Крым за калючым дротам: «А што ж вы, як усе нармальныя беларусы, не едзеце?»

Праваабаронца Таццяна Рэвяка легальна трапіла ў Крым у верасні. Яна распавяла «Салідарнасці» пра тое, як змянілася жыццё на паўвостраве пасля акупацыі, пра лёс чалавека, які адмовіўся атрымліваць расійскае грамадзянства і апынуўся за кратамі, і пра тое, што мясцовыя жыхары кажуць пра сёлетні турыстычны сезон.


Група праваабаронцаў міжнароднай місіі Дамоў правоў чалавека перасякла мяжу законным шляхам. Летась у палажэнні, якое рэгулюе правілы ўезду на часова акупаваныя тэрыторыі, з'явілася дапаўненне – яно дае магчымасць незалежным праваабарончым місіям патрапіць у Крым. Паводле Таццяны, группа з пяці праваабаронцаў, у якой яна была, стала першай, хто скарыстаўся новым палажэннем і звярнуўся да ўкраінскіх уладаў з адпаведным запытам.

krym_7_27.jpg

У чаканні дазволу на ўезд у Крым Таццяне і яе калегам-праваабаронцам прыйшлося правесці ў Кіеве чатыры дні
Атрымаўшы дазвол, Таццяна з калегамі адправіліся ў дарогу.
З'яўленне на памежным пераходзе грамадзянаў Беларусі (нас было двое — я і Алег Мацкевіч) адразу прыцягнула ўвагу расійскіх памежнікаў. Мы пачулі: «А што ж вы, як усе нармальныя беларусы, не едзеце больш простым шляхам?»
Гэта значыць, ёсць «нармальныя беларусы, якія ездзяць больш простым шляхам», але яны не могуць пасля падарожжа размясціць свае фотаздымкі ў сацсетках, таму што яны незаконна патрапілі ў Крым, і за гэта падлягае адказнасць з боку ўладаў Украіны — забарона на ўезд.
Таццяна адзначае, што за чатыры гады пасля акупацыі расійскія ўлады прапусцілі ў Крым дзве афіцыйныя місіі Савета Еўропы, якія праводзілі маніторынгавую функцыю ў сферы правоў чалавека.
Мы таксама сказалі, што едзем з праваабарончай місіяй, — Таццяна не хавае здзіўлення, што іх пусцілі. — Думала, што нас развернуць. Памежнікі пыталіся: «Праваабаронцы — яны як журналісты?»
Таццяна патлумачыла, што праваабаронцы не журналісты.
Журналістаў, як бачыце, баяцца больш, — жартуе суразмоўца «Салідарнасці».
Першае, што бачыш на ўездзе ў Крым — калючы дрот на памежным пераходзе.

Так выглядае памежны пераход Каланчак-Армянск

Так выглядае памежны пераход Каланчак-Армянск

Калі б не мэта нашай місіі, можна было б падумаць, што Крым — звычайны рэгіён, дзе ідзе мірнае жыццё, — дзеліцца ўражаннямі Таццяна. — Будуюць дарогі. Увесь Сімферопаль перакапаны. Там транспартны калапс, бо ідзе рамонт дарог. Мы паглядзелі Таўрыду — дарогу, якая будуецца праз увесь Крым і звяжа ўсход з захадам. Грандыёзная будоўля, праца не спыняецца ні днём, ні ноччу.
Таццяна заўважыла, што жыхары Крыму мала размаўляюць з незнаёмымі людзьмі.
Можна тры гадзіны ехаць у таксі, і чалавек будзе маўчаць. Так было цягам усіх нашых пераездаў. Людзі не давяраюць сваіх думак, словаў незнаёмцам.
Да гэтай паездкі Таццяна двойчы наведвала Крым. Кажа, такога раней не было.
Праваабаронцы праехалі ўвесь Крым, пабывалі ў Феадосіі, Судаку, Ялце, Джанкоі, Бахчысараі.
У Ялце адчуваецца бурлівае турыстычнае жыццё, — гаворыць Таццяна. — Па вуліцах ходзіць шмат турыстаў. Мясцовыя жыхары распавялі, што ўпершыню колькасць адпачываючых аднавілася да часоў, якія былі да акупацыі. Змяніліся турысты: раней сюды ехалі ўкраінцы, беларусы, а цяпер большасць — расіяне. Таксісты, якія не пабаяліся размаўляць на гэтыя тэмы, з настальгіяй узгадвалі шчодрых беларусаў і ўкраінцаў, якія менш гандляваліся, былі больш адкрытыя і вясёлыя.

