Хто такія французы?

У Францыі пачаліся дэбаты наконт нацыянальнай тоеснасці. Да пачатку наступнага года стане вядома, што трэба, каб лічыцца сапраўдным французам.

Упершыню ідэю дэбатаў пра нацыянальную ідэнтыфікацыю прапанаваў Нікаля Сарказі яшчэ ў 2007 годзе. Пытанне пра тое, што значыць быць французам, на першы погляд, гучыць дастаткова дзіўна. Францыя — краіна з багатай культурнай і палітычнай традыцыяй. Існуе нават тэрмін «французскі лад жыцця».



490640b43519c77281cb2f8471e61a71.jpg

У Францыі пачаліся дэбаты наконт нацыянальнай тоеснасці. Да пачатку наступнага года стане вядома, што трэба, каб лічыцца сапраўдным французам.
Упершыню ідэю дэбатаў пра нацыянальную ідэнтыфікацыю прапанаваў Нікаля Сарказі яшчэ ў 2007 годзе. Пытанне пра тое, што значыць быць французам, на першы погляд, гучыць дастаткова дзіўна. Францыя — краіна з багатай культурнай і палітычнай традыцыяй. Існуе нават тэрмін «французскі лад жыцця».
Аднак кіраўнік дзяржавы лічыць, што круасанаў, песняў Эдзіт Піяф, ацёрскай гульні Дэпардзье ўжо недастаткова, каб кансалідаваць насельніцтва, 13 працэнтаў якога — эмігранты або нашчадкі эмігрантаў. За прыкладам далёка хадзіць не трэба. Прыблізна год таму падчас футбольнага матчу Францыя — Туніс у Парыжы моладзь туніскага паходжання (большасць з іх маюць французскія пашпарты) сарвала світам і крыкамі выкананне французскага нацыянальнага гімну. Гэта гісторыя нарабіла шмат шуму.
Праз год да тэмы вярнуўся Эрык Бессон — міністр іміграцыі і нацыянальнай ідэнтыфікацыі. Напрыканцы кастрычніка ён абвясціў пра пачатак дэбатаў наконт ідэнтыфікацыі. Міністр ужо даслаў усім прэфектам інструкцыі з загадам арганізаваць «круглыя сталы» з шырокім удзелам розных прадстаўнікоў грамадскасці: парламенту, мясцовых дэпутатаў, лідэраў трэцяга сектару, прафсаюзаў і г.д. Акрамя таго, у сеціве з’явіўся спецыяльны сайт, прысвечаны праблематыцы нацыянальнай тоеснасці — http://www.debatidentitenationale.fr/.
Публіку таксама ўжо пазнаёмілі з графікам дэбатаў. 14 снежня Сарказі павінен даць адкрытую прэс-канферэнцыю адносна свайго бачання праблемы нацыянальнай ідэнтыфікацыі. Да 31 студзеня закончыцца грамадская палеміка. Нарэшце, у лютым установа Бессона зробіць рэзюме і прапануе парламенту і нацыі план рэформаў у гэтай галіне.
Ёсць ужо першыя ідэі.Той жа Бессон прапануе, каб эмігранты заключалі з урадам дамову наконт «рэспубліканскай інтэграцыі». Перад тым, як атрымаць права на жыхарства, яны павінны здаць іспыт на добрае веданне мовы і каштоўнасцяў рэспублікі. Міністэрства таксама прапануе выдаваць пашпарты не проста так, а падчас святочнай цырымоніі.
Да дэбатаў падключыліся аднапартыйцы Сарказі з Саюза за народны рух (UMP). Фракцыя галістаў у парламенце прапануе прыняць закон пра павагу да рэспубліканскіх сімвалаў.
Першымі, хто падтрымаў ідэю Бессона, былі ультраправыя. І гэта дзіўна — таму што менавіта супраць гэтай часткі палітычнага спектру часткова і задумваліся дэбаты. У згаданым вышэй выступе 2007 года Сарказі заявіў: «Мы не павінны пакідаць за правым радыкалам манаполію на вызначэнне нацыянальнай ідэнтыфікацыі. Справа не толькі ў значэнні французскіх каштоўнасцяў. Трэба думаць, як мы можам зрабіць іх прывабнымі для эмігрантаў».
