага нумара «Charlie Hebdo». У Парыжы адбыўся марш салідарнасці з журналістамі, у якім прынялі ўдзел не толькі кіраўнікі многіх краін, але і ісламскія арганізацыі. Яны неслі транспарант «Мусульмане таксама могуць смяяцца». Адначасова рэзка павысіўся статус выдання, яно стала адным з інстытутаў нацыянальнай прэсы.
І вось цяпер, падаецца, мы назіраем нейкае дэжа-вю. 4 студзеня «Charlie Hebdo» апублікаваў серыю карыкатур на вярхоўнага лідара Ісламскай рэспублікі аяталу Алі Хаменеі. Такім чынам выданне падтрымала пратэсты ў Іране, што выкліканы смерцю 16 верасня 22-гадовай Махсы Аміні. Дзяўчына, нагадаем, была арыштаваная за нібыта парушэнне строгага дрэс-кода краіны, які ўсталяваны для жанчын, і памерла ў аддзяленні паліцыі.
Тэгеран аператыўна адрэагаваў на шаржы з аяталой. На наступны дзень пасля іх з'яўлення было абвешчана аб закрыцці французскага даследчага інстытута ў Тэгеране. Гэта вельмі сімвалічная для абедзвюх краін установа. Адкрыты яшчэ да вайны цэнтр наўпрост звязаны з міністэрствам замежных спраў Францыі. Не дзіўна, што пасля ісламскай рэвалюцыі 1979-га яго закрылі, і зноў адкрылі ў 2015-м пры прэзідэнцтве ўмеранага прэзідэнта Хасана Рухані — як сімвал пацяплення двухбаковых адносін.
Тым больш, што прэцэдэнты ўжо мелі месца. 14 лютага 1989 года аятала Рухала Хамейні, Вярхоўны лідар ісламскай рэвалюцыі ў Іране, у сваёй фетве прысудзіў брытанскага пісьменніка Салмана Рушдзі да смяротнага пакарання за раман «Сатанінскія вершы», абвінаваціўшы яго ў кпінах над Каранам і прарокам Мухамедам.
З іншага боку, а што яшчэ было чакаць ад аўтараў «Шарлі»? Яны заўжды былі правакатарамі, і, дарэчы, раней дазвалялі сабе куды больш брутальныя жарты. Да прыкладу можна згадаць вокладку аднаго з выпускаў 2005 года, калі ў краіне праходзіў рэферэндум наконт праекту Еўрапейскай канстытуцыі. Тады шматлікія арганізацыі заклікалі да байкоту рэферэндуму. Адгукнулася і «Charlie Hebdo»: газета размясціла выяву самалёта, які падаў у акіян (трагедыя сапраўды мела месца), і дадала надпіс: «235 чалавек (менавіта столькі было на борце разбітага авіялайнера) падтрымалі ідэю байкоту».
Правакацыйнай выглядае і нядаўняя вокладка, сюжэтна прасвечаная ЧС па футболе ў Катары. На малюнку рабочыя-нябожчыкі, якія загінулі падчас будоўлі катарскіх стадыёнаў, заўзеюць пад зямлёй за зборную Аргенціны.
Увогуле, стыль газеты звязаны з традыцыямі французскай сатыры ХІХ стагоддзя, якая змагалася за аддзяленне Касцёла ад дзяржавы. У выніку аб’ектамі жартаў часта станавіліся маральныя (перш за ўсё сексуальныя) нормы хрысціянства. А само выданне нарадзілася ў 1960-я як рэакцыя на «галісцкі застой» — перыяд стабілізацыі ў Францыі пасля вяртання да ўлады Шарля дэ Голя. Тады ў краіне ўстанавілася нейкая буржуазная ідылія. Як вынік, паўстаў запыт на радыкальны гумар. У 1960-х некалькі маладых сатырыкаў вырашылі стварыць свой праект. Газету назвалі «Hara-Kiri».
Каб сабраць грошы на друк і працу рэдакцыі, аўтарам спачатку даводзілася самім прадаваць наклад на вуліцах. Толькі праз год часопіс з’явіўся ў шапіках. Рэакцыя аўдыторыі была спецыфічная. У адным з першых лістоў ад чытачоў, які прыйшоў на адрас рэдакцыі, было напісана: «Вы дурныя, і ў дадатак вы не проста дурныя, вы яшчэ і злыя». Журналісты палічылі гэта добрай характарыстыкай канцэпцыі выдання. Так з’явіўся славуты слоган: «Hara-Kiri — выданне для дурных і злых».
Змест матэрыялаў «Hara-Kiri» адразу выклікаў цікавасць цэнзараў. Ужо праз год у выдаўцоў адабралі ліцэнзію. Нейкім чынам ім удалося захаваць праект. Гісторыя паўтарылася яшчэ праз пару гадоў. А вось у 1970-м выратаваць газету не ўдалося: міністр унутраных спраў асабіста патрабаваў яе закрыцця.
