Як падзяліць Бельгію
Фламандскія нацыяналісты ўвесь час змагаліся за роўнасць фламандскай і французскай мовы. Сёння дасягнутая імі рэальная двухмоўнасць, магчыма, галоўная гарантыя таго, што Бельгія захаваецца
як адзіная дзяржава.
Вынікі апошніх выбараў у бельгійскі парламент шматлікія палітолагі назвалі першым актам расколу Бельгіі. Галоўным трыумфатарам на выбарах стала партыя «Новы фламандскі альянс», якая
выступае за стварэнне асобнай фламандскай рэспублікі, якая, у сваю чаргу, павінна стаць сябрам ЕС.
Фламандскія нацыяналісты ўвесь час змагаліся за роўнасць фламандскай і французскай мовы. Сёння дасягнутая імі рэальная двухмоўнасць, магчыма, галоўная гарантыя таго, што Бельгія захаваецца
як адзіная дзяржава.
Вынікі апошніх выбараў у бельгійскі парламент шматлікія палітолагі назвалі першым актам расколу Бельгіі. Галоўным трыумфатарам на выбарах стала партыя «Новы фламандскі альянс», якая
выступае за стварэнне асобнай фламандскай рэспублікі, якая, у сваю чаргу, павінна стаць сябрам ЕС.
Адной з фішак партыі падчас выбарчай кампаніі была моўная тэма. Альянс дабіваецца, каб усе, хто пражывае ў Фландрыі, на працы і падчас афіцыйных кантактаў ужывалі выключна фламандскую мову. Зараз
франкамоўныя грамадзяне ў Фландрыі фармальна маюць тыя ж правы, што і фламандцы.
Акцэнт на моўным пытанні — гістарычная традыцыя фламандскага руху. Фактычна ён паўстаў як рух у абарону сваёй мовы і правоў тых, хто на ёй размаўляе.
Пачаць, аднак, трэба з таго, што адной з прычынаў рэвалюцыі ў Бельгіі ў 1830 годзе, у выніку якой на карце з’явілася Каралеўства Бельгія, было моўнае пытанне. Тэрыторыя Бельгіі да 1830 года
ўваходзіла ў склад Нідэрландаў, дзе дзяржаўнай мовай была галандская. Нават культурна, этнічна, гістарычна і геаграфічна блізкія да галандцаў фламандцы часта яе не разумелі. Што ўжо казаць пра
поўдзень краіны, дзе ўсе размаўлялі па-французску.
Прынятая пасля рэвалюцыі канстытуцыя краіны на словах гарантавала свабоднае ўжыванне ўсіх моваў. Аднак на практыцы аказалася так, што прыярытэт мела мова арыстакратаў і чыноўнікаў. Апошнія
карысталіся французскай, якая хутка неафіцыйна стала дзяржаўнай мовай. Так, у Бруселі, дзе ў 1830 годзе 95 працэнтаў насельніцтва былі фламандцы, не існавала ніводнай вышэйшай школы, дзе б выкладалі
па-фламандску. Зараз у Бруселі па-фламандску размаўляюць толькі 15 працэнтаў жыхароў.
Дыскрымінацыя мовы была часткай больш шырокага дзяржаўнага праекту Шарля Рожэра, аднаго з заснавальнікаў Бельгіі, які публічна заклікаў забараніць «германскім элементам» (так ён
называў фламандцаў) займаць высокія дзяржаўныя пасады. Наяўнасць у краіне адзінай мовы ён называў першым прынцыпам добрай адміністрацыі. Адпаведна, 80 працэнтаў бельгійскіх дзяржаўных інвестыцый у
перыяд з 1830 па 1913 гады ішлі ў франкамоўную Валонію.
Сігналам для паўстання руху ў абарону фламандскай мовы стаў гучны судовы працэс над чыгуначнікам Жанам Кукам і рыбным гандляром Пітэрам Гётхальсам. Усё пачалося 23 сакавіка 1860 года пад Шарлеруа,
дзе нейкая банда абрабавала і цяжка параніла жанчыну. Перад смерцю яна ўзгадала, што злодзеі размаўлялі паміж сабою на фламандскай мове. Гэтых слоў было дастаткова, каб пачаць падазраваць у
злачынстве ўсіх фламандцаў у акрузе. Іх аказалася толькі двое — Кук і Гётхальс.
