Арменія: давер народа да Саргісяна каласальна нізкі
Што здарылася ў Арменіі? Якія гэта можа мець наступствы для краіны і для рэгіёна? Адказы на гэтыя ды іншыя пытанні — у інтэрв’ю армянскага палітыка і грамадскага актывіста Арменака Даўлацяна.
— Як бы вы ахарактарызавалі ўчынак «Сасна црэр» (арм.: мужныя сасунцы) — спроба перавароту, спантанная вайсковая вылазка, выпадковы інцыдэнт з выкарыстаннем зброі, які перарос у нешта іншае?
— На сапраўдны пераварот гэта не цягне, паколькі арганізатары не патрабуюць кантролю над уладай. Іх палітычныя патрабаванні абмежаваныя прапановай стварэння шырокага кааліцыйнага ўраду, адстаўкай прэзідэнта Сержа Саргісяна і правядзеннем пазатэрміновых прэзідэнцкіх выбараў. Аднак прыярытэтнае патрабаванне — вызваленне лідара апазіцыйнага руху «Устаноўчы парламент» Жырайра Сефіляна, які быў арыштаваны ў мінулым месяцы па абвінавачванні ў незаконным захоўванні зброі. Не маючы ніякай надзеі на незалежны суд (гэта частка нашых рэалій), удзельнікі групоўкі, па іх словах, і пайшлі на такі жорсткі крок. Нагадаем, што пры штурме быў забіты адзін паліцэйскі.
— Што непасрэдна ўяўляе месца падзей, дзе знаходзіцца захоплены паліцэйскі пункт?
— Калі не супраць, я паспрабую растлумачыць сітуацыю з дапамогай карты Ерэвану.
Жоўтай фарбай выяўлены квартал Ербуні, які заблакаваны паліцыяй. Унутры знаходзіцца захоплены комплекс (аб’ект выяўлены чырвоным). Увайсці ў квартал можна толькі там, дзе намаляваныя кроплі. Для ўваходу трэба паказаць пашпарт з мясцовай прапіскай, аднак на самай справе гэта працэдура больш складаная, паколькі сілавікі намагаюцца правесці асабісты дагляд. Вельмі часта паміж цывільнымі і сілавікамі ўспыхваюць канфлікты.
— Што вядома пра групоўку «Сасна црэр»? Якая яе гісторыя і палітычны профіль?
— Хутчэй за ўсё, гэта вайскова-палітычная групоўка сфармавалася не так даўно. Вядома, што ў групе некалькі заслужаных ветэранаў і герояў армяна-азербайджанскай вайны. Паколькі яна сімпатызуе палітыку Жырайру Сефіляну, напэўна можна казаць, што таксама падзяляе і яго погляды. Сефілян — армянін ліванскага паходжання, герой карабахскай вайны. Уладу ён крытыкуе за аўтарытарызм і прамаскоўскую лінію. У сувязі з гэтым шмат хто разглядае канфлікт у кантэксце новай фазы геапалітычнага абвастрэння ў рэгіёне. Пасля правалу апошняга перавароту ў Турцыі, якая зараз выразна адмаўляецца ад праеўрапейскага вектару, геапалітычнае значэнне Арменіі для Захаду вырасла. Адпаведна, паміж вялікімі дзяржавамі абвастраецца барацьба за Ерэван.
— Што думаюць армяне пра апошнія падзеі ў Турцыі?
— Большасць нашых экспертаў схіляецца да версіі, што пераварот быў справакаваны самім Эрдаганам, каб атрымаць карт-бланш на расправу над палітычнымі апанентамі. Так, дакладна вядома, што напярэдадні путчу ў Стамбул з правінцыі звозілі мясцовы актыў эрдаганаўскай партыі, які мусіў выйсці на вуліцы ў патрэбны час. Фактычна, гэта быў апошні шанец для турэцкага прэзідэнта, паколькі ў жніўні планавалася важнае мерапрыемства — нешта накшталт нацыянальнага сходу вайскоўцаў. Хадзілі чуткі, што яго ўдзельнікі могуць у рэзалюцыі выставіць палітычны ўльтыматум уладзе, якая імкліва губляла папулярнасць з-за разгулу тэрарыстаў.
— Як «ісламізацыя» Турцыі можа адбіцца на адносінах Анкары з Баку, які ёсць асноўным турэцкім партнёрам на Каўказе? Вядома, што менавіта ісламісты з’яўляюцца галоўнай унутрыпалітычнай пагрозай для рэжыму Аліева.
— Мяркую, што існуючы партнёрскі фармат паміж краінамі захаваецца. Бакі не будуць уздымаць нейкія непрыемныя тэмы. Для Баку вельмі важны нават сімвалічны саюз з Турцыяй. Гэта стварае патэнцыйную пагрозу адкрыцця другога, турэцка-армянскага фронту ў выпадку магчымай эскалацыі ў Нагорным Карабаху. Што тычыцца туркаў, то для іх імпартаваць ісламізм на Каспій вельмі рызыкоўна. Азербайджанцы адносяцца да шыіцкай галіны мусульман, і рост ролі рэлігіі будзе перш за ўсё на карысць суседняму Тэгерану.
— Вядома, што карабахская тэма вельмі важная для грамадскай дыскусіі ў Арменіі. Вы не выключаеце, што ўлада можа справакаваць абвастрэнне сітуацыі на фронце, каб адцягнуць увагу ад акцыі «Сасна црэр», ліквідаваць групоўку, прыкрываючыся патрыятычнай рыторыкай?
— Такі варыянт малаверагодны з той прычыны, што па выніках вясновых сутычак у Нагорным Карабаху ў грамадстве паўстала калектыўная думка — Саргісян і яго генералы займаюцца сабатажам на фронце. Лічыцца, што праз нерашучасць кіраўніцтва армяне згубілі тады шэраг стратэгічных кропак. У выпадку новай эскалацыі, перш чым ісці на перадавую, жаўнеры запатрабуюць адстаўкі Саргісяна і яго атачэння як няздольных кіраваць сістэмай абароны.
— Якая можа быць развязка супрацьстаяння ў квартале Ербуні?
— Яшчэ ўчора падавалася, што канфлікт будзе паступова лакалізаваны ў ходзе перамоў. Аднак увечары 25 ліпеня ў цэнтры сталіцы нечакана выбухнула бурная маніфестацыя ў падтрымку баевікоў, на якой заклікалі да грамадзянскага непадпарадкавання. Таму на гэты час я б пабаяўся казаць пра сцэнары ў тым ліку таму, што давер народа да ўраду і Саргісяна каласальна нізкі. Да яго ёсць цэлы комплекс прэтэнзій — ад карупцыі і кепскай сацыялкі да амбіцый Саргісяна змяніць канстытуцыю, каб застацца пры ўладзе на пасадзе прэм’ера. І аблога ў Ербуні можа набыць глабальны маштаб, успрымацца як важны сімвал антыўрадавага супраціву. У такім выпадку нават дробная памылка або нязграбны ход сілавікоў могуць выклікаць нацыянальны бунт. Трэба прызнаць, што ў грамадстве назіраецца выразны трэнд салідарнасці з «Сасна црэр», якога не было ў першыя дні пасля захопу будынку.