Амаль 32 рублі. Услед за агуркамі ў Беларусі моцна падаражэў перац
Тыдзень таму беларусы здзіўляліся і абураліся з нагоды высокіх коштаў на агуркі, але прайшоў час — і падскочыла цана на іншую гародніну. Перац у крамах каштуе больш за 30 рублёў. Фота з вялікім цэннікамі на папулярны тавар апублікаваў тэлеграм-канал «Б*ларусь за МКАДом».
Мяркуючы па здымку, чырвоны перац у Беларусі цяпер прадаюць па 25 рублёў 74 капейкі за кілаграм. Жоўты — яшчэ даражэй, па 31 рублі 80 капеек. Альбо плюс-мінус 10 еўра.
У той жа час, як адзначае «Е*рарадыё», у Польшчы, жыццё ў якой рэгулярна пляжаць лукашэнкаўскія прапагандысты, перац каштуе нашмат танней — 3,8 долара, альбо 10,5 рубля за кілаграм.
Нагадаем, ад мінулай восені Лукашэнка са сваімі чыноўнікамі намагаецца кантраляваць цэны ў крамах. Спачатку гаворка ішла наўпрост пра мараторый на павышэнне коштаў, але калі з паліц у супермаркетах пачалі знікаць тавары, то забарону адмянілі, а ўвялі рэгулявання. Адпаведная пастановай Саўміна складзены пералік тавараў, павышаць кошт на якія можна толькі пры ўзгадненні з дзяржаўнымі органамі.
У намаганнях рэжыму стрымаць інфляцыю часам даходзіць да камічнага. Летась Лукашэнка гучна абураўся цэнаўтварэнню пры гандлі курамі, зрабіўшы сапраўдным мемам курыную «расчлянёнку».
«Бачыце, быў хлеб, кураня — з'явіўся новы тавар! Расчлянілі дохлую курыцу, увапхнулі ў поліэтыленавы пакет — новы тавар!» — крычаў Лукашэнка на нарадзе. Пасля гэтага правіламі расчлянення курыных тушак заняліся ажно на ўзроўні Савета міністраў. Праўда, ці урэгулявана пытанне «дохлых курэй», невядома.
Што тычыцца агуркоў, то іх кошт у Беларусі даходзіць да 16 рублёў. На мінулым тыдні па гэтай тэме быў вымушаны апраўдвацца міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў. Чыноўнік патлумачыў грамадзянам, што трэба толькі пачакаць да канца лютага — і цэна на агуркі стануць нармальнымі.
Ён заявіў, што пастанова Савета міністраў Рэспублікі
Беларусь ад 19 кастрычніка 2022 года № 713 «Аб сістэме рэгулявання цэн»
дзейнічае ўжо на працягу чатырох месяцаў. І эфект, нібыта, ад яе ёсць — «інфляцыю па выніках 2022-га ўдалося запаволіць да 12,8%».
Задача на 2023 год, паводле міністра — «рост коштаў не больш
чым на 7-8%».
«Пры гэтым, сістэма рэгулявання працягне ўдасканальвацца,
каб не дапусціць на рынку злоўжыванняў. Дзяржорганы рыхтуюць новыя прапановы»,
— распавёў кіраўнік МАРГ.
А наконт агуркоў па 16 рублёў — дык міністр хутка вызначыў вінаватых. І гэта, традыцыйна — падступны Захад: «ЕС знізіў аб'ём вытворчасці цяплічных гаспадарак. Газ дарагі стаў, а гэта ж трэба ацяпляць цяпліцы, дасвечваць. Гэта ўсё для іх дорага стала, яны знізілі вытворчасць. З Турцыі складана завезці, таму што лагістыка ўскладнілася. І сёння адзіны рынак, дзе можна набыць агуркі, гэта Расійская Федэрацыя. У Расіі рэгуляванне цэн няма. І, вядома, пры ўсплёску кан’юнктуры яны паднялі шмат у чым цэны».
Міністр заклікаў беларусаў не перажываць — трэба дажыць
да сакавіка, а там «мы ўжо будзем цалкам забяспечаныя нашымі агуркамі».
Што думае міністр Багданаў наконт перцу амаль за 32 рублі, пакуль невядома.