Назарбаеў супраць культу Назарбаева

Нурсултан Назарбаеў адмовіўся падпісваць законапраект аб наданні яму тытула Лідэр нацыі. Чаму? Пра гэта журналіст “НЧ Алег Новікаў размаўляе з казахскім журналістам Азаматам Нуркадзілавым.

— У чым галоўны матыў падобнага рашэння?



0b7e926154c1274e8b602ff0d7c133d7.jpg

Нурсултан Назарбаеў адмовіўся падпісваць законапраект аб наданні яму тытула Лідэр нацыі. Чаму? Пра гэта журналіст “НЧ Алег Новікаў размаўляе з казахскім журналістам Азаматам Нуркадзілавым.
— У чым галоўны матыў падобнага рашэння?
— Адказ ведае выключна сам Назарбаеў. Нам, простым смяротным, застаецца толькі здагадвацца, што за муха яго ўкусіла. Версій хапае. Кажуць, што прэзідэнту не спадабалася  дыскусія вакол законапраекту. Было вельмі шмат спекуляцый, што тытул Лідэра нацыі яму спатрэбіўся, каб сысці ў адстаўку ў наступным годзе і забяспечыць сабе спакойную старасць. Назарбаеў быў вымушаны даводзіць, што нікуды сыходзіць не збіраецца.
Магчыма, Назарбаеву не спадабалася якасць падрыхтоўкі кампаніі. Сапраўды, усё было зроблена занадта хутка, засталося шмат прававых недарэчнасцяў, грамадства не зразумела да канца сутнасці законапраекту. Шмат хто лічыў, што гэта — пачатак ператварэння Казахстану ў манархію.
Яшчэ адна версія: адмовіўшыся ад тытулу, прэзідэнт узяў дыстанцыю ад эліты, якая лабіравала незразумелы законапраект і ў выніку апынулася ў фокусе крытыкі грамадства.
Не выключаю, што на гэты раз Назарбаеў прыслухаўся да міжнароднай думкі: за мяжой папросту не зразумелі падобнай ініцыятывы і паставіліся да яе ў лепшым выпадку іранічна. На кану амбіцыйнае жаданне правесці саміт АБСЕ ў Астане ў дзень нараджэння прэзідэнта. Яму, дарэчы, спаўняецца 70 гадоў. І, зразумела, што на гэтым фоне патрэбна дэманстрацыя не толькі “народнай любові, але і прыроджанай сціпласці Назарбаева, яго процідзеяння культу асобы.
У любым выпадку, важна зразумець, што ініцыятарам закона з самага пачатку быў прэзідэнт. Без яго санкцыі нашы дэпутаты нічога не робяць.
— А як паводзілі сябе самі ініцыятары праекту пасля таго, як прэзідэнт вырашыў не ўпісваць у свае рэгаліі тытул Лідэра нацыі?
— Склалася камедыйная сітуацыя. Як вядома, на першапачатковай стадыі дыскусіі ініцыятары праекту дзвюма рукамі даводзілі неабходнасць такога закону. Нават спасылаліся на тое, што ў нейкіх аулах Назарбаева даўно называюць не інакш як Лідэр нацыі. Казалі пра тое, што сотні працоўных калектываў літаральна патрабуюць такога заканадаўчага акту. Цяпер ініцыятары кампаніі вымушаны думаць, як захаваць твар. У пятніцу, 4 чэрвеня, абедзве палаты парламента правялі пасяджэнні па гэтаму пытанню і пастанавілі, што “з разуменнем паставіліся да інфармацыі, што Нурсултан Назарбаеў адмовіўся падпісваць закон аб Лідэры нацыі.
У той жа дзень прэзідэнцкая партыя “Нур Атан распаўсюдзіла каментар намесніка старшыні партыі. “Нягледзячы на тое, што Нурсултан Назарбаеў не падпісаў закон “Пра Лідэра нацыі, ён застаецца нацыянальным лідэрам. З прозвішчам першага прэзідэнта казахскі народ звязвае ўсе свае мінулыя, сённяшнія і будучыя перамогі незалежнага Казахстана, таму Нурсултан Абішавіч Назарбаеў у грамадскай свядомасці даўно ўжо прызнаны, — гаворыцца ў заяве.
