Гатовыя да арктычнай вайны?

У Грэнландыі знойдзеныя каласальныя радовішчы нафты. Пачатак іх эксплуатацыі, запланаваны праз пару гадоў, можа цалкам змяніць геапалітычную сітуацыю ў рэгіёне.

Грэнландыя, як вядома, самы вялікі востраў у свеце. Аднак пры гэтым тут жывуць усяго 56 тысяч чалавек. Мясцовы бюджэт галоўным чынам фармуецца за кошт экспарту рыбы і датацый з Даніі, у склад якой Грэнландыя ўваходзіць на правах шырокай аўтаноміі.



7371364b3d72ac9a3ed8638e6f0be2c9.jpg

У Грэнландыі знойдзеныя каласальныя радовішчы нафты. Пачатак іх эксплуатацыі, запланаваны праз пару гадоў, можа цалкам змяніць геапалітычную сітуацыю ў рэгіёне.
Грэнландыя, як вядома, самы вялікі востраў у свеце. Аднак пры гэтым тут жывуць усяго 56 тысяч чалавек. Мясцовы бюджэт галоўным чынам фармуецца за кошт экспарту рыбы і датацый з Даніі, у склад якой Грэнландыя ўваходзіць на правах шырокай аўтаноміі.
Аднак цяпер лядовы востраў стаіць на парозе рэвалюцыі. «Cairn Energy» — брытанская кампанія, якая займаецца пошукам карысных выкапняў, — абвясціла, што ў бліжэйшай перспектыве Грэнландыя можа скласці канкурэнцыю такім буйным вытворцам чорнага золата, як Венесуэла, Лівія, Азербайджан і нават краіны Персідскага заліву.
Сэр Біл Гэмэл, цяперашні дырэктар «Cairn Energy» кажа, што Грэнландыя — адна з самых перспектыўных тэрыторый для здабычы нафты. Агульны памер яе нафтавага басейна як мінімум 72 тысячы квадратных кіламетраў.
Ужо зараз розныя фірмы спрачаюцца за права доступу да рэсурсаў. У наступным годзе пачнецца пробнае свідраванне на поўдні краю. Фінансаваць праект бу­дуць брытанцы і індусы. Бюджэт праекту — больш за 8 мільярдаў долараў. Плануецца стварыць на працягу трох гадоў дзесяць пляцовак. Акрамя «Cairn Energy» вока на Грэнландыю паклалі такія монстры нафтавай вытворчасці, як «ExxonMobil» i «Chevron». Яны вядуць свае геалагічныя даследаванні і збіраюцца паставіць на востраве нафтавыя вышкі прыблізна ў 2014 годзе. Увогуле, у мясцовае ўрадавае бюро, якое займаецца выдачай канфесій на права здабычы карысных выкапняў, ужо паступіла 17 заяў ад 12 карпарацый.
Цікава, што ад удзелу ў бітве за смачныя кавалкі грэнландскай нафты адмовілася кампанія «British Petroleum» (ВР). Аднак тут, на думку спецыялістаў, была важная прычына.
Пасля катастрофы ў Мексіканскім заліве на платформе ВР удзел канцэрну ў грэнландскіх праектах выглядаў бы вельмі супярэчлівым. Менеджэры кампаніі кажуць, што хацелі б вытрымаць нейкі час, каб супакоіць грамадскую думку, а пасля таксама заняцца асваеннем палярных рэсурсаў планеты.
У прынцыпе, шок ад аварыі ў Мексіканскім заліве ва ўрадавых і ў бізнес-колах сапраўды вельмі моцны. Міністэрствы, будаўнічыя фірмы і кампаніі, адказныя за эксплуатацыю нафтавых платформаў, апошнім часам уносяць карэктывы ў правілы бяспекі. Не кажучы пра тое, што Вашынгтон цалкам забараніў здабычу нафты з амерыканскіх шэльфаў. Гэта, дарэчы, сарвала план эксплуатацыі вялікіх радовішчаў ля берагоў Аляскі, што планавала пачаць кампанія «Royal Dutch Shell». Свайго апошняга слова не сказала Еўропа, дзе еўрапейская камісія дамагаецца аналагічнага амерыканскаму мараторыя на марскую здабычу нафты да таго часу, пакуль не будуць яснымі прычыны аварыі на платформе ВР. Скараціла аб’ёмы здабычы Нарвегія, асцерагаючыся паўтору карыбскай катастрофы.