Суд над імі выглядаў фарсам, паколькі ніводны з абвінавачаных не разумеў па-французску (судовыя працэсы ў Бельгіі ў той час праходзілі выключна на французскай мове). Аднак гэта акалічнасць не
перашкодзіла суддзі адправіць абодвух на эшафот. Праз год паліцыя злавіла банду, якая абрабавала тую жанчыну. Яе ўдзельнікі прызналіся, што падчас рабавання спецыяльна размаўлялі на фламандскай мове,
каб накіраваць следчых на ілжывы шлях.
І тут фламандская супольнасць нарэшце паўстала. Пратэсты былі такія шырокія, што парламент быў вымушаны дазволіць выкарыстанне фламандскай мовы ў судах. Праўда, чамусьці канчатковыя прысуды мусілі
зачытвацца па-французску.
Аднак гэтага фламандцам было ўжо не дастаткова. У 1873 годзе яны дабіліся прыняцця першага (усяго іх будзе пяць) закона аб ужыванні моваў. Закону, дарэчы, таксама папярэднічаў скандал. Жозеф Шоп
адмовіўся рэгістраваць свайго сына на французскай мове ў муніцыпалітэце гораду Моленбек. За гэта яго аштрафавалі на 50 франкаў.
У 1878 годзе ўступіў у сілу другі моўны закон. Ён дазволіў весці афіцыйную перапіску і справаводства на фламандскай мове. У 1883 годзе на фламандскай дазволілі выкладаць у гімназіях і
універсітэтах.
У 1898 годзе парламент прагаласаваў за Закон аб роўнасці. Паводле яго, фламандская мова афіцыйна набывала статус роўнай з французскай. Гэта справакавала крызіс у парламенце. У адрозненне ад
фламандскіх дэпутатаў, франкамоўныя не жадалі вучыць мову суседзяў і не маглі разумець тэксты законапраектаў, якія ім прадстаўлялі калегі-фламандцы. Адказам франкафонаў стала прапанова падзяліць
дзяржаву на два моўныя рэгіёны — Фландрыю і Валонію. Адпаведны закон быў прыняты ў 1920 годзе.
Такім чынам, паўстала франкамоўная і фламандская лінгвістычныя зоны. Межы гэтых зонаў лічацца адначасова адміністратыўнымі межамі паміж Фландрыяй і Валоніяй.
Здавалася, фламандцы дабіліся свайго. Аднак змагаючыся за рэальную двухмоўнасць, якую яны часта разглядалі як элемент будучай дзяржаўнасці, фламандцы дзіўным чынам замацавалі асновы бельгійскай
дзяржаўнасці. Двухмоўнасць дала шырокія правы для мясцовага самакіравання і моўных меншасцяў.
Адпаведна Канстытуцыі 1960 года, муніцыпальныя саветы кожныя дзесяць гадоў павінны вызначаць, які лінгвістычны рэжым дзейнічае на іх тэрыторыі. Такая практыка сапраўды працуе. Некалькі
муніцыпалітэтаў за гады існавання закона перайшлі ў іншую моўную зону.
Адначасова моўная меншасць мае значныя культурныя правы. Так, 16 бацькоў могуць патрабаваць стварэння для сваіх дзетак асобнага моўнага класа. Моўныя правы меншасцяў — настолькі балючае
пытанне, што некалькі разоў справа даходзіла да еўрапейскіх судовых інстанцый.
Акрамя таго, існуе праблема Бруселя, які гістарычна быў фламандскім горадам. Для фламандскіх нацыяналістаў аддаць Брусель франкафонам, якіх там зараз відавочна больш, — тое ж самае, што для
беларускіх назаўсёды адмовіцца ад тэзісу пра тое, што Вільня — беларускі горад.
Як на практыцы падзяліць Бельгію, у такіх умовах цяжка сказаць. Для гэтага патрэбна каласальная юрыдычная праца, ломка традыцый і, перш за ўсё, абмежаванне мясцовага самакіравання і прадстаўнікоў
моўных меншасцяў. Ці не лепш для фламандскіх нацыяналістаў шукаць дабрабыту для Фландрыі ў рамках адзінай Бельгіі, прызнаючы двухмоўнасць як гістарычны факт?
Між іншым, некаторыя гісторыкі кажуць, што нават Кук і Гётхальс — куміры фламандскага руху — таксама былі двухмоўнымі, аднак чамусьці хавалі гэта падчас суду над імі. Аргументы
прыхільнікаў такой пазіцыі дастаткова лагічныя. Кук быў гандляром, які даўно прадаваў рыбу ў франкамоўных вёсках. Як ён мог не ведаць французскую мову? Што тычыцца Гётхальса, то ён працаваў на
чыгунцы. Па тагачасных правілах, на гэтую працу брылі выключна тых, хто свабодна размаўляў на мове Маль’ера.