Аднак гэта падобна на дрэнную імправізацыю. Маральны крызіс цяперашняй мадэлі казахскага парламентарызму, безумоўна, адзін з галоўных вынікаў гісторыі з Лідэрам нацыі. Дэпутаты спачатку са скуры лезлі, каб у чарговы раз выказаць сваю лаяльнасць да прэзідэнта. Яны былі гатовыя перайсці праз элементарныя паняцці разумнага сэнсу, а цяпер іх заносіць у іншы бок. Як сказаў адзін са слуг народа, “прэзідэнт, калі адмовіўся ад падпісання закону, чытаў нашы думкі. Пытанне: а чаму яшчэ ўчора вы прасоўвалі так заўзята тэму лідэра? Няўжо сыходзячы з апазіцыйных настрояў?
— Як рэагавала на навіну апазіцыя, якая з самага пачатку выступала супраць?
— Сацыял-дэмакраты віталі рашэнне Назарбаева. Лідэр радыкальнай незарэгістраванай апазіцыйнай партыі “Алга Уладзімір Казлоў лічыць: “Улічваючы, што парламент складаецца з сяброў партыі прэзідэнта, яго аўтарытэт падарваны такімі паводзінамі яго ж кішэннага парламента, а таксама тым, што за такія паводзіны сваіх падданых прэзідэнт ім яшчэ і падзякаваў. Адзінай магчымасцю ачысціць свой аўтарытэт ад гэтага бруду — прыняць рашэнне пра роспуск такога парламента яшчэ да пачатку парламенцкіх вакацый.
У сваю чаргу, камуністы трактуюць паводзіны Назарбаева як палітычную гульню. Варта згадаць, што не так даўно ўсё той жа парламент захацеў назваць сталіцу Астану — Нурсултан. Тады Назарбаеў таксама, як і зараз, выступіў супраць, прадэманстраваўшы сваю высакароднасць. Не кажучы пра тое, што палепшыў свой міжнародны імідж.
— Ці значыць рашэнне Назарбаева, што больш тэма Лідэра нацыі не ўзнікне?
— Наўрад ці. Хутчэй за ўсё, праз некаторы час канцэпцыя ўсплыве зноў, аднак на гэты раз пад іншай назвай. Захаваецца стратэгічная ўстаноўка. Гэта нават у заяве прэзідэнта лёгка прачытваецца: “Лічу, што статус лідэра нацыі не трэба замацоўваць нейкімі заканадаўчымі актамі. Акрамя таго, дасюль не зразумела: ці прэзідэнт наклаў вета на праект, ці папросту заявіў, што не будзе нічога падпісваць. У апошнім варыянце гэта значыць, што закон аўтаматычна ўступае ў сілу.
----------------------------------------------
Даведка
Ідэя надаць Назарбаеву тытул Лідэр нацыі ўзнікла прыкладна месяц таму, пасля падзей у Кыргызстане. Паводле законапраекта, Назарбаеў і яго бліжэйшыя родзічы атрымлівалі неабмежаваныя гарантыі бяспекі, у тым ліку ў выпадку адстаўкі. Уводзілася крымінальная адказнасць за спробу перашкодзіць працы прэзідэнта. Крамолай мог стаць нават здзек з партрэтаў Назарбаева або яго голасу. Праект быў аднагалосна падтрыманы абедзвюма палатамі казахскага парламента, у складзе якога выключна сябры прэзідэнцкай партыі. Нечакана ў апошні момант сам віноўнік падзей даў законапраекту задні ход. “Удзячны казахам і дэпутатам парламента, якія выступілі з ініцыятывай надаць мне статус Лідэра нацыі. Аднагалоснае прыняцце адпаведных законаў я расцэньваю як давер народа. Лічу аднак, што статус лідэра нацыі не трэба замацоўваць якімі-небудзь заканадаўчымі актамі. Маю адмову падпісаць дадзеныя законы прашу правільна зразумець (Н. Назарбаеў).