Інфляцыя, якая змяніла гісторыю

Роўна сто гадоў таму ў Германіі пачалася гіперінфляцыя, якая да гэтага часу застаецца калектыўнай траўмай нямецкай нацыі.

dasgeldistnichtsmehrwert100__v_gseapremiumxl.jpg


Сярод эканамістаў і гісторыкаў няма асаблівых спрэчак наконт прычынаў гіперінфляцыі 1923-га. У часы Першай сусветнай Германія замест росту падаткаў актыўна друкавала грошы для ўнутранага рынку. Акрамя таго, па выніках вайны Берлін абавязалі плаціць рэпарацый. Рэпарацыі аплачваліся шляхам друкавання дадатковых папяровых грошай, на якія набывалася валюта і золата.
Нядзіўна, што ўжо ў 1922 году інфляцыя маркі была прыкметнай з’явай. Але пераломны момант надышоў, калі Германія не змагла ў поўным аб'ёме выплачваць рэпарацый на пачатку 1923-га. У адказ французскія і бельгійскія войскі акупавалі ўсю тэрыторыю Рурскага рэгіёна, узяўшы пад кантроль лакальныя рэсурсы, у тым ліку вытворчасць вугалю і коксу. У выніку акупацыі было занята каля 7% пасляваеннай нямецкай тэрыторыі, дзе здабывалася 72% вугалю і выраблялася больш за 50% чыгуну і сталі. У краіне пачаўся эканамічны спад. Вытворчасць упала да траціны ад узроўню папярэдняга года, а ўзровень беспрацоўя ўзляцеў да 23,4%.
Урад Германіі на чале з канцлерам Вільгельмам Куна ў адказ на ўваход французаў і бельгійцаў у Рэйнскую вобласць заклікаў да «Руркампфа» — пасіўнага супраціву ваеннай акупацыі. Страйкоўцам пры гэтым была абяцана пастаянная заработная плата ад германскага ўрада і фінансавая дапамога. Якім шляхам дастаць тыя грошы? Вельмі простым — уключыць друкарскі станок на поўніцу. Прырост грашовай масы тут жа вырас, а інфляцыя рэзка паскорылася.
Прычым настолькі паскорылася, што хутка ўрад ужо аказаўся не ў стане яе неяк спыніць. Ужо ўвесну сярэдні ўзровень інфляцыі складаў каля 25% у дзень (за тры дні кошты звычайна вырасталі ўдвая, а за месяц — у тысячу разоў).
Падобны тэмп абясцэньвання маркі, вядома, моцна паўплываў на жыццё простых людзей. Кошты ў крамах мяняліся некалькі разоў на дзень, і часта людзі былі вымушаныя атаварваць свой заробак адразу, паколькі ўжо праз дзень ён абясцэньваўся. Цэннікі ў 1923 годзе наогул асобная тэма. Так, паездка на трамваі ў нейкі момант каштавала 50 мільярдаў марак!
Як вынік насельніцтва пераходзіла на бартэр, многія паслугі (напрыклад, у рэстаранах) сталі аплачвацца загадзя, пакуль кошты не выраслі. Рабочыя атрымлівалі заробак некалькі разоў на дзень, каб яны маглі купіць прадукты да новага скачка коштаў. Паўстала новая грашовая адзінка — пачка грошаў.

dasinflationsgeldwirdimwahrstensinnedeswortesspielgeld100__v_gseapremiumxl.jpg


Што тычыцца ўраду, то яму заставалася толькі друкаваць усё новыя і новыя банкноты, прычым усё большага і большага наміналу. Выпускаць іх у абарачэнне даводзілася як мінімум два разы на тыдзень, паколькі старыя грошы хутка абясцэньваліся. Часам для паскарэння працэсу нулі на банкнотах проста прастаўлялі штампамі.
Для скарачэння выдаткаў было вырашана эканоміць на паперы і фарбах для грошай. Так з'явіліся аднабаковыя маркі, надрукаваныя на паперы нізкага гатунку. У выніку маркамі нізкіх наміналаў сталі тапіць печы, паколькі гэта было танней, чым купляць дровы. Часам імі абклейвалі сцены замест шпалер.
Нямецкія маркі адмаўляліся прымаць як валюту, Напэўна і таму, што тэхнічна гэта было зрабіць складана. У лістападзе 1923 года абменны курс аднаго долара ЗША складаў 4,2 трыльёна марак.  
У сітуацыі, калі марка аказалася цалкам дыскрэдытаваная, многія гарады, рэгіёны і прадпрыемствы пачалі друкаваць уласную валюту — так званыя нотгельд. Часам матэрыял для вытворчасці нотгельдаў мог быць даволі незвычайным — ад фольгі да калод ігральных карт. Вельмі цікавыя нотгельды цыркулявалі ў Саксоніі: там валюту выраблялі з фарфору.
Гіперінфляцыю ўдалося спыніць толькі ў лістападзе 1923 года з дапамогай грашовай рэформы. У краіне ўводзілася новая т.з рэнтная марка, стабільнасць якой была забяспечана нерухомасцю. Курс абмену быў фантастычным: адна рэнтная марка = адзін трыльён старых марак.
Увод новай, стабільнай, валюты істотна змяніў сітуацыю не толькі на грашовым рынку, аднак таксама на палітычнай сцэне. Гіперінфляцыя стала сапраўдным падарункам для радыкалаў, якія хутка знайшлі сабе сацыяльную базу. Менавіта ў гэты час на арэну выходзяць нацысты, якія, праўда, хутка зноў маргіналізуюцца падчас адноснай стабілізацыі 1920-х.
Аднак з часам высветлілася, што шок ад гіперінфляцыі ўсё ж моцна прапісаўся ў калектыўнай свядомасці. Вяртанне нацыянал-сацыялістаў у вялікую палітыку на пачатку 30-х і прыход да ўлады шмат у чым стала вынікам траўмы ад падзей 1923-га. Ахвяры інфляцыі, колькасць якіх ішла на дзясяткі мільёнаў, былі асабліва ўразлівыя да мабілізацыі НСДАП. Значная фракцыя сярэдняга класа, які мог бы стаць найважнейшай апорай дэмакратыі, страціла свае актывы ў выніку інфляцыі, а разам з ёй згубіўся і давер да рэспублікі.
Акрамя таго, асцярогі з нагоды магчымага вяртання інфляцыі тармазілі ўсе спробы супрацьдзейнічаць сусветнаму эканамічнаму крызісу больш актыўнай нацыянальнай эканамічнай палітыкай. Замест гэтага ўрад Веймарскай рэспублікі праводзіў згубную дэфляцыйную палітыку, стымулюючы рост беспрацоўя і як вынік палітычную незадаволенасць.
Цікава, што адгалоскі траўмы 1923-га назіраюцца сярод немцаў і зараз. На фоне росту інфляцыі нямецкія правыя папулісты актыўна пужаюць бюргера рымейкам падзей стогадовай даўніны. Праўда, пакуль асаблівых гешэфтаў такая піар-тэхналогія ім не прынесла.