Цэнтральны рынак Ялты

Цэнтральны рынак Ялты

Таксама мясцовыя казалі, што раней за сезон маглі значна больш зарабіць — у тры-чатыры разы. Цяпер сюды прыязджаюць на вельмі бюджэтны адпачынак. Тры папярэднія сезоны былі вельмі галодныя, і гаспадары, якія здаюць жыллё, знізілі кошты, каб аднавіць кліентуру.

Старыя гарадскія могілкі ў Ялце. Да магілы Максіма Багдановіча

Старыя гарадскія могілкі ў Ялце. Да магілы Максіма Багдановіча

Чыгуначны вакзал Сімферопаля пусты: рух фактычна паралізаваны. Жыццё віруе на аўтавакзале, бо ўся турыстычная лагістыка фарміруецца праз аўтобусы, таксоўкі, мікрааўтобусы

krym_1_27.jpg

Сімферопаль быў месцам з вельмі актыўным чыгуначным рухам. Зараз чыгуначнага руху няма. Рэйкі амаль што паржавелі, — расказвае Таццяна.
На чыгунцы захаваўся толькі прыгарадны рух — электрычкі.
Вакзал мёртвы. Каб патрапіць туды, трэба прайсці такі кантроль, як у аэрапорце.
Калі Таццяна запытала службу аховы, навошта гэта робяць, пачула ў адказ: «А што вам не падабаецца?»
Калі Таццяна з калегамі вырашылі паглядзець залу чакання, ахоўнікі спыталі: «Вы куды? Там нічога няма». Выхады да платформаў, куды прыбывалі і адкуль ад'язджалі цягнікі, агароджаныя турнікетамі.
На вакзале нічога няма, акрамя выхаду да электрычак, а такія меры бяспекі! — працягвае расповед праваабаронца. — У грамадскім транспарце вісяць прапагандысцкія ўлёткі «Победили фашизм — победим и терроризм», уздоўж трас — «Солидарность в борьбе с терроризмом». Як быццам тут гняздо тэрарызму.
Людзей пераследуюць паводле палітычных матываў, супраць іх выкарыстоўваецца заканадаўства па барацьбе з экстрэмізмам і тэрарызмам. На маю думку, гэта спроба расійскіх уладаў уздзейнічаць на грамадскае меркаванне: маўляў, бачыце, мы змагаемся з тэрарызмам і экстрэмізмам.

Вось чым скончылася спроба Таццяны разлічыцца ў Сімферопалі картай Беларусбанка. Санкцыі дзейнічаюць. Едзеце ў Крым — бярыце з сабой наяўныя грошы

Вось чым скончылася спроба Таццяны разлічыцца ў Сімферопалі картай Беларусбанка. Санкцыі дзейнічаюць. Едзеце ў Крым — бярыце з сабой наяўныя грошы

У Крыме працуюць мясцовыя банкі, кажа Таццяна. Расійскі мацерыковы бізнэс туды не ідзе, каб не патрапіць пад санкцыі.

Сімферопаль. У рэкламе адзення выкарыстаны вобраз «зяленага чалавечка»

Сімферопаль. У рэкламе адзення выкарыстаны вобраз «зяленага чалавечка»

За чатыры дні місіі група праваабаронцаў, у якой была Таццяна, правяла шмат сустрэч з жыхарамі, якія падвяргаюцца ціску і пераследу ў Крыме, з роднымі палітвязняў і з прадстаўнікамі арганізацый, якія пераследуюцца.
Таццяна гаворыць пра пераслед па нацыянальнай прыкмеце. Найперш церпяць украінцы і крымскія татары.

