НЭП у КНДР: Эканамічны цуд

Калі згадваюць Паўночную Карэю, акрамя ўсяго, дакладна ўзнікае асацыяцыя з вельмі беднай краінай.

Фота AP/Scanpix

Фота AP/Scanpix


Між тым, як піша «Financial Times», сёння вотчына Кімаў перажывае сапраўдны эканамічны бум. Толькі ў мінулым годзе ВУП краіны ўзняўся на 3,4 працэнта — лепшы паказнік ледзь не за два апошнія дзесяцігоддзі.
Прычына поспехаў эканомікі КНДР, калі верыць выданню, звязаная з легалізацыяй нефармальных прыватных рынкаў. Пасля прыходу Кім Чэн Ына да ўлады, у краіне было легалізавана амаль 400 мясцовых кірмашоў, дзе грамадзяне цяпер могуць вольна прадаваць прадукты са сваіх агародаў і нейкія саматужныя вырабы.
З улікам таго, што 80–90 працэнтаў прыбытку сем’яў у КНДР складаюцца з таго, што людзі прыватным чынам вырабляюць, удалося часткова вырашыць праблему дэфіцыту прадуктаў.
Прычым сам Кім Чэн Ын, мяркуючы па яго заявах, збіраецца і далей даваць рынкавай ініцыятыве больш свабоды.
У іншыя часы такую інфармацыю на Захадзе, напэўна б, віталі як знак асцярожных рэформаў. Аднак на фоне эскалацыі вакол ядзернай праграмы КНДР паляпшэнне эканомікі безумоўна азначае пашырэнне базы падтрымкі існуючага рэжыму.
Паводле брытанскай прэсы