Аднак для тых, хто збіраецца прыйсці ў Грэнландыю, гэта толькі на руку. Забарона на свідраванне ў ЗША выклікала рост попыту на нафту, што абяцае кампаніям значныя прыбыткі. Нават калі Вярхоўны суд ЗША адменіць сваё рашэнне — урад Аляскі зараз патрабуе адмены мараторыя са спасылкай на кепскі стан эканомікі ў штаце — сусветны кошт у бліжэйшы час не будзе падаць ніжэй за 75 долараў за барэль. Гэта робіць грэнландскія праекты цалкам рэнтабельнымі.
Адначасова ўсе энергетычныя кампаніі клянуцца, што зрабілі высновы з трагедыі ў Мексіканскім заліве і прынялі больш суровыя экалагічныя стандарты эксплуатацыі. Тым больш, што грэнландскі ўрад таксама вымагае ад патэнцыйных інвестараў прытрымлівацца жорсткіх крытэраў тэхнікі бяспекі на нафтавых вышках. «Нашы інспектары кантралююць усе, што звязана з бяспекай працэдуры здабычы», — кажа прадстаўнік адміністрацыі. Да маніторынгу за здабычай нафты ў палярных водах падключыцца Канада, якая мае агульныя марскія межы з Грэнландыяй.
Хаця эколагі ўсё роўна суп­раць. На іх думку, адкрыцці «Cairn Energy» могуць выклікаць хуткую індустрыялізацыю рэгіёну. Да слова, у 2012 і 2013 гадах плануюць выдаць ліцэнзіі таксама на эксплуатацыю газавых рэсурсаў краю. Вядомая экалагічная арганізацыя «Greenpeace» ужо агучыла спецыяльную крытычную заяву наконт напалеонаўскіх планаў энергетычных кампаній. «Зялёныя» катэгарычна супраць праектаў асваення Грэнландыі. З’яўленне на рынку палярнай нафты відавочна затармозіць развіццё сегменту альтэрнатыўнай энергетыкі.
Паралельна таму, як карпарацыі збіраюцца пачаць распрацоўку радовішчаў, «Greenpeace» рыхтуецца да правядзення кампаніі «Вяртайцеся дахаты!». Адрасатам тут, відавочна, выступаюць «Shell», «Statoil», «Cairn Energy» і іншыя фірмы. Эколагі будуць намагацца сарваць спробы будаўніцтва марскіх нафтавых платформаў. У сваю чаргу, урад Даніі, рыхтуючыся да інцыдэнтаў з эколагамі, накіраваў у воды Грэнландыі фрэгат «Vaedderen».
Акрамя росту попыту на нафту ёсць яшчэ адзін фактар для таго, каб запусціць праект як мага хутчэй, — амбіцыі Грэнландыі стаць цалкам самастойнай дзяржавай. Калі грэнландская нафта выйдзе на рынак, край зможа зменшыць фінансавую залежнасць ад Даніі. Па разліках мясцовых прыхільнікаў незалежнасці, датацыі можна будзе скараціць як мінімум удвая (зараз яны складаюць каля 1,5 мільярдаў долараў штогод).
Прыбыткаў ад нафты таксама павінна хапіць на стварэнне стабільнага сектару эканомікі, незалежнага ад Даніі. Праўда, не ўсе незалежнікі трымаюцца такой пазіцыі. Тон у руху за незалежнасць Грэнландыі задае левая партыя Inuit Ataqatigiit, якія ахвотна эксплуатуе тэму ўнікальнасці мясцовай прыроды.
Нарэшце, пачатак здабычы нафты ў Грэнландыі відавочна стане пралогам пачатку вайны вялікіх дзяржаў за карысныя выкапні Арктыкі. Як кажуць эксперты «Shell», праз 20 гадоў чвэрць усёй нафты на планеце будзе здабывацца за палярным кругам. Апошнім часам Нарвегія, Расія, ЗША і Канада вядуць паміж сабой інфармацыйную вайну на тэму падзелу шэльфу Арктычнага акіяну. Асобна тут трэба ўзгадаць пацяпленне клімату, што радыкальна спрашчае доступ чалавека і тэхнікі ва ўчарашнюю вечную мерзлату.
Пакуль, аднак, дзяржавы-канкурэнты кажуць пра тое, што ўсе праблемы могуць быць вырашаныя праз кампрамісы. Але сапраўдная вайна за арктычную нафту яшчэ толькі стартуе.