Малдаўскія, румынскія, савецкія
Апошнія падзеі ў Малдове, а менавіта моладзевыя пратэсты за ўваходжанне краіны ў склад Румыніі, зноў актуалізавалі пытанне нацыянальнай ідэнтычнасці малдаван. Пра палеміку на гэты конт у
кантэксце агульнай сітуацыі ў Малдове журналіст «НЧ» Алег Новікаў размаўляе з Наташай Сіняевай, праваабаронцаю з Кішынёва.
— Гледзячы з Беларусі цяжка зразумець логіку паводзін малдаўскіх школьнікаў і студэнтаў, якія, з аднаго боку, называюць сябе патрыётамі, з другога — патрабуюць
інкарпарацыі ў склад іншай дзяржавы.
Апошнія падзеі ў Малдове, а менавіта моладзевыя пратэсты за ўваходжанне краіны ў склад Румыніі, зноў актуалізавалі пытанне нацыянальнай ідэнтычнасці малдаван. Пра палеміку на гэты конт у
кантэксце агульнай сітуацыі ў Малдове журналіст «НЧ» Алег Новікаў размаўляе з Наташай Сіняевай, праваабаронцаю з Кішынёва.
— Гледзячы з Беларусі цяжка зразумець логіку паводзін малдаўскіх школьнікаў і студэнтаў, якія, з аднаго боку, называюць сябе патрыётамі, з другога — патрабуюць
інкарпарацыі ў склад іншай дзяржавы.
— Праблема сапраўды парадаксальная, таму што Малдова мае сваю дзяржаўную традыцыю. Аднак пасля атрымання незалежнасці краіна сутыкнулася з праблемай ідэнтычнасці ў новых умовах. Амерыканскі
палітолаг Чарльз Кінг назваў Малдову «адзіным еўрапейскім краем, дзе асновы нацыянальнай ідэнтычнасці дасюль застаюцца спрэчнымі». Можам гаварыць як мінімум пра тры мадэлі
малдаўскай ідэнтычнасці, хаця з улікам прысутнасці розных меншасцяў, думаю, што такіх мадэляў значна больш. Такім чынам, частка насельніцтва лічыць сябе румынамі, другая — малдаванамі,
трэцяя — савецкімі малдаванамі.
— Якія галоўныя аргументы ў прыхільнікаў канцэпцыі «малдаване — гэта румыны».
— Панраманізм абапіраецца на моўнае адзінства румын і малдаван, на агульнае гістарычнае і этнічнае паходжанне насельніцтва Малдовы і Румыніі. Ужо ў VІ стагоддзі прарумынскія плямёны мелі
пэўныя элементы дзяржаўнага ладу. А потым, як сцвярджаюць панраманісты, адбылася катастрофа. У 1812 годзе малдаўская частка румынаў была адарвана ад Маці-Румыніі ў выніку чарговай расійска-турэцкая
вайны і ўвайшла ў склад Расійскай імперыі. Рымейк меў месца ў 1940 годзе, калі савецкія войскі акупавалі край.
Слабыя месцы міфу панраманізму наступныя: на пачатак ХІХ стагоддзя, кажучы словамі аднаго з малдаўскіх гісторыкаў, «адзінага румынскага народнага цела» не існавала, паколькі
адсутнічала румынская ідэнтычнасць. Існавалі асобныя правінцыі — Валахія і Малдова (не блытаць з Бесарабіяй). Ідэнтычнасць «мы — румыны» з’явілася толькі
ў другой палове ХІХ стагоддзя, калі тыя правінцыі аб’ядналі і стварылі дзяржаву Румынія.
Агульныя этнічныя вытокі ніхто не аспрэчвае. Аднак Бесарабія не брала ўдзел у працэсе фармавання ідэнтычнасці румынаў, пайшла іншым шляхам. На мясцовую палітычную культуру больш паўплываў палітычны
працэс у Расійскай імперыі.
— Якое месца ў міфалогіі румынскіх малдаван займае мова?