Каб зразумець матыў чыноўніка, трэба згадаць, што адбылося напярэдадні ў папулярным сталічным танцавальным клубе «Пяць-сем». Там з-за пажару загінула каля 100 маладых людзей. Усе тагачасныя жоўтыя газеты стракацелі загалоўкамі кшталту: «Баль у “Пяць-сем” — 100 нябожчыкаў». Прыкладна ў гэты час у сваёй рэзідэнцыі Каламбэ ціха памёр стары Шарль дэ Голь. «Hara-Kiri» адразу адгукнулася на навіну загалоўкам: «Баль у Каламбэ — адзін нябожчык». Такі здзек улады газетчыкам не прабачылі.
Праз тыдзень пасля забароны «Hara-Kiri» на свет нарадзіўся новы праект — «Charlie Hebdo», што можна перакласці як «Тыднёвы Шарль» — яўны жарт з дэ Голя. Аднак заснавальнікам удалося пераканаць дзяржаўныя органы, што гаворка не пра Шарля, а пра Чарлі — дакладней, пра Чарлі Чапліна. Дазвол на выданне «Charlie Hebdo» быў атрыманы.
1970-я гады можна лічыць залатым часам для «Charlie Hebdo». Тагачасная сексуальная рэвалюцыя пахавала шматлікія табу. Смяяцца з тэмаў сексу, сям’і або царквы стала прасцей. Масавая палітызацыя юнацтва пасля 1968-га прывяла ў журналістыку шмат цікавых аўтараў, якія зараз лічацца карыфеямі французскай сатыры.
Напрыклад, карыкатурыст Жорж Валінскі або акцёр Мішэль Калюш. Менавіта з прозвішчам апошняга звязаная самая буйная правакацыя газеты тых часоў. На базе «Charlie Hebdo» быў створаны выбарчы штаб Калюша, якія абвясціў пра намер заняць пасаду прэзідэнта на выбарах 1981 года.
Вар’яцкая кампанія, адным з лозунгаў якой было надаць права чарнаскурым шафёрам давіць белых пешаходаў, нечакана спадабалася французам. Паводле сацыялагічных апытанняў, Калюш быў трэцім па папулярнасці кандыдатам пасля Жыскар д’Эстэна і Франсуа Мітэрана. На жаль, пасля таго, як пры таямнічых абставінах быў забіты імпрэсарыа Калюша, той вырашыў выйсці з выбарчай гонкі.
Разам з пазітывам 1970-я прынеслі і негатыў: нафтавы шок і эканамічную рэцэсію ў Заходняй Еўропе. У 1982 годзе газета аказалася ў крызісе. Праект давялося закрыць. Толькі ў 1992-м ён адрадзіўся пад кіраўніцтвам Філіпа Валя. На першай старонцы адноўленай газеты было напісана, што ў планах рэдакцыі — выдаць усяго тры нумары, паколькі пасля газету абавязкова забароняць. Аднак на той час эра цэнзуры ўжо прайшла, і выданне захавалася на рынку з накладам прыкладна 60 тысяч асобнікаў.
Адначасова канцэпцыя «Charlie Hebdo» трошкі змянілася. Цяпер тут менш бытавога гумару, кшталту парадаў падлеткам, як пазбавіцца ад надакучлівых бацькоў. У 1970-я выданне нават рэкамендавала дзецям спакушаць бацькоў сексуальна, каб яны атрымалі турэмны тэрмін як вычварэнцы і будучы за кратамі не перашкаджалі гучна слухаць музыку.
У цяперашняй канцэпцыі выдання больш гумару з розных рэлігійных канфесій, уключаючы іслам. Жарты на гэты конт час ад часу выклікаюць дэмаршы, у тым ліку гвалтоўныя, з боку часткі мусульманскай грамады.
Зрэшты, гледзячы на каментары экспертаў, наўрад ці Іран паспрабуе паўтарыць практыку абвяшчэння смяротных прысудаў, як у згаданай вышэй справе Салмана Рушдзі. Што, дарэчы, не выключае «ініцыятывы знізу». Улетку мінулага году ў ЗША на Рушдзі накінуўся чалавек з нажом, які нанёс аўтару некалькі ўдараў у шыю і ў жывот. Дзякуй Алаху, яны аказаліся не смяротнымі. Злачынцам быў 24-гадовы Хадзі Матар. І хаця афіцыйных заяваў адносна матываў замаху ад яго не паступала, усім зразумела, што напад быў вынікам даўняга закліку іранскага лідара забіць пісьменніка.
Будзем спадзявацца, што на гэты раз абыдзецца без гвалту. У тым ліку таму, што экстрэмісты даўно павінныя былі зразумець — колькі не забівай журналістаў Charlie Hebdo, выданне ўсё роўна працягне сваю справу.