Прапусціўшы тыя словы паўз вушы, Марына Ле Пэн — віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага Фронту, ужо горача прывітала ідэю дыскусіі.
На яе думку, дэбаты павінны стаць «новым Грэнелем нацыянальнай тоеснасці». Грэнель — прадмесце Парыжу, месца перамоваў паміж страйкуючымі прафсаюзамі і ўрадам дэ Голя ў маі 1968 года. У выніку тых кансультацый быў прыняты дакумент — нешта накшталт сацыяльнага пакту. Што разумее мадам Марына пад новым Грэнелем? Яна перакананая, што фіналам дэбатаў стане «прызнанне правалу палітыкі інтэграцыі і неабходнасці палітыкі асіміляцыі эмігрантаў». У тым ліку гэта датычыцца камуны мусульман.
Марына Ле Пэн таксама патрабавала аўдыенцыі ў Сарказі. Яе рэакцыя можа падацца нелагічнай. Дэбаты, якія відавочна будуць закранаць вострую тэму эміграцыі, стартуюць напярэдадні пачатку кампаніі па выбарах у мясцовыя органы ўлады. Гэта дае падставу казаць пра тое, што Сарказі спрабуе перахапіць у правых тэму барацьбы з эміграцыяй, як ужо бліскуча гэта зрабіў у 2007 годзе падчас выбараў прэзідэнта.
Марына прызнае, што за кошт дэбатаў Сарказі спрабуе звесці ад Нацыянальнага фронту яго электарат, аднак абяцае яму «эфект бумеранга». Чаму? Таму што група Сарказі, як яна заяўляе, абараняе тую ж канцэпцыю нацыі, што і левыя партыі.
Што да левых, то ідэя дэбатаў выклікала там супярэчлівыя каментары. Для сацыялістаў палеміка на тэму нацыянальнай ідэнтыфікацыі — не што іншае, як PR-акцыя галістаў у рамках выбарчай кампаніі. Аднак, хутчэй за ўсё, левыя паспрабуюць перагуляць апанентаў. Вось што кажа Сегален Руаяль — былы кандыдат сацыялістаў на выбарах прэзідэнта ад Сацпартыі: «Мы павінны зразумець, куды мы ідзем і чаго хочам, што дае нам права лічыць сябе калектывам». Яна таксама дадала, што праблемы з ідэнтыфікацыяй выкліканы адыходам дзяржаўнай палітыкі ад базавых кампанентаў французскай ідэі: роўнасць, братэрства, свабода.
Левым, хутчэй за ўсё, давядзецца ўдзельнічаць у дэбатах хаця б таму, што яны цікавы публіцы. Як сцвярджае папулярная газета «Le Parisien», 60 працэнтаў грамадзян краіны падтрымліваюць ідэю дэбатаў.
А вось думкі некаторых палітыкаў і грамадскіх актывістаў наконт будучых дэбатаў.
Андрэ Жэрын, дэпутат ад Камуністычнай партыі: «Патрыятызм, павага да французскай мовы, страх перад іншай культурай — гэта ўсё еўрапейская тэхнакратычная магма. Трэба ўдзельнічаць у дэбатах, каб абараніць хаця б нашу традыцыю гасціннасці».
Алівье Безансено, лідэр трацкістаў: «Калі мы кажам пра нацыянальную ідэнтыфікацыю, трэба казаць перш за ўсё пра сацыяльную ідэнтыфікацыю».
Ален Жюпе, мэр Бардо, былы прэм’ер-міністр: «Ёсць шмат дефініцый нацыі. Мне блізкая тая, якую прапанаваў Эрнст Ренан у 1882 годзе. «Нацыя — гэта ідэя, прынцып духоўнасці. Дзве рэчы вырабляюць гэты дух: мінулае і актуальнасць. Мінулае дае агульную калектыўную памяць, сучаснасць — жаданне жыць разам». Гэтым сказана ўсё. Нашто дэбаты?»
Патрык Лазэ, старшыня асацыяцыі чарнаскурых грамадзян Францыі: «Каб зразумець, што такое быць французам, трэба спачатку пачаць дыялог паміж дзяржавай і французамі. Францыя — гэты мы ўсе разам».