Надпіс у Сімферопалі «Украіна наперад» з замазанымі першымі літарамі

Надпіс у Сімферопалі «Украіна наперад» з замазанымі першымі літарамі

Уражанне агульнае вельмі прыгнятаючае. На сённяшні дзень 36 палітзняволеных знаходзяцца ў СІЗА. 32 чалавекі асуджаныя і вывезеныя ў Расію, дзе адбываць пакаранне. 15 чалавек асуджаныя па палітычных матывах і атрымалі ўмоўныя пакаранні. 17 зніклі бяз звестак у 2014-2015 года, іх лёс невядомы.
Калі параўноўваць з Беларуссю, сітуацыя па ўзроўню і па маштабнасці прыкладна як у нас пасля выбараў 2010 года. З той розніцай, што ў Крыме два мільёны жыхароў, а колькасць палітвязняў і рэпрэсій большыя, чым у Беларусі нават у тыя часы.
Мы не можам называць імёны большасці людзей, з якімі сустракаліся, таму што некаторыя з нашых рэспандэнтаў маюць прысуды, якія, акрамя абмежавання волі, уключаюць яшчэ і забарону на публічную дзейнасць.
Таццяна ўспамінае, як на сустрэчу прыйшлі трынаццаць жанчын — маці і жонкі людзей, якія праходзяць па бахчысарайскіх справах па экстрэмізму, тэрарызму, і знаходзяцца ў месцах зняволення.
Некаторыя прыйшлі з дзецьмі, якіх няма куды пакінуць. Жанчыны расказвалі, як развіваліся гэтыя справы, як затрымлівалі іх родных: блакаваліся некалькі вуліц, маскі-шоў па 50 чалавек з аўтаматамі, выводзілі затрыманых як небяспечных злачынцаў. Потым па тэлебачанні гэта круцілі.
Гэта была самая эмацыйная і цяжкая сустрэча. Родныя ахвяраў чакаюць ад цябе дапамогі, а ў нас няма ключа, якім мы можам вызваліць іх блізкіх. Але мы будзем рабіць тое, што залежыць ад нас. Агучваць гэта, адвакатаваць, каб гэтая інфармацыя гучала на міжнародным узроўні. Плануецца разгляд рэзалюцыі, якая датычыцца акупаваных тэрыторыяў, Генеральнай асамблеяй ААН. Мы чакаем, што міжнародны ціск можа ўплываць на лёс іх блізкіх.

Судак. Расійскія ўлады ўмацоўваюць сваю веліч. У 2017 годзе тут адчынена стэла, прысвечаная Наўгародска-Кірылаўскаму палку, які прыбыў у Судак і базаваўся ў Генуэзскай крэпасці пасля анэксіі Крыма

Судак. Расійскія ўлады ўмацоўваюць сваю веліч. У 2017 годзе тут адчынена стэла, прысвечаная Наўгародска-Кірылаўскаму палку, які прыбыў у Судак і базаваўся ў Генуэзскай крэпасці пасля анэксіі Крыма

Пытаюся ў Таццяны, ці сустракала яна людзей, якія не памянялі ўкраінскі пашпарт на расійскі.
Я ведаю адну такую гісторыю. Гэты чалавек у турме.
Захаваць украінскае грамадзянства — гэта пытанне не патрыятызму, а выжывання, калі ты вырашыў застацца там. Калі ты не памяняў пашпарт, у цябе вельмі абмежаваныя магчымасці. Гэта тычыцца маёмасці, працы, атрымання медыцынскай дапамогі, нават у месцы зняволення ты — замежны грамадзянін.
Чалавека, які не памяняў украінскі пашпарт, завуць Уладзімір Балух. Над ягонай хатай у сяле вісеў украінскі сцяг. Зразумела, гэта не засталося незаўважаным. На сваім доме ён таксама павесіў шыльду «вуліца Герояў Нябеснай Сотні».
Першы раз да яго прыйшлі, хацелі абвінаваціць у крадзяжы дэталяў ад трактара. Не знайшлі доказаў. Праз некалькі месяцаў зноў прыйшлі з вобыскам з той жа нагоды, збівалі. Узбудзілі крымінальную справу па абвінавачанні ў абразе паліцэйскага «пры выкананні». Калі прыйшлі трэці раз, то як распавядала маці Уладзіміра, сілавікі падняліся на дах і сказалі: «О, дык у вас тут патроны!» За пяць хвілін іх знайшлі. Справа была сфабрыкаваная, патроны падкінулі.
Трэцяя крымінальная справа была заведзеная, калі Уладзімір знаходзіўся ў зняволенні. Супрацоўнік ізалятапру абразіў ягоную маці і Украіну, ён плюхнуў вадой яму ў твар. Абвінавацілі ў «дэзарганізацыі дзейнасці» пенітэнцыярнай установы.
Маці кажа, што калі сын выйдзе, яна будзе прасіць яго, на каленях стаяць, каб ён адсюль з'ехаў. Кажа, сама не паедзе, бо ў яе тут муж пахаваны.
З Крыма з'язджаюць украінцы і крымскія татары, а на іх месца прыязджаюць людзі з Расіі. Цяпер там ідзе няспынны працэс замены насельніцтва, і за гэтым стаяць вялікія драмы.
Таццяна Рэвяка кажа, што па выніках праваабарончай місіі яны з калегамі будуць рабіць рэкамендацыі адпаведным дзяржаўным службам Украіны адносна спрашчэння працэдуры трапляння ў Крым.
Будзем выпрацоўваць, што можна зрабіць, каб Крым стаў больш дасягальным, і разарваныя адносіны паміж людзьмі маглі быць адноўленыя.

Паводле gazetaby.com