Хто прыкусіў язык?
Шакаваная вынікам рэферэндуму ў Латвіі, дзе 75 працэнтаў прагаласавалі супраць надання дзяржаўнага статусу рускай мове, чырвона-карычневая супольнасць шукае вінаватых. Прапануем агляд
блогасферы і аналітыкі.
Безумоўна, хапае тых, хто паспрабаваў кампенсаваць канфуз эмацыйнымі ксенафобскімі пасажамі: «Іх ледзь больш мільёна... рэліктавы этнас, што сыходзіць у гістарычны нябыт... у сваёй вартай
жалю спробе затрымацца ў гэтай гісторыі спрабуюць аблаташыць рускіх».
Шакаваная вынікам рэферэндуму ў Латвіі, дзе 75 працэнтаў прагаласавалі супраць надання дзяржаўнага статусу рускай мове, чырвона-карычневая супольнасць шукае вінаватых. Прапануем агляд
блогасферы і аналітыкі.
Безумоўна, хапае тых, хто паспрабаваў кампенсаваць канфуз эмацыйнымі ксенафобскімі пасажамі: «Іх ледзь больш мільёна... рэліктавы этнас, што сыходзіць у гістарычны нябыт... у сваёй вартай
жалю спробе затрымацца ў гэтай гісторыі спрабуюць аблаташыць рускіх».
Некаторыя знайшлі самае, на іх погляд, лагічнае тлумачэнне навінам з Рыгі: «З вялікай верагоднасцю дадзеныя рэферэндуму былі брутальнай фальсіфікацыяй. Гэта, вядома, пакуль толькі
меркаванне. Але меркаванне, заснаванае на логіцы».
Справа дайшла да таго, што ў правале нават падазраюць арганізатараў рэферэндуму. «Умовы канстытуцыйнага рэферэндуму даволі жорсткія. Рашэнне будзе лічыцца прынятым, калі за яго прагаласуе
кваліфікаваная большасць, г.зн. больш паловы занесеных у спісы выбарцаў. Для таго, каб руская мова стала дзяржаўнай, трэба было сабраць 750 тысяч галасоў выбарцаў. Ідэя — відавочна
невыканальная. Такім чынам, мэта ініцыятывы была іншая. Якая?» — задаюць пытанне на адным з форумаў.
Адказу няма. Аднак нельга не пагадзіцца з адным латышскім дэпутатам: «Ліндэрман (адзін з ініцыятараў рэферэндуму) аказаў мядзведжую паслугу тым грамадзянам Латвіі, якія падпісаліся за
правядзенне рэферэндуму. Цяпер дасягнуты прама процілеглы вынік — грамадзяне Латвіі мабілізаваліся і сталі адзінымі і актыўнымі».
Самы вялікі парадокс патрыятычнай аналітыкі працэсаў у Латвіі заключаецца ў тым, што шматлікія каментатары, аналізуючы яго дэталі, нечакана пачалі праяўляць сентыменты да латвійскіх парадкаў.
Нацыяналісты пабачылі ў інстытуце «неграмадзян» магчымае рашэнне нацыянальнага пытання ў Расіі. Прыклад — пост блогера Redcat: «Скажыце, вас раздражняе, што ўсе
гэтыя джамшуты ў Расіі па-руску не размаўляюць? Што яны селяцца асобнай дыяспарай і маюць зносіны толькі з сабе падобнымі? Што жывуць так, як прызвычаіліся, замест таго, каб жыць
цывілізавана, як белыя людзі? Што паводзяць сябе, нібы яны ў нас гаспадары? А рускія менавіта так паводзілі сябе ў Прыбалтыцы».
Больш таго, крытэрыі надання латвійскага грамадзянства (добрае веданне мовы і гісторыі) нагадваюць тэзісы Уладзіміра Пуціна, якія ён выклаў у сваім рэзанансным артыкуле пра рашэнне нацыянальнага
пытання ў Расіі.
Далей больш. Руская патрыятычная супольнасць, якая не карыстаецца любоўю з боку Крамля, капаючыся ў гісторыі і прававых аспектах падрыхтоўкі плебісцыту, выявіла дзіўныя рэчы. Такія палітычныя
свабоды, якія мае руская меншасць у Латвіі, этнічным рускім на іх радзіме ніколі не сніліся.
Мінулай вясной трое рускамоўных палітычных актывістаў выступілі з прапановай правесці рэферэндум па змены ў Канстытуцыі. Цалкам папулісцкая ініцыятыва атрымала грамадскі рэзананс — і
«цягнік пайшоў». Арганізатары нанялі натарыусаў, адкрылі пункты збору подпісаў, правялі агітацыйную кампанію. Для параўнання, прыкладна ў гэты ж час латвійскія нацыяналісты
спрабавалі ініцыяваць рэферэндум пра перавод усёй школьнай адукацыі на латышскую мову. Але так і не змаглі сабраць патрэбную колькасць натарыяльна завераных подпісаў. Затым сабраныя подпісы былі
перададзены ў латвійскі ЦВК. Выбаркам правёў прадугледжаную законам працэдуру і абвясціў рэферэндум.