— Каласальнае. Па-сутнасці, гэта адзінае, што звязвае румын і малдаван, якія фактычна два стагоддзі жылі ў розных культурных, прававых, палітычных каардынатах. Мова выступае як ключавы
элемент ідэнтычнасці. Таму панраманісты ставяць пад сумнеў існаванне асобнай малдаўскай мовы, папулярызуюць румынскую літаратурную мову, змагаюцца за чысціню мовы. Пры такім падыходзе мова —
не толькі сродак камунікацыі, аднак і сродак выяўлення ідэнтычнасці. Як кажа лідэр Румынскага хрысціянска-дэмакратычнага фронту (галоўнай прарумынскай партыі), «пытанне мовы не можа
разглядацца асобна ад румынскага пытання». Гіпербалізацыя моўнага чынніка прывяла да цікавай палемікі. Ці мова можа быць сродкам нацыянальнай ідэнтычнасці? У Бельгіі і Швейцарыі
(шматнацыянальныя краіны, як Малдова) мова — толькі адзін з элементаў ідэнтычнасці, аднак не самы важны.
— Наколькі папулярная ідэя уніфікацыі?
— Трэба прызнаць, што панраманскія міфы вельмі папулярныя сярод нацыянальнай інтэлігенцыі, універсітэцкага асяроддзя. Важным фактарам ёсць выкладанне ў школах «Гісторыі
румын». Сур’ёзна ўплывае румынская знешняя палітыка, якая не хавае, што мае за мэту далучэнне Малдовы да Румыніі. Безумоўна, сваімі крокамі Бухарэст дэстабілізуе палітычную сітуацыю
ў Малдове і замінае працэсу адбудовы малдаўскай ідэнтычнасці, кансалідуе гэтак званых савецкіх малдаван.
— Якія базавыя ідэі ў савецкіх малдаван?
— Вельмі простыя. Працэс мадэрнізацыі краю адбываўся менавіта ў часы СССР. Дарэчы, іншага выйсця ў Масквы не было, калі яна хацела інтэграваць Малдову ў імперыю. Адсюль і настальгія. Так ці
інакш, на момант распаду СССР прасавецкія сантыменты былі вельмі моцныя. Цікава, што яны характэрныя не толькі для старых, аднак часткова і для маладых людзей, якія ад бацькоў перанялі міф пра
краіну, дзе не было беспрацоўя, дзе адукацыя была бясплатнай, дзе больш-менш вырашалася праблема жылля. Асобная катэгорыя прыхільнікаў СССР — нацыянальныя меншасці. Яны ідэалізуюць савецкую
інтэрнацыянальную палітыку, паколькі баяцца экспансіі румынскага нацыяналізму. Праўда, апошнім часам у гэтым лагеры відавочны раскол. Частка савецкіх малдаван пачынае ідэалізаваць цяперашні палітычны
рэжым у Расіі і ідэнтыфікуе сябе больш з рускімі, чым з савецкімі людзьмі.
— Нарэшце, засталіся малдаўскія малдаване...
— Малдаўскі нацыяналізм базіруецца на гісторыі малдаўскай дзяржавы, якая існавала ў сярэднявеччы. Малдавіністы спрабуюць знайсці гістарычную спецыфіку краю, які не падобны на Расію і
Румынію. Яны спрабуюць абараняць тэзіс пра тое, што ў часы знаходжання ў складзе Расіі і Румыніі край захоўваў сваю адметнасць, а яго жыхары мелі сваю ідэнтычнасць. Для нас, праваабаронцаў, вельмі
важна, што малдавіністы разглядаюць Малдову як шматэтнічны рэгіён, выступаюць за дыялог культур, за мадэль «палітычнай нацыі», што, на нашу думку, спрыяе развіццю грамадзянскай
свядомасці. Аднак нават самыя вялікія энтузіясты малдаўскага праекту прызнаюць, што колькасць яго прыхільнікаў сярод малдаван не больш за 20 працэнтаў. Гэта яшчэ адзін парадокс: 78 працэнтаў
малдаван, па выніках апытанняў, супраць далучэння да Румыніі, аднак малдаўскімі нацыяналістамі пры гэтым сябе не лічаць. У любым выпаду, на цяперашні момант усе рэсурсы прыхільнікаў незалежнай
Малдовы, якімі б рознымі яны ні былі, трэба кінуць на абарону незалежнасці ад расійскага і румынскага ўплываў. Ведаеце, некалькі год таму я назвала наш край «заляю чакання» і, на
жаль, больш адпаведнага тэрміну для апісання сітуацыі я дасюль знайсці не магу.