Адкуль узяліся шалёныя заробкі за снежань? Адказ — без аптымізму

Нацыянальны банк падвёў вынікі дынамікі беларускага крэдытнага рынку для юрыдычных асоб у 2022 годзе. Сярод іншага гэтыя лічбы тлумачаць, адкуль узяўся ўсплёск заробкаў у снежні 2022-га. І за гэты ўсплёск некаму разлічыцца будзе цяжка.

_hroszy___infljacyja___zycce__fota_dzmitryeu_dzmitry_novy_czas_logo_1.jpg


Дынаміка крэдытнага рынку, тлумачыць тэлеграм-канал «Нашы грошы», па сутнасці з'яўляецца маркерам дзелавой актыўнасці ў краіне: бізнес займае грошы толькі тады, калі разлічвае памножыць іх, аддаць доўг, працэнты і пры гэтым яшчэ зарабіць.

Кажучы фігуральна, дынаміку крэдытнага рынку для юрыдычных асоб можна параўнаць з ціскам у чалавека. Калі ціск слабы — рынак млявы і анемічны, ні пра якое развіццё не можа быць гаворкі. Але калі занадта высокі, рынак «перагрэўся», і можа здарыцца крызіс.

Дык як змянялася патрэба ў крэдытах у той ці іншай валюце на працягу года? Эксперты вылучылі чатыры асноўныя валюты: беларускі і расійскі рублі, долары і еўра.

Прыкметна, што ў сакавіку рэзка, у дзесяціразовым памеры, упала крэдытаванне ў еўра, з 852 млн да 85 млн еўра за месяц. Нічога дзіўнага, бо еўрапейскі рынак для Беларусі фактычна закрыўся. Пры гэтым з сакавіка карціна практычна не змянілася, быў нязначны рост у сярэдзіне лета да 204 млн, але да снежня паказчык зваліўся да рэкордна нізкіх 60 млн. Мяркуючы па ўсім, пакінутыя «драбніцы» дазваляюць абслугоўваць той невялікі аб'ём гандлю з Еўропай, што яшчэ застаўся.

Таксама ў пачатку года фактычна ўтрая ўпала крэдытаванне ў доларах: з 439 млн да 143 млн у месяц. Можна сказаць, што прычыны таго, што адбываецца, тыя ж, што і з еўра. Але сітуацыя ўсё ж некалькі іншая. Аб'ёмы крэдытаў у доларах паступова сталі падрастаць і ў снежні склалі 232 млн. У чым прычына? Хутчэй за ўсё, у тым, што тыя нешматлікія нашы эканамічныя партнёры, з якімі мы працягваем шчыльнае супрацоўніцтва (акрамя Расіі), не гатовы выкарыстоўваць у якасці валюты для разліку беларускі рубель. А мы, адпаведна, не гатовы, каб нашы тавары і паслугі аплачваліся тэнге, рупіямі або зімбабвійскімі доларамі.

Крэдыты ў расійскіх рублях пачалі імкліва расці адразу пасля пачатку вайны. У лютым аб'ём складаў 18 млрд 740 млн у месяц, а да красавіка ўжо дасягнуў 64 млрд 334 млн. Гэта момант, калі беларуская эканоміка прайшла праз стадыю глыбокага шоку і вымушанай пераарыентацыі на расійскі рынак. Але з траўня аб'ёмы запазычанняў у расійскіх рублях пачалі зніжацца, попыт стабілізаваўся і да снежня зафіксаваўся на 41 млрд 60 млн — больш чым удвая вышэйшы, чым у студзені 2022-га. Мы бачым, што дынаміка пры гэтым досыць няўстойлівая: бізнес пакуль толькі намацвае той крэдытны аб'ём, які яму неабходны.

Што ж тычыцца нацыянальнай валюты, можна ўбачыць, што з пачатку года і да лістапада назіраецца плаўны рост з 4 млрд 484 млн да 6 млрд 662 млн за месяц. Але ў снежні адбываецца анамальны скачок — адразу да 10 млрд 109 млн!

Значнае павелічэнне крэдытаў у беларускіх рублях — гэта не столькі зацікаўленасць нацыянальнага бізнесу ў інвестыцыях, колькі, хутчэй, мільярды рублёў, накіраваныя на падтрыманне жыцця на прадпрыемствах, якія маюць вялікія праблемы ў сувязі з закрыццём традыцыйных рынкаў збыту, а таксама чарговая «доза» для зомбі-прадпрыемстваў. Многія з іх гэтыя грошы аддаць не змогуць, а некаторыя — адкрыта не плануюць.

То-бок анамальна высокі снежаньскі заробак быў абумоўлены маштабным крэдытаваннем. Але справа ў тым, што ў нармальнай эканоміцы крэдыты бяруцца на развіццё. А ў нашым выпадку грошы проста «праелі». І гэта азначае, па-першае, значнае павелічэнне крэдытнай нагрузкі на тыя прадпрыемствы, якія іх набралі, а па-другое — магутны штуршок да інфляцыі.


Падводзячы вынікі, акрэслім асноўныя моманты. Летась беларускія юрыдычныя асобы, пазычаючы грошы, вымушана пераарыентаваліся з долараў і еўра на беларускія і расійскія рублі. Пры гэтым доларавы складнік па-ранейшаму застаўся значным, як бы ні спрабавалі ўлады краіны ад яго пазбавіцца.

Мы працягваем усё больш залежаць ад расійскага рубля, і гэта — вельмі небяспечная тэндэнцыя. Курс гэтай валюты сёння непрадказальны і залежыць ад пераводу эканомікі на ваенныя рэйкі, а куды па гэтых рэйках усё пакоціцца, невядома, мабыць, нават машыністу.

Рост крэдытаў у беларускіх рублях шмат у чым абумоўлены інфляцыйнымі працэсамі і напампоўкай эканомікі грашыма, якія раздаюць дзяржпрадпрыемствам праз крэдыты. А гэта — адзін з фактараў, які яшчэ больш разганяе інфляцыю.