У Іране пакаралі смерцю яшчэ двух удзельнікаў пратэстаў
У Іране былі павешаныя яшчэ два ўдзельнікі антыўрадавых пратэстаў. Пра гэта паведамляе судовае інфармагенцтва Ірана Mizan.
22-гадовага Махамада Мехдзі Карэмі і 39-гадовага Сейеда
Махамада Хасейні прызналі вінаватымі ў забойстве супрацоўніка Басідж, народнага
падраздзялення Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР). Па гэтай справе да
смяротнага пакарання прысудзілі яшчэ траіх удзельнікаў пратэстаў.
Як сцвярджае суд, 12 лістапада пратэстоўцы жорстка збілі і
зарэзалі бяззбройнага Сейеда Рухолу Аджаміяна«толькі таму, што ён быў апрануты
ў форму Басідж». Сілавік, як сцвярджае следства, дапамагаў расчысціць
дарогу, заблакаваную мітынгоўцамі.
Карэмі і Хасейні прызналі сваю віну ў судзе. Пры гэтым
адвакат апошняга раней паведамляў, што яго падабароннага катавалі падчас
зняволення.
«Я сустрэўся з Хасейні ў турме Карадж, ён плакаў, калі
распавядаў пра катаванні. Яму заплюшчылі вочы, звязалі рукі і ногі, білі нагамі
па галаве і катавалі токам. Прызнанні, выбітыя пад катаваннямі, не маюць законнай сілы», — пісаў ён.
Праваабаронцы заявілі, што іранскі ўрад спрабуе з дапамогай
пакаранняў смерцю запалохаць пратэстоўцаў.
«Гэтых людзей не пакаралі смерцю пасля судовага
працэсу, іх лінчавалі. З моманту арышту іх лічылі вінаватымі без шанцаў
даказаць сваю недатычнасць, таму што справы супраць іх былі палітычна
матываваныя. Ісламская Рэспубліка выкарыстоўвае пакаранні і смяротную сілу
супраць вулічных пратэстоўцаў, каб усяліць жах у сэрцы насельніцтва і здушыць
надзеі іранскага народа і яго заклікі да пераменаў», — сказаў выканаўчы
дырэктар арганізацыі Centre for Human Rignhts in Iran Хадзі Гаемі.
Такім чынам, у Іране пакаралі смерцю ўжо чатырох удзельнікаў
пратэстаў. У пачатку снежня былі павешаны Маджыд Рэзу Рахнавард і Махсен
Шэкары. Ім абодвум было па 23 гады.
Судовая сістэма Ірана прысудзіла больш за 20 чалавек да
смяротнага пакарання пасля пратэстаў, якія пачаліся ў верасні пасля смерці пад
вартай 22-гадовай Махсы Аміні. Раней паліцыя нораваў затрымала Аміні за тое,
што тая нібыта насіла хіджаб або хустку «няправільна».
У краіне прайшлі найбуйнейшыя масавыя пратэсты з часоў
рэвалюцыі 1979 года. Яны распаўсюдзіліся на 160 гарадоў ва ўсёй 31 правінцыі краіны. Інфармацыйнае агенцтва праваабаронцаў (HRANA) заявіла, што прынамсі 475
пратэстоўцаў былі забітыя і 18 240 затрыманыя. Таксама паведамлялася аб гібелі
61 супрацоўніка службы бяспекі.