Калі бунтуе казарма. З гісторыі ваенных пераваротаў
Паняцце «ваенны пераварот» выклікае асацыяцыі, хутчэй, з Афрыкай або Лацінскай Амерыкай, ці хаця б з выступам дзекабрыстаў. На самой справе гэтая тэма даўно ўжо стала звыклай для многіх постсавецкіх рэспублік.
Лідарства па колькасці спроб пераваротаў адназначна трымае Азербайджан. Спецыялісты налічылі аж пяць выпадкаў, калі мясцовыя вайскоўцы ўмешваліся ў палітыку. А два разы даводзілі справу да змены рэжыму. Першы пераварот на беразе Каспію адбыўся 14–15 траўня 1992 года, калі вайскоўцы — прыхільнікі нацыяналістычнага Народнага Фронту — захапілі ўрадавы квартал і абвясцілі звяржэнне прэзідэнта рэспублікі Аяза Муталібава — прадстаўніка посткамуністычных эліт. Муталібаў асабліва не супраціўляўся — і пакінуў краіну, якую ўзначаліў «народафронтавец» Абульфаз Эльчыбей.
А вось калегі Муталібава засталіся ў краіне і праз год узнялі свой ваенны мяцеж. Яго ўзначаліў былы палкоўнік Сурэт Гусейнаў. Кідок яго танкавай брыгады з Гянджы на Баку заспеў улады знянацку. Эльчыбею заставалася толькі паўтарыць лёс папярэдніка — і сысці ў адстаўку. Вакантнае крэсла заняў Гейдар Аліеў, які з панскага пляча прызначыў Гусейнава прэм’ерам. Пасля гэтага як мінімум яшчэ тройчы ваенныя падымалі паўстанні або рыхтавалі выступы. Самая буйная акцыя адбылася ў кастрычніку 1994-га, калі мяцежнікі захапілі ў закладнікі генеральнага пракурора краіны.
Суседняя Грузія ведала тры выпадкі бунту жаўнераў, але ўсе яны былі безвыніковымі. У кастрычніку 1998-га камандзір танкавага падраздзялення Акакій Эліава ўзняў узброены мяцеж і накіраваў танкі на Тбілісі, патрабуючы адстаўкі прэзідэнта Шэварнадзэ. Калона была спыненая войскамі ў Кутаісі, а ўдзельнікі бунту пасля былі амніставаныя. У траўні 2001-га батальён Нацыянальнай гвардыі выйшаў з падпарадкавання камандавання. 400 вайскоўцаў пакінулі частку і захапілі ваенную базу ў 25 кіламетрах ад Тбілісі. Але ў выніку Шэварнадзэ пераканаў вайскоўцаў вярнуцца да месца дыслакацыі.
Пасля сыходу Шэварнадзэ мець справу з ваеннымі бунтамі давялося ўжо Міхаілу Саакашвілі. У траўні 2009-га Мінабароны абвясціла пра арганізацыю змовы ў шэрагу часцей Узброеных сіл краіны. Саакашвілі расцаніў гэта як інтрыгі расійскай выведкі. Але хутчэй гэта была прыкмета стомленасці грузін ад Міхо, які неўзабаве прайграў выбары і адправіўся ў эміграцыю.
Наступны прыпынак — Таджыкістан, радзіма дзіўнага палкоўніка Махмуда Худайбердыева, які тройчы (!) арганізоўваў ваенныя мяцяжы, а адзін раз меў рэальны шанец узяць Душанбэ. Цікава, што Худайбердыеў спрабаваў прапанаваць краіне трэці шлях паміж постсавецкай дыктатурай і ісламістамі. Таксама цікава, што ён застаецца культавай фігурай сярод мясцовай моладзі. Дасюль некаторыя лічаць, што ён не загінуў у 2001-м (так інфармавалі некаторыя СМІ), а хаваецца ў краіне, каб калісьці ўзняць свой чарговы, гэтым разам паспяховы, мяцеж.
Што тычыцца актуальных падзей у Арменіі, то іх трыгерам стала восеньская параза ў Нагорным Карабаху. Канфуз на фронце справакаваў выбух незадаволенасці ў адрас прэм’ера Ніколы Пашыняна ў вялікім сегменце грамадства. Апазіцыя ледзь не адразу пачала патрабаваць, каб уладу ў краіне ўзяў тэхнічны часовы ўрад. Пашынян неяк блакаваў фронду, аднак на мінулым тыдні на бок апазіцыянераў фактычна стаў Генштаб. Гэта дало падставу прэм’еру казаць пра спробу ваеннага перавароту і патрабаваць звальнення кіраўніка генштаба Оніка Гаспарана. Аднак прэзідэнт краіны Армен Саркісян адмовіўся візаваць хадайніцтва Пашыняна, што стала маркёрам глыбокага палітычнага крызісу.
Прагнозаў наконт развіцця сітуацыі ў Арменіі вельмі шмат, але большасць экспертаў схіляецца да таго, што Пашынян доўгі час пры ўладзе не застанецца. Пазачарговыя выбары — такой можа быць цана кампрамісу з войскам і апанентамі, — яго партыі не выйграць. Такім чынам, Арменія можа стаць чарговай краінай экс-СССР, дзе вайскоўцы забяспечылі змену рэжыму. Час пакажа, ці будзе гэта прыкладам для пераймання.
Нарэшце, трэба адзначыць, што чуткі пра ваенныя перавароты — абавязковы атрыбут інфармацыйнай стужкі ў краінах, дзе назіраецца палітычная дэстабілізацыя. Напрыклад, спекуляцыі пра мяцеж вайскоўцаў можна было пачуць ва Украіне напярэдадні 25 жніўня 2020 года — дня незалежнасці Украіны. Насуперак традыцыі, ваенны парад гэтым разам адмянілі з-за пандэміі. Аднак удзельнікі АТО, многія з якіх маюць зброю, заявілі, што не будуць выконваць распараджэнне Зяленскага і пройдуць па Храшчаціку. Такі ход падзей дазволіў кіеўскаму эксперту Аляксею Быстракову заявіць: «Прысутнасць крытычнай колькасці вайскоўцаў у цэнтры Кіева на парадзе з нагоды Дня незалежнасці дасць ім магчымасць здзейсніць ваенны пераварот». Праўда, прагноз не рэалізаваўся.
Гучаць падобныя плёткі і датычна нашай краіны. Уладзімір Жырыноўскі яшчэ 4 жніўня мінулага года спрагназаваў настолькі рэзкае абвастрэнне становішча ў Беларусі ў выпадку «перамогі» Лукашэнкі, што не выключыў нават умяшання вайскоўцаў. Паводле слоў расійскага палітыка, «хто-небудзь з воінскіх частак або з паліцыі можа адмовіцца падпарадкоўвацца Лукашэнку».