Паспрабуйце арганізаваць нешта падобнае ў Расіі. Тут за апошніх 6 гадоў ніводнай новай партыі не зарэгістравалі, а вы хочаце змены ў Канстытуцыю ўносіць...
Нарэшце шматлікія славянафілы прызналі, што змагацца за нейкія ідэі ўсё ж такі камфортней ва ўмовах еўрапейскай дэмакратыі.
Праўда, у большасці каментараў вынікам рэферэндуму даецца негатыўная ацэнка, што, як адзначалася, правакуе адвечнае рускае пытанне: «Хто вінаваты?». І спасылка на ўжо згаданы
інстытут неграмадзян яўна не працуе. Вынікі рэферэндуму ў Расіі адразу ахрысцілі няправільнымі, паколькі ў галасаванні не ўдзельнічалі так званыя неграмадзяне, галоўным чынам рускамоўныя. Аднак іх у
Латвіі каля 319 тысяч. Калі гэту лічбу прыплюсаваць да колькасці тых, хто падтрымаў дзяржаўны статус рускай мовы (270 тысяч), то атрымаецца 589 тысяч, а трэба было 771.
Больш таго, 74,8% (821 722) прагаласавалі супраць увядзення другой дзяржаўнай мовы, а гэта значыць, што супраць галасавала нейкая частка рускай меншасці, якая складае амаль 40 працэнтаў насельніцтва.
Ім і дасталася ад прапуцінскага аналітыка Міхаіла Лявонцьева: «Рэферэндум пра статус рускай мовы ў Латвіі — лагічны працяг усёй гісторыі, пачынаючы з так званай «барацьбы
за незалежнасць», калі незалежнасць была падараваная латышам «рускамоўнымі», які выступалі за Народны Фронт».
Да не менш арыгінальных канцэптаў можна аднесці пазіцыю прэзідэнта Асацыяцыі незалежных палітолагаў Прыднястроўя Андрэя Сафонава: «Вынікі рэферэндуму ў Латвіі пра наданне рускай мове статусу
другой дзяржаўнай — гэта прысуд сістэме дзяржаўнага ўладкавання, створанай Уладзімірам Леніным. Урэшце, у штучна створаных рэспубліках нацыянальная бюракратыя запаліла ў шматлікіх сваіх
супляменніках жаданне атрымліваць выгаду за чужы кошт, як гэта здарылася ў Латвіі». Ці значыць гэта, што пачынаць адраджэнне рускай мовы ў Прыбалтыцы патрэбна з крытыкі асноў
марксізму-ленінізму, Сафонаў не сказаў.
Цікавы тэзіс высунуў журналіст Канстанцін Гайваронскі. Ён правёў аналогіі паміж вынікамі рэферэндуму і выбарамі ў Расіі і прыйшоў да высновы, што латышскіх выбаршчыкаў замбавалі па метаду Пуціна.
«І там, і тут людзі, якія не мелі аб’ектыўнай інфармацыі, прынялі эмацыйнае рашэнне. І нават лічбы апынуліся блізкія. Калі зняць з нашай і расійскай сітуацый сакральныя покрывы, то
дыялог у сухой рэшце выглядае так: «Мы хочам сумленнай палітыкі!» — «Не, вы хочаце вялікіх узрушэнняў, вы загіпнатызаваная пятая калона, якая працуе на грошы
замежнай дзяржавы і г.д.»
Атрымліваецца, што ва ўсім вінаваты Пуцін, што прыдумаў дзейсныя сродкі прапаганды, якія экспартавалі латышскія нацыяналісты. Пуціна абвінавачваюць не толькі ў вынаходніцтве абсалютнага піяру.
«У глабальным плане вынікі рэферэндуму — гэта параза афіцыйнай Масквы, паколькі за 20 гадоў расійская палітыка так і не знайшла рэальных рычагоў для абароны грамадзянскіх правоў
суайчыннікаў у Латвіі», — адзначае сайт «Новы рэгіён».
Як бачым, палеміка працягваецца. Без спроб паўплываць на яе ход хочацца, каб яе ўдзельнікі не прайшлі міма цытаты ў нямецкай «Sueddeutsche Zeitung»: «У гэтым зацяжным
канфлікце Масква губляе ўсе больш прадстаўнікоў маладога пакалення рускамоўнага насельніцтва краін Балтыі, якія бачаць свае перспектывы ў Еўрасаюзе, а не ў аўтарытарнай, карумпаванай